Вы тут

Таццяна Цвірко. «Не спазніся»


Таццяна Цвірко нарадзілася на Клеччыне. Скончыла Нясвіжскае педагагічнае вучылішча і філалагічны факультэт БДУ. Працавала ў Клецкім дзіцячым доме, загадвала яслямі-садам, настаўнічала ва ўстановах адукацыі раёна. Ведаюць аўтарку найперш як паэтку, але піша яна і прозу — апавяданні, эсэ. Гераіня новага твора Таццяны Цвірко мусіла зрабіць важны жыццёвы выбар і звярнулася па параду да любімай настаўніцы. Ад Веры Паўлаўны Аліна атрымала дзве парады, прычым адна з іх, на першы погляд, выключала другую... Якое ж рашэнне прыняла Аліна? І чаму спазнілася з чарговым візітам да настаўніцы аж на чатыры гады? Чытайце апавяданне Таццяны Цвірко.

Алена БРАВА


Яшчэ ў белапенна-пяшчотным траўні, калі палалі чырванню ля школьнага будынка цюльпанавыя горкі, песцілі вока пышныя бэзавыя кусты ў парку, Аліна загадала сабе абавязкова наведаць Веру Паўлаўну, настаўніцу мовы і літаратуры, сваю самую класную класную. Найлепш, канечне, пад Дзень настаўніка, каб атрымаўся сапраўдны сюрпрыз.

Рашэнне такое прыйшло не само па сабе: перабірала свае кніжкі ды альбомы ў бацькоўскім доме і ўбачыла школьны выпускны здымак. Доўга не магла адвесці ад яго вачэй. Васямнаццаць юных твараў на фота, а пасярэдзіне, як мама-наседка сярод куранятак, — Вера Паўлаўна з шырокай шчырай усмешкай, ямачкамі на шчоках. Любімы настаўнік. Яна заўсёды была дагледжаная, з укладзенымі ў прычоску валасамі і ў туфельках на невялікіх абцасах, спакойная і ўпэўненая, інтэлігентная і нейкая своеасабліва сапраўдная! Яе нельга было не любіць ці аслухацца. Напэўна, таму, што яна любіла сваіх вучняў шчыра, без крывадушнасці, кожнага па-свойму, як пальцы на руках: які б ні парэзаў — баліць. Нават мянушкі ў яе не было. З году ў год і бацькі, і дзеці ласкава называлі яе «Верка». А яшчэ яна ставіла адзнакі за веды «па справядлівасці». Вызубрыў троечнік верш, расказаў выразна, без запінкі — закрасуецца ў дзённіку выдатная адзнака, ды яшчэ з прыпіскай: «Малайчынка!» Не вывучыў выдатнік ці харашыст правілы, напісаў тэст з памылкамі — наракай на сябе. Будзе шчыпаць вока ацэнка «па заслугах». І прыпісачка можа быць: «Усё паправіма!»

Строгая была Верка. На яе ўроках заўсёды царавала рабочая цішыня, ніхто не асмельваўся пагуляць з тэлефонам, займацца іншымі справамі. Але разам са строгасцю і непрыступнасцю выпраменьвала настаўніца нябачнае душэўнае цяпло, давер. Умела яна заняць вучняў, магла без раздражнення па некалькі разоў вяртацца да незразумелага пытання, па вачах чытала настрой школьнікаў і заўсёды адчувала, хто чым дыхае.

Алінін клас быў апошнім выпускам класнага кіраўніка. Вера Паўлаўна была ўжо на пенсіі, сказала, што стамілася, што хочацца застацца сам насам з агародам, кветнікам і кошкай; ляжаць у палісадніку з кніжкамі, глядзець любімыя савецкія кінафільмы, перакідвацца навінамі з суседкамі і нікуды не спяшацца. Адно прасіла: па магчымасці званіць, пісаць, паведамляць, як ідуць справы ў дзетак, як склалася іх жыццё.

Аліна адклала фотаздымак, уздыхнула. Цвёрда вырашыла: перад Днём настаўніка паедзе ў госці разам з мужам і двухгадовай дачкой Юлькай. Купіць для Веры Паўлаўны фруктаў, яе любімы «Кіеўскі» торт, кветкі. Пасядзяць, як часта бывала ў школьныя гады і ў той, незабыўны для Аліны, вечар-споведзь...

* * *
...Аліна не спала якую ноч запар. Думкі-вужакі абвілі голаў, прытуліліся ля сэрца і, здавалася, вось-вось перакрыюць дзяўчыне дыханне... І было ад чаго не спаць і задыхацца: Аліне патрэбна было зрабіць выбар. Каму сказаць — не павераць! Ёй патрэбна выбраць — за каго выйсці замуж! Па прывычцы націснула на кнопку — рассыпала святло настольная лямпа. Аліна дастала з патаемнай шуфлядкі ручку і «Дзённік жыцця», разгарнула тоўсты сшытак і пачала дробнымі літарамі сыпаць думкі на чысты ліст.

«Міхась ці Юрка? Юрка ці Міхась? Ох, Аліна! Сама сабе дзіўлюся. Як магла? Задурыла галаву абодвум хлопцам: аднаму ў Мінску, другому дома, у вёсцы. Дзённічак, сябра мой верны! Сама не разумею, як так атрымалася. Пачыналася з малога: танцы-абдыманцы, цукеркава-букетны перыяд, потым і пацалункі з адным і з другім... І ўсё думала, што вось-вось абразумлюся, спыню выбар на адным, бо грэх жа з двума «любовь-морковь» круціць, ды і выкрыцца можа. А дні ляцелі! Дзённічак! Юрка мяне да бацькоў кліча — знаёміцца. Так і сказаў:"Мае чакаюць сустрэчы з будучай нявесткай!" Мішка сустрэў з аўтобуса з вялізным букетам, павіншаваў дыпламаваную настаўніцу і сказаў, каб на выхадныя чакала сватоў... Здаецца, што абодва сэрцу мілыя. Юрка — хлопец гарадскі, прыгажун, гляне — мурашкі па скуры, весялун, у любой кампаніі з ім не сумна. І зарабляе добра. І кватэра свая... Мішка, як маці кажа, апошнюю кашулю з сябе здыме, каб мяне сагрэць, не п’е, не паліць. Мо, занадта паслухмяны, але не сказаць, каб цялё, можа і прыкрыкнуць, нездарма ў калгасе пасаду галоўнага энергетыка ўжо атрымаў, а хлопец жа не тутэйшы, па размеркаванні пасля інстытута два гады назад прыехаў.

Як жа не пакрыўдзіць кавалераў? Як дасягнуць унутранай гармоніі? Трэба выбіраць, дзённічак, трэба думаць...

Вось і думала, не спала дзяўчына. Яе маці падабаўся Мішка, таму прызнацца баялася, што грашыць з двума хлопцамі. І рашылася наведацца да Веры Паўлаўны, у суседнюю вёску.

На вуліцы шарэла. Настаўніца сустрэла сваю выпускніцу цёпла. Абняла па-мацярынску, стала завіхацца, паставіла чайнік на пліту. Стол накрылі пад уяўнай альтанкай: некалькі дошак, збітых паміж сабой, былі шчыльна абвіты дзявочым вінаградам, утварыўшы сапраўдную страху. Напэўна, і буйныя кроплі дажджу не перашкодзілі б чаяванню і сардэчнай размове вучаніцы і настаўніцы.

— Сама сабе дзіўлюся, Вера Паўлаўна, як сталася так... Як змагла столькі часу з абодвума сустракацца? Сорамна прызнацца. Ну, як ёсць! Таму і прыйшла да Вас на пакаянне. Па дапамогу, па параду...

— Дзевачка мая залатая! Што грызе пачуццё віны, гэта добра. Але ты так віртуозна столькі часу водзіш за нос хлопцаў, а сваё сэрца не чуеш. Нельга мне ў лёс твой умешвацца, раіць ці пераконваць... Усё трэба самой табе ўзважыць: як хлопец да цябе адносіцца, як тваім здароўем і настроем цікавіцца, як на дапамогу спяшаецца... Важна, што цябе да яго прыцягвае. Раўнівы — дрэнна, скупы — дрэнна, сяброў вакол яго процьма, а ты на другім месцы — дрэнна. Па першым клічы бяжыць на дапамогу — добра, бацькоў ды Бога шануе — добра! Прафесію і працу з добрым заробкам мае — таксама важна, без грошай цяжка жыць. З твару вады не піць, але калі знешнасць раздражняе, не твой чалавек... Ох, мая ты дарагая! Разумею тваё хваляванне, бо баішся і сама памыліцца, і хлопцаў да істэрыкі давесці. Толькі камусьці з іх у любым выпадку будзе балюча. Ты, Аліначка, успомні, каго першага з іх спаткала. Бо, калі б яго кахала, то, мабыць, не падпусціла б да сябе другога. Я са сваім Пятровічам больш за дваццаць год пражыла, дачку выгадавалі, удавой каторы год жыву, а ніколі ў думках нават не ўявіла, што на яго месцы мог бы іншы быць. Дам табе яшчэ адну параду: даверся інтуіцыі — з кім бы па жыцці хацела весці за руку сваіх дзетак, якія, як дзве кроплі вады, будуць падобныя на мужа? Смешна? А ты ўяві!"
* * *
Белая «Аўдзі» павольна ўязджала на вясковую вуліцу, пакалыхвалася з боку на бок на выбоінах. У гэтай вёсцы машыны — рэдкасць: дзеці на выхадныя калі-нікалі завітваюць ды аўталаўка тры разы на тыдзень. А жыхароў па пальцах палічыць можна.

Аліна пазнала знаёмую ваколіцу. Па-ранейшаму стаяць дзве старэнькія ніцыя вербы ля крайняй хаты, а побач — тоўстая груша-дзічка ля плота Веры Паўлаўны. Цягне галіны насустрач прыезджым, бы страчае дарагіх гасцей.

— Вы з Юлькай пакуль пасядзіце ў машыне, — папрасіла мужа. — Я ў разведку.

Выскачыла з машыны з вялікім букетам белых руж, патупала да брамкі. Паспешліва, у прадчуванні, што вось-вось абдыме за плечы Веру Паўлаўну. Але... зачынена рыпучая брамка. Кінулася ў вочы зарослая густой травой сцяжынка. Стары стомлены слімак прымасціўся на травінцы. Дзяўчына адчыніла веснічкі, пайшла па траве да дзвярэй, адчуваючы, як імкліва падае настрой. Няўжо няма гаспадыні дома? На дзвярах — цяжкі іржавы замок. Кінула вокам на кветнік і агарод. Паласнула думка: «Не... У Веры Паўлаўны не можа быць такі агарод. У яе каліва пустазелля цяжка было знайсці». Адчуваючы любоў гаспадыні, у знак удзячнасці заўсёды буялі ў палісадніку розныя кветкі. А сёння — адны вяргіні цягнуць свае галовы да восеньскага сонейка. Раскашавала толькі барвова-мядовая ліяна дзявочага вінаграду. Аліна павярнула да выхаду. Вочы напоўніліся слязьмі. Але надзея не пакідала. Ішла шукаць суседку. А яе і шукаць не трэба, цётка Валя тут як тут. Прызнала Аліну. Павіталіся.

— А я думаю, машына незнаёмая, хто тут у Верачкі заблукаў.

— А не падкажаце, дзе Вера Паўлаўна? Я вось да Дня настаўніка сюрпрыз хацела...

— Не атрымаецца сюрпрыз, мая харошая. Спазнілася ты. 

Забрала Верачку напрыканцы вясны дачка да сябе ў горад...

— Ой, то можа тэлефон іх дасце ці адрас? — перарвала суседку Аліна і ўзрадавана працягнула: — Пастараемся звязацца і заскочыць.

— Заскочыць-то можна! Толькі не стрэне яна вас.

— У бальніцы?

— Не... Там ужо... — суседка падняла ўказальны палец левай рукі да аблокаў. — Акурат на Зельну сышла. На свята. Інсульт. Пакінуў дух нашай Верачкі хату сіратой. Толькі вецер у трубе плача ды вяргіні во, — сумуюць у жалобе. У горадзе пахавалі, ля мужа.

Знямела душа... Аліна ціха сказала цётцы: «Дзякуй», — і пайшла... Не, не да машыны. Завярнула да ўяўнай альтанкі пад вінаграднікам, прысела на лавачку, на якой сядзела пры апошняй сустрэчы з настаўніцай, спавядаючыся. Быццам бы і не мінула чатыры гады... Аліна апусціла на траву букет, склаўшы рукі, як перад абразам, пачала гаварыць:

— Чаму я не прыехала крыху раней, Вера Паўлаўна? Чаму не званіла вам? Толькі паштоўкі слала. Даруйце. Пахваліцца асабліва не было чым. Хіба што ўдалым пачаткам прафесійнай дзейнасці. З першых месяцаў дапамагаў Ваш стыль адносін з вучнямі, я адчувала сябе на ўроку, бы рыба ў вадзе, хоць вучні гарадскія, а я — малады спецыяліст. Усе Вашы парады памятала! Адна толькі не спрацавала. На вяселле да мяне Вы не змаглі прыехаць. А мой выбар быў зроблены на карысць таго, на каго хацела, каб былі падобныя дзеці. Прыгажуньку Юлечку нарадзіла. Але сямейную ідылію стварыць не атрымалася ў нас з Юркам. Не сям’я аказалася галоўным для мужа. Сумна было яму з намі доўгімі зімовымі вечарамі, сталі раздражняць дзіцячыя праблемы, дазваляў сабе не начаваць дома, часам хаваўся ў ванным пакоі і ціхенька размаўляў па тэлефоне... Вядома, я ўсе разумела: у мужа з’явілася каханка. Калі Юльцы споўніўся годзік, падала на развод і з’ехала дамоў, да бацькоў. І да Міхася... Ён чакаў! Так і сказаў пры развітанні, сціснуўшы мяне за плечы: «Ну, схадзі замуж, а я буду чакаць». Моцна пякло абаім расстанне. Не паверыла словам, а ён дачакаўся! Вось ужо паўгода, як разам мы. У раённым цэнтры жывём. Юлька яго татам заве! Нават прымусіў мяне ад аліментаў адмовіцца. Выправіла я памылку сваю, бо на прыгажосць і багацце, а не на чалавечнасць і вернасць паставіла. Прычым памятала і яшчэ адну Вашу параду: Мішка быў другі, з ім пазнаёміліся на два месяцы пазней, чым з Юркам. Але ведаеце, чаму дзіўлюся: вядзём за ручку Юльку, і мне здаецца, што яна — як дзве кроплі вады — Міхаська! І ўвесь свет абняць хочацца...

Даруйце мне, Вера Паўлаўна! Я часта пра Вас думала. Вельмі часта, — Аліна падняла вочы да шаравата-сіняга неба і з палёгкай выдыхнула: — Хай Вам там будзе лёгка. Дзякуй, мой мудры Настаўнік. Я буду ісці па жыцці з мэтай, каб і мае вучні прыходзілі да мяне на споведзь душы. Заслужыць гэта вельмі няпроста...

Аліна ўстала з лавачкі, узяла букет. Крыштальныя градзінкі сыпанулі з яе вачэй. Краем вока ўбачыла, што ля весніц стаіць Міхась з Юлькай на руках. Яна падышла да дзвярэй, павярнула вялікі замок так, каб можна было ўсунуць у яго ружы: «Гэта Вам... З Днём настаўніка!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.