Вы тут

Моцны пол рыхтуе стол


Падрыхтоўка да Новага года, мабыць, — такая ж важная і хвалюючая частка свята, як і сама ўрачыстасць. Кожная гаспадыня ведае, што больш за ўсё сіл і часу забірае навагодні стол. Ён павінен быць багаты і маляўнічы. А што, калі распарадчыкам «балю» стане прадстаўнік моцнай паловы?


Мужчынская частка нашай рэдакцыі прапануе свой пералік прадуктаў, якія неабходны для святочнага застолля. Раскажам, што трэба купіць і калі гэта лепш зрабіць, каб сустрэць Новы год без клопатаў.

Рыба чырвоная, белая і ікра

Чырвоная ікра — сімвал навагодняга стала, прадукт, без якога не ўяўляем свята. У снежні на гэты тавар чакана павышаецца попыт, роўна як і кошт. Крамы часта ідуць насустрач пакупнікам і напярэдадні навагодніх свят прапаноўваюць бюджэтныя варыянты чырвонай ікры. Тэрмін яе захоўвання складае адзін год, таму я купляю слоічак загадзя і захоўваю да канца снежня ў халадзільніку.

З рыбай справы ідуць прасцей і... складаней. Тым, хто сапраўды любіць белую рыбу па складаных рэцэптах, рэкамендую запечанага ў духоўцы судака пад лімонам. Можна выбраць рыбу і прасцей. Для кагосьці будзе лепш свежы карп, але я аддаю перавагу рыбе, дзе костак паменш. Калі вы плануеце рыхтаваць марскую рыбу, то яна часцей за ўсё паступае ў прадуктовыя крамы замарожанай і можа захоўвацца працяглы час. Калі вы будзеце рыхтаваць рыбныя стэйкі, напрыклад, з ласося, варта купіць ахалоджаную рыбу — яна лепш захоўвае смак і структуру валокнаў.

Рэкамендую набыць для навагодняга стала слабасалёную фарэль або сёмгу і падаць у якасці закускі або маленькіх бутэрбродаў на белым батоне са сметанковым маслам. Мае дзеці накідваюцца на такія ў першую чаргу. Дарэчы, невялікая парада «рукастым» мужчынам — слабасалёную чырвоную рыбу можна лёгка прыгатаваць самастойна. Засаліць яе трэба з дапамогай неёдаванай солі на 1-2 сутак, а для пікантнасці ў расол уліць чайную лыжку моцнага алкаголю.

Мяса, вэнджаніна і кансервы

Калі вы не ўяўляеце свой святочны стол без мясных страў, купляць мяса я б параіў ахалоджаным і не раней чым за 2-3 дні да Новага года. Гэта датычыцца і свініны, і ялавічыны, і курыцы. Можна купіць мяса загадзя і замарозіць, але гэта можа адбіцца на смаку і якасці. Лепш унесці ў свой папярэдні спіс неабходныя прадукты для марынавання і запякання мяса. Праверце, ці ёсць у наяўнасці рукавы для запякання і іншыя дапаможныя прыборы.

Каўбасы і вэнджаніна — прадукты з сярэднім па працягласці тэрмінам захоўвання. Ужо загадзя мы можам смела купляць на навагодні стол сыравэнджаныя і сыравяленыя каўбасы. Перш чым пакласці каўбасу ў халадзільнік, загарніце яе ў пергаментную паперу — гэта дапаможа захаваць смак і знешні выгляд прадукту. Вараныя і вэнджаныя каўбасы, вяндліну і бекон лепш купляць за тыдзень да свята і не даставаць з упакоўкі.

Кансервы для навагодняй вячэры купляюць таксама загадзя, калі іх тэрмін захоўвання гэта дазваляе. Крамы часта прадаюць гэтыя прадукты па зніжаных цэнах нават у перыяд павышанага попыту. Не забудзьцеся ўнесці ў свой спіс шпроты, кансерваванага тунца і пячонку траскі — яны спатрэбяцца для салатаў і закусак.

Зялёны гарошак, кукуруза і аліўкі

Памятаеце, як герой навагодняй камедыі «Ёлкі-2» пакутліва спрабаваў успомніць, што значаць літары «З. Г.», напісаныя на яго руцэ? Усё проста — зялёны гарошак. Тэрмін прыдатнасці ў яго працяглы — 2-3 гады. 

Акцыямі на гэты прадукт ужо радуюць амаль усе сеткавыя крамы. Так што ўнесці ў спіс і купіць 1–2 слоічкі на Новы год — гэта святое! Зялёны гарошак уваходзіць у склад аліўе. Многія ў аліўе дадаюць не вараную каўбасу, а курыную грудку — выходзіць танней, ды і смак атрымліваецца значна больш цікавым.

Тры гады таму паспрабаваў навагоднюю салату «Мужчынскае аліўе». Класічнае аліўе падабаецца практычна ўсім, а мужчынскае — салата на аматара. Там 300 грам вэнджанай каўбасы, банка чырвонай фасолі, два салёныя агуркі, тры яйкі, сыр, сухарыкі па жаданні і маянэз. Вельмі заборыста.

Яшчэ адзін часты інгрэдыент навагодніх салатаў — кансерваваная кукуруза. З гэтым прадуктам усё гэтак жа, як і з зялёным гарошкам: яго, напэўна, усе купілі загадзя.

Аліўкі і масліны — распаўсюджаная закуска і інгрэдыент для салатаў. Купіць іх можна пра запас і не хвалявацца пра тэрмін прыдатнасці.

Грыбы, сыры і яйкі

Марынаваныя або салёныя грыбы ў герметычнай тары можна захоўваць да двух гадоў. А вось свежыя шампіньёны, калі яны патрэбны для падрыхтоўкі салатаў або асноўной стравы, лепш браць не раней чым за 3-5 дзён да Новага года.

Як правіла, для нашага стала неабходныя розныя віды сыроў: складзіце іх спіс, зыходзячы з уласных пераваг. Сыры спатрэбяцца пры афармленні салатаў і закусак або асобнай сырнай талеркі. Больш дарагія лепш купіць за некалькі тыдняў да свята, бо бліжэй да Новага года іх кошт непрыкметна вырасце. Сметанковыя і тварожныя сыры набываем за некалькі дзён.

Часцей за ўсё яйкі выкарыстоўваюць у святочных стравах у якасці здробненага інгрэдыенту, але яны могуць стаць і самастойнай закускай. Тэрмін захоўвання курыных яек пры пакаёвай тэмпературы складае 25 дзён, пры тэмпературы ад 2–5 градусаў — да 90 дзён. Калі ў вас ёсць магчымасць захоўваць яйкі ў халадзільніку, купіце пару дзясяткаў.

Свежыя гародніна, зеляніна і саленні

Стол з закускамі, мяснымі і рыбнымі стравамі выдатна дапоўніць салата са свежай гародніны. Агуркі, памідоры, балгарскі перац лепш купляць свежымі, але не раней чым за 2-3 дні да Новага года, а вось кабачкі, баклажаны, белакачанную капусту можна набыць за тыдзень да застолля: яны добра захаваюцца ў халадзільніку.

З зеляніны ў спісе пакупак павінны быць зялёная цыбуля, кроп, пятрушка, розныя віды салаты. Па жаданні ў стравы можна таксама дадаць свежы базілік, кінзу, рукалу, шпінат. Зеляніна стане ўпрыгажэннем любой салаты.

Саленні — гэта кансерваваная прадукцыя ўласнага прыгатавання, якая чакае свайго часу ў дачным склепе, на балконе або ў гаражы. Трэба не забыцца загадзя прывезці дадому запаветныя слоічкі з салёнымі агуркамі, памідорамі і леча. Таксама можна купіць усю кансервацыю ў краме. У навагоднім спісе пакупак могуць быць марынаваныя памідоры, каперсы, цыбуля, перац чылі, часнок, чарамша.

Мандарыны і апельсіны

«Маленькія апельсіны» — такі ж сімвал Новага года, як і шампанскае. Варта купляць толькі непашкоджаныя плады, без плям, а каб праверыць ступень іх спеласці, дастаткова злёгку сціснуць скурку — калі пырснуў сок, значыць, мандарыны саспелыя. Пры абмацванні не павінна быць занадта мяккіх участкаў або ўвагнутасцяў, паколькі гэта прыкмета таго, што фрукт пераспеў і пачаў падгніваць.

Рэкамендуецца захоўваць мандарыны ў фруктовым адсеку халадзільніка, бо пры пакаёвай тэмпературы яны хутка псуюцца. Узімку можна размясціць плод на ўцепленым балконе пры ўмове, што тэмпература паветра не ніжэй плюс 6 градусаў. Важны момант — мандарыны нельга трымаць у поліэтыленавым пакеце, паколькі пры павышанай вільготнасці яны пачынаюць імгненна псавацца.

З мандарынаў робяць салаты, сокі, кактэйлі, цукаты, імі ўпрыгожваюць дэсерты і выпечку. Гэтая цудоўная садавіна выдатна спалучаецца з мясам, рыбай, морапрадуктамі, крупамі, гароднінай, арэхамі і сырам. Але смачней за ўсё есці мандарыны проста так, атрымліваючы асалоду ад вытанчанага водару, які надае плоду эфірны алей (змяшчаецца ў лупіне). Гэта пах дзяцінства, свят, марознай зімы і казачных надзей, якія заўсёды спраўджваюцца!

Зіма — сезон паспявання апельсінаў, таму салодкі цытрус як нельга лепш падыдзе для фруктовага кошыка. Таксама апельсіны могуць стаць інгрэдыентам салатаў, асноўных страў і напояў. Яны выдатна захоўваюцца і ў халадзільніку, і пры пакаёвай тэмпературы. У спісе пакупак могуць прысутнічаць таксама памела і грэйпфруты.

Спецыі, соусы, прысмакі...

Для падрыхтоўкі страў з цікавым смакам неабходны спецыі. Молаты чорны і чырвоны перац, сухі часнок, папрыка, праванскія травы, размарын, каляндра, парашок імбіру, чабор, гваздзіка — выбіраць і разбірацца ў гэтай «азбуцы» складана, але трэба. Патрэбныя прыправы трэба купляць загадзя, яны выдатна захоўваюцца ў закрытай ўпакоўцы.

Соусы — неад’емная частка многіх страў. Самыя хадавыя варыянты — кетчуп і маянэз. Апошнім часам вельмі папулярны соевы соус, актыўна выкарыстоўваецца ткемалі, тартар, бальзамічны крэм... Спіс можна працягваць доўга.

Завяршыць навагодні вечар дэсертам — добрая традыцыя, якая стварае асаблівы настрой. Цукеркі, шакалад, печыва можна купіць калі заўгодна. Калі хочаце завяршыць вячэру тортам, яго лепш набыць максімальна блізка да Новага года. Першым у спісе можа быць вялікі «Напалеон» або асарці мініяцюрных пірожных.

Хутка і нядорага

Добры варыянт святочнай закускі да навагодняга стала — рулеты, якія можна зрабіць з лаваша. Начынне можа быць любым: пачынаючы ад плаўленага або тварожнага сыру з зелянінай да каўбасы або чырвонай рыбы. Больш бюджэтны варыянт — выкарыстоўваць для такой стравы кансерваваную рыбу з зелянінай, гароднінай і яйкамі.

Дастаткова экзатычным атрымаецца навагодні стол, на якім будуць прысутнічаць азіяцкія закускі, напрыклад, морква па-карэйску і спаржа. Такія стравы вызначаюцца даступнай цаной. Што датычыцца гарачага, то можна выбраць курыцу, запечаную ў духоўцы, або смажаную. У духоўцы можна запекчы, напрыклад, філе траскі.

Але галоўнае, што дапаможа сэканоміць на святочным меню, — закупка прадуктаў строга па спісе. Напэўна, многім знаёмыя сітуацыі, калі паход у супермаркет ператвараецца ў хаатычную куплю літаральна ўсяго, на чым спыняецца погляд, і ў выніку сума ў чэку атрымліваецца ўражлівая. Аднак менавіта спіс пакупак дазваляе падыходзіць да выдаткаў максімальна разумна, набываючы толькі тое, што сапраўды трэба.

І яшчэ. Нават самы бюджэтны навагодні стол атрымаецца зрабіць святочным, калі крэатыўна і з душой падысці да яго сервіроўкі і афармлення — старанні абавязкова акупяцца пахвалой гасцей і прыўзнятым святочным настроем.

Рыхтуйце столькі, колькі трэба

Наўрад ці вам хоць раз у жыцці даводзілася выходзіць з-за святочнага стала з пачуццём лёгкага голаду. Наадварот, у большасці выпадкаў людзі аб’ядаюцца так, што даводзіцца прымаць лекі, якія паскараюць працэс стрававання. Прыкіньце прыкладную колькасць гасцей і зрабіце роўна такі аб’ём страў, каб 1 і 2 студзеня не прыйшлося ў спешцы даядаць рэшткі салатаў і іншых страў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.