Вы тут

Суродзічы


Соф’я Маркаўна Нельс (1899 — 1978) нарадзілася ў Полацку... Розныя мітрэнгі, усялякія крывавыя сцежкі, пакутніцкія выгнанніцкія вандроўкі яе абмінулі... Ці на крайні выпадак — дазволілі ёй абыйсці ў тагачасным, першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя, жыцці самае страшнае, што і людзей трушчыла, ламала-калечыла, і ўвогуле жыцці забірала... Праўда, праз дзесяцігоддзі, ужо ў час жыццёвага і прафесійнага сталення, і яе напаткаюць няпростыя драматычныя выпрабаванні... 
Ужо ў 1922 годзе наша зямлячка — выпускніца гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сярод выпускнікоў гэтага факультэта ў 1922 годзе была і другая наша зямлячка — пісьменніца Эма Выгодская (1898 — 1949), якая нарадзілася ў Гомелі, аўтар кніг пра Марка Твэна, Сервантэса... Сярод выпускнікоў факультэта ў 1922 годзе быў і мастацтвазнаўца Андрэй Губер (1900 — 1970), які ў пасляваенныя гады чвэрць веку свайго жыцця аддасць пасадзе галоўнага захавальніка Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна... Зорныя імёны! Так, сёння яны не так часта і ў лічбавай, электроннай прасторы знаходзяцца, згадваюцца. І ўсё ж гэтыя асобы, як і палачанка Соф’я Маркаўна Нельс, — сузор’е людзей, якія ўмацавалі культурнае добрасуседства стагоддзяў, якія ўзвышалі лепшае са здзейсненага папярэднікамі. 
 
У маладосці Соф’я была захоплена тэатрам, марыла пра прафесійную сцэну, удзельнічала ў тэатральным гуртку ці тэатральнай студыі... Але ж час вывеў яе на прафесійны занятак літаратуразнаўствам. Друкавацца Соф’я Нельс пачала ў 1929 годзе. У 1920-1930-я гг. актыўна супрацоўнічала з Расійскай асацыяцыяй пралетарскіх пісьменнікаў. Відавочна, з таго часу пасябравала з многімі пісьменнікамі, сярод якіх — Самуіл Маршак, Джон Стэйнбек, Канстанцін Сіманаў... Сярод іх, тагачасных сяброў, быў і класік савецкай літаратуры, аўтар «Разгрома» Аляксандр Фадзееў... Соф’я Нельс пісала артыкулы пра сатырычныя жанры ў творчасці асобных літаратараў. Друкавалася ў часопісах «Советский театр», «Театр», «Искусство», «Литературная учеба», «Октябрь», «Красная новь», «Пролетарская литература», «Знамя», пісала артыкулы для «Литературной энциклопедии». У 1932 годзе накладам 5 000 экзэмпляраў выходзіць яе крытыка-біяграфічны нарыс «Творчасць А. А. Фадзеева». У 1944 годзе Соф’я Маркаўна абараніла кандыдацкую дысертацыю. Нашу зямлячку прынялі ў Саюз савецкіх пісьменнікаў. 
 
Але ўсё ж тэатр па-ранейшаму вабіў Соф’ю Маркаўну. І яна паступова перакваліфікуецца ў тэатразнаўцу, піша рэцэнзіі, артыкулы. А галоўным захапленнем становіцца Шэкспір... У 1949 годзе выходзіць манаграфія С. Нельс «Шэкспір на савецкай сцэне». Яшчэ на год раней пабачыла кніга пра легендарнага яўрэйскага акцёра і рэжысёра Саламона Міхаэлса, з якім Соф’я Маркаўна таксама была ў добрых сяброўскіх адносінах. 
 
У 1949 годзе сям’ю Соф’і Маркаўны напаткала вялкіая трагедыя. Быў арыштаваны муж — вядомы вучоны-літаратуразнаўца, прафесар Ісаак Нусін (1889 — 1950). Дарэчы, пачатак нападкам на прафесара Нусіна паклаў усё той самы Аляксандр Фадзееў, які лічыўся сябрам Соф’і Нельс... Яшчэ ў чэрвені 1947 года Генсек і старшыня пісьменніцкай арганізацыі выступіў на пленуме ССП з ацэнкай працэсаў у літаратуры пасля пастановы 1946 года пра часопісы «Звезда» і «Ленинград», выступіў з нападкамі на Ахматаву і Зошчанку. А следам Фадзееў назваў і працы іншых «ворагаў» у савецкай літаратуры. Меч кары абрушыў і на Ісаака Нусіна за яго кнігу «Пушкін і сусветная літаратура», якая была выдадзена яшчэ ў 1941 годзе... Віна прафесара была ў тым, што, маўляў, згодна яго перакананням, свет ідзе з Захаду... Перад гэтым пленумам быў яшчэ і газетны артыкул Мікалая Ціханава «У абарону Пушкіна», прысвечаны асобна Нусінаву. Безумоўна, з адпаведнымі абвінавачваннямі Нусіна... Што таксама падліло масла ў агонь... У 1950-м муж Соф’і Маркаўны памёр у турме пад час следства. Соф’я Нельс становіцца «ворагам народа», яе пазбавілі права друкавацца. Усе дамовы з выдавецтвамі былі закрыты ў аднабаковым фармаце. 
 
Друкавацца ізноў тэатразнаўца, дасведчаны савецкі шэкспіразнаўца пачала толькі ў 1959 годзе. Справядлівасць была ўзноўлена. Яшчэ да канца яе жыцця — памерла Соф’я Маркаўна ў 1978 годзе — пабачылі свет некалькі кніг ураджэнкі Полацка. Многія матэрыялы пра нашу зямлячку зараз захоўваюцца ў Маскоўскім архіве-музеі прыватных збораў... 
 
Мікола БЕРЛЕЖ
Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.