Вы тут

Жыццёвы шлях Анатоля Вялюгіна


Сярод слынных беларускіх паэтаў адно з першых месцаў займае Анатоль Вялюгін. Не ўганараваны званнем народнага, ён не быў абдзелены ўзнагародамі: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Вядомы і як дзіцячы пісьменнік, кінасцэнарыст, перакладчык. Аднак і званне было. Хоць і не афіцыйнае, але якое шмат значыць. Адзінае не толькі ў Беларусі — адмірал паэзіі. Канешне, паэзіі. Гэтак яго з пашанай называлі многія, каму даў пуцёўку ў літаратуру. А сённяшнія лімаўцы могуць ганарыцца тым, што ў 1945–1946 гадах працаваў у газеце.


Палымянец у пятнаццаць гадоў

Родам ён з вёскі Машканы Багушэўскага, а цяпер Сенненскага раёна. Паэзіяй захапіўся рана, але спачатку пісаў для сябе. А з нататкамі і замалёўкамі выступаў у часопісе «Іскры Ільіча», газетах «Піянер Беларусі» і «Віцебскі рабочы». За актыўную дзейнасць стаў дэлегатам Усебеларускага з’езда дзяткараў. Вучыўся на рабфаку ў Віцебску, на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. У рэспубліканскім друку дэбютаваў у газеце «Піянер Беларусі». А ў 15 гадоў верш «Матчына песня», напісаны як калыханка, быў змешчаны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1938, здвоены нумар 7–8):

Спі, засні, мой голуб яснавокі,

замаргалі зоранькі над хатай.

У асоках завадзей глыбокіх

жоўтыя паснулі качаняты.

 

За сялом у нас не змераць вокам

і лугі арцельныя, і нівы.

Дрэмлюць пушчы ў тысячу валокаў,

салаўіныя сады ў налівах.

У творы відавочна тое, што ў далейшым і вызначыла адметнасць яго паэзіі. Уладзімір Гніламёдаў перакананы: «Прадметнасць, рэчыўнасць мастацкага вобраза — у рэчышчы беларускай нацыянальнай традыцыі. Аднак вялюгінскі верш не толькі вобразна-канкрэтны, але яшчэ і вельмі музычны, што падкрэслівае яго сувязь з традыцыйным мастац¬кім ладам беларускай паэзіі».

Вучобу спалучаў з працай у газетах «Звязда», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі». Дзякуючы галоўнаму рэдактару часопіса «Полымя рэвалюцыі» Міхасю Лынькову, які і надрукаваў «Малітву маці», сустрэўся з расійскімі пісьменнікамі Валянцінам Катаевым і Уладзімірам Лугаўскім. Так успамінаў пра гэта: «Калі масквічы адвіталіся, я следам спусціўся з трэцяга паверха, выйшаў з імі на людную вуліцу. Лугаўской азірнуўся, спыніўся, добрым басам сказаў ва ўпор:

— Пішаце вершы?..»

Прапанаваў што-небудзь прачытаць. Анатоль Вялюгін выбраў верш «След мастака».

Выйшаў верасень у туман

Краіна знаходзілася пад уражаннем паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. З-за гэтага і прыехалі маскоўскія літаратары. Дагэтуль Анатоль Сяпанавіч пабываў у Вільні, Гродне, Баранавічах, Беластоку. Напісаў верш пра мастака з народа, якому пан даў «сацыяльны» заказ: «Малюй маю красу і скарбы». Ды сапраўднае мастацтва па прымусе, як вядома, не ствараецца. Князевы памагатыя «у гулкай зале // хлапца са свечкамі шукалі». Але старанні іх засталіся марнымі — знік хлапчына, быццам і не было яго: «[...] на мармуры — рабіны, // лясоў халодныя пажары, / ляцяць над імі — дымам — хмары... // — Глядзіце, мокры след ля сосен! // Мастак уцёк туды... у восень».

Верасень 1939-га падказаў А. Вялюгіну і такі надзіва непаўторны вобраз:

У пілотцы

са скаткай

з лесу Верасень выйшаў

у дасветны туман...

(«***Пакідалі магнаты...»)

Госці засталіся ад верша ў захапленні. Асабліва Лугаўской: «— Ого! — Лугаўской зноў спыніўся. — Трэба ў Маскву. — І ўжо зусім па-дружбацку, калі я скончыў: — Прыязджай да нас у Маскву».

Анатоль Вялюгін падаў дакументы ў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага, але спазніўся. Стаў вольным слухачом сцэнарнага факультэта Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі. Сярод выкладчыкаў быў і Аляксандр Даўжэнка. Ён не з’яўляўся «адміралам паэзіі», а быў, па сведчанні Анатоля Сцяпанавіча, «вялікім паэтам кіно». Гэта найперш дзякуючы яму Анатоль Вялюгін стаў адным са знакавых беларускіх кінасцэнарыстаў. Па яго сцэнарыях на кінастудыі «Беларусьфільм» і на «Тэлефільме» зня¬та каля 50 дакументальных стужак, сярод якіх амаль трэць поўнаметражных: «Генерал Пушча» (адзначана ў 1968 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР), «Агонь», «А зязюля кукавала», «Дарога без прывалу», «Балада аб мужнасці», «Навальнічная далеч памяці» і іншыя. Па сцэнарыях пастаўлены таксама двухсерыйны мастацкі тэлефільм «Рэха ў пушчы» і мастацкі «Глядзіце на траву».

У суаўтарстве з Ціханам Хрэннікавым

Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Мінску. З цяжкасцю дабраўся пехам да раз’езду Лычкоўскага — гэта на чыгуначным перагоне Багушэўскі — Віцебск, дзе працаваў бацька. З ім апынуўся ў Вязьме, пасля на Урале. З верасня 1941 года вучыўся ў Свярдлоўскім педагагічным інстытуце. Давёў да ладу вершы, задуманых у дарозе:

Смерць сінягубая стыне

У пыльнай пятлі дарог.

Злосным фугасным жалезам

скошаны дзедаў крыжы.

«Фокер» гарбаты над лесам,

як марсіянін, кружыў.

(«Бежанцы»)

«Марсіянін» над лесам — прысутнасць Бога вайны. Адштурхоўваючыся ад канкрэтных рэалій, сягаў у мінулае. Увачавідкі бачыш, як уцякалі людзі ад фашысцкай арды.

Прызваны ў войска, стаў курсантам Лугінскай авіяцыйнай школы. І, як ні дзіўна, яе песняром. Неяк завітаў кампазітар Ціхан Хрэннікаў, які прыехаў да сям’і. Прапанаваў яму адзін са сваіх вершаў, а ў выніку «ён напісаў... песню авіяцыйнай школы. Яна штодня выходзіла з шырокіх варот на вуліцы горада, калышучы гарластыя калоны курсантаў».

Развітаўшыся са школай, пайшоў на Сталінградскі фронт. Трапіў у самае пекла вайны. Пра гэта яго верш «***Жыцця майго і смерці пераправы...».

У канцы мая 1945 года вярнуўся ў Мінск. Калі быў адноўлены выхад «ЛіМа», працаваў літсупрацоўнікам. У наступным годзе прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Па прапанове галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» Петруся Броўкі стаў рэдактарам аддзела паэзіі, які ўзначальваў да 1984 года.

Пехацінец — безхацінец

У 1947-м выйшла яго першая кніга «Салют у Мінску». Пісаў не так і шмат. І ў гады творчай маладосці, і стаўшы прызнаным майстрам. Як бы адразу працаваў на «выбранае». Бо ведаў спосаб Праметэя. Аўтарства яго належыць іспанцу Леону Феліпе — настаўніку і паплечніку Федэрыка Гарсія Лоркі. «Спосабам Праметэя» хацеў назваць і сваю кнігу літаратурнакрытычных артыкулаў і публіцыстыкі, якая, на жаль, засталася недапісанай.

Леон Феліпе быў перакананы: «Заўсёды быў адзін і той спосаб ствараць вершы — спосаб Праметэя... Паэт — не той, хто спрытна забаўляецца маленькімі слоўнымі метафарамі, але той, каго абуджаны праметэяў дух ставіць пачынальнікам вялікіх метафар — сацыяльных чалавечых, гістарычных, міжзорных... Такая мая прафесія — чуць патаемнае біццё сэрцаў людзей, народаў і зор. Зрэшты, не. Гэта — не прафесія. Гэта — шчасце...»

Які зборнік Анатоля Вялюгіна ні возьмеш — першы «Салют у Мінску» (1947) ці наступныя — «Негарэльская арка» (1949), «На зоры займае» (1958), «Насцеж» (1960), «Верасовы ўзятак» (1974) і іншыя, абавязкова знаходзіш вершы, якія здзіўляюць невычэрпнымі магчымасцямі паэтычнага слова. З басаногага маленства вытокі аднаго з найлепшых яго вершаў «Спелы бор», напісанага ў 1959 годзе:

З усіх сабораў ёсць сабор,

дзе згодзен я маліцца,

у спелым леце, спелы бор,

звіняць твае званіцы.

......................

Стаяць палкі баравікоў;

дрыжыць басок чмяліны.

Глыбокі мох, на лісцях кроў

мядзведжае маліны.

Напісанае Анатолем Сцяпанавічам заўсёды натуральнае. Малюнак, часам пазбаўлены знешняга эфекту, убірае ў сябе саму жыццёвую плоць. Пачынаючы з твораў пасляваеннага часу, у якіх мінулае яшчэ не забылася, але ўжо відавочны і новыя, мірныя рэаліі. Як у вершы «***Сумна пахне палын...»: «Дзесь ліхтарык блішчыць, // Хтось у цемры // шукае дарогу. // Пехацінец ідзе, // бесхацінец брыдзе // ад вакзала ў паўночным спакоі». Пехацінец — бесхацінец... Такое можа нарадзіцца толькі з перажытага, выпакутаванага. І неабавязкова самім, але і братам, сябрам, знаёмым.

І подых атамнай эры

А душа сягала ўвысь, ёй было цесна на зямлі. У гэтым сваім памкненні яна нараджала дзіўныя асацыяцыі, што спалучалі ў сабе канкрэтнасць паэтычнага малюнка з жывапіснай пластычнасцю:

Полымна весніцца верасам

сіняя заціш палян.

Спёкай напоўнены конаўкі,

мёдам дрымотным — збаны.

Бамбардзіруюць антонаўкі

ў сонных садах буданы.

(«На лясным бальшаку»)

Паэтам Анатоль Сцяпанавіч заставаўся і тады, калі пісаў і творы, якія некаторым падаюцца з «палітычнай афарбоўкай». Як паэма «Вецер з Волгі», якая некалі мела вялікі рэзананс. Аповед пра маленства і юнацтва Уладзіміра Леніна — таксама частка нашай гісторыі. Важна, што твор напісаны па-майстэрску. Асабліва гэта тычыцца лірычных адступленняў: «Схаваўся снег у засень, // дзе шумна ля вакон, // абняўся з вязам ясень, // з таполяй — тонкі клён. // Чакаюць церпяліва, // пасталі ля варот. // Няўжо з такіх шумлівых // збіваюць эшафот?»

У адборы напісанага, магчыма, быў нярэдка і завельмі строгі. Таму і запазнілася чарговая кніга «Заклён на скрутны вір», якая стала апошняй (паэт адышоў у вечнасць 24 лістапада 1994 года, а зборнік выйшаў у канцы 1995-га). Ды калі б выйшла раней, была б не такой, бо важкую нагрузку нясуць і вершы, датаваныя, у прыватнасці, 1994 годам.
Прага жыцця найперш прысутнічае ў радках, што сталі да «Заклёну на скрутны вір» эпіграфам:

Шумі, свяці, мой ясны ясень.

Жыццё люляла і ламала.

Я паўтару цяпер, як вязень:

жыцця ў жыцці мне мала. Мала!

А жыццё віруе і ў творах традыцыйнага кшталту — аб прыродзе і чалавеку, аб дні сённяшнім. Але нязменна прысутнічае і рэтраспекцыя. З шэрагу падобных твораў верш «Вясна трывогі нашай», напісаны адразу пасля чарнобыльскай катастрофы. Умоўна кажучы, ён і на чарнобыльскую, а можа, правільней — антычарнобыльскую тэму. Важны стрыжнявы момант — часавае змяшчэнне:

Першы гром, дрымотны і далёкі,

як з нябыту рык старога тура.

Хоць ніхто з нас рыку яго не чуў, як не чуў яго і Анатоль Вялюгін, вядома, гэтае няведанне ўзмацняе метафару. Прысутнічае загадкавасць, без якой сапраўднай паэзіі таксама не бывае. Ды і параўнанне па іншай прычыне. Туры, як вядома, зніклі па віне людзей. Цяпер жа чалавек замахнуўся на ўсё... чалавецтва:

Восень, восень...

Мы з табой адчулі

цяжкі подых атамнае эры.

Ды ўменне радавацца жыццю не пакідала паэта. Праходзіла скруха, і зноў ярчэй свяціла сонца, з’яўляліся аптымістычныя, жыццесцвярджальныя вершы.

* * *

У аўтабіяграфіі прызнаваўся: «Паэзія — гэта далёкія вятрыстыя шляхі, вечная шчаслівая дарога. Паэзія не любіць сытага жыцця і спакою. Паэзія адразу памірае ў абывацельскім катэджы і чыноўніцкім кабінеце. Яна патрабуе, каб ёй падуласны творца добра ведаў радаслоўную Яе Вялікасці, інакш ён будзе адкрываць даўно адкрытыя амерыкі. А таго творцу, які хоць і верна служыў ёй, але на нейкі час са строгага паста сышоў і здрадзіў, яна карае страшнай карай забыцця». Чаго патрабаваў ад іншых, таго прытрымліваўся сам. Гэта таксама заслугоўвае павагі. Яго да месца згадаць і ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння Анатоля Сцяпанавіча.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларуска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?