Вы тут

Шукаем у Беларусі сімвал надыходзячага 2024-га


2024 год, да наступлення якога засталося ўсяго суткі, згодна з Усходнім гараскопам, пройдзе пад заступніцтвам Дракона — пятага «звера» 12-гадовага цыкла і адзінай у гэтым самым гараскопе міфалагічнай істоты. Колер нябеснага заступніка наступнага года — Зялёны, стыхія — Дрэва.


Што абяцае нам Зялёны Драўляны Дракон, які зменіць Блакітнага Вадзянога Труса на нябеснай пасадзе 10 лютага, астролагі падрабязна распісалі яшчэ ў лістападзе. Калі коратка, на сваіх крылах сімвал мудрасці, высакароднасці і ўдачы заўсёды прыносіць часы поспеху і росквіту. Ад людзей Дракон патрабуе веры ў свае сілы і дакладнага разумення мэт і задач — тады ён гатовы дапамагаць. Зялёны колер дадасць году гармоніі. У старажытнай кітайскай традыцыі менавіта зялёны сімвалізуе просты народ, падкрэсліваюць складальнікі гараскопаў. А значыць, заступнік года прыхільны да самых звычайных людзей і ўсё ў нас будзе складвацца добра. Будзем спадзявацца, што на гэты раз астролагі не памыліліся...

А яшчэ жывёлы Усходняга гараскопа не пазбаўлены (як бы пацешна гэта ні гучала) чалавечых слабасцяў. Сярод «рыс характару» магутнага і мудрага Дракона — ганарыстасць. Свае выявы любяць усе «нябесныя звяры» (не выпадкова па ўсім свеце прынята дарыць адзін аднаму фігуркі сімвала года), але Дракон у гэтым сэнсе, напэўна, адзін з лідараў. Вось і вырашылі мы пашукаць драконаў у нашай Сінявокай. У свядомасці большасці людзей гэтая міфалагічная істота непарыўна звязана з Кітаем і Японіяй, але і беларуская зямля Дракону не чужая...

Для агульнага развіцця: што вядома пра беларускіх драконаў?

Напачатку кароткі экскурс у гісторыю. Дакладней, у калягістарычныя міфы і легенды. Але пачнем нават не з іх, а з казкі. У спрадвечныя часы на Змеевай гары (узвышалася яна там, дзе цяпер у Мінску знаходзіцца Юбілейная плошча, побач з чыгуначным вакзалам, а тады былі непралазныя лясы і парослыя травой узгоркі) жыў жудасны дракон, які руйнаваў паселішчы людзей. Перамагчы яго спрабавалі многія, але адсекчы галаву пачвары ўдалося толькі волату, звалі якога Менеск. Адсюль, маўляў, і назва горада. Адкуль у Мінска яго імя, гісторыкі тлумачаць па-іншаму, але вось пра драконаў у будучай сталіцы нашай краіны ёсць і больш, скажам так, гістарычныя сведчанні. І паводле іх, не надта вялікія (каля паўметра ў даўжыню), тоўсценькія, чорныя зубастыя яшчаркі жылі на Татарскім балоце (сёння якраз на гэтым месцы — Палац спорту). Апошні раз злавілі такога цмока (і гэта зафіксаваная гістарычна) у 1885 годзе. Рэптылію на карысць навукі прэпарыравалі натуралісты, а яе шкілет некалькі дзесяцігоддзяў захоўваўся ў адным з рэальных вучылішчаў Мінска.

Аўстрыйскі дыпламат Жыгімонт фон Герберштэйн у 1549 годзе пісаў: «На Літве і дагэтуль шмат ідалапаклоннікаў, якія кормяць у сваіх дамах нейкіх змей на чатырох кароткіх лапках, што нагадваюць яшчарак, з чорным тлустым целам, не больш за тры пядзі ў даўжыню». Такім чынам, цмокі жылі ў старажытнасці не толькі ў Мінску і былі сярод іх асобіны значна буйнейшыя за даўжыню ў пяцьдзесят сантыметраў. Этнограф Мікалай Нікіфароўскі ўжо ў цалкам аглядным, скажам так, мінулым — напрыканцы XІX стагоддзя, а не ў якім-небудзь дрэнна адрозным у цемры стагоддзяў XVІ-м — сабраў мноства легенд практычна з усіх рэгіёнаў сучаснай Беларусі, дзе ў тым ліку згадваюцца цмокі, яны ж драконы. Цмок, дарэчы, ад слова «смактаць» — беларускія драконы любяць малако. Баршчэўскі, праўда, пісаў, што калі хочаш прыручыць маленькага цмока, карміць яго трэба ўласнай крывёй — але гэта занадта ўжо літаратурна. У народнай жа традыцыі цмокі — мудрыя і часцей станоўчыя персанажы (хоць часам яны могуць быць падступныя). Прычым гэта не звяры, а высокаразвітыя і думаючыя істоты. Людзей добрых і сумленных цмокі звычайна не чапалі — ні сялян, ні шляхту. Жэрлі толькі тых, хто парушаў законы Божыя і чалавечыя: п’яніц, разбойнікаў, забойцаў і рабаўнікоў. Ёсць, праўда, легенды аб тым, як нейкі ўплывовы магнат прыручыў цмока і той дапамог яму дасягнуць славы і небывалага багацця. Але «гаспадар» цмока рана ці позна выяўляў сваю непрывабную сутнасць (аказваўся прагным, жорсткім, вераломным і г. д.), і дабром такое сяброўства для магната ў гэтым выпадку не сканчалася.

Дзяўчат сабе ў даніну, у адрозненне ад «братоў з-за мяжы», беларускія драконы звычайна не патрабавалі. Але да жаночай прыгажосці таксама былі неабыякавыя. У нашых легендах прыгажуні адказвалі змею ўзаемнасцю па ўласнай волі. Справа ў тым, што цмок умеў прыкінуцца чалавекам — прыгожым і шляхетным юнаком. Зрэшты, усе гісторыі кахання цмока і дзяўчыны — сумныя, хэпі-энду ў іх не бывае. Характэрна, што, як пішуць этнографы, на гонар замужніх або ўжо заручаных паненак змей ніколі не рабіў замах.

Калі вярнуцца ад літаратуры і міфалогіі да рэальнай спробы ўзнавіць аблічча рэптыліі, то апісваюць цмокаў у кожным рэгіёне па-рознаму, але агульныя рысы для «фотаробата» ўсё ж ёсць. Так, часцей за ўсё цмок мае крылы — велізарныя, скураныя, па форме — як у лятучай мышы; і доўгі гнуткі хвост, якім умее эфектыўна біцца. Звычайна цмок дыхае агнём. Галава ў беларускага дракона адна. Адносна іншых вонкавых прыкмет легенды разыходзяцца: адны надзяляюць цмокаў велізарнымі зубамі і неверагодна вострымі доўгімі кіпцюрамі, іншыя — густой грывай або шыпамі па ўсёй даўжыні хрыбта. Ёсць версіі аб наяўнасці рагоў, а ў тых рэгіёнах, дзе асабліва шмат азёр і балот, замест крылаў у цмока — луска і плаўнікі. Вочы ў істоты могуць быць сінімі, зялёнымі ці жоўтымі, але яны нязменна вельмі прыгожыя і ў іх свеціцца мудрасць (але не дабрыня, заўважым). Памеры дракона вар’іруюцца: ад велізарных да ўжо згаданай паловы метра.

Для памяці або для лайкаў: дзе сфатаграфавацца з драконам?

Цмокаў, дарэчы, згадвае нават Статут Вялікага княства Літоўскага. І ўсё ж, калі б нейкія драконападобныя істоты на працягу стагоддзяў жылі ў нашых шыротах, іх шкілеты, па ідэі, маглі б знайсці археолагі. Але не знайшлі. А жывых цмокаў у палескіх балотах і на Віцебшчыне не першае дзесяцігоддзе шукаюць крыптазаолагі (крыптазаалогія — непрызнаная галіна навукі, якая займаецца пошукам жывёл, існаванне якіх спрэчнае ці не даказана). Старанні крыптазаолагаў таксама беспаспяховыя. Калі і былі ў мінулыя стагоддзі драконы ў Беларусі, ад іх засталіся нават не «рожкі ды ножкі» — толькі легенды, ды яшчэ рознага роду скульптуры і статуі. Аб гэтых апошніх і пагаворым. Зразумела, што напярэдадні наступлення года Дракона гэтых самых драконаў ва ўсіх рэгіёнах прыкметна дадалося. Напрыклад, з’явіліся яны на прыступках мінскага ЦУМа. ЦУМ славіцца крэатывам у навагоднім афармленні. У мінулым годзе па яго лесвіцы маршыравала сямейка трусаў. У гэтым — ля абодвух цэнтральных уваходаў села па цмоку. Рост заступнікаў года — два з паловай метры, колер — чырвона-аранжавы, што з пункту гледжання Усходняга гараскопа не парушэнне: хоць у госці мы чакаем дракона зялёнага, нябесны «звер» любіць чырвоныя і аранжавыя тоны. У драконаў каля ЦУМа ёсць і перапончатыя крылы, і вострыя клыкі, і кіпцюры, але выгляд у іх цалкам мірны і добразычлівы.

У афармленні іншых мінскіх забаўляльна-гандлёвых цэнтраў, універмагаў, а таксама гандлёвых аб’ектаў па ўсёй краіне, зразумела, таксама ў гэтым снежні драконаў дастаткова. І нават калі ў навагодніх інсталяцыях іх няма, то досыць на паліцах навагодніх аддзелаў — у любых колерах і памерах.

Але гэтыя драконы — толькі «мимолетные видения». Пройдуць навагоднія святы, і яны знікнуць, забудуцца, сыдуць у нябыт. Мы ж шукаем тых драконаў, якія, так бы мовіць, у нашай краіне на ПМЖ. Якія былі тут да гэтага снежня і нікуды не падзенуцца ў будучыні — прынамсі, у найбліжэйшыя гады.

І, мабыць, самая вядомая статуя цмока ўстаноўлена на беразе Лепельскага возера якраз 10 гадоў таму, у 2013-ым. Цмок там бронзавы, крылаў у яго няма, але ёсць плаўнікі, і падобны ён хутчэй да Лахнэскай пачвары, праўда, добрай. Дзякуючы раману Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», якраз Лепельскі край у Беларусі прынята лічыць «малой радзімай» цмока, таму мясцовыя краязнаўцы і вырашылі змея тут увекавечыць. Менавіта гэтая кніга — частка скульптурнай кампазіцыі. Змей натапырыў вострыя вушкі і нібы запрашае гледача перачытаць адпаведныя старонкі рамана: «Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі (...) таўстамясыя, шырокія, але не вельмі доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані». Лепельскі цмок ужо стаў своеасаблівай турыстычнай прыметай рэгіёну.

А вось у Смілавічах цмок з’явіўся ў самым канцы лістапада гэтага года, але, здаецца, пасяліўся на беларускай зямлі не на пару месяцаў. Трохметровы арт-аб’ект створаны з металалому з дапамогай зваркі, а «скрэатывілі» яго студэнты-першакурснікі каледжа, будучыя трактарысты.

У 2021 годзе, задоўга да сустрэчы будучага года Дракона, казачны змей з’явіўся і ў Брэсце. Скульптура каваная, 4 метры ў вышыню. Ну, а ў Мінску драконаў знайсці магчыма і апроч прыступак ЦУМа і вітрын гандлёвых аб’ектаў. Напрыклад, на Партызанскім праспекце ёсць невялікая, але мілая жанравая скульптура — цмок на велацыкле. На беразе сажалкі каля кінатэатра «Современник» ужо 40 гадоў сярод скульптур рознага роду водных насельнікаў стаіць і цмок (хоць, хутчэй, гэта ўсё ж проста кракадзіл). А летам мінулага года пад Мінскам (дакладней, за 50 км ад сталіцы ў напрамку Лагойска) быў створаны парк «Малівур» з велізарным драконам для фотасесій.

Словам, сфатаграфавацца на фоне дракона, побач з драконам або нават на спіне дракона ў Беларусі няма ніякай складанасці не толькі напярэдадні 2024 года. Калі ж драконы па нейкім прычынам вам не да душы, то і без іх казачных навагодніх фотазон у гэтым снежні звышдастаткова, мабыць, у любым горадзе нашай краіны. У сталічным Dana Mall, напрыклад, няма дракона, затое ёсць ледзяны замак і аднарогі. А ў Galіleo ля вакзала можна сфатаграфавацца ў асяроддзі казачных гномаў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дра­ко­ны ў го­ра­дзе і на пры­ро­дзе

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.