Вы тут

Мао Цзэдун — кітайскі паэт XX стагоддзя


26 снежня 2023 года — 130 гадоў з дня нараджэння Мао Цзэдуна (1893 — 1976), кітайскага камуністычнага лідара, які заснаваў Кітайскую Народную Рэспубліку і на працягу з 1949 да самай сваёй смерці ў 1976 годзе з’яўляўся кіраўніком новай дзяржавы. Марксіст-ленінец, ваенны стратэг і філосаф-мысляр, ён вядомы як заснавальнік мааізма, пабудаванага на глебе камуністычных, сацыялістычных перакананняў. 

Біяграфія гэтай яркай, шматаблічнай асобы, у ацэнках якой праз дзесяцігоддзі, ды і пры жыцці Мао Цзэдуна, выказваліся самыя супрацьлеглыя ацэнкі, настолькі шматаблічная, шматабсяжная, што даволі складана адлюстроўваць постаць гэтага чалавека і палітыка ў кароткім асэнсаванні. 

Поруч з іншымі зацікаўленнямі палітыка пэўнае месца займала мастацкая творчасць. Як кіраўнік партыі, ідэёлаг, як кіраўнік дзяржавы, Мао Цзэдун даволі часта выказваўся ў ацэнках да канкрэтных твораў як з класічнай літаратуры, так і ў дачыненні мастацкіх з’яў сучаснасці, твораў пісьменнікаў, якія жылі і працавалі поруч з ім, разам з ім будавалі новы, камуністычны Кітай. Напрыклад, Мао Цзэдун гаварыў пра тое, што адзін з чатырох легендарных раманаў Кітая — «Сон у Чырвоным цераме» — ён прачытаў пяць раз. І высока ўсхваляў гэты твор як адзін з найважнейшых у кітайскай і сусветнай мастацкай літаратуры. 
 
Зразумела, што заняткі палітыкай, масштаб клопатаў дзяржаўнага характару, клопатаў палітычнага будаўніцтва, якімі займаўся кіраўнік КНР і Кампартыі Кітая, вымагаў ад яго палітычнай публіцыстыкі, паліталагічных прац. І ўсё ж у літаратурную спадчыну Мао Цзэдуна ўваходзяць некалькі дзесяткаў вершаў. Вядома, што колькасць гэтых твораў, напісаных у розныя перыяды жыцця, складае 67 вершаў. Яны напісаны ў стылі старажытных кітайскіх паэтычных твораў «цзюці шыцы». У Пекіне ў 1996 годзе выйшаў «Збор вершаў Мао Цзэдуна», куды ўвайшлі 67 твораў, напісаных з 1915 да 1966 гг. 39 вершаў былі надрукаваны пры жыцці палітыка. 
 
У 1957 годзе у маскоўскай кніжнай серыі часопіса «Огонёк» пабачыў свет зборнік Мао Цзэдуна «Восемнадцать стихотворений». Перад творамі было змешчана «Пісьмо ў рэдакцыю часопіса «Шыкань» ад 12 студзеня 1957 года. У ім Мао Цзэдун звяртаўся да галоўнага рэдактара, супрацоўнікаў выдання і, відавочна, да чытачоў: «Таварыш Кэ-цзя, паважаныя таварышы!
 
Ваш ліст атрымаў ужо даўно. Шкадую, што адказваю позна. Выконваючы ваша пажаданне, я перапісаў тыя вершы старога стылю, якія ўспомніў, і дасланыя вамі восем вершаў — усяго 18 вершаў. Прашу паступіць на свой погляд. 
 
Гэтыя рэчы я ніколі не збіраўся афіцыйна друкаваць, паколькі яны адносяцца да старога стылю. Баяўся, што распаўсюджванне памылковых узораў прывядзе да блытаніны моладзь; да ўсяго астатняга яны мала паэтычныя і ў іх няма нічога асаблівага. Але ж паколькі вы хутка знаходзіце, што іх можна друкаваць — з улікам выпраўленых памылак, якія схаваліся ў некалькіх вершах, якія распаўсюджваюцца ў спісах, — паступайце адпаведна вашаму меркаванню. 
 
Выхад у свет часопіса «Шыкань» — справа вельмі добрая. Жадаю яму расці і развівацца. У паэзіі асновай павінны быць, канешне ж, новыя вершы. Можна пісаць і вершы старой формы, але іх не варта папулярызаваць сярод моладзі,паколькі гэты стыль скоўвае думкі да ўсяго астатняга нялёгкі для вывучэння. Усё сказанае пакідаю на ваш суд...»
Пераклады вершаў Мао Цзэдуна ажыццявілі Самуіл Маршак, Аляксей Суркоў, І. Голубеў, Мікалай Асееў, М. Басманаў, Л. Эйдлін. Кніжачка ў «Бібліятэцы «Огонька» пабачыла свет накладам у 150 000 экзэмпляраў. І беларускія паэты ў 1950-я гады спрычыніліся да пераўвасаблення паэтычных твораў Мао Цзэдуна на сваю родную мову. Сярод перакладчыкаў быў і народны паэт Беларусі Максім Танк. 
А ў 2017 годзе беларускі літаратурна-мастацкі часопіс «Полымя» надрукаваў вялікую падборку паэтычных твораў Мао Цзэдуна ў пераўвасабленні лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Фактычна — амаль усе раней вядомыя вершы кітайскага лідара, якія і друкаваліся ў кніжцы «Огонька». Пасля пераклады вершаў Мао Цзэ Дуна М. Мятліцкі змясціў і ў сваю аўтарскую анталогію кітайскай паэзіі XX стагоддзя «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы», што пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
І зараз, у дзень нараджэння Мао Цзэдуна, мы і прапануем увазе чытачоў яго вершы. 
 
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
 
 
МАО ЦЗЭДУН (1893 — 1976)
 
ЧАНША
Днём асеннім халодным
Я стаю над ракой паўнаводнай,
Над памклівым на поўнач Сянцзянам.
Бачу горы, лясы ва ўбранні барвяным.
Ізумрудныя воды празрыстай ракі,
Па якой у чаўнах ўсё плывуць рыбакі.
Бачу: сокал крыляе высока ў ваколлі,
Рыба ў мелкай вадзе прамільгнула, як цень.
Ўсё жывое імкнецца патрапіць на волю
Ў гэты ясны, ахутаны інеем дзень.
Прывітаўшы паглядам прастор шматгалосы,
Дзе ўсе фарбы адбітак знайшлі,
Запытаеш адно: хто прадвызначыў лёсы
Ўсіх жывых на бяскрайняй зямлі?
Мне згадаліся дні прамінулай вясны
І сябры, з кім вучыўся я ў школе.
Мы не бавілі час між пустой гаманы,
Мары спелі аб будучай волі.
Па-студэнцку, з запалам мы спрэчкі вялі
Пра Сусвет і пра лёс нашай роднай зямлі
І радкамі, што полымем ззялі,
Самых дзёрзкіх на подзвіг натхнялі.
Маладыя, ў адкрытых гаворках сваіх
Дакаралі вяльмож, гнеўна бэсцілі іх.
Нашы лодкі імкнулі на вольны прастор,
Ды спыніў іхні рух хваль шалёны напор…
 
ВЕЖА ЖОЎТАГА БУСЛА
Шыр кітайскай зямлі абмывае разводдзем Янцзы.
Поўнач з поўднем звязала іскрыстаю стужкай бруя.
Ў дымцы ліўня скрыпяць на дарозе ледзь бачнай вазы.
Захінаюць Янцзы Чарапаха-гара і Змяя.
Жоўты бусел пакінуў прасторы надрэчча даўно.
Толькі бачыцца вежа, як памяць жывая аб ім.
Напаўняю бакал, у раку выліваю віно.
І пачуцці, як хвалі, ўскіпаюць у сэрцы маім.
 
ЦЗІНГАНШАНЬ
Сцягі баявыя відны пад гарой.
З вяршыні разносіцца гром барабанаў.
Аблогаю ворагі нас атачылі.
Мы стойка атакі адбілі.
Ім радасцю цешыцца дзікай зарана.
А воля, як вежы Вялікай сцяны, непахісна.
Рубеж Хуан’ян грымотаю залпаў працяты.
Прыйшло данясенне: адходзяць чужыя салдаты.
 
НОВЫ ГОД
Нінхуа, Цінлю, Гуйхуа.
Вузкі спуск, слізкі мох, лес, трава.
Куды мы сягоння ідзём?
На гару Уі мы ідзём,
Ля гэтай гары, ля гэтай гары
Чырвоныя сцягі гараць, як кастры,
Палошча іх сінява.
ХУЭЙЧАН
Хутка зара запалае барвяна.
Хіба ў паход выпраўляцца зарана?
Мы не старэем — шлях месім нагамі старанна.
Край наш дзівосны падходзіць аж да акіяна.
Ад Хуэйчана збягае нагор’е
Ў даль, дзе сінее Усходняе мора.
Бачаць байцы схіл Гуандуна,
Верыцца кожнаму: будзем там скора!
 
ДАБАДЗІ
Жоўты, сіні, чырвоны,
Чорны, рыжы, ліловы...
Хто ў пярэстых шаўках
Водзіць танцы свае?
Бліснуў промень-зыркун
У смузе вечаровай,
За вяршыняй вяршыня
Таемна ўстае...
Тут у даўнія дні
Жарам дыхала бою,
Ад снарадаў сляды
Захавала сцяна,
А цяпер пазірні:
Зелянінай жывою
Абвілася гара.
Як красуе яна!
 
ЗАСТАВА ЛАУШАНЬ
Рэзкі з захаду вецер.
Прадранішні месяц ды іней.
Крык гусей на дасвецці.
Прадранішні месяц ды іней.
Зык трубы на дасвецці ды цокат капытаў.
Не мяркуй, што застава надзейна прыкрыта,
Тут мы нядоўга асаду вялі —
Верхам за дзень мы яе абышлі.
Морам здаліся нам сінія горы.
Сонца сцякала крывёй на прасторы.
 
ТРЫ ВЕРШЫ ПА ШАСНАЦЦАЦЬ СЛОЎ
*
Горы!
Я ў сядле, плётка ў руцэ, конь дужа скоры.
Увыш пазірну —
Дастанеш рукой ажно зоры.
*
Горы!
Вы, як прыбою марскога ліхія удары-паўторы.
Вы, быццам конніцы ўпаранай
У бітве ушчыльненай, ярай заторы.
*
Горы!
Іх вяршыні нязрушна стаяць век каторы.
Неба падала ўніз,
Ды яго зноў вяршынь утрымалі падпоры.
 
ВЯЛІКІ ПАХОД
Чырвонай Арміі смелы паход.
Што тысячы рэк і на скалах лёд?
Пяць круч ёй — мізэрны лік перашкод.
Умынскія горы пяройдзе між слот,
Не спыніць Цзіньша разлівам вод,
Мост Даду сцюжай не сцішыць ход.
Хрыбет Міньшань мінула яна —
У сэрцах нашых радасці ўзлёт!
ГАРА ЛЮПАНЬ
Там, за воблакамі-гарамі,
Гусі ў вырай памкнулі з крыкам,
Дваццаць тысяч лі пройдзена намі,
Але тых назавуць храбрацамі,
Дойдзе хто да сцяны Вялікай!
Пік узнёсся над Люпаньшанем,
Вецер сцягі шматуе шалёна...
Мы з вяроўкай ў руках вырашаем,
Як скруціць нам сівога дракона.
 
КУНЬЛУНЬ
Расхінуў небакрай вострапікі Куньлунь.
Ён ад свету людскога падаўся увыш,
Каб звысоку сачыць за жыццём на зямлі.
Гэта крылы драконы расправіць змаглі,
Неба ўкрылі мільготаю снежнай шугі,
Ўсё жывое снягамі наўсцяж замялі.
Растаюць яго ўлетку снягі,
Выйдуць рэкі ўсе з берагоў,
Ператворацца людзі ў рыб,
Ў чарапах, што з балот прыпаўзлі.
Спаконвечным зладзействам і справам дабра
Са смяротных суддзёю хто быў і калі?
А сягоння яму я кажу: Куньлунь,
І чаму так высока табе стаяць,
І чаму табе гэтулькі снегу мець?
Як бы гэтак уперціся ў неба спіной,
Каб як можна мацней узмахнуць мячом
І Куньлунь на тры часткі расцяць здалець.
Падарую Еўропе адну,
Хай Амерыцы будзе другая,
Частка трэцяя — будзе Кітаю,
І тады на зямлі запануе спакой, —
І спякоты ўсім хопіць, і шугі ледзяной.
 
СНЕГ
Выгляд поўначы — той стараны,
Покрыў дзе ледзяны аж на тысячы лі
І за далеччу скутай віхурыцца снег.
За Вялікай сцяной і падальш ад сцяны
Рассцілаецца ў дымцы зямны прастор;
І ў вярхоўі, і ў вусці Вялікай Ракі
Застывае вада, супыняе бег.
А ў гарах скачуць кольцы сярэбраных змей,
А раўнінамі мчацца са снегу сланы,
Каб спаборнічаць з небам самім вышынёй.
Ясны дзень наступіў —
Ты зірні, як красуе зямля
Зыркай фарбай узораў на белай апратцы сваёй.
І ў любую часіну — ад даўніх людзей і да нас —
Кожны горды герой хараством захапляўся не раз.
Ды шкада,
Толькі тлеў мэт нязбытных высокі агонь
Ў першым ціньскім Хуане і ў ханьскім уласніку У,
І ні ў танскім Тайцзуне, ні ў сунскім Тайцзу
Не лунаў нашай даўняй паэзіі дух.
Чынгісхану ў свой час усміхнуўся усцешліва лёс.
Што умеў ён? Арлоў працінаць стралой.
Ўсё сышло.
Каб уведаць сапраўдных людзей,
Завітаць трэба ў сённяшні дзень!
 
ШАНОЎНАМУ ЛЮ ЯЦЗЫ
Аб тым, як сядзелі ў Кантоне за чаем,
Згадаем не раз я і вы,
І вам прысвячаліся вершы ў Чунціне
У восеньскі вечар сівы.
Сышло трыццаць год, трыццаць першы мінае, —
Сустрэчы агонь трапяткі,
І зноўку пад пошум зжаўцелай лістоты
Чытаю паэта радкі...
Якія ўсё ж скрушныя вашы ўсе творы!
Забудзьце трывогі, мой друг,
Адкрыйце шырока самотныя вочы,
Святлей пазірніце наўкруг...
Не трэба цяпер гаварыць, што мялее
Прасторны куньмінскі плёс.
Зірніце на рыбак!
Ў самім Фучуньцзяне
Падобных не стрэнеш дзівос!
 
ХУАНЬСІША
У дзень святкавання гадавіны Першага кастрычніка
ў 1950 годзе на спектаклі ў тэатры спадар Лю Яцзы
сачыніў экспромтам вершы ў стылі «Хуаньсіша». Я
адказаў яму вершам на тыя ж рыфмы.
Быў морак начы над краінай маёй.
Ў ім д’ябальскі рой забаўляўся гульнёй.
Мой родны народ быў нямым перад ёй.
Ды пеўні запелі дасвеццю услед,
І сонца ўзышло над усёй стараной,
Жыхар з прыбярэжжа, з глушэчы лясной
Адзначылі свята сям’ёю адной.
Дзе ж лепшы выток светлых песень, паэт!
 
БЭЙДАЙХЭ
Дождж, не сціхаючы, лье над Юянем,
Хвалі сівыя ўзмываюць імкліва.
За Ціньвандао ў бяскрайнім прасторы
Носіцца лодка ў патоку бурлівым.
Лодка рыбацкая ў водным прасторы,
Дзе на ўзбярэжжа вынесе мора?
Многа схавана падзей за вякамі!..
Тут, ля Цзешы, грымна свет скаланулі:
Выйшаў Удзі са сваімі палкамі —
Міг гэты строфы яго нам вярнулі.
Вецер стагоддзяў... Пранізлівы вецер...
Ды ўсё іначай стала на свеце!
З кітайскай.
 
Пераклад Міколы МЯТЛІЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.