Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне»


Гэтая высокая ўзнагарода прысуджана калектыву Полацкага кадэцкага вучылішча за плённую дзейнасць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Настаўнікі і афіцэры-выхавацелі сціпла заўважаюць, што яны проста робяць сваю справу. І з гэтым, як кажуць, не паспрачаешся. Але як яны яе робяць! Адзін той факт, што ўсе без выключэння хлопцы і дзяўчаты, якія вучацца тут, не проста мараць пра афіцэрскія пагоны, а ўпэўнена крочаць да гэтай мэты, сведчыць аб многім. Практычна 90% выпускнікоў кадэцкага вучылішча штогод паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы нацыянальнай бяспекі краіны.


Сімвалічна, што Полацкае кадэцкае вучылішча знаходзіцца побач са святыняй рускага праваслаўя — Сафійскім саборам. Царква заўсёды была заступніцай воінства, бласлаўляла адважных сыноў на абарону Айчыны. У гэтае маляўнічае месца на беразе Заходняй Дзвіны вучылішча пераехала 1 верасня мінулага года — можна сказаць, вярнулася на гістарычную радзіму. Менавіта тут размяшчалася найстарэйшая ваенна-навучальная ўстанова царскай Расіі — Полацкі кадэцкі корпус, створаны ў 1835 годзе. На традыцыях, заснаваных яго навучэнцамі, і выхоўваюцца сённяшнія полацкія кадэты, якія па праве лічацца правапераемнікамі сваіх легендарных папярэднікаў.

Тры задачы — тры рашэнні

Полацкае кадэцкае вучылішча адчыніла свае дзверы ў верасні 2010 года. Гэта стала магчымым дзякуючы Указу Прэзідэнта «Аб кадэцкіх вучылішчах», якім у Беларусі была створана сістэма кадэцкай адукацыі. У выніку аналагічныя навучальныя ўстановы з’явіліся ў сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах.

Ля вытокаў стварэння Полацкага кадэцкага вучылішча стаяў палкоўнік Узброеных Сіл, былы камандзір 377-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка Станіслаў Красоўскі, які ўзначальваў Камітэт па адраджэнні Полацкага кадэцкага корпуса. На працягу апошніх шасці гадоў афіцэр кіруе навучальнай установай.

І першае пытанне дырэктару Полацкага кадэцкага вучылішча — як даведаліся аб тым, што калектыў стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне»?

— Гэтую радасную навіну мне паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, — узгадвае Станіслаў Красоўскі. — Вядома, гэта было нечакана. Адразу падзяліўся гэтай інфармацыяй з калегамі. Усе прыйшлі да высновы: добра атрымаць такую высокую ўзнагароду, але яна шмат да чаго і абавязвае. З’явілася павышанае пачуццё адказнасці.

Гэтага акурат як у супрацоўнікаў, так і ў выхаванцаў вучылішча не займаць. Такая якасць, як адказнасць, уласцівая і кіраўніку навучальнай установы. Яшчэ адраджаючы Полацкі кадэцкі корпус, разам з аднадумцамі ён паставіў тры надзвычай адказныя задачы: адчыніць вучылішча, вярнуць сцяг Полацкага кадэцкага корпуса, які знаходзіўся ў Нью-Ёрку, і стварыць музей праслаўленай навучальнай установы. Амбіцыйна, але рэальна. Полацкае кадэцкае вучылішча ўжо выпусціла каля 700 выхаванцаў, сцяг вярнуўся на гістарычную Радзіму, а музей Полацкага кадэцкага корпуса прымае наведвальнікаў. Аднак аб усім па-парадку.

Гісторыя Полацкага кадэцкага вучылішча пачалася ў 2006 годзе са стварэння кадэцкага класа на базе сярэдняй школы. Цяпер гэта паўнавартасная навучальная ўстанова са шматлікімі сучаснымі карпусамі, у якіх дзеці вучацца, займаюцца фізічнай культурай, ваеннай падрыхтоўкай, творчасцю, ядуць і адпачываюць.

Немалых намаганняў удалося прыкласці, каб вярнуць сцяг Полацкага кадэцкага корпуса з Нью-Ёрка. Як ён туды трапіў, можна напісаць цэлую аповесць. Калі коратка, то ў пачатку Першай сусветнай вайны Полацкі кадэцкі корпус быў эвакуяваны ў Палтаву. Падчас грамадзянскай вайны злучэнне апынулася ў Сібіры. Як вядома, бальшавікі знішчалі царскую сімволіку. Такі лёс чакаў і сцяг Полацкага кадэцкага корпуса, а таксама Сібірскага і Сумскога карпусоў. Але кадэты адцягнулі ўвагу часавых і вынеслі ўсе тры сцягі. У выніку іх не знайшлі, але адважных хлопцаў за гэты ўчынак чакала смяротнае пакаранне. Сцягі былі дастаўлены ў Крым, адтуль — у Сербію. Там і захоўваліся доўгі час. Па загадзе сербскага караля, які меў кадэцкае мінулае, сцяг Полацкага кадэцкага корпуса стаў яшчэ і сцягам зводнага Рускага кадэцкага корпуса. У 1944 годзе корпус быў распушчаны, а кадэты раз’ехаліся па ўсім свеце. Так сцягі апынуліся ў ЗША. Доўгі час яны захоўваліся ў праваслаўным саборы Нью-Ёрка. У выніку працяглай перапіскі ўплывовых святароў Беларусі, у тым ліку мітрапаліта Філарэта, прадстаўнікоў Саюза сувораўцаў і кадэтаў з нашчадкамі тых кадэтаў сцяг Полацкага кадэцкага корпуса вярнуўся на Радзіму. У наступным годзе рэліквіі споўніцца 180 гадоў.

У рэканструяваным выглядзе сцяг займае ганаровае месца ў музеі Полацкага кадэцкага корпуса — такім чынам, і трэцюю задачу ўдалося ажыццявіць. Экспазіцыя размешчана ў некалькі пакоях і адлюстроўвае гісторыю кадэцкага руху Расіі, у тым ліку дадзенайнавучальнай установы. Дакументы і артэфакты вяртаюць амаль на два стагоддзі таму, і наведвальнікі становяцца саўдзельнікамі навучання полацкіх кадэтаў пры царскай Расіі, з’яўляюцца відавочцамі працэсу адраджэння навучальнай установы. Галерэя партрэтаў знаёміць з яе найбольш выбітнымі выпускнікамі. Сярод іх, напрыклад, пляменнік цара Мікалая??. Асобная экспазіцыя прысвечана Герою Беларусі Мікіце Куканенку, выпускніку Полацкага кадэцкага вучылішча.

Высокі конкурс і адбор сапраўдных

Нягледзячы на тое, што ў кожным рэгіёне краіны ёсць сваё кадэцкае вучылішча, у Полацку вучацца хлопцы і дзяўчаты з усёй Беларусі — усяго 275 чалавек. У наступным годзе плануецца, што іх будзе тры сотні — у выніку навучальная ўстанова стане лідарам сярод кадэцкіх вучылішчаў па колькасці навучэнцаў. Каб паступіць у навучальную ўстанову, неабходна здаць іспыты па матэматыцы і мове (рускай або беларускай). Акрамя таго, правяраецца фізічная і псіхалагічная падрыхтоўка кандыдата ў кадэты.

У вучылішчы вучацца на працягу чатырох гадоў. Паступаюць сюды пасля сёмага класа. Жадаючых стаць кадэтамі заўсёды шмат. І калі хлопцам прасцей, то дзяўчатам, каб адзець кадэцкія пагоны, трэба моцна пастарацца. У кожным узводзе (класе) вучыцца па 25 чалавек, з іх — толькі шэсць дзяўчат.

«Прызначэнне кадэцкіх вучылішчаў — падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы сістэмы нацыянальнай бяспекі, — тлумачыць Станіслаў Красоўскі. — На жаль, там вучыцца абмежаваная колькасць дзяўчат. Таму тая лічба дзяўчат, якую мы набіраем, дазваляе ім потым паступаць у ваенныя ВНУ і ў далейшым працаўладкоўвацца».

Напрыклад, калі палачанка Карына Сухава паступала ў вучылішча, конкурс складаў 17 чалавек на месца. Можна толькі ўявіць пачуцці дзяўчыны, калі яна папоўніла кадэцкія шэрагі! «Колькі сябе памятаю, мне падабалася ваенная форма, — расказвае выхаванка 3 узвода 2 роты (10 клас) Карына Сухава. — Таксама любіла ўдзельнічаць у ваенна-спартыўнай гульні „Зарніца“, таму мой выбар быў навідавоку. Яшчэ і бацька служыць ва Унутраных войсках».

Карына — алімпіядніца па фізіцы і матэматыцы, ідзе на залаты медаль. Паколькі дзяўчына добра вучыцца і з дысцыплінай усё ў парадку, то кожныя выхадныя яна дома. Плануе паступаць у Ваенную акадэмію, на факультэт ваеннай разведкі. Лічыць, што такая спецыяльнасць па сілах і жанчынам. «Часам у дзяўчат нават больш моцны характар, чым у хлопцаў», — упэўнена яна.

Дарэчы, Полацкае кадэцкае вучылішча з’яўляецца адным з лідараў па паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавога блока. Курсантамі не становяцца, як правіла, тыя, у каго ўзніклі праблемы са здароўем. Толькі адзінкам кіраўніцтва вучылішча не рэкамендуе звязваць сваё жыццё з афіцэрскай службай.

«Кадэцкае вучылішча і прызначана акурат для таго, каб падбіраць будучых абаронцаў Айчыны, — звяртае ўвагу дырэктар навучальнай установы. — Адных накіроўваюць бацькі: хочуць, каб у вучылішчы іх дзяцей перавыхавалі. Іншых прываблівае прыгожая форма, а калі пачынаюць вучыцца, бачаць, што гэта не тое, чым бы яны хацелі займацца. Некаторым мы самі рэкамендуем пакінуць сцены ўстановы: бачым, што па пэўных маральна-дзелавых якасцях гэтым людзям нельга даверыць у будучыні ні зброю, ні асабовы састаў. Таму адна з задач кадэцкага вучылішча — адабраць сапраўдных патрыётаў Радзімы — у поўнай меры ажыццяўляецца».

Трапныя стралкі і адказныя пошукавікі

Навучальная ўстанова становіцца домам для хлопцаў і дзяўчат. Для кагосьці — адзіным. Тут вучыцца нямала дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У некаторых увогуле іх няма. Дзяржава бярэ на сябе клопат аб дзецях, пазбаўленых бацькоўскай любові, і прадастаўляе ім магчымасць паступіць у вучылічша па-за конкурсам. Усе выхаванцы знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні: іх тут адзяваюць, кормяць, дбаюць пра іх фізічнае і духоўнае развіццё. Для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Што датычыцца навучальнай праграмы, ад звычайных школьнікаў кадэты адрозніваюца тым, што ім не выкладаецца прадмет «Праца». Затое дапрызыўную падрыхтоўку яны спасцігаюць на працягу ўсяго перыяду навучання — пачынаючы з 8 класа, а не з 10, як у звычайнай школе. На базе вучылішча дзейнічае Цэнтр ваеннай падрыхтоўкі з унікальнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Напрыклад, дзякуючы тактыка-стралковаму трэнажору «Профі-4», хлопцы і дзяўчаты становяцца трапнымі стралкамі. Падобных трэнажораў у краіне больш нідзе няма, а таму супрацоўнікі спецпадраздзяленняў па-добраму зайздросцяць полацкім кадэтам.

Акрамя таго, ваенная падрыхтоўка ўключае ў сябе вывучэнне зброі, якая знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі, палажэнняў Устава, страявую і ваенна-медыцынскую падрыхтоўку. З выхаванцамі працуюць вопытныя педагогі з 25-гадовым стажам службы ў арміі. У кожнага з іх — найбагацейшы вопыт, у тым ліку баявы. Напрыклад, за плячыма кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі падпалкоўніка Роберта Ісмайлава — 35 гадоў воінскай службы! Служыў у 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі (цяпер асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада), быў камандзірам асобнай часці камандавання ВПС і войск СПА. Асаблівая старонка ў яго біяграфіі — удзел у баявых дзеяннях у Афганістане, куды лятаў двойчы. Пра свае подзвігі расказвае сціпла: маўляў, многія так рабілі. Магчыма, але не ў многіх на грудзі — ордэн Чырвонай Зоркі і два медалі «За адвагу».

Роберт Ісмайлаў прызнаецца, што камандаваць дзецьмі складаней, чым афіцэрамі і салдатамі. «Пераключыцца з дарослых людзей на кадэтаў было няпроста, нават звышскладана, і гэта нягледзячы на педагагічную адукацыю, — заўважае ён. — Па-першае, трэба зацікавіць іх вучэбным прадметам. У свой час мы страцілі многае, калі дапрызыўная падрыхтоўка была выключана са школьнай праграмы. Але ў нас вучацца дзеці, якія паставілі перад сабой мэту — стаць афіцэрамі, таму іх матывацыя дапамагае нам, дарослым. Па-другое, мы паказваем выхаванцам, што патрыятызм — не пустое слова. У вучылішчы створаны патрыятычны атрад „Полацкі кадэт“ з 30 чалавек. За паўтара года работы разам з ваеннаслужачымі мы паднялі 229 астанкаў загінулых воінаў Чырвонай Арміі. Ажыццяўляем па 5 — 6 экспедыцый у год. Артэфактамі, знойдзенымі падчас раскопак, папаўняем музейную экспазіцыю. Некаторыя лічаць, што непажадана дзецям глядзець на астанкі загінулых. У нас іншае меркаванне: калі кадэты бачаць усё на свае вочы, яны разумеюць, што такое вайна і чаму яе нельга дапусціць».

Традыцыйныя паездкі і любімае месца

Калектыў вучылішча — гэта паўсотня высокакласных спецыялістаў. Агульнаадукацыйныя прадметы выкладаюць цывільныя настаўнікі (практычна ўсе з іх — з вышэйшай катэгорыяй). «Ад звычайнай школы мы адрозніваемся і тым, што нашы дзеці знаходзяцца ў вучылішчы кругласутачна: з панядзелка па першую палову суботы, — кажа намеснік дырэктара Полацкага кадэцкага вучылішча па вучэбнай рабоце Святлана Філімонава. — У першай палове дня для іх выкладаюцца агульнаадукацыйныя прадметы, другая палова — час для рэалізацыі профільнай падрыхтоўкі. У кадэтаў занятая кожная хвіліна».

Хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем займаюцца ў трэнажорнай зале, гуляюць у валейбол, баскетбол і іншыя гульні. У перапынку паміж урокамі спаборнічаюць паміж сабой у настольным тэнісе. У харэаграфічнай зале кадэты вучацца танцаваць вальс і іншыя танцы: яны актыўныя ўдзельнікі прэзідэнцкага і абласнога балаў. Нядаўна вярнуліся з Міжнароднага дабрачыннага кадэцкага бала, які праходзіў у Маскве. У вучылішчы створаны танцавальны калектыў «Полацкія кадэты», арганізавана інструментальная група.

Выхаванцы ўдзельнічаюць ва ўсіх патрыятычных акцыях горада, краіны. У вычылішчы ёсць добрая традыцыя: штогод усім саставам яны наведваюць знакавыя месцы Беларусі. Летась, напрыклад, на цягніку ездзілі ў Брэсцкую крэпасць. Двойчы былі ў Хатыні, наведвалі Лінію Сталіна. Вясной у кадэтаў і выкладчыкаў запланавана паездка ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Любімае месца хлопцаў і дзяўчат — сталовая. Харчаванне збалансаванае, пяціразовае. Карэспандэнты прадэгуставалі — смачна, як дома. Выхаванец 2 узвода 1 роты (8 клас) Максім Фяклісаў кажа, што з пачатку навучальнага года набраў пяць кілаграмаў. «Усяго хапае, часам нават зашмат», — прызнаецца хлопчык. Максім родам з Наваполацка. Паступаць у кадэцкае вучылішча яму прапанавала мама. «Мне тут вельмі падабаецца, — дадае ён. — Вучыцца нескладана. Выкладчыкі, афіцэры-выхавацелі строгія, але справядлівыя». Выхаванец марыць стаць міліцыянерам або ваеннаслужачым. Дарэчы, выпускнікі кадэцкіх вучылішчаў паступаюць у ваенныя ВНУ па-за конкурсам. Пры ўмове, што ў атэстаце павінны быць адзнакі не ніжэй чым «сем».

Аляксандр Багамолаў, выхаванец 2 узвода 4 роты (11 клас), з дзяцінства марыць стаць ваеннаслужачым, гэтым самым працягнуць афіцэрскую дынастыю. Бацька хлопца заканчваў службу ў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Пагоны ў свой час насіў і дзядуля. Малады чалавек плануе паступаць у Інстытут пагранічнай службы. За гады навучання ў вучылішчы Саша вызначыўся ў спорце. Eн — прызёр раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Фізічная культура», найлепшы спартсмен Полацка 2022 года.

...Яны прыходзяць у вучылішча зусім юныя, але з вялікай марай аб кадэцкай будучыні. Несамастойныя, у нейкім сэнсе легкадумныя, за гады, праведзеныя ў гэтых сценах, становяцца абсалютна падрыхтаванымі да дарослага жыцця — з птушанят пераўтвараюцца ў прыгожых птушак, якія з усёй адказнасцю абіраюць свой далейшы шлях. Ужо будучы ў курсанцкіх шэрагах, яны вызначаюцца сваёй выпраўкай, дысцыплінаванасцю і падрыхтоўкай — адным словам, сапраўдныя патрыёты. З полацкай прапіскай.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

г. Полацк.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.