Вы тут

Праваслаўны калядны фестываль праводзіць Свята-Елісавецінскі манастыр


Дакрануцца да прыгажосці, напоўніцца светлымі думкамі, пачуць парады, паслухаць добрую музыку — так могуць праходзіць святочныя дні, калі вы іх вырашыце сустракаць на традыцыйным праваслаўным калядным фестывалі «Радасць». Яго праводзіць Свята-Елісавецінскі манастыр пры падтрымцы Мінгарвыканкама.


Культурна-асветніцкі цэнтр «Каўчэг», дзе адбываецца святочная праграма, — месца незвычайнае. Ён сапраўды нагадвае старажытны карабель, пабудаваны біблейскім Ноем. Уражвае, колькі сэнсаў было ўкладзена пры аздобе памяшканняў. Прыступкі з блакітна-зялёнымі шклянымі ўстаўкамі нагадваюць хвалі, свяцільнікі ў выглядзе дажджавых кропель — адсылка да біблейскага сюжэту аб сусветным патопе. Дэталі-сімвалы паўсюль: у нішах, столі, падлозе, лесвічным праходзе.

Час для добрых спраў

Уласна, «Каўчэг» і ствараўся для таго, каб напаўняць жыццё людзей, якія сюды прыходзяць, духоўным сэнсам праз заняткі ў творчых майстэрнях, тэатральныя пастаноўкі, фестывалі, сустрэчы, выстаўкі, а магчыма, і дапамагаць людзям знайсці свой шлях да храму. І як паказалі папярэднія фестывалі, «Каўчэг» іх прымае ўжо трэці раз, часта наведвальнікі пасля ідуць у царкву, памаліцца, прычасціцца. Некаторыя гэта робяць першы раз у сваім жыцці. 

На жаль, апошнім часам людзі звязваюць зімовыя святы выключна з вяселлем і забавамі. Каляды ж на «Каўчэгу» — гэта сапраўды пра радасць: ад прадчування цуда, ад магчымасці сустрэцца з цікавымі людзьмі, зрабіць добрую справу, напрыклад, падзяліцца сваёй творчасцю, ці набыць сувеніры, сродкі ад продажу якіх пойдуць на падтрымку людзей, якія патрапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Так, Наталля Маладцова на фестывалі прадстаўляе сацыяльна-дабрачынную ўстанову «ПОРА» (гэта абрэвіятура, дзе кожная літарка сведчыць пра тое, якую дапамогу атрымліваюць людзі, хворыя на анкалогію). Побач з Наталляй на століку раскладзены сувеніры. З цеплынёй зроблены мішка, карункавая сняжынка, ці новыя цацкі для ялінкі — гэта не проста мілыя падарункі для блізкіх. Гэтыя і іншыя рэчы ахвяруюць майстры з усёй Беларусі для таго, каб валанцёры змаглі іх рэалізаваць на дабрачынных фестывалях. Атрыманыя сродкі ідуць на падтрымку анкахворых. 

Прадстаўлена на фестывалі і працоўная рэабілітацыйная сацыяльная майстэрня Свята-Елісавецінскага манастыра «Дабрадзел», у якой навучаюцца рамёствам і ствараюць прыгожыя рэчы людзі з абмежаванымі магчымасцямі і псіхічнымі адхіленнямі. Роспіс драўляных фігурак, валянне, выраб калядных вяночкаў і цацак — заняткі, якія гэтым людзям дапамагаюць набыць новую прафесію, вярнуць веру ў сябе, быць запатрабаванымі, адчуваць, што сваёй творчасцю яны могуць дарыць іншым радасць. Дарэчы, ствараць сувеніры для зімовага фестывалю майстэрня пачала яшчэ з лета.

Прадстаўлены на фестывалі таксама вырабы іншых майстэрань Свята-Елісавецінскага манастыра, у некаторых з якіх таксама працуюць людзі, якія ў храм звяртаюцца па дапамогу.

На фестываль — усёй сям’ёй

Менавіта на гэтым фестывалі па-сапраўднаму адчуваеш, якімі павінны быць зімовыя святы. Асабліва калі ў такім незвычайным месцы чуеш, як гучыць «Алілуя», «Ціхая ноч» ці іншыя песні, без якіх ужо не ўяўляеш сапраўднага Раства. Музыку тут можна слухаць кожны дзень (а фестываль ідзе з 23 снежня па 6 студзеня). На сцэну выходзяць як юныя выканаўцы, так і заслужаныя калектывы і лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Разнастайныя мерапрыемствы праводзяцца на ўсіх чатырох паверхах «Каўчэга». Напрыклад, у вялікай залі можна было паглядзець выступленні заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь, ансамбля народнага танца «Чабарок» і грузінскага танцавальнага ансамбля «Сонечная Грузія». Наогул у праграме для дарослых каля трох дзесяткаў мерапрыемстваў. У «Каўчэгу» праходзяць гутаркі з цікавымі людзьмі, дыялогі са святарамі, літаратурныя сустрэчы, кінапаказы, выстаўкі, ідуць заняткі для людзей, якія хочуць захаваць здароўе. Некаторыя госці прызнаюцца, што збіраюцца прыходзіць у «Каўчэг» кожны дзень, пакуль ідзе фестываль, каб наталіцца радасцю на год наперад.

У гэты ж час праводзіцца фестываль дзіцячых тэатральных калектываў дзіцяча-юнацкіх хароў з усёй Беларусі. Яшчэ адна з добрых традыцый на «Каўчэгу» — выстаўка дзіцячых работ. Гэтым разам быў аб’яўлены конкурс на незвычайную ялінку. Напярэдадні адкрыцця фестывалю ялінкі, зробленыя выхаванцамі творчых студый, навучэнцамі школ, сем’ямі і проста юнымі талентамі, сюды падвозілі на працягу двух дзён. Арганізатары былі ўражаны і колькасцю ўдзельнікаў, і падыходам дзяцей да здавалася б простай тэмы. Сёлета на конкурс паступіла 199 ялінак, выкананых з самых розных матэрыялаў: дрэва, гліны, кардона, паперы, карункаў, сурвэтак, фетра, нітак, фольгі. Перад наведвальнікамі фестывалю стаіць няпростая задача — выбраць, за якую ж з іх прагаласаваць, прычым на кожным паверсе «Каўчэгу» выстаўлены святочны лясок з ялінак, створаных удзельнікамі розных узроставых груп.

Фестываль заўсёды выступае за падтрымку традыцыйнай сям’і, таму тут так радуюцца маленькім гасцям. Прычым можна прыходзіць на фестываль не толькі з з бацькамі , але і са школьнымі сябрамі. Упершыню для дзяцей адведзены асобны паверх. Ён пераўтвораны ў казачнае каралеўства. У ім ёсць творчае лукамор’е, дзе праводзяцца майстар-класы. Як паведаміла адна з арганізатараў дзіцячай праграмы Ірына Машчэнская, кожны дзень тут робяцца новыя святочныя ўпрыгожанні: падвескі, елачкі, калажы. Ёсць заняткі і для самых маленькіх наведвальнікаў, так, трохгадовыя дзеткі могуць рабіць сувеніры разам з мамамі. 

У кінацераме можна паглядзець мульцікі і фільмы на калядную тэматыку. Прыгожа аформлена «дарога ў Віфлееем». Ствараючы дэкарацыі для яе, арганізатары натхняліся мультфільмам Міхаіла Алдашына «Раство». На снежнай паляне можна паглядзець батлейку, а ў «ледзяной пячоры» — выступленні ўдзельнікаў тэатральнага фестывалю.

У чаканні цудаў

Фестываль дае магчымасць пазнаёміцца з праваслаўнымі традыцыямі ў іншых краінах, у рамках яго праходзіць выстаўка-кірмаш, на якой прадстаўлены храмы і манастыры Беларусі, Расіі, Грэцыі, Сербіі, Палесціны, Сірыі. 

Тут можна набыць унікальныя калядныя падарункі. Так дырэктар майстэрні «Стварэнне» з Чалябінску прыехала з абразамі з уральскіх самацветаў. Такіх больш ніхто на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі не робіць. Усе абразы ў акладзе маюць крышталь і натуральныя каштоўныя ці паўкаштоўныя камяні. Малюнак выкладаецца ўручную, без выкарыстання алоўка. Робяцца ў майстэрні і рукапісныя абразы, і дэкаратыўныя пано, якія таксама нясуць людзям светлыя думкі, радасць. 

Самер Вакін і Юлія Садоўнікава прадстаўляюць патрыяршы скальны манастыр Святой Фёклы ў горадзе Маалюля ў Сірыі. Гэта адзінае месца ў свеце, дзе службы вядуцца на мове Ісуса Хрыста — старажытнаарамейскай. А яшчэ гэта самы першы ў гісторыі жаночы манастыр. Фёкла нарадзілася ў 26 годзе 1 века ў горадзе Іконіі. Прыгажуня адмовілася выходзіць за хлопца, з якім была заручоная, бо вырашыла прысвяціць сваё жыццё служэнню. За хрысціянскую веру яна падвяргалася жорсткім выпрабаванням, з якіх выходзіла непашкоджанай. Па паданні дзякуючы малітве жанчыны разышлася гара, каб яна магла схавацца ад тых, хто яе пераследаваў... Госці з Сірыі прывезлі ўнікальныя абразы, выразаныя з дрэва (чарэшні, грэцкага арэха), знакамітае сірыйскае мыла, аліўкавы алей ды іншыя ўнікальныя тавары.

Ёсць у праваслаўнага фестываля пастаянныя ўдзельнікі і наведвальнікі. Так за восем гадоў, што на яго прыязджаюць прадстаўнікі храма Георгія Пераможцы, паміж імі нават завязаліся сяброўскія адносіны. Некаторыя людзі ідуць менавіта пакланіццца абразу «Усецарыца» — гэта спіс са святыні, якая знаходзіцца ў храме на гары Афон. Каля яго моляцца аб лячэнні цяжкахворых. Побач з абразом можна заўважыць ланцужкі, пярсцёнкі, крыжыкі. Так дзякуюць беларусы, якім абраз дапамог. Немагчыма не звярнуць увагу і на абраз Мікалая цудатворцы, які выкананы ў візантыйскім стылі манахамі на Афоне.

Адразу два цудадзейныя абразы для пакланення прывезлі прадстаўнікі Аланскага Свята-Успенскага манастыра з Асетыі. Першы з іх — абраз Божай Маці Маздокскай (Іверскай) асецінам па легендзе падарыла царыца Грузіі Тамара. Гэта святыня вельмі шануецца на Паўночным Каўказе. Кажуць, ёй пакланіўся Мікалай І, калі бываў у гэтых мясцінах. Другі абраз, прывезены з Аланіі, — Маці Божая ў чаканні немаўляці (Непраздная). Яму моляцца аб дараванні дзіцяці, набыцці сваёй другой паловы, сямейным дабрабыце, спрыянні ў родах. Маргарыта Багаёва, якая прадстаўляе Аланскі манастыр, сказала, што не менш дзесяці беларускіх жанчын дзякуючы гэтаму абразу ўжо сталі мамамі, і гэта пры тым, што ўрачы ім казалі, што тыя ніколі не будуць мець дзяцей. Сваёй радасцю жанчыны падзяліліся, калі паўторна прыходзілі да абраза, ужо каб падзякаваць. Аланскі манастыр — самы высакагорны на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Наогул, Асеція лічыцца адным з найбольш старажытных хрысціянскіх цэнтраў, у 2022 годзе тут адсвяткавалі 1100-годзе хрышчэння Аланіі. «Мы, асеціны, вельмі веруючы народ. У нас моцна шануюць Святога Георгія Пераможцу. У гонар яго свята ў лістападзе ідзе цэлы тыдзень, і людзі ходзяць адзін да аднаго ў госці. У гарах у нас многа святых месцаў з крыжамі, дзе па паданнях бачылі анёлаў, там пазней будаваліся храмы. А яшчэ мы моцныя традыцыямі, вялікая павага надаецца старэйшым. Я яшчэ памятаю, як у нас раней ставіліся да дзіцячых дамоў і дамоў састарэлых. З людзьмі, якія здавалі сваіх бацькоў у інтэрнаты, пераставалі размаўляць. З такіх сямей дзяўчат не бралі, з хлопцамі не жаніліся». Жанчына спадзяецца, што больш даведацца пра Асецію беларусы змогуць, калі адкрыюць для сябе яе, як турыстычны рэгіён. У ім знаходзяцца санаторыі для асматыкаў, алергікаў. Ніводная расліна ў тых краях не выклікае ў людзей алергічных рэакцый, таму госці прывезлі ў Мінск на фестываль манастырскія гарбаткі, зборы зёлак, а яшчэ каўказскія прысмакі ды ўнікальную кераміку.

Сустракаць Новы год госці будуць з малітвай. Такая традыцыя ўжо склалася ў Свята-Елісавецінскага манастыры. «Гэта асаблівае пачуццё, калі такое свята сустракаеш не звычайным застоллем, а ў Храме», — падзялілася Маргарыта Багаева.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Свята на «Каўчэгу»

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.