Вы тут

Міхаіл Барадзін: Палітычная вандроўка ад ЗША да Кітая


У 1918 годзе правадыр сусветнага пралетарыяту Уладзімір Ленін піша ў «Пісьме да амерыканскіх рабочых»: «Адзін рускі бальшавік, які ўдзельнічаў у рэвалюцыі 1905 года і пасля шмат гадоў правёў у вашай краіне, прапанаваў мне ўзяць на сябе дастаўку майго пісьма да вас. Я з тым вялікім задавальненнем прыняў яго прапанову, што амерыканскія рэвалюцыйныя пралетарыі закліканы менавіта цяпер адыграць асабліва важную ролю, як непрымірымыя ворагі імперыялізма амерыканаскага самага свежага, самага магутнага , самага апошняга па ўдзелу ў сусветнай бойні народаў з-за падзелу прыбыткаў капіталістаў. Менавіта цяпер амерыканскія мільярдэры, гэтыя сучасныя гандляры рабамі, адкрылі асабліва трагічную старонку ў крывавай гісторыі крывавага імперыялізма, далі згоду — усё адно, прамую ці ўскосную, адкрытую ці крывадушна-прыхаваную, — на ўзброены паход англа-японскіх звяроў з мэтай задушэння першай сацыялістычнай рэспублікі...» Артыкул У. І. Леніна быў надрукаваны ў газеце «Правда» 22 жніўня 1918 года (а напісаны 20 жніўня 1918 г.). 


Рабочы і бальшавік , пра якога ішла размова, — наш зямляк з Віцебшчыны, з Віцебскай губерні Міхаіл Маркавіч Барадзін (прозвішча пры нараджэнні — Грузенберг), які прыйшоў на свет 9 ліпеня 1884 года. У віцебскім мястэчку Янавічы. Нарадзіўся хлопчык у беднай яўрэйскай сям’і... Дзяцінства, ранняе юнацтва правёў у Латвіі. З першых гадоў новага, XX-га, стагоддзя, ён — актыўны ўдзельнік сацыял-дэмакратычных гурткоў. Ужо ў 1903 годзе юнак становіцца членам РСДРП. Адразу вызначае сябе як бальшавік. І па дэкларацыях, і па справах. У 1904 — 1905 гг. малады чалавек аказваецца ў эміграцыі ў Берне. 
    
Па традыцыі дзесяткі тысяч замежных грамадзян знаходзілася ў Швейцарыі. Цікавай падаецца наступная статыстыка. На 1000 жыхароў Швейцарыі ў 1910 годзе прыходзілася 147 замежнікаў. Тады, як, напрыклад, у Іспаніі — толькі адзін чалавек на тысячу. У Расіі — чатыры, у Германіі — 17, у Бельгіі — 31, у Францыі — 27... Рускія ці грамадзяне Расійскай імперыі займалі сярод імігрантаў Швейцарыі істотнае месца. Швейцарыя была яшчэ і прытулкам для вучобы маладых рэвалюцыянераў. Руская калонія тых часін уяўляла цікавую, прыкметную сацыяльную з’яву. Руская прафесура складала ў пачатку XX стагоддзя 13 (!) працэнтаў пасад на факультэтах, дзе кіравалі не-швейцарцы. Так што, Барадзіну не так і цяжка было насычацца рэвалюцыйнымі, марксісцкімі ідэямі менавіта ў Швейцарыі, у Берне, дзе, відавочна, ён і набыў першыя сур’ёзныя палітычныя знаёмствы... 
    
У 1905 — 1907 гг. наш суайчыннік — на падпольнай рэвалюцыйнай працы ў Рызе. У снежні 1905 г. Міхаіл Барадзін удзельнічае ў I канферэнцыі РСДРП у Тамерфорсе (Фінляндыя). Сярод дэлегатаў гэтага партыйнага мерапрыемства — Ленін, Крупская, Дзяржынскі, Леў Каменеў, Леанід Красін, Юлій Мартаў, Віктар Радус-Зяньковіч, Іосіф Сталін... Людзі розных пакаленняў, яны ўжо тады закладвалі рэвалюцыйны грунт 1917 года і наступных палітычных падзей... А ў красавіку — маі 1906 года Міхаіл Маркавіч удзельнічае ў IV з’ездзе (яго яшчэ назвалі «аб’яднаўчым») РСДРП у Стакгольме. На партыйны форум у Стакгольм сабраліся дэлегаты ад Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы, Латышскай сацыял-дэмакратыі, Бунда, а таксама прадстаўнікі Украінскай, Фінляндскай і Балгарскай сацыял-дэмакратычных партый. Больш за ўсё на з’ездзе было меншавікоў, што і паўплывала на некаторыя яго рашэнні. Асаблівае месца на з’ездзе заняў разгляд розных праграм аграрнага характару... Сутнасць ленінскага праекта заключалася ў патрабаванні канфіскацыі панскіх, царкоўных, манастырскіх і іншых зямель, а ў выпадку перамогі рэвалюцыі — у нацыяналізацыі ўсёй зямлі. Вельмі грунтоўна разглядалася і пытанне пра экспрапрыяцыю як адну з форм «партызанскіх баявых выступленняў» супраць урада. Ленін і яго прыхільнікі дапускалі экспрапрыяцыю як магчымы збор сродкаў для фінансіравання рэвалюцыйнай дзейнасці. 
    
Напрыканцы 1906 года Міхаіл Барадзін эмігрыруе ў Вялікабрытанію. А з пачатку 1907 года ажно па ліпень 1918 года жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі. Там і знаходзіць сваю палавінку. Там нараджаюцца яго дзеці. Паступова Міхаіл Маркавіч становіцца адным з самых яркіх лідараў рускай палітычнай эміграцыі ў ЗША. Арганізоўвае школу для палітычных эмігрантаў. З вышыні сённяшняга часу цяжка даваць адназначныя ацэнкі тым ці іншым дзеянням Барадзіна-Грузенберга... Тое, што ён быў бальшавіком, дзейнічаў згодна тым задачам, якія вырашала кампартыя (ці то РСДРП ці РСДРП (бальшавікоў) ці то Усесаюзная Камуністычная партыя (бальшавікоў) ці КПСС) сумненняў не выклікае. А вось ці быў ён марксістам ва ўсім разуменні гэтага вызначэння..? Таксама пытанне з пытанняў. Бо кожная з вялікіх, шырокамасштабных асоб — Ленін, Сталін, Троцкі — каменціравалі марксізм па-свойму... Вось і той самы Троцкі называў Міхаіла Барадзіна прадстаўніком «квазі-рэвалюцыйнай бюракратыі» (але гэта ўжо ў дачыненні да кітайскага перыяду ў жыцці і дзейнасці нашага земляка)... 
    
Калі Міхаіл Маркавіч вярнуўся ў Савецкую Расію, Ленін дае яму як асобе, якой давярае, заданне ўрэгуляваць пытанні, якія звязаны з дарэвалюцыйным фінансіраваннем бальшавікоў. Барадзін едзе з гэтай мэтай у Швецыю. А ў студзені 1919 года яго разам з групай бальшавікоў і англійскіх агентаў (Вацлаў Вароўскі, Максім Літвінаў, Артур Рэнс і іншыя) высылаюць. У 1919 г. Барадзіна прызначаюць першым савецкім консулам у Мексіку. Бальшавік з велізарным палітычным вопытам аказваецца ля вытокаў стварэння адной з камуністычных партый і садзейнічае нараджэнню Лацінаамерыканскага бюро III Інтэрнацыянала. Камінтэрн (альбо III Інтэрнацыянал), заснаваны Леніным, прапрацаваў з 1919 па 1943 гг. Так званы, па фармулёўцы Леніна, «саюз рабочых усяго свету, якія імкнуцца да ўсталявання Савецкай улады ва ўсіх краінах». 
    
Часам згадваецца, што Міхаіл Маркавіч сустракаўся з прэзідэнтам Мексікі Венусціна Карансай (1859 — 1920), які быў прэзідэнтам з 11 сакавіка 1917 да 21 мая 1920 г., — сустракаўся з мэтай прапанаваць мексіканскаму лідару ідэю антыімперыялістычнай барацьбы. У Мексіцы наш суайчыннік пазнаёміўся з індыйскім эмігрантам Манабендра Нат Роем (1887 — 1954), якога, далучыўшы да марксізма, прывёў у шэрагі Камуністычнага Інтэрнацыянала. Дзякуючы Барадзіну індыйскі рэвалюцыянер, барацьбіт за незалежнасць роднай Індыі, летам 1920 года прыехаў у Расію. Атрымаў запрашэнне выступіць на Другім кангрэсе Камінтэрна. Пасля кангрэса застаўся ў Маскве, дзе восем гадоў адпрацаваў у Камінтэрне. Удзельнічаў у стварэнні ў Ташкенце ваеннай і палітычнай школы для падрыхтоўкі рэвалюцыйных кадраў для краін Азіі. Прыняў індыец руплівы ўдзел у стварэнні Камуністычнай партыі Індыі. У 1922 годзе пачаў выдаваць часопіс «Авангард», орган эмігранцкай Камуністычнай партыі Індыі... Напрыканцы жыцця Рой зрабіўся аднолькавым праціўнікам і буржуазнай дэмакратыі, і камунізма, распрацоўваў альтэрнатыўную філасофію, якую сам і назваў як радыкальны гуманізм... Напісаў адпаведны маніфест, які назваў «Новы маніфест»...
    
А наш зямляк, біяграфія якога і на той час ужо набрала нямала старонак з разлікам на авантурны раман, між тым, атрымлівае новыя партыйныя і дзяржаўныя заданні. Міхаіла Барадзіна накіроўваюць дарадцам у Шатландыю. Там ён прабыў зусім няшмат часу. Праз некаторы час Барадзін — ужо ў Турцыі. Сустракаецца нават з Кемалем Атацюркам (1881 — 1938), будучым прэзідэнтам Турцыі (у 1923 — 1938 гг.). Савецкая ўлада шукала шляхі для прызнання, для развіцця стасункаў, а яшчэ для прасоўвання марксіцскіх, сацыялістычных ідэй па ўсім свеце. І такія энергічныя, дзеяздольныя, смелыя асобы, як Міхаіл Барадзін, былі, безумоўна, на вагу золата. 
    
З 8 верасня 1923 года ўраджэнец віцебскіх Янавіч — палітычны дарадца Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Гаміньдана. Заснаваная ў 1894 годзе як Таварыства адраджэння Кітая, Кітайская нацыянальная партыя (Гаміньдан), у ідэялогіі якой сыйшлося, змяшалася даволі шмат усяго рознага — найперш заснаванага на кітайскім нацыяналізме, імкнулася вызваліць Кітай ад дамініравання іммперыялістычных дзяржаў і «аб’яднаць розныя народнасці Кітая», перш за ўсё пяць асноўных: ханьцаў, манголаў, цібетцаў, маньчжураў, і мусульман (у прыавтнасці, уйгураў). У 1901 — 1925 гг. кіраўніком партыі Гаміньдан быў яркі, харызматычны лідар — Сунь Ятсен... Дарэчы, яшчэ раней савецкім ваенным дарадцам у Кітаі працаваў Аляксандр Іванавіч Чарапанаў (1895 — 1984), які пазней стане генерал-лейтэнантам... Барадзін здолеў пасябраваць з Сунь Ятсенам. Усе свае памкненні савецкі эмісар траціў на тое, каб арганізаваць разумны саюз паміж Гаміньданам і камуністамі Кітая. У той час гэта было магчыма. Але памёр Сунь Ятсен... Чан Кайшы (1887 — 1975), які ўзначаліў партыю Гаміньдан, уступіў на пасаду галоўнакамандуючага Нацыянальнай рэвалюцыйнай арміі, давёў Гаміньдан да раскола. І здрадзіў тым падыходам, у сцвярджэнні якіх кітайскаму народу дапамагалі савецкія камуністы... 
    
Міхаіл Маркавіч разам з сям’ёю (у Кітаі былі з ім і жонкай і два сыны) і легендарнай амерыканскай журналісткай левых, камуністычных, поглядаў Аннай Стронг (1885 — 1970) вяртаецца ў Савецкі Саюз. Ваенная карэспандэнтка Анна Стронг напісала процьму кніг і артыкулаў у падтрымку СССР і Кітая. Разам з Барадзіным амерыканка ўдзельнічае ў заснаванні газеты «Moscow News». Некаторы час Міхаіл Маркавіч займаў пасаду народнага камісара працы. А пасля быў прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Moscow News». У 1941 — 1949 гг. Барадзін — галоўны рэдактар Савецкага інфармбюро. А ў 1949 годзе, калі пачалася барацьба з «касмапалітызмам», Барадзіна арыштавалі. Памёр бальшавік-ленінец 29 мая 1951 года ў Лефортаўскай вязніцы ў час следства пасля моцнага збіцця. Лёс адмераў рэвалюцыянеру, дыпламату, палітычнаму дзеячу, будаўніку краіны, якая так неспадзявана «аддзячыла» яго, 66 гадоў жыцця... Колькі ўсяго і колькі рознага ўклалася ў гэтыя шэсць з паловай дзесяткаў гадоў жыцця, і ўявіць немагчыма!.. 
    
Пасля смерці Сталіна Барадзіна рэабілітавалі. Адзін з сыноў Міхаіла Маркавіча — палкоўнік Чырвонай Арміі Фрэд Барадзін (нарадзіўся ў 1908 годзе). Загінуў на самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Другі сын — журналіст і разведчык Норман Барадзін (1911 — 1974). Якраз Норман рабіў усёмагчымае, каб расказаць праўду пра свайго бацьку. Дарэчы, Міхаіл Барадзін — прататып аднаго з герояў рамана французскага пісьменніка, якому таксама не быў чужым Кітай, «Захопнікі», які быў створаны яшчэ ў 1928 годзе. 
    
... Янавічы — сёння гэта гарадскі пасёлак у Віцебскім раёне, Віцебскай вобласці. Размешчаны на рацэ Вымнянка, левы прыток Касплі... За 38 км на паўночны ўсход ад Віцебска. І за 26 км — ад чыгуначнай станцыі Ліёзна. Калі меркаваць па звестках на 1 студзеня 2023 года, то ў паселішчы пражывае 676 чалавек. Ёсць помнік Уладзіміру Ільічу Леніну. Ёсць і помнік на месцы гета. Відаць, у ім загінула нямала самых блізкіх родзічаў Міхаіла Маркавіча..? Парк у аграгарадку, гарадскім пасёлку (паселішча мае і свой герб) носіць назву «Парк народнага адзінства»... Хіба ж не за гэта адзінства змагаўся рэвалюцыянер, бальшавік Міхаіл Барадзін..? 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».