Вы тут

Сенатар і дэпутаты павіншавалі хлопчыкаў і дзяўчынак з Новым годам і Калядамі


У рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» старшыня Брэсцкага абласнога Савета сенатар Юрый Наркевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Яўген Зайцаў, старшыня Брэсцкага райсавета Уладзімір Хвацік са сваімі дэпутатамі накіраваліся ў адзін з самых аддаленых аграгарадкоў Брэсцкага раёна — Тамашоўку, каб павіншаваць юных выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.


У сям’і Іванюк гасцей чакалі, прыбралі прыгажуню-ёлку, вывучылі вершы, падрыхтавалі песні. І калі пад ёлкай на вачах вырасла цэлая гурба падарункаў, у доме пачалося сапраўднае свята. Дзеці чыталі вершы, атрымлівалі падарункі з рук Дзеда Мароза і Снягуркі, што прыбылі разам з дэпутатамі.

Маці вялікай сям’і Алена Іванюк расказала, што іх дому сямейнага тыпу ўжо 15 гадоў. За гэты час больш за дзесяць чалавек сталі выпускнікамі дома. Некаторыя з іх ужо займелі свае сем’і. Выпускніца Аліна завітала ў госці да бацькоў на навагоднія святы са сваім двухгадовым сынам. Яны разам з сястрой трапілі сюды ва ўзросце чатырох гадоў. Таму Алену Мікалаеўну, якая выгадавала, выхавала, лічаць сапраўднай мамай. Як і студэнтка Горкаўскай сельгасакадэміі Вікторыя, якая днямі паведаміла бацькам, што яе здымак змясцілі на дошку гонару навучальнай установы.

Алена Мікалаеўна ганарыцца многімі выпускнікамі, усіх імкнецца выхоўваць годнымі людзьмі. Гасцям яна выказала падзяку за ўвагу, расказала, што яшчэ раней кіраўніцтва раёна аказала дапамогу па замене мэблі. Паводле яе слоў, на любую просьбу ў раёне заўсёды адклікаюцца.

Дому сямейнага тыпу Лідзіі Працэка таксама амаль паўтара дзясятка гадоў. Матуляй Лідзію называюць ужо амаль 30 былых і цяперашніх хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя з выпускнікоў працуюць, іншыя вучацца. Зараз выхаванцаў пяцёра, у доме чакаюць папаўнення.

З цёплымі словамі віншавання да дзяцей і бацькоў звярнуўся Юрый Наркевіч. Пазней ён сказаў журналістам, што ніводнае дзіця на Брэстчыне не застанецца па-за ўвагай дарослых: «У гэтых дзяцей лёсы розныя, у многіх за плячыма недзіцячыя цяжкасці, няпростыя гісторыі, але ўсе яны маюць патрэбу ў любові, спагадзе. Бо ўсе дзеці павінны верыць у дабро, справядлівасць і ў цуд на навагоднія святы,» — падкрэсліў сенатар.

А дэпутаты Брэсцкага гарадскога Савета на чале са старшынёй Мікалаем Красоўскім наведалі Брэсцкі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Тонус».

«Тонус» — асаблівая ўстанова, яго спецыялісты займаюцца рэабілітацыяй дзяцей з паражэннямі нервовай сістэмы. Па асаблівай праграме тут займаюцца з пацыентамі да трохгадовага ўзросту. Штодня на працэдурах бывае да сотні пацыентаў. Вязуць сюды дзяцей таксама з іншых абласцей краіны. За трыццаць гадоў работы «Тонус» многіх хлопчыкаў і дзяўчынак літаральна паставіў на ногі.

Акрамя традыцыйных салодкіх падарункаў, дэпутаты гарсавета перадалі ўстанове камплекты гульняў, якія неабходныя маленькім пацыентам у працэсе рэабілітацыі. Затым супрацоўнікі «Тонуса» разам з дзецьмі і іх бацькамі зладзілі вясёлае навагодняе прадстаўленне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.