Вы тут

Што рабіць, калі няма навагодняга настрою


Ці любіце вы Новы год? Калі вам яшчэ няма 18–20 гадоў, пытанне можа падацца дзіўным — ну, вядома ж, так! Ну, а калі вам за 35? Пах ігліцы і мандарынаў, дзяды марозы ў вітрынах, упрыгожаныя ёлкі на вуліцах і, нарэшце, навагодняя ноч — салаты на стале, «блакітны агеньчык» па тэлевізары... А дзе ж радасць і ці можна яе вярнуць? Паспрабуем разабрацца.


Адкуль што бярэцца

Наогул, страта ўмення радавацца — адна з непазбежных страт, якія, на жаль, не абмінаюць па меры сталення большасць людзей. Пагадзіцеся, фраза «радавацца як дзіця» не выклікае пытанняў. Але «радавацца як дарослы»? Тут складана не пачуць іронію. З кожным пражытым годам «градус радасці» ў нас становіцца ўсё меншым, а ўменне адчуваць сябе шчаслівым згасае. Зрэшты, як і ўменне адчуваць сябе няшчасным — гэта адваротны бок медаля і гэта, дарэчы, добрая навіна.

Словам, чым мы старэйшыя, тым радзей Новы год прыносіць радасць чакання нечага добрага ў будучыні. Здаецца толькі прыкрай падставай для непатрэбнай беганіны і матэрыяльных выдаткаў, а вынікам усіх гэтых намаганняў стане ўсяго толькі вечар з тэлевізарам і аліўе...

Уласна, праблема адсутнасці прыўзнятага настрою напярэдадні зімовых свят не новая, і «інжынерамі душ» яна даўно разабрана на складовыя часткі. У псіхолагаў існуе нават спецыяльны тэрмін — «навагодняя дэпрэсія». Узнікае яна па шэрагу прычын, якія таксама даўно вывучаны.

  • І першы вораг навагодняга настрою — радасць, якую «неабходна» адчуваць на Новы год (дакладней, якой патрабуе ад нас традыцыя) — гэта так званая «сепарацыйная трывога» (таксама псіхалагічны тэрмін). Сепарацыя — гэта аддзяленне, нейкі разрыў. Зімовыя святы, вялікая колькасць выхадных, незвычайныя для паўсядзённага жыцця клопаты са шматлікімі навагоднімі падрыхтоўкамі, нават калі ў іх вы ўдзельнічаеце па мінімуме — гэта якраз і ёсць разрыў у звыклай руціне. І нават калі ў вас мноства цікавых планаў на навагодні і калядны перыяд, трывога аддзялення ад паўсядзённага звыклага распарадку жыцця падсвядома прысутнічае. Менавіта такія «разрывы шаблону» псіхолагі лічаць небяспечнымі для любой, нават самай стабільнай псіхікі. А ўжо калі вы чалавек «тонкай душэўнай арганізацыі», магчымыя і нервовыя зрывы, і адкаты ў псіхатэрапіі, і панічныя атакі, і шмат усяго іншага. Нашай псіхіцы важная стабільнасць, шаблон, адмысловы парадак рэчаў і падзей — так ужо яна ўладкаваная. Усё, што разбурае гэтую стабільнасць, правярае псіхіку чалавека на трываласць.
  • Новы год — наогул «лакмусавая паперка» любых праблем, і не толькі псіхалагічных. Ну, а псіхолагі кажуць і пішуць пра тое, што калі вы, напрыклад, увесь год былі блізкія да прафесійнага ці ў цэлым «жыццёвага» выгарання, то менавіта навагоднія ўрачыстасці гэты працэс актывізуюць і выявяць. Дзе тонка, там і рвецца: менавіта на Новы год чалавек, што ўвесь год «імчаў па звыклым коле», можа захварэць на прастуду ці злегчы з грыпам, зведаць наймацнейшую стомленасць і апатыю, жаданне ўвесь час спаць, каб схавацца ад усёй гэтай святочнай мітусні, якая здаецца яму бессэнсоўнай. Абвастрэнне самых розных хранічных захворванняў пад Новы год для медыкаў — не навіна.
  • У нашай традыцыі Новы год лічыцца сямейным святам. І ў свядомасці людзей ён трывала звязаны з сямейным шчасцем. Рэклама дэманструе нам шчаслівыя сем’і за навагоднім сталом, сацсеткі поўныя сямейнай утульнасці, часта паказной, і ўсё ж... І мы пачынаем параўноўваць «карцінку» з уласнай рэальнасцю. Менавіта таму сваркі і нават скандалы за навагоднім сталом — гэта таксама не навіна для псіхолагаў. Усе ўнутрысямейныя канфлікты, якія мы паспяхова маскіравалі для саміх сябе ўвесь год, ад якіх збягалі ў працу, вучобу і звыклыя справы, выходзяць на першы план: для іх з’яўляецца прастора і час пра іх падумаць. Калі ў вас назапасіліся застарэлыя непаразуменні з бацькамі або дзецьмі, калі далі расколіну адносіны з мужам ці жонкай, у святочныя дні ўсё гэта абавязкова «ўсплыве на паверхню» і настойліва запатрабуе ўсведамлення, нейкіх рашэнняў і дзеянняў. Таму ў многіх і ўзнікае жаданне з’ехаць кудысьці на Новы год, сустрэць «сямейнае свята» ўдалечыні ад сям’і…
  • Заўважым, што Новы год патрабуе ад нас быць вясёлымі, пазітыўнымі, крэатыўнымі. Асабліва калі ў сям’і ёсць дзеці. Дзеці ж хочуць свята, і вы, як бацькі, адчуваеце сябе абавязанымі ім гэтае свята наладзіць, стаць на гэты час дзіцячым аніматарам і крыніцай радасці. Натужная весялосць і неабходнасць выпраменьваць пазітыў могуць траўміраваць псіхіку, бо на самай справе за год вы стаміліся ды выматаліся і насамрэч той радасці, якую дэманструеце, зусім не адчуваеце.
  • І асабліва цяжка на Новы год (які, як мы ўжо казалі, лічыцца сямейным святам), калі вы адзінокі. Калі ў вас няма блізкага чалавека, дзяцей, сям’і, сяброў — словам, той самай «вясёлай кампаніі», якой патрабуе традыцыя. Заўважым, што фактычнай наяўнасцю сям’і гэтае пытанне закрываецца далёка не заўсёды — можна пачувацца самотным і ў асяроддзі мужа, дзяцей, бацькоў. А адзінота на Новы год спараджае пачуццё расчаравання, ашуканых чаканняў (дзякуй стэрэатыпам аб «навагодніх цудах»), думкі аб тым, што год адыходзячы прайшоў не так, як вам хацелася б, і год надыходзячы вы таксама сустракаеце зусім не так, як хочаце.
  • Акрамя таго, зімовыя святы маюць мноства спецыфічных атрыбутаў — усе гэтыя гірлянды, што мігацяць, навагоднія мелодыі, пахі і гэтак далей. І калі нейкі час таму на іх наклаліся траўмавальныя падзеі, то ўсе гэтыя «прыкметы свята» будуць траўмы «якарыць». Часцей за ўсё гэта цяжкія дзіцячыя ўспаміны, «траўмы пакінутасці», калі дзіця адчувала адзіноту ў бацькоўскай сям’і.
  • Ну і, нарэшце, Новы год наша падсвядомасць з узростам пачынае звязваць... з гараваннем. Мы разумеем, што гэты перыяд жыцця сыходзіць у нябыт, больш бягучы год ніколі не паўторыцца. Мы непазбежна азіраемся назад, успамінаючы ўсё тое, што таксама беззваротна сышло — маладосць, прыгажосць, здароўе, каханыя людзі, якіх мы страцілі. Мы задумваемся аб хуткаплыннасці жыцця і незваротнасці нашых страт. Асабліва цяжка перажываюць Новы год людзі, у якіх сур’ёзная страта адбылася менавіта ў адыходзячым годзе. Калі сёлета вы, напрыклад, страцілі любімую працу, перажылі разрыў з каханым чалавекам, прайшлі праз развод, і тым больш калі ў нядаўнім часе перанеслі смерць блізкага. Невыпадкова поўным цыклам гаравання псіхолагі называюць менавіта год — важна пражыць без блізкага, што пайшоў ад вас назаўсёды, навагоднія святы, дзень нараджэння, іншыя важныя даты «гадавога цыкла». І Новы год у гэтым спісе — адзін з найважнейшых этапаў.

Вырашэнне задачы

Ну добра, бязрадасную карціну мы намалявалі. Цяпер пытанне: і што з усім гэтым рабіць? Калі ў дачыненні прычын і вынікаў у псіхолагаў інфармацыі шмат, то пытанне вырашэння задачы выглядае некалькі куца і няўпэўнена. Зрэшты, прывядзём самыя распаўсюджаныя парады з гэтай нагоды. Пачнём з канкрэтных, па вышэйпералічаных пунктах.

У цэлым, па ўсіх гэтых пунктах псіхолагі раяць не ўцякаць ад праблем, прызнаць іх, і гэта стане першым крокам да іх вырашэння. Калі вы адчуваеце адзіноту, прызнайце гэта. Выключыце тэлевізар і выйдзіце з сацсетак: шчаслівы сямейны ачаг у навагоднім антуражы — усяго толькі стэрэатып і рэкламны фон. Не трэба нападаць на сябе, вінавацячы ў тым, што магло б быць, ды не здарылася. Лепш падумайце, як вы хацелі б сустрэць наступны Новы год у ідэале і якія крокі да гэтага вы рэальна ў сілах зрабіць. Можа, варта больш кудысьці выходзіць, знаёміцца з людзьмі, не закрывацца ад іх і не пазбягаць іх? І яшчэ адна парада, якую даюць псіхолагі: адзінота з узростам, на жаль, непазбежная. І ўменне жыць з ёю — той навык, якому рана ці позна кожнаму давядзецца навучыцца, незалежна ад таго, ці ёсць у вас муж і дзеці. Дык, можа быць, не варта занадта ўжо драматызаваць гэты момант?

Калі свята азмрочваюць канфлікты і непаразуменне з блізкімі, якое больш немагчыма маскіраваць ад сябе, магчыма, варта падумаць аб тым, што адбывалася ў вашых адносінах на працягу года і што рэальна можна памяняць, каб змяніць сітуацыю да лепшага. Паставіцца да гэтага як да задачы, у якой ёсць рашэнне, — яго трэба толькі знайсці.

Калі адыходзячы год прынёс у ваша жыццё значную страту, варта дазволіць сабе пагараваць аб гэтым. Легалізаваць для сябе сваё права на смутак — першы крок да яго пражывання і паступовага вяртання да псіхалагічнай раўнавагі.

І самае галоўнае: дазвольце сабе не быць шчаслівым на Новы год, бо шчасце — не абавязак. Не трэба прыкідвацца ва ўгоду закладзеным з дзяцінства ўстаноўкам: імітуючы радасць, мы становімся толькі больш прыгнечанымі. Калі вы будзеце сумленныя з сабой і блізкімі, а неабходнасць радавацца адпадзе, вам дакладна стане лягчэй. І весялей. Ну хаця б трошкі.

Ёсць і больш агульныя парады. У прынцыпе, яны вядомыя, але паўторым іх яшчэ раз. Напрыклад, адпачыць перад навагодняй ноччу. Стомленасць мы не заўсёды здольныя распазнаць, але ад гэтага яна не знікае. Стаміліся — адпачніце. Але не на канапе з пультам ад тэлевізара. Паспрабуйце спытаць сябе: што было б мне цікава, што падарыла б натхненне? Прагуляйцеся па горадзе, запішыцеся на майстар-клас, які падасца вам займальным, няхай гэта будзе кулінарыя ці візаж, ёга ці ўрок дайвінгу ў басейне... Найлепшы адпачынак — змена дзейнасці. Ды і часу на сумныя думкі застанецца менш.

У дзяцінстве навагоднія цуды нам арганізоўвалі дарослыя. Пасталеўшы, мы падсвядома спадзяёмся, што для нас гэтыя цуды зноў адбудуцца «самі сабой». Дык, можа быць, узяць іх арганізацыю ва ўласныя рукі? Зрабіце сабе падарунак. Толькі такі, які сапраўды парадуе. Падумайце аб тым, што хацелі б атрымаць ад Дзеда Мароза на самай справе.

Нічога не прыходзіць у галаву? Тады проста схадзіце ў гандлёвы цэнтр. Там цёпла, светла і святочна — магчыма, гэта падыме вам настрой. Гаворка не пра галоп з дзецьмі па крамах у імкненні ўціснуць у сціплы бюджэт усе падарункі, якія «трэба падарыць». Павольна прайдзіцеся ўздоўж вітрын, прагуляйцеся па корнерах, выпіце каву ў кафэ, прымерце ўпадабаныя рэчы — можна нават нічога не купляць. Але лепш не эканоміць на сабе (зразумела, у разумных межах, але ўсё ж). Новы год дык Новы год, падарунак дык падарунак.

Што яшчэ раяць псіхолагі? Дабрачыннасць у тэрапеўтычных мэтах. Паўдзельнічаць у зборы сродкаў на падарункі для хворых дзяцей або пажылых людзей, а можа быць, проста падарыць ёлачную ці мяккую цацку незнаёмаму дзіцяці (але толькі з дазволу яго мамы, вядома). Цяпла і радасці, калі імі дзелішся, заўсёды становіцца больш.

Дзіяна РОНІНА

Загаловак у газеце: Вярнуць радасць: місія выканальная?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.