Вы тут

Е-Паслуга, цэнтр кібербяспекі і воблачны подпіс


Падача заявы на заключэнне шлюбу, уладкаванне зараднай станцыі для электракара, высечка дрэва пад акном, пастаноўка на ўлік сабакі — усё гэта адміністрацыйныя пытанні, якія варта і хацелася б у будучыні вырашыць анлайн — такім чынам эканомячы сілы і час. Сёлета на адзіным партале электронных паслуг з’явілася 230 новых сэрвісаў (паслуг і адміністрацыйных працэдур), якія дазваляюць грамадзянам і юрыдычным асобам вырашаць свае дзелавыя або бытавыя сітуацыі анлайн. За няпоўны год беларусам на гэтым партале было аказана больш за 120 мільёнаў паслуг. А зусім нядаўна запрацаваў дадатак Е-паслуга, з дапамогай якога доступ да электронных сэрвісаў стаў магчымы і праз мабільнік, што зрабіла ўзаемадзеянне чалавека і дзяржавы яшчэ больш аператыўным і зручным.


Абараніць абанентаў і дакументы

Развіццё інфраструктуры электроннага ўрада Беларусі (дакументаабароту, сістэмы ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі, сэрвісаў — найперш адмінпрацэдур для грамадзян і бізнесу) і забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі — дзве асноўныя задачы, якія выконвае Нацыянальны цэнтр электронных паслуг (НЦЭП), расказаў яго дырэктар Раман Градусаў:

— Сёлета цэнтр у сваёй рабоце рабіў акцэнт на перавод у лічбу адміністрацыйных працэдур. Сістэмай міжведамаснага дакументаабароту дзяржаўных органаў (СМДА) сёння ахоплена каля 17 тысяч абанентаў, штотыднёва перасылаецца да 150 тысяч электронных дакументаў. Да СМДА падключаны не толькі дзяржорганы, але і суб’екты гаспадарання. А сёлета на партале рэалізаваны адпаведны функцыянал для юрыдычных асоб, у рамках якога арганізацыі з колькасцю супрацоўнікаў да пяці чалавек могуць, не выходзячы з асабістага кабінета, праводзіць юрыдычна значны дакументаабарот і ўзаемадзейнічаць шляхам перасылкі электронных дакументаў як з дзяржорганамі, так і з іншымі суб’ектамі гаспадарання.

Цэнтр электронных паслуг мае багаты вопыт у справе абароны інфармацыі, у тым ліку інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання і абароны персанальных даных. Згодна з Указам Прэзідэнта № 40 «Аб кібербяспецы» і загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры Прэзідэнце № 130, які выдадзены ў развіццё Указа, спецыялісты НЦЭП рэалізуюць стварэнне цэнтра забеспячэння кібербяспекі і рэагавання на кібер-інцыдэнты. Ён пачне працаваць налета і дазволіць вывучаць і абараняць сваю інфраструктуру, а таксама іншых дзяржорганаў, арганізацый і суб’ектаў гаспадарання, дадаў дырэктар:

— На базе ААЦ будзе створаны Рэспубліканскі цэнтр кібербяспекі, які будзе каардынаваць дзейнасць усіх іншых аналагічных цэнтраў пры розных установах. Звяртацца ў іх змогуць усе ахвотныя абараніць свае сістэмы і забяспечыць рэагаванне на кібер-інцыдэнты.

Сёння ў НЦЭП працуюць над стварэннем воблачнага электроннага лічбавага подпісу, які стане зручным інструментам штодзённага інфармацыйнага ўзаемадзеяння, які не будзе патрабаваць нейкіх дадатковых тэхнічных сродкаў. Подпіс будзе захоўвацца на воблаку, і да яго заўжды можна будзе звярнуцца, каб падпісаць нейкі дакумент. Налета такі сэрвіс пэўна запрацуе, удакладніў Раман Градусаў.

Лічбавы рэбрэндынг і мабільны ўваход

У Беларусі выдадзена больш як два мільёны сертыфікатаў адкрытых ключоў праверкі электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП), іх колькасць штодня прырастае ў сярэднім на 1500 адзінак.

— Створана сетка з 44 пунктаў аказання паслуг на базе 12 рэгістрацыйных цэнтраў, дзе аказваецца ўвесь спектр паслуг па рэгістрацыі карыстальнікаў, выпуску сертыфікатаў адкрытых ключоў, выдачы сродкаў ЭЛП ва ўсіх абласных і буйных раённых цэнтрах, — нагадаў Раман Градусаў.

У краіне выпушчана таксама звыш 300 тысяч ІD-картак з запісанымі на іх сертыфікатамі адкрытага ключа (штодня з’яўляецца каля 300 новых картак). З дапамогай крыптаграфічнага дадатку ЭЛП на картцы чалавек можа аўтарызавацца і ідэнтыфікавацца на розных электронных інфармацыйных рэсурсах.

— Для работы з ІD-карткай абавязкова патрэбны счытвальнік ЭЛП, што не заўжды зручна. Для доступу ў асабісты кабінет на адзіным партале электронных паслуг гэту ролю (счытвальніка) цяпер можа выконваць смартфон з NFC-модулем, калі на прыладу ўстанавіць новы мабільны дадатак Е-паслуга. Дзякуючы яму можна атрымаць доступ да больш як 500 паслуг на адзіным партале, — прэзентаваў дырэктар новы мабільны прадукт, распрацаваны цэнтрам. — Мабільны дадатак цалкам дубліруе функцыянальныя магчымасці, якія рэалізаваны на адзіным партале. А NFC-модуль у якасці счытвальніка нават дае дадатковыя магчымасці разблакіроўшчыка. Калі вы некалькі разоў няправільна ўвялі пін-код, ваша картка блакіруецца, і разблакіраваць яе можна толькі пры наяўнасці адпаведнага счытвальніка, які трэба набыць. А дзякуючы мабільнай праграме, калі вы заблакіравалі картку, яе можна праз Е-паслугу і разблакіраваць.

Каб яшчэ больш заахвоціць беларусаў да лічбавых стасункаў і тэхналогій лічбавага ўрада, сёлета спецыялісты НЦЭП правялі рэбрэндынг адзінага партала электронных паслуг, які цяпер называецца Е-паслуга (як і аднайменны мабільны дадатак). А сам дадатак Е-паслуга можна бясплатна спампаваць з Play Market на мабільны тэлефон, у якім павінен быць NFC-модуль (такое прыстасаванне раней было даступнае толькі ў мадэлях сотавых тэлефонаў прэміум-класа, цяпер яно інтэгравана і ў прылады сярэдняга класа, і ў бюджэтныя). Прыклаўшы да тэлефона (з тыльнага боку) ІD-картку, можна атрымаць доступ да свайго асабістага кабінета, агучыў Ягор Воранаў, намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях НЦЭП:

— На партале з новай назвай, што адлюстроўвае пасыл развіцця, які мы закладваем у сваёй рабоце, у перадактываваным стане знаходзіцца асабісты кабінет кожнага беларуса. Каб актываваць кабінет, трэба ўвайсці ў яго з прымяненнем ЭЛП. Выкарыстанне ІD-карткі дазваляе аўтаматызаваць працэс аўтарызацыі чалавека на Е-паслузе. Дакладна ідэнтыфікаваць грамадзян пры гэтым дапамагае Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб. Усё гэта зроблена для таго, каб палегчыць інфармацыйны абмен грамадзяніна і дзяржавы ў давераным асяроддзі.

Асабістыя кабінеты ў мабільным дадатку Е-паслуга маюць той жа функцыянал, што і на партале Е-паслуга. Гэта, напрыклад, абмен карэспандэнцыяй праз пошту грамадзяніна ці юрасобы з магчымасцю падпісання ліста ЭЛП. У мабільнай праграме распрацавана таксама зручная сістэма паведамленняў натыфікацыі (афіцыйных паведамленняў, якія пацвярджаюць, што элементы шыфравання адпавядаюць заканадаўчым патрабаванням) з магчымасцю тонкай настройкі атрымання паведамленняў ад пэўнай інфармацыйнай сістэмы, удакладніў Ягор Воранаў.

Папулярныя, своечасовыя, бытавыя

Большасць з 517 сэрвісаў, якія сёння даступны на партале Е-паслуга, патрабуюць строгай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем ЭЛП ці ІD-карткі). Магчыма, канешне, і нястрогая аўтарызацыя (з дапамогай электроннай пошты, нумара тэлефона, уліковага запісу ў фэйсбук ці гугл), аднак даступным для выкарыстання будзе толькі шэраг паслуг, для якіх непатрэбная строгая аўтэнтыфікацыя, удакладніла Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Правілы атрымання паслуг (са строгай ці нястрогай аўтарызацыяй) дыктуюць уладальнікі інфармацыйных сістэм, на падставе якіх аказваюцца паслугі. Каб атрымаць поўны набор даступных на партале сэрвісаў, патрэбна строгая аўтэнтыфікацыя.

Сярод новых сёлетніх сэрвісаў папулярнасцю карыстаюцца, напрыклад, паслугі па атрыманні звестак па наяўнасці ў чалавека правапарушэнняў. Такая інфармацыя можа спатрэбіцца, напрыклад, наймальніку пры працаўладкаванні.

Для выяўлення рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў сістэмы кровазвароту, анкалагічных хвароб, хранічных абструкцыйных захворванняў лёгкіх і цукровага дыябету таксама ёсць сэрвісы. Для іх атрымання неабходна адказаць на пытанні анкеты. Магчымасць запоўніць анкету анлайн, адправіць яе ва ўстанову аховы здароўя, дзе чалавек знаходзіцца на ўліку, а пасля прыйсці да тэрапеўта і ўжо не губляць часу на анкетаванне — усё гэта рэалізавана як ідэя дыспансерызацыі аднаго дня: запоўніў анкету — наведаў урача — атрымаў дапамогу, абазначыла прадстаўніца НЦЭП.

— Дзеля павышэння бяспекі дарожнага руху сумесна з ДАІ распрацаваны паслугі, якія дазваляюць праверыць факт выдачы фізічнай асобе пасведчання кіроўцы, а таксама ці не абмежавана яго права на кіраванне аўто. Актуальнасць і своечасовасць такой інфармацыі важная, напрыклад, для каршэрынгавых служб ці перавозчыкаў, — расказала Святлана Караневіч.

Сёння на партале анлайн можна зарэгістраваць сваіх іншаземных гасцей ці сваякоў і не хадзіць асабіста ў органы па грамадзянстве і міграцыі, як было раней; ёсць магчымасць атрымліваць пропускі на ўезд у памежныя зоны ці палосы, дазволы на правядзенне  аэрафотаздымак і іншае.

— Штогод колькасць падобных паслуг павялічваецца, але і ўсё больш дзелавых і бытавых сітуацый можна вырашыць у адзін «клік» не выходзячы з дому, без кіпы папер і хаджэння па інстанцыях, — падкрэсліла Святлана Караневіч. — Для гэтага працягваецца карпатлівая работа з дзяржорганамі — трымальнікамі інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, якія з’яўляюцца крыніцай інфармацыі для будучых электронных паслуг.

У Беларусі дзейнічае распараджэнне прэм’ер-міністра № 119р, дзе распісана, якія адміністрацыйныя працэдуры да 2025 года павінны быць пераведзены ў электронны выгляд. Сёлета да канца года лічбавымі павінны стаць 310 адміністрацыйных працэдур, і амаль па ўсіх з іх мерапрыемствы па пераводзе ў лічбу завяршаюцца, так што фактычна штодня на партале з’яўляюцца новыя паслугі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.