Вы тут

Дом уверх дном, або як цікава і запамінальна сустрэць Новы год сям’ёй


Сустракаць Новы год у сямейным коле — цудоўная традыцыя. Але вельмі часта ў гэтым выпадку чароўнае свята ператвараецца ў чарговае стандартнае застолле з праглядам тэлевізара. Каб так не адбылося і на гэты раз, раім прыкласці крыху намаганняў і загадзя прадумаць, чым вы будзеце займацца 31 снежня. Аблегчыць задачу дапамогуць ідэі, якія мы сабралі ў гэтым артыкуле пры дапамозе шматдзетных сем’яў. Нашы героі перакананы: што-што, а навагодні настрой самі сабе мы стварыць у сілах.


Па ёлку — 31 снежня

— Цяпер усе чамусьці спяшаюцца і стараюцца паставіць ялінку загадзя, за паўмесяца, а то і за месяц да Новага года і Раства, — разважае Вольга Кучэрына з Віцебска. — У маім жа дзяцінстве тата прывозіў лясную прыгажуню толькі 31 снежня, вялікую-вялікую, да самай столі. А потым мы з сёстрамі і мамай даставалі з антрэсоляў ватных Дзеда Мароза і Снягурку, гірлянды, кардонныя каробкі з шарамі, шышкамі, зайчыкамі ды грыбочкамі і няспешна, разглядаючы кожную цацку, упрыгожвалі ёлку. Тую добрую традыцыю я перанесла і ў сваё сямейнае жыццё.

Штогод 31 чысла Вольга з мужам і дзецьмі ідуць на кірмаш. Выбіраюць самую прыгожую ялінку і па чарзе вязуць яе дадому на санках.

— Ніякая штучная ёлка не заменіць тое настальгічнае адчуванне з дзяцінства, — кажа жанчына. — Дарэчы, у нас, акрамя рэтра-ўпрыгажэнняў, якія засталіся ў спадчыну ад бацькоў, не так даўно з’явілася традыцыя — кожны год набываем новую ёлачную цацку.

Каб напоўніцу атрымаць асалоду ад выбару і ўпрыгожвання ёлкі, сям’я Кучэрыных не гатуе шмат страў, каб стол «ламіўся», а загадзя замаўляе ў праверанага фермера качку ці гусь, і гаспадыня запякае яе па фірменным бабуліным рэцэпце — з яблыкамі. А «тазік аліўе» нарэзваюць разам усёй сям’ёй незадоўга да бою курантаў.

Мацвей Маршак з Мінска, які вырабляе ёлачныя цацкі з ваты, распавёў, што яго мама па традыцыі перад Новым годам пячэ пернікавых чалавечкаў і пернікавы дамок.

— Збіраемся сям’ёй каля ёлкі і ўпрыгожваем іх глазурай пад навагоднюю музыку. Штогод тата пераапранаецца ў касцюм Дзеда Мароза, які бярэ напракат. Ён у нас гумарыст, умее мяняць галасы. Я люблю, калі да нас на Новы год прыязджаюць бабуля з дзядулем — атрымліваецца вельмі шумна і весела. Брат рыхтуе квэст для ўсёй сям’і, напрыклад пра ўкрадзены Новы год. Мы бегаем па доме і выконваем заданні, атрымліваем невялічкія падарункі. Вось ужо шмат гадоў запар мама бярэ білеты ў цырк на 31 снежня. І адразу з’яўляецца святочны настрой.

Час успамінаў

Каб узняць настрой, можна на 31 снежня, калі, канешне, пашанцуе са снегам, запланаваць сумесны паход у лес на лыжах ці на каток. А калі вернецеся дадому, згадайце, што добрага, знакавага адбылося ў вашай сям’і ў сыходзячым годзе. Гэта можна зрабіць рознымі спосабамі. Напрыклад, раздайце кожнаму па аркушы паперы і прапануйце намаляваць некалькі самых яркіх момантаў. Потым усе будуць адгадваць, што зашыфраваў аўтар. Гэта дапаможа згадаць многае з 365 дзён.

Асабіста мне вельмі падабаецца традыцыя з трохлітровым слоікам. У яго на працягу года ўсе члены сям’і кідаюць паперкі з пазначэннем прыемных падзей, а ў навагоднюю ноч дастаюць іх па чарзе і з удзячнасцю згадваюць перажытае. Калі вы толькі што даведаліся пра гэту традыцыю, нічога страшнага — вазьміце яе на ўзбраенне на наступны год. Пры жаданні можна паспець накідаць нейкую колькасць самых яркіх успамінаў у слоік нават за дзень да Новага года.
Стварыце ў пакоі фотазону. Самы просты спосаб — замацаваць на столі ці дзвярах бліскучы дожджык. Альбо зрабіць з кардону рамку і абклеіць яе сняжынкамі.

Каб было весялей фатаграфавацца, можна загадзя падрыхтаваць рэквізіт — дастаць з шафы карнавальныя касцюмы, насы клоўна, акуляры, парыкі... Прычым вобразы атрымаюцца больш смешнымі, калі ўсе аксесуары скласці ў непразрысты мяшок і прапанаваць кожнаму па чарзе выцягваць штосьці навобмацак.

Каб Новы год не меў шанцаў пайсці не па плане, прыдумайце міні-праграму. Мае знаёмыя, у якіх чацвёра дзяцей, ладзяць дамашні навагодні канцэрт. Кожны член сям’і загадзя рыхтуе нейкі творчы нумар. Хтосьці выконвае нядаўна развучаную зімовую кампазіцыю на піяніна, хтосьці ладзіць выставу сваіх малюнкаў і праводзіць экскурсію, хтосьці паказвае фокус ці акрабатычны трук... І гэта вельмі цікава. Кожны адчувае сябе важным. У такія канцэрты смела можна ўключаць у тым ліку і навагоднія вершы ды песні, якія дзеці вывучылі ў дзіцячым садку ці школе, розныя жарты, інсцэніроўкі казак ці выдуманых гісторый... Галоўнае, каб удзел прымалі не толькі малыя, але і дарослыя — бацькі, бабулі, дзядулі. У нейкі момант вечара ўключыце навагоднюю музыку, выключыце святло і пад мірганне гірляндаў патанцуйце ўсёй сям’ёй, гэта таксама цудоўна ўздымае настрой.

Асабіста мне вельмі падабаецца традыцыя з трохлітровым слоікам. У яго на працягу года ўсе члены сям’і кідаюць паперкі з пазначэннем прыемных падзей, а ў навагоднюю ноч дастаюць іх па чарзе і з удзячнасцю згадваюць перажытае.

Галоўнае, каб было весела

Акрамя таго, усе мае суразмоўцы раяць прадумаць некалькі гульняў, у якія будзе цікава гуляць не толькі дзецям, а ўсім членам сям’і. Пераможцам падрыхтуйце маленькія прэзенты. Ніжэй прапануем некалькі бяспройгрышных варыянтаў.

Можна пагуляць у «Фанты». Прыдумайце і напішыце на паперках вясёлыя заданні для гасцей, пакладзіце ў капялюш і выцягвайце па чарзе. Папярэдзьце, што адмовіцца выконваць напісанае можна толькі адзін раз. Вось некалькі варынтаў фантаў, якія падыдуць для дамашняй вечарыны: уяві сябе астролагам і складзі ўсім навагодні гараскоп; дэгустацыя з завязанымі вачыма (адгадай, што ты пакаштаваў); зрабі камплімент кожнаму з прысутных; прапануй суседу за сталом салату, як быццам прадаеш яе на рынку; надзьмі тры паветраныя шарыкі за хвіліну; намалюй упрыгожаную ялінку з завязанымі вачыма; назаві дні тыдня і месяцы года ў зваротны парадку; за адну хвіліну расстаў усіх прысутных па росце і г. д.

Вельмі весела праходзіць гульня «Упрыгожце ёлачку». У ролі ялінак могуць быць, да прыкладу, тата і дзядуля. Усе астатнія дзеляцца на дзве каманды — задача кожнай прыгажэй і хутчэй упрыгожыць «ёлачку». У якасці ўпрыгажэнняў выкарыстоўвайце рэчы, якія знойдзеце ў доме. Пры жаданні можна падрыхтаваць каралі, шапкі, шалікі, валёнкі, цацкі, якія не б’юцца, і іншае загадзя.

«Навагодняя ўгадайка». У вялікую каробку пакладзіце нейкі прадмет. Задача прысутных — адгадаць, што там схавана, пры дапамозе дадатковых пытанняў, на якія вядучы адказвае «так» ці «не».

Падорыць шмат станоўчых эмоцый і гульня «Пажаданне на 2024 год для ўсёй сям’і». Яна заснавана на адным з дзейсных псіхалагічных метадаў — карце жаданняў. Вам спатрэбіцца ватман, клей і некалькі часопісаў. Загадзя выражце з апошніх карцінкі — гэта павінны быць выявы не толькі матэрыяльных прадметаў — дамоў, грошай, машын, але і раслін, жывёл, музыкі, танцаў, адпачынку, падарожжаў, кахання... Пры жаданні можна зрабіць самыя простыя малюнкі ці надпісы самастойна. Гатовыя карцінкі складваем у капялюш. Ватман вешаем на сцяну. Усе па чарзе з завязанымі вачыма выцягваюць па картцы-пажаданні для сям’і на 2024 год і, каментуючы, наклейваюць на ватман.

А можа, у вашай сям’і ёсць краіна мары, куды б вы хацелі паехаць, але пакуль няма магчымасці? Навошта чакаць і засмучацца, што ў чарговы раз не атрымалася выбрацца на святы за мяжу! Зладзьце Новы год дома «амаль як там», тым самым матэрыялізуйце сваю мару. Пазнаёмцеся загадзя з традыцыямі гэтай краіны, даведайцеся, якія незвычайныя абрады, звязаныя з Новым годам, там існуюць. Для ўпрыгожвання дома можна выкарыстаць малюнкі з відамі славутасцяў. Пашукайце цікавыя легенды, апісанне гістарычных месцаў. Падбярыце музычнае суправаджэнне, пашукайце рэцэпт нацыянальнай стравы краіны-мары. Цудоўна будзе знайсці нацыянальныя касцюмы для ўсіх. Калі не атрымаецца, можна замовіць майкі з надпісам, напрыклад «Новы год у Парыжы».

У навагоднюю ноч прынята не толькі жадаць адно аднаму шчаслівага года, але і загадваць жаданні. Шматдзетная мама Таццяна Немчанінава з Мінска прапаноўвае зрабіць гэта арыгінальна. Напішыце пісьмо з жаданнямі — аб чым марыце, чаму хацелася б навучыцца ў наступным годзе — пакладзіце ў бутэльку з-пад шампанскага і схавайце, каб праз 365 дзён праверыць, што збылося, а што не. Так, Таццяна больш як дзесяць гадоў таму «замовіла» сабе добрага 
мужа. І жаданне спраўдзілася. Акрамя таго, у чароўную ноч года можна паваражыць: да імбірнага печыва прывяжыце карткі з прадказаннямі, у тым ліку і жартаўлівымі. І кожны павінен выцягнуць па адным-два. Дарэчы, калі вы вырашыце адсвяткаваць Новы год, як гэта робяць французы, то абавязкова спячыце пірог, у цеста якога схавайце адно бабовае зярнятка ці гарошыну. Усе бяруць па кавалку пірага, у каго акажацца боб, у таго жаданне абавязкова спраўдзіцца.

Не сядзіцца ў хаце...

Можна сустрэць Новы год сям’ёй у новым месцы, напрыклад, зняць дамок у вёсцы з камінам, печкай. Калі вы сустракаеце свята за горадам, не сядзіце дома. Правядзіце час на свежым паветры. Тую ж самую ёлку можна паставіць і ўпрыгожыць на вуліцы, і вадзіць вакол яе карагоды. Галоўнае, каб выпаў снег. З яго можна ўсім разам пабудаваць снежную крэпасць, падзяліцца на дзве каманды і пагуляць у снежкі. Акрамя таго, зладзіць спаборніцтва ў меткасці, на агароджы павесіць мішэні для дартса і паспрабаваць трапіць у іх замест дроцікаў снежкамі. А што можа быць весялей, чым пакатацца ў навагоднюю ноч з горкі?! Можна згрэбці снег у кучу і зрабіць яе нават у двары, як гэта робіць сям’я Бортнікаў з вёскі Вялікае Сяло Шаркаўшчынскага раёна. Зладзьце парад снежных фігур: конкурс на самую смешную, самую вялікую — намінацый можа быць колькі заўгодна...

Калі ж вы жывяце ў вёсцы, як шматдзетная сям’я Піванковых са Смалявіцкага раёна, можна 31 снежня паехаць гуляць па горадзе. Неабавязкова далёка.

— У нас чацвёра рознаўзроставых дзяцей — ад 6 да 16 гадоў, — распавядае Вераніка. — Пакуль дзеці былі маленькімі, мы святкавалі Новы год дома. А пазалетась паспрабавалі па-іншаму, і ўсім вельмі спадабалася. 31 снежня днём мы з мужам пасадзілі дзяцей у машыну. Самі ціхенька паклалі падарункі пад ялінку, пакінулі сляды Дзеда Мароза, якія ідуць ад каміна да ёлкі, і паехалі ў Мінск. Гулялі да 23.00, любаваліся навагоднімі ёлкамі ў розных месцах горада, фатаграфаваліся, вадзілі карагоды, заходзілі ў кожны казачны дамок з пачастункамі, якія па традыцыі з’яўляюцца на Кастрычніцкай плошчы вакол галоўнай ёлкі. 

У адным — каляднай гарбаты папілі, у другім — імбірнага печыва паелі. Муж з дзецьмі абхадзіў розныя атракцыёны, ціры. Памятаю, як ішлі шчаслівыя па горадзе, абвешаныя падарункамі, якія ён навыйграваў. На зваротным шляху заехалі ў госці да хроснай мамы нашых дзяцей. Незадоўга да бою курантаў вярнуліся дадому — вясёлыя, поўныя эмоцый — і ўсе разам загадвалі жаданні. Летась мы ўжо паехалі сустракаць самае казачнае свята ў Мінск са сваімі сябрамі, таксама шматдзетнай сям’ёй. Гэта было наша адкрыццё, што можна так незвычайна сустрэць Новы год.

Герой любімага многімі фільма «Іронія лёсу» кожнае 31 снежня хадзіў з сябрамі ў лазню. Калі ж у вас пакуль няма навагодняга рытуалу, самы час яго стварыць!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.