Вы тут

Развагі вясковага доктара пра цуды


З загадчыкам Язненскай амбулаторыі ўрачом агульнай практыкі Уладзімірам Пашковічам мы сустрэліся напярэдадні Калядаў. Ён з самага ранку паспеў наведаць царкву, дзе ўжо шмат гадоў спявае на клірасе. І адразу ж рушыў на рэпетыцыю ў мясцовы Дом культуры, які месціцца праз дарогу ад храма. Менавіта там я і сустрэла Уладзіміра Пятровіча... у касцюме Дзеда Мароза. Пасля рэпетыцыі мы паехалі да яго дадому, дзе доктар пачаставаў мяне самапечаным жывым хлебам, і паразмаўлялі пра цуды ў яго жыцці.


Каб стварыць сабе і пацыентам настрой, унутры амбулаторыі зрабілі святочную фотазону

Пра веру, Маці Божую ды другое нараджэнне

Ці веру я ў цуды? А як жа ж! Калі чалавек верыць у Бога, а цуды здзяйсняюцца Боскай сілай, значыць ён верыць і ў цуды. Калі ён верыць у цуды, значыць яны з ім абавязкова будуць адбывацца. Проста іх трэба прыкмячаць.

Пра цуд, які здарыўся са мной у пазамінулым годзе перад Калядамі, я яшчэ нікому не расказваў. 6 студзеня я прыйшоў з вячэрняй службы ў царкве. І вось трэба накрываць на стол, а я разумею, што ў мяне няма сена, каб падкласці пад абрус. Я згадваю, што бабуля казала, што сена — гэта правобраз калыскі, у якой ляжаў немаўлятка Ісус Хрыстос, што яно патрэбна для таго, каб у гэтую святую ноч у дом прыйшла Маці Божая. Ну вось, думаю, не прыйдзе да нас. Заходжу ў адзін з пакояў, а там такі прыемны пах, нейкі незямны. Я адразу ж паклікаў жонку, маўляў, «ты чымсьці тут папырскала?» — «Не, — кажа, — нічога не рабіла». 

І я зразумеў, што гэта прыходзіла Маці Божая, каб супакоіць мяне, сказаць, што наведала наш дом.

Да многіх цудаў мы ўжо настолькі прызвычаіліся, што не ўспрымаем іх як цуд. Напрыклад, як з маленькага зярнятка вырастае яблыня, якая дае плады. Нараджэнне дзіця — гэта наогул найвышэйшы цуд. Мне аднойчы давялося з акушэркай прымаць роды, бо жанчына не паспела даехаць да радзільні. Памятаю, і ў студэнцтве неаднаразова прысутнічаў на родах. 

І кожны раз, калі з’яўлялася на свет дзіця і раздаваўся яго першы крык, я адчуваў звышнатуральнасць. Дарэчы, сына я ўзяў на рукі нават раней, чым жонка. Гэта неперадавальныя цудоўныя адчуванні.

Шмат год таму мы ездзілі адпачываць з сям’ёй у Алушту на мора. Кожны раз перад тым, як мы збіраемся ехаць у дальнюю дарогу, я заказваю малебен аб падарожных. І вось прыходзім мы на пляж і сустракаем там знаёмых бацюшку з матушкай. Яны прызналіся, што напярэдадні нашага з’яўлення бачылі сон — ідзе хрэсны ход, і я іду ў гэтым хрэсным ходзе. І тут жа праз пару гадзін сустракаюць мяне на пляжы. Напэўна, пасля малебна я ехаў туды ў суправаджэнні святых. Яны нас ахоўвалі, і я гэта адчуваў, бо былі ў дарозе некалькі непрыемных выпадкаў, у тым ліку і з машынай праблемы, але ўсе яны вырашаліся, і мы даехалі паспяхова.

Тры гады таму мой сын трапіў у аварыю. Ехаў па галоўнай дарозе, а збоку, з другаснай дарогі, нечакана выскачыла машына і знесла ўвесь перад. Машына не падлягае аднаўленню, а ў сына ні драпіны. Аднойчы я сам перанёс клінічную смерць, пасля аперацыі мяне не маглі вывесці з наркозу. Але, як бачыце, я тут сяджу і з вамі размаўляю, жартую, жыву напоўніцу. 

Ці ж гэта не цуд!

Штогод напярэдадні Вялікадня ўсе, як цуду, чакаюць Сыходжання Жыватворнага агню ў Іерусаліме. А зімой, у ноч з 3 на 4 снежня, калі праваслаўныя вернікі святкуюць вялікае свята Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы, якім бы ні было надвор’е, ненадоўга распускаюцца пупышкі вярбы. Убачыць гэты цуд прыроды, які адбываецца незадоўга да 12 гадзін ночы, можа кожны. Але я неяк не адважваюся праверыць, праўда гэта ці не.

Большасць беларусаў, якія кажуць, што не вераць у цуды, насамрэч вераць у іх. Бо, калі нехта штосьці расказвае, у нас ёсць такое выказванне: «Гэтага не можа быць!..» Значыць, калі гэтага не можа быць, а яно адбылося, дык гэта ўжо цуд. Акрамя таго, часта можна пачуць: «Якое ЦУДоўнае надвор’е!» Значыць, яно нейкае незвычайнае. І гэта таксама цуд. Мы нядаўна ездзілі да пляменніка ў лазню і раніцай, калі прачнуліся, убачылі за акном заснежаныя дрэвы. Я папрасіў, каб мяне сфатаграфавалі на гэтым казачным фоне. Калі паказваю камусьці тое фота, кажу: «Вы не на мяне глядзіце, а на цуд за акном». Ці вось фотаздымкі цудаў Язненшчыны, якія ўпрыгожваюць сцены ў нашай амбулаторыі. На адным з іх наша Спаса-Праабражэнская царква, з якой як быццам узыходзіць вясёлка. Дарэчы, ёй больш як 120 гадоў, і яна ні разу за гэтыя гады не закрывалася. Хіба гэта не цуд?

Пра споведзь, святую ваду ды душэўны спакой

«Суседка, даведаўшыся аб маім захапленні, прынесла старую дзежку. Паўстагоддзя яна ляжала на гарышчы, і вось зноў для яе знайшлася справа»

Перш чым пачаць лячэнне, я ўсім раіў бы спачатку паспавядацца, прычасціцца. Я не кожнаму пацыенту гэта магу сказаць. Толькі блізкім сваякам, якія прыходзяць да мяне лячыцца. Калі ў нас раней была ўчастковая бальніца, бабулі, якія клаліся ў стацыянар, самі прасілі, каб святар прыходзіў іх спавядаць. 

Заўважыў, што ў людзей, якія паспавядаліся і прычасціліся, вылячэнне ідзе хутчэй, і эфект ад лячэння добры. Асабліва, калі штодзень чытаюць ранішнія ды вячэрнія малітвы.

Фізічнае і духоўнае здароўе чалавека цесна ўзаемазвязаны. Недарэмна кажуць, што ўсе хваробы ад нерваў, а нервы — ад грахоў. Калі мы прызнаём свае грахі і шчыра каемся ў іх, як правіла, нармалізуецца нервовая сістэма і чалавек ідзе на папраўку. Бацюшка Аляксандр часта кажа, што чалавек у сваім жыцці павінен імкнуцца дасягнуць душэўнага спакою. Тое, што адбываецца вакол — як станоўчыя моманты, так і адмоўныя — ён павінен успрымаць са спакоем у душы. Калі дасягнем такога спакою, прасцей будзе жыць. 

А калі б усе дасягнулі гэтага стану, напэўна, быў бы рай на зямлі.

Яшчэ адзін цуд — асвячоная на Хрышчэнне вада. Яна захоўваецца цэлы год і не псуецца. Ці тыя ж самыя святыя крыніцы. Недалёка ад Язна знаходзіцца крыніца Святога Яна (Іаана Хрысціцеля), яна славіцца чыстай гаючай вадой, якая вылечвае ад многіх хвароб, прыносіць дадатковае здароўе. Па адной з легенд падарожнік убачыў над лесам у вёсцы Чарневічы крыж, падышоў бліжэй — а там крыніца. Пасля нейкі сляпы старац у пошуках вады пачуў гук той крыніцы, памыўся гаючай вадой і стаў відушчым. Пасля гэтых падзей месца лічыцца святым. Неабыякавыя мясцовыя жыхары добраўпарадкавалі крыніцу, зрабілі зручны падыход, узвялі купель, каплічку.

Уладзімір Пятровіч штогод дапамагае Мікалаю Цудатворцу дарыць казку і радасць людзям

Наколькі крынічная вада дзейсная, залежыць ад чалавека. Ад яго веры. Калі пацыент не давярае доктару, то яму трэба памяняць доктара. Так і з крынічнай вадой. Калі чалавек шчыра верыць, што вада яму дапаможа, то вялікая верагоднасць, што так яно і здарыцца. Бо кожнаму даецца па веры яго.

Ля крыніцы я адпачываю душой, там цудоўная энергетыка. Калі б там ляжала кніга, куды б людзі запісвалі цуды аб вылечванні... А так калі з некім адбыўся цуд, не кожны пойдзе і раскажа пра яго. Гэтаксама, як у прытчы пра 10 пракажоных. Яны сустрэлі Ісуса Хрыста і папрасілі вылечыць іх. Ён жа сказаў ім пайсці і паказацца святарам. Па шляху да святароў ва ўсіх дзесяці пракажоных зніклі язвы на целе. Але толькі адзін з іх зразумеў, што іх вылечыў Ісус. Ён вярнуўся, каб падзякаваць Яму. Ісус сказаў яму, што гэта яго вера вылечыла яго. А астатнія дзевяць, атрымаўшы выратаванне ад цяжкай цялеснай немачы, яшчэ невядома, ці сталі здаровымі духоўна, ці скарысталіся яны сваім здароўем для выратавання душы, бо далёка не заўсёды ў здаровым целе жыве здаровы дух.

Пра пажар, жывы хлеб ды бісквітную ружу

Дзесяць гадоў таму здарылася няшчасце — згарэў наш дом. Божая міласць, што пажар здарыўся днём, калі ўсе суседзі былі на дварэ. Менавіта яны ўбачылі, што з—пад даху ідзе дым, пазванілі мне на працу, прыбеглі, усю мэблю вынеслі за лічаныя хвіліны. У нас дом быў шчытавы, абкладзены цэглай. Калі б пажар здарыўся ноччу, мы б згарэлі ўсе зажыва.

Я тады параўноўваў сябе з мурашом, які поўз-поўз, і яго страсянулі з галінкі. Пасля гэтага ён падняўся і зноў пачаў паўзці ўверх. Нам таксама прыйшлося пачынаць усё спачатку. Пасля пажару мы за адзін дзень прыбралі, пагрузілі на машыну і вывезлі рэшткі дома. Машын чатырнаццаць было побач з папялішчам — прыехалі падтрымаць сябры, сваякі. Ніводных выхадных не было, каб я працаваў адзін. Менавіта ў такія моманты разумееш, што адзін у полі не воін, а сапраўднае сяброўства — гэта цуд. Усе здзіўляліся, што мы адбудавалі дом за 8 месяцаў. 17 сакавіка ў нас здарыўся пажар, і ўжо 17 лістапада бацюшка асвячаў новы дом. Паверце, аднаму гэта зрабіць немагчыма.

У вясковым клубе падчас рэпетыцыі

Калі з чалавекам здараецца нейкая бяда, усе звычайна пытаюцца: «За што Бог так мяне пакараў?» Я ж для сябе па-іншаму паставіў пытанне: «Для чаго Бог паслаў мне такое выпрабаванне?» Перад тым як здарыўся пажар, мы практычна цалкам зрабілі капітальны рамонт, заставалася толькі дарабіць пакой сына. Памятаю, напярэдадні пажару я прыйшоў з царквы, лёг на ложак адпачыць і падумаў: «Як жа добра! Нарэшце я дасягнуў такога матэрыяльнага дабрабыту, пра які можна было толькі марыць». Напэўна, Бог палічыў, што я рана радуюся... Пасля пажару я па-іншаму пачаў глядзець на жыццё. Больш духоўнага хочацца, чым матэрыяльнага. Доўгія гады мы шмат сіл і часу ўкладвалі ў дасягненне матэрыяльнага дабрабыту, і ў адзін момант усё знікла. Думаю, праз гэтую сітуацыю Бог паказаў мне на недаўгавечнасць усяго матэрыяльнага. А яшчэ, што трэба больш часу ўдзяляць жонцы і сыну, пажар вельмі з’яднаў нашу сям’ю.

Тэхналогія выпечкі хлеба, які я пяку ўжо пяць гадоў, унесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Усе ў мяне пытаюцца, што ў ім такога асаблівага? Асаблівасць менавіта ў прастаце. У чацвер на ноч я разводжу закваску з вадой. Праз 12 гадзін раніцай раблю рашчыну: дадаю да закваскі жытнюю цэльназернявую муку. Праз 12 гадзін, ужо вечарам, замешваю цеста — дадаю яшчэ мукі, соль, цукар, кмен па смаку. Затым чакаю, пакуль цеста падыдзе ў цёплым месцы. 

І выпякаю ў духоўцы пры 230 градусах дзесьці гадзіну. 

Я ніколі не пачынаю выпякаць хлеб, не памаліўшыся. На цесце заўсёды малюю крыжык. Гэты рэцэпт каштоўны тым, што не мяняецца на працягу больш як 200 гадоў. Узяў я яго ў жыхаркі вёскі Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна Сцепаніды Лупач. Дарэчы, з гэтай бабуляй мяне цудоўным чынам звёў лёс.

Павіншаваць пакуль што адзінага ўнука з казачнымі святамі – гэта святое

Пачалося ўсё з таго, што мы з сынам глядзелі перадачу пра бабулю, якая пячэ хлеб па старадаўняй тэхналогіі. І сын кажа: «Ой, тата, я таксама хачу пакаштаваць такога хлеба». «Дзе ж мы возьмем тую закваску?» — паціснуў я плячыма... І вось праз гады чатыры мы паехалі ў адну з цэркваў Глыбоцкага раёна на службу з нагоды саракавіны з дня смерці бацькі нашых сяброў. Пасля службы мне даручылі забраць бацюшку і прывезці яго на клады, каб асвяціць магілку. Па дарозе ён мне кажа: «Валодзя, давай на хвілінку спынімся вось ля гэтай хаты, квасу возьмем». — «Якога квасу?» — «З якога хлеб пякуць». І вось мы заходзім у тую хату, і я бачу бабулю, якую чатыры гады таму бачыў па тэлевізары. Яна і мне таксама дала таго квасу (ці раўгеню, як называюць у народзе), і распавяла, як з яго пячы карысны жытнік. Дагэтуль памятаю яе жартаўлівае настаўленне, маўляў, усё атрымаецца, «хлеб не нявестка, з’ядзім і новы спячом». З таго часу мы ў краме хлеб не купляем.

Многія скардзяцца, што ў вёсцы сумна жыць. Але ў мяне наконт гэтага іншае меркаванне. Я з дзяцінства прывучаны да таго, што забаўляць сябе трэба самому, удзельнічаў са школы ва ўсіх канцэртах у вясковым клубе. Калі мы больш як 20 гадоў таму пераехалі ў Язна, адразу ж пачалі наведваць царкву. Бацюшка даведаўся, што я спяваю, і запрасіў у царкоўны хор. Наш сын пайшоў у дзіцячы садок. І, як звычайна, на Новы год сярод бацькоў шукалі Дзеда Мароза. Выбралі мяне. З таго часу я кожны год ператвараюся ў чараўніка. Потым мяне запрасілі ў фальклорны ансамбль «Язынка». Я ініцыяваў розныя мерапрыемствы ў вёсцы, бо хацеў, каб сыну і жонцы было цікава тут жыць. 10 гадоў запар я быў адным з арганізатараў і ідэйным натхняльнікам фестывалю нядзельных праваслаўных школ «Язненскі дабравест». Пару гадоў таму перад Новым годам мы з калегамі вырашылі ўпрыгожыць нашу амбулаторыю святочнай ілюмінацыяй. Нашу ініцыятыву падхапілі школа, царква, клуб. Калі не сядзець, склаўшы рукі, то можна зрабіць жыццё ў вёсцы весялейшым. Дарэчы, мы з жонкай бываем у Вялікім тэатры оперы і балета, у музеях, на выставах, канцэртах часцей, чым некаторыя мінчане. Я заўсёды кажу: калі ёсць жаданне, магчымасць заўсёды можна знайсці. Ёсць прымаўка: «Добра там, дзе нас няма». Дык вось я яе перафразаваў: «Добра там, дзе мы ёсць». Калі чалавек будзе так думаць, то — гэта праверана — жыццё зайграе іншымі фарбамі.

Ёсць тры стадыі сталення мужчыны. 1. Ён верыць у Дзеда Мароза. 2. Ён не верыць у Дзеда Мароза. 3 Ён сам Дзед Мароз. Другая стадыя прайшла міма мяне, бо я стаў Дзедам Марозам яшчэ ў школе. І працягваю ў яго верыць. Бо калі прыходжу на свята і пераконваю дзіця, што я сапраўдны, то сам павінен верыць у гэта. Лічу, што гэта пачэсная місія — быць памочнікам Мікалая Цудатворцы, дапамагаць яму дарыць казку і радасць людзям.

Іна, жонка Уладзіміра, расказала, што з мужам ёй сумаваць не даводзілася ніколі, ён заўсёды штосьці прыдумляе. Адным такім цудам, зробленым сваімі рукамі, ён шмат гадоў таму і пакарыў яе сэрца): «Памятаю, хтосьці прынёс у школу жаночы часопіс, і ўсе дзяўчаты прыняліся перапісваць рэцэпт бісквітных ружачак. 

Я перапісала таксама. «Іна, дай і мне перапісаць», — папрасіў Валодзя, мы з ім вучыліся ў адным класе. — «Ай, навошта табе гэта? — адмахнулася я. — „Ну, дай, калі ласка“. У выніку дзяўчаты перапісалі і забыліся на той рэцэпт. Валодзя ж на наступны дзень паклікаў мяне, адкрыў свой белы дыпламат — і, што вы думаеце, там ляжала тая самая бісквітная ружачка з часопіса».

Ад аўтара

Знаёмства з вясковым доктарам стала і для мяне асабістым цудам. Пяць гадоў таму, падчас дэкрэтнага адпачынку, я пякла хлеб на заквасцы. Але калі выйшла на працу, закінула гэтую справу, аб чым не раз шкадавала. Уладзімір Пашковіч, пачуўшы пра гэта, падзяліўся са мной закваскай. Больш за тое, сваімі словамі, што выпечка хлеба — мужчынскі занятак (бо каб добра вымесіць цеста, патрэбна шмат сілы), паспрыяў таму, што муж пачаў мне дапамагаць…

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара і з архіва героя

Мёрскі раён

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.