Вы тут

Фотаздымкі беларускіх класікаў можна пабачыць у НЦСМ


Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае на выстаўку «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях». У цэнтры праекта — фотаздымкі класікаў беларускай літаратуры Эдзі Агняцвет, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка падчас летняга адпачынку. Фотакарткі, якія глядач мае магчымасць убачыць, з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. «Мы запрашаем разглядаць архіўныя дакументы не толькі як сведчанні эпохі, жыцця канкрэтных творцаў. Упісаныя ў экспазіцыю, яны становяцца творам фатаграфічнага, так званага „актуальнага“ мастацтва і праз гэта набываюць дадатковую каштоўнасць», — адзначаюць у НЦСМ.


Фрагмент экспазіцыі.

Лейтматыў выстаўкі — тэма мора. Гледачу прапануюць уявіць мора як рэальны аб’ект з яго колерам, велічынёй, глыбінёй, прытым падштурхоўваюць і да роздумаў аб уражаннях, псіхалагічным успрыманні мора, яго сімволіцы. Тры залы НЦСМ на Някрасава, 3 знаёмяць з разнастайнымі фотаздымкамі з адпачынкаў пісьменнікаў, а таксама з творамі жывапісу і скульптуры са сховішчаў НЦСМ. Яны выдатна дапаўняюць канцэпцыю праекта, прызначанага нагадаць пра безліч варыяцый ды інтэрпрэтацый такога паняцця, як мора.

Насуперак чаканням выстаўка «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях» атрымалася надзвычай яркай і дынамічнай, у тым ліку дзякуючы таму, што ў арганізацыі прасторы быў зроблены акцэнт на колер. Чорна-белыя здымкі толькі выйграюць на фоне насычана жоўтых і блакітных сцен залаў. Яркі жывапіс, між іншым, не забірае на сябе шмат увагі — ён удала ўпісаўся ў экспазіцыю. Да таго ж большасць выбраных карцін напоўнены знакамі, сімваламі, метафарамі, якія толькі ўзбагачаюць яе змест.

 

Фелікс Янушкевіч «Палессе-II», 1990 г.

Намеснік дырэктара НЦСМ Алеся Іназемцава адзначае:

— Праекты, якія цяпер прадстаўлены на Някрасава, вельмі розныя. Наогул, Цэнтр сучасных мастацтваў — не проста выставачная пляцоўка, не проста галерэя — мы валодаем цудоўнымі фондамі. Дэманстраваць творы з іх — прыемна і прэстыжна. Між тым заўсёды не хапае месца для экспанавання, бо імкнёмся паказваць творчасць сучасных мастакоў. Гэта наш асноўны кірунак. А яшчэ нам важна арганізоўваць праекты, у якіх можна назіраць спалучэнне розных відаў мастацтва. Напрыклад, гэтым разам візуальнае мастацтва, архіўныя матэрыялы дапаўняюцца гукам, музыкай. Відавочная сувязь з літаратурай. Гэты сінтэз дазваляе па-іншаму раскрыць кожны экспанат, які як частка экспазіцыі набывае самастойную мастацкую каштоўнасць.

Натуральна, у падобнай выстаўцы нельга было не выкарыстаць самі творы, дзе так ці іначай згадваецца мора, таму змясцілі, напрыклад, некаторыя вершы... «Люблю я прыволле // Шырокіх палёў, // Зялёнае мора // Ржаных каласоў...» (Якуб Колас). Ці: «...А калі рассыпаліся зоры, // што звіваліся ў небе і моры калісьці, // даляведныя вочы праменілі шчасце і гордасць: // у нязмерных глыбінях нязмерныя высі» (Уладзімір Дубоўка). І нарэшце: «У кожнага мора свая глыбіня. // У кожнага сэрца свая таямніца. // Крыло і хмурынка — // Нябёсам радня. Спякоце крыніца сцюдзёная сніцца» (Рыгор Барадулін)...

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка, якая паспрыяла стварэнню выстаўкі, лічыць, што экспанаванне фотаздымкаў з архіва-музея робіць пісьменнікаў бліжэйшымі да чытача:

Генадзь Буралкін «Скачок», 2001 г.

— Калі мы знаёмімся з партрэтамі пісьменнікаў? У школе: звычайна ў падручніку побач з творам ці біяграфіяй змешчана фотакартка. Звыкла афіцыйная. Такой жа яна паўстае перад намі пазней, калі ў больш усвядомленым узросце зазіраем у энцыклапедыі. І нідзе не можам убачыць такіх здымкаў, як прадстаўленыя сёння. І ў архіве-музеі падобных шмат! З аднаго боку, гэта зразумелыя звычайныя кадры. З іншага — дзякуючы ім знакамітыя літаратары, дзеячы культуры раскрываюцца перад намі зусім іначай. Удзячная арганізатарам за адметны падыход да архіўных матэрыялаў. Не чакала, што яны могуць так цікава выглядаць у экспазіцыі. Спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва!

 

Між тым Алена Макарава расказала, што архіў-музей літаратуры і мастацтва апошнім часам стаў надаваць увагу фондам сучасных беларускіх мастакоў, таму перспектывы партнёрства з НЦСМ, іншымі галерэямі відавочыя.

Выстаўка «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях» працягнецца да 18 лютага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.