Вы тут

Кніга як сродак выхавання. З вопыту пісьменніцкай арганізацыі Міншчыны


Калі разглядаць узаемасувязь літаратуры ці асобнай кнігі і выхавання абагульняючы, то ўсё залежыць ад прывабнасці створаных намі мастацкіх вобразаў. І няважна, для якога ўзросту гэтая кніга.


Наша айчынная літаратура мае непарыўную традыцыйную сувязь з працэсам выхавання. І ў значнай частцы гэта тычыцца літаратуры для моладзі. Хачу адзначыць, што ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў склаўся дастаткова моцны літаратурнавыхаваўчы патэнцыял для ўплыву менавіта на гэтую частку беларускага грамадства. Створаныя пісьменнікамі Міншчыны творы ў сваёй большасці маюць сур’ёзную сацыяльную значнасць. А гэта — залог іх запатрабаванасці і выхаваўчай якасці. Самы свежы прыклад — наш калектыўны тэматычны зборнік «Званоў перазвон», які прысвечаны 80-годдзю Хатынскай трагедыі. Гэта вынік своеасаблівай літаратурнай памяці аб ахвярах Хатыні і іншых спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак Міншчыны. Удзел у праекце прынялі больш за 30 паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, членаў аматарскіх літаратурных аб’яднанняў вобласці. Іх творы змяшчаліся на інтэрнэт-сайце аддзялення, і найлепшыя з іх потым склалі зборнік. Гэтая кніга для грамадзян усіх узростаў. Бо сваім зместам яна выклікае пачуцці, якія адзін з аўтараў назваў «рэінкарнацыяй болю», а другі — «вібрацыяй памяці». Выданне разышлося за два тыдні.

Шмат гадоў існуе сумесны ваенна-патрыятычны праект выдавецтва «Беларусь» і найстарэйшага члена аддзялення — публіцыста, кандыдата гістарычных навук Барыса Далгатовіча «Гісторыя для школьнікаў». За мінулы час свет пабачылі 16 кніг з серыі. Толькі ў бягучым годзе выйшла некалькі з іх, у тым ліку «И на Тихом океане свой закончили поход», «Командармы — наши земляки», «На вершине славы», «Генеральские династии в Беларуси» и «Адмиралы-фронтовики — наши земляки». Гэта невялічкія па аб’ёме кніжыца з абагульненымі звесткамі пра беларусаў, якія па-геройску змагаліся з ворагам у часы Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменнік, якому ў 2024-м споўніцца 90 гадоў, актыўна працуе і цяпер як навуковец-даследчык. І, наколькі я ведаю, планы мае яшчэ на гады наперад. Барыс Дзмітрыевіч, па сутнасці, сам стаў для моладзі нашага Саюза прыкладам самаадданасці навуковалітаратурнай справе.

Ярка выяўлены педагагічна-выхаваўчы напрамак маюць творы пісьменніка Віктара Кажуры, настаўніка беларускай мовы і літаратуры з Вілейкі. Ён з’яўляецца аўтарам «Азбукоўніка», «І загучала слова...» — навукова-пазнавальных выданняў для вучняў малодшага школьнага ўзросту, якія былі выдадзены пры падтрымцы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Іх агульны тыраж склаў больш за 29 000 экзэмпляраў. Віктар Віктаравіч актыўна супрацоўнічае з выдавецтвам «Народная асвета». У 2022 годзе ў серыі «Школьная энцыклапедыя» выйшла яго захапляльная па змесце кніга «Энцыклапедыя юнага натураліста» для вучняў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Гэтая серыя будзе мець аўтарскі працяг у выглядзе кнігі «Энцыклапедыя юнага этнографа».

У 2023 годзе рэалізаваны сумесны праект Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства адукацыі і Мінскага абласнога аддзялення СПБ, накіраваны на ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Пры фінансавай падтрымцы Дзяржпагранкамітэта і Мінадукацыі выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» выдала маю кнігу «Судьбой повенчаны с границей» накладам 3000 экзэмпляраў. Яна прысвечана сучасным героям граніцы, яе змест накіраваны на папулярызацыю пагранічнай службы і прафесіі абаронца Айчыны. Выданне трапіла ў большасць устаноў адукацыі краіны.

Міністэрства інфармацыі для выдання ў 2023 годзе сацыяльна значнай літаратуры ў адпаведны спіс уключыла кнігі адзінаццаці пісьменнікаў аддзялення. Усе яны — для моладзі, у асноўным школьнага ўзросту. Тут трэба адзначыць выдадзеную Выдавецкім домам «Звязда» кнігу казак для дзяцей сярэдняга і старшага школьнага ўзросту пісьменніка з Чэрвеня Генадзя Аўласенкі «Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі». Гэта своеасаблівы працяг новага, па сутнасці, прыдуманага аўтарам літаратурнага жанру — тапанімічныя казкі. Першая такая кніга «Таямніцы назваў» выйшла з-пад пяра Генадзя Пятровіча ў 2022 годзе і тычыцца населеных пунктаў Пухавіцкага раёна. У новай кнізе ён у казачнай форме расказвае пра паходжанне назвы таго ці іншага населенага пункта ўсёй Мінскай вобласці. Творы карысныя пры вывучэнні гісторыі малой радзімы.

У сыходзячым годзе Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна сумесна з раённымі бібліятэкамі вобласці і іншымі культурна-асветніцкімі ўстановамі реалізавала абласны праект «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю». Мэта праекта — фарміраванне патрыятычных пачуццяў, любові да малой радзімы. Актыўны ўдзел у рэалізацыі прыняло Мінскае абласное аддзялення Саюза пісьменнікаў. Нашы прадстаўнікі працавалі ў складзе журы арганізаванага кніжніцай рэспубліканскага літаратурнага конкурсу чытальнікаў, прысвечанага творчасці Максіма Багдановіча. Удзел у ім прынялі больш за 2000 дзяцей і падлеткаў з усіх куткоў Беларусі. Таксама ў межах гэтага праекта творы некаторых пісьменнікаў нашага аддзялення былі ўключаны ў спецыяльныя планы цэнтральных раённых бібліятэк па папулярызацыі іх творчасці: Віктара Кажуры — Вілейскай, Галіны Нупрэйчык — Клецкай, Фёдара Гурыновіча — Салігорскай, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — Старадарожскай. Лічу, гэта важкі паказчык іх творчасці.

Увогуле, дзіцячы сад, школа, іншыя адукацыйныя ўстановы — гэта тыя цэнтры духоўнага і маральнага, грамадзянскага станаўлення падрастаючага пакалення, дзе кніга ў якасці сродку выхавання запатрабавана ў першую чаргу. Таму прыемна, што некаторыя творы дзіцячых пісьменнікаў аддзялення вывучаюцца ў межах школьнай і пазашкольнай праграмы. Напрыклад, таго ж Генадзя Аўласенкі, Лёлі Багдановіч, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Віктара Кажуры, Зіновія Прыгодзіча, Святланы Быкавай.

Актыўна ў дзіцячай літаратуры працуюць Ірына Карнаухава, Сяргей Клімковіч, Галіна Нічыпаровіч і іншыя. Іх творы карыстаюцца папулярнасцю ў дзіцячым і падлеткавым асяроддзі, спрыяюць выхаванню ў дзетак найлепшых чалавечых якасцей. Напрыклад, выдадзеная ў 2022 годзе выдавецтвам «Беларусь» кніга Ірыны Карнаухавай «Необычно-обычные истории» з часам стала не толькі папулярнай сярод маленькіх чытачоў, але і своеасаблівым літаратурна-мастацкім падручнікам для педагогаў, якія займаюцца пазашкольнай работай са школьнікамі.

Лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2023 года ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» стала Алена Стэльмах за кнігу «Пашка і сонечны праменьчык», а гумарыст, дзіцячы пісьменнік з Маладзечна Аркадзь Жураўлёў — лаўрэатам літаратурнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі «Дзіцячая і юнацкая літаратура» за кнігу казак «Чароўныя словы» (гэтай прэміяй узнагароджваюцца літаратары Міншчыны раз на два гады).

Мы актыўна папулярызуем творчасць класікаў айчыннай літаратуры і сваіх калег. Дзеля гэтага праводзяцца сустрэчы з чытачамі ў адукацыйных установах і не толькі. Штогод пісьменнікі Міншчыны падчас летніх школьных канікул актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай» у дзіцячых аздараўленчых установах вобласці. У гэтым годзе ўдзел у ёй прынялі каля дваццаці літаратараў у Нясвіжскім, Стаўбцоўскім, Смалявіцкім, Уздзенскім, Дзяржынскім, Валожынскім, Мінскім, Пухавіцкім раёнах і ў сталіцы. Ужо другі год запар пры падтрымцы аблвыканкама мы праводзім маштабны выезд (не менш за 7 пісьменнікаў адначасова) у рамках акцыі «Лета з добрай кнігай» у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» ў Мядзелскі раён. І для кожнага з удзельнікаў там знаходзіцца свая аўдыторыя. На наступны год нас запрасілі выступіць адначасова і перад дарослай аўдыторыяй супрацоўнікаў «Зубраня». Што мы з задавальненнем, спадзяюся, і зробім.
Можна шмат разважаць на тэму ўзаемадзеяння літаратуры і выхавання, ролі ў гэтым працэсе кнігі. Але вось на што, на маю думку, неабходна звярнуць увагу, каб выхаваўчы эфект айчыннай літаратуры толькі павялічваўся.

Час паказвае неабходнасць арганізацыі штогадовых сумесных з Міністэрствам адукацыі і буйнымі выха¬ваўчымі ўстановамі сацыяльна значных літаратурных праектаў (як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных, маю на ўвазе напісанне канкрэтных твораў) пры ўмове іх абавязковага бюджэтнага фінансавання. Па прыкладзе Міністэрства інфармацыі.

Неабходна далучаць пісьменнікаў да работы ў сродках масавай інфармацыі ўсіх узроўняў з аўтарскімі літаратурна-мастацкімі і публіцыстычнымі матэрыяламі па асвятленні, аналізе і ацэнцы важных для грамадства і моладзі падзей і працэсаў. На жаль, апошнім часам у рэгіянальнай грамадска-палітычнай прэсе зніклі літаратурныя старонкі з творамі мясцовых літаратараў. Не відаць цікавай мастацкай публіцыстыкі.
Існуе неабходнасць пашырэння дыяпазону выкарыстання патрыятычных літаратурных твораў сучасных пісьменнікаў (кіно, тэатр, тэлебачанне і інш.).

Пісьменнікам неабходна актывізавасць пошук сучасных вострых і актуальных тэм, а дзяржаве — аказваць матэрыяльную падтрымку такім праектам. На ўмовах папярэдняга і адраснага дзяржаўнага сацыяльнага заказу, а не конкурсу, які нівеліруе творчыя аўтарскія задумкі жорсткімі рамкамі пра што пісаць і заведамай суб’ектыўнасцю ацэнак журы. Конкурс у дадзеным выпадку — элемент недаверу да пісьменніка.

Леанід КРЫВАНОС, старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.