Вы тут

Франтавік Алесь Савіцкі пакінуў аўтограф на рэйхстагу


Біяграфія гэтага ўнікальнага чалавека сама па сабе нібыта легенда: партызан — франтавік — журналіст — пісьменнік... Прыпісаў сабе год, каб трапіць у партызаны. На яго рахунку шмат падарваных эшалонаў, спаленых і ўзарваных мастоў. Тройчы паранены... Ордэн Славы ІІІ ступені знайшоў яго праз паўвека пасля заканчэння вайны. Які лёс!.. Не будзе перабольшаннем сцвярджаць, што яго жыццё — як сюжэт для захапляльнага серыяла.



Ад рэдакцыі

Наша калега Таццяна Падаляк, працуючы ў «Звяздзе», у свой час падрыхтавала нямала публікацый пра Вялікую Айчынную вайну. Шчымліва і пранізліва пра тыя падзеі ў яе матэрыялах расказвалі і простыя ветэраны, і франтавікі, якія сталі пасля вядомымі людзьмі, — Іван Шамякін, Міхаіл Савіцкі, Пімен Панчанка... Быў сярод герояў і пісьменнік Алесь Савіцкі, якому 8 студзеня споўнілася 100 гадоў.
Таццяна Падаляк, сёння доктар філалагічных навук, прафесар журфака БДУ, падрыхтавала да юбілею пісьменніка артыкул пра Алеся Ануфрыевіча для часопіса «Беларуская думка». Урыўкі з гэтага матэрыяла, у аснову якога пакладзены ў тым ліку і матэрыялы са «Звязды», мы і прапануем сёння вашай увазе.


Мы часта стэлефаноўваліся, сустракаліся ў Доме прэсы і на факультэце журналістыкі БДУ, на прэзентацыях кніг у бібліятэках, разам наведвалі яго сяброў-партызан у Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах. Абмяркоўвалі самыя розныя тэмы — літаратурныя, жыццёвыя, будзённыя. І ўсё ж найчасцей разважалі пра Другую сусветную вайну: аналізавалі, чаму некаторым так карціць перапісаць гісторыю. Гэты артыкул у многім пабудаваны на фрагментах шматлікіх гутарак з пісьменнікам.

«Састарыў» сябе, каб стаць партызанам

Алесь Ануфрыевіч Савіцкі нарадзіўся ў Полацку. Юнацтва, па сутнасці, не было: у 1942 годзе стаў партызанам атрада «Смерць фашызму», пазней — камандзірам падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава. У 1944-1945 гадах у дзеючай арміі, удзельнічаў у вызваленні Варшавы і Гдыні, у баях за ўзяцце Берліна. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг». У 1958-м скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве і аспірантуру. Аўтар кніг «Кедры глядзяць на мора», «Жанчыны», «Палын — зелле горкае», «Самы высокі паверх», «І нічога ўзамен», «Зямля не раскажа», «Літасці не чакай», «Памерці заўсёды паспееш», «Обаль», «Пісьмо ў Рай», многіх іншых.

Яго сапраўдны, «біялагічны» год нараджэння адрозніваецца ад «афіцыйнага», занатаванага ва ўсіх энцыклапедыях: 8 студзеня 1924 года. Прызнаваўся: «Насамрэч я з 1925-га. Перад вайной скончыў 8 класаў. У партызанах прыпісаў сабе год, адтуль і пайшло... Я быў у падрыўной групе Няфёдава атрада «Смерць фашызму», якім кіраваў тады палкоўнік Жараў. Гэта яго партызанскі псеўданім. А сапраўднае прозвішча — Пётр Кісялёў».

«Зімою сорак другога мяне параніла. Разам з Сяргеем Зімніцкім мы мініравалі чыгунку ў сасновым бары паміж Полацкам і Фарынава. Міну — амаль дваццаць кілаграмаў толу, выплаўленага з артылерыйскіх снарадаў, — паставілі, але адбегчыся далёка не паспелі: цяжка было адольваць завалы з таўшчэзных соснаў, аплеценых дротам і закіданых снегам. Выбуху не чуў; памятаю вялізнае, на ўсё неба, малінава-белае сонца і ціхі, вельмі ціхі і прыгожы гул, як бомканне маленькіх званоў... Выратаваў мяне Сяргей. Ён першы апрытомнеў, доўга поўзаў па снегавых гурбах, але мяне знайшоў і пацягнуў да лесу. Потым я апрытомнеў таксама і папоўз сам («Пад роднымі клёнамі»).

У 1943 годзе 20 камсамольцаў атрада «Смерць фашызму» паслалі на арганізацыю новага камсамольска-моладзевага атрада «Бальшавік».

Савіцкага прызначылі камандзірам падрыўной групы. І так да злучэння з арміяй.

«Стагнала ад болю зямелька беларуская»

«Я прайшоў «партызанку» з 1942 года і абсалютна перакананы, што такой яскравай старонкі ў жыцці беларускай зямлі не было — калі паўстаў увесь народ, ад мала да вяліка. Так, шмат разоў бяда засявала сваім чорным насеннем наш край, і стагнала ад болю зямелька беларуская. За стагоддзі, што сплылі ў нябыт, ваеннага ліхалецця пранеслася над нашай Бацькаўшчынай нямала, але такога жаху яшчэ не было... На дзюралевай спражцы рэменя кожнага салдата вермахта быў надпіс: «З намі Бог». Сп'янелыя ад лёгкіх перамог над краінамі Еўропы, выдатна ўзброеныя нямецкія салдаты верылі ў гэта. Але Бог быў не з тымі, хто заліваў зямлю крывёю жанчын і дзяцей, хто рабаваў і паліў гарады і вёскі. Бог быў на баку тых, хто бараніў сваю Бацькаўшчыну. Такой мужнасці — мужнасці не асобнага чалавека, а ўсяго народа! — гісторыя Беларусі не ведала. І калі сёння той-сёй спрабуе абылгаць, апляваць гераічную старонку зямлі і народа, — уся мая партызанская сутнасць устае супраць гэтага».

«Арыя абалваньвання»: прапісана ў дактрыне...

Ён неаднаразова гаварыў пра тое, што асабліва непакоіла: узгадваў пасляваенную дактрыну Алена Далеса, часта цытаваў яго прароцтвы. Алесь Ануфрыевіч быў перакананы: тое, што адбываецца з аплёўваннем гісторыі, і ёсць ажыццяўленне дактрыны Алена Далеса: «Неяк на сустрэчы з мінскімі студэнтамі-першакурснікамі, будучымі настаўнікамі, я спытаў у даволі шматлікай аўдыторыі: ці ведае хто-небудзь імя і прозвішча ленінградскай школьніцы, Героя Савецкага Саюза, якая ўлетку 1941-га прыехала на Віцебшчыну да бабулі ў вёску ля станцыі Обаль, актыўна ўдзельнічала ў камсамольска-маладзёжным падполлі, гераічна загінула ад рук фашысцкіх катаў. На вялікі жаль, не адказаў ніхто. Сумнае і горкае гэта маўчанне. А яго не павінна быць».

Будучым настаўнікам пісьменнік задаваў пытанне пра Зіну Партнову (1926—1944), члена падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі «Юныя мсціўцы». Раман «Обаль» ён прысвяціў «Юным змагарам Прыдзвіння, якія загінулі ў барацьбе за волю сваёй Бацькаўшчыны». На думку Алеся Савіцкага, фэйкі пра гісторыю Беларусі, яе мужную старонку змагання з акупантам добра разлічаны, прычым у гэтым прасочваецца пэўная планамернасць і заканамернасць:

«Фальсіфікуецца гісторыя вайны, апраўдваюцца-абяляюцца гітлераўскія прыхвасні. А што робіцца ў Эстоніі, Латвіі, ва Украіне... На жаль, і ў Беларусі не абыходзіцца без мярзотнасці. Адна так званая «незалежная» (відаць, ад праўды?) газета надрукавала матэрыял пад загалоўкам «Сытый партизан — голодный народ». Знайшлі чалавека, які расказвае: партызаны былі сытыя, бо забралі ў народа ўсё. Потым яшчэ ганебная публікацыя — пра ролю жанчыны ў партызанскім руху... Выхопліваць па-за кантэкстам асобныя «факцікі» і на іх падставе спрабуюць перапісаць гісторыю».

«Калі льюць бруд на жанчын, якія ваявалі, ува мне ўсё пратэстуе»

«У нашым атрадзе было дзве медсястры — Каця Канцыял і Каця Несан. А што такое партызанскі санінструктар? Гэта палявы шпіталь, які месціцца ў звычайнай сумачцы, перакінутай праз плячо. Гэта ўжо потым, у 1943 годзе, калі ў ворага былі адваяваны велізарныя тэрыторыі, працавалі партызанскія шпіталі, кожную ноч садзіліся самалёты на партызанскія аэрадромы, вывозілі параненых на «вялікую зямлю»... Помню, Івану Лемешу ў баі прастрэлілі нагу разрыўной куляй, і ноччу якраз сеў самалёт. Хлопца вывезлі, уратавалі жыццё. Пасля вайны ён вярнуўся ў Полацк, працаваў у журналістыцы. Дажыў да 82 гадоў. Напрыканцы вайны меддапамога была больш-менш наладжана, а напачатку ўсё гэта клалася на плечы дзвюх маладзенькіх дзяўчат. Каця Несан загінула пры прарыве страшнай блакады летам 1944-га, непадалёк ад Ушач. Яна была паранена — і прасіла адно: пакінуць ёй пару гранат».

«І партызаны пакінулі яе, параненую, з гранатамі?» — спытала пісьменніка.

«Так. Брыгада ішла на прарыў, разумееце?.. Была страшная калатнеча, там загінула вельмі многа людзей. І аператар Марыя Сухава, якая здымала прарыў, таксама гераічна загінула. Калі льюць бруд на жанчын, якія ваявалі, — ува мне ўсё пратэстуе. Бо гэта з той жа «арыі абалваньвання». Як і хлусня пра партызан-забойцаў. Немцы стваралі лжэпартызанскія атрады — вы думаеце, гэта проста так было зроблена? У лжэпартызанскіх атрадах былі здраднікі, вышкаленыя галаварэзы, адпетыя бандзюгі, ворагі Беларусі — выдатна падрыхтаваныя, вымуштраваныя, вельмі добра ўзброеныя. І самае страшнае — што яны былі забяспечаны бездакорнымі дакументамі. У адной з вёсак, помню, расказвалі, што адбывалася напярэдадні: 12 чалавек у савецкай вайсковай форме рабавалі, гвалтавалі, што толькі не вытваралі. Гэта варожая спецгрупа пакінула крывавы след. Падобных лжэпартызанаў было нямала. І з імі цяжка было змагацца. Будзем прама гаварыць: рыхтавалі падобныя правакацыі не дурныя людзі. Іх мэта перш за ўсё прапагандысцкая: зняславіць партызанскую вайну... Гаварыць пра нейкае марадзёрства, напрыклад, у зоне нашай брыгады (Полаччына) проста смешна: там кожная вёска навідавоку, у кожным населеным пункце — падпольныя групы. А з якой нянавісцю ставіўся народ да нямецкіх памагатых. Нашыўка паліцэйскага на рукаве — гэта прысуд».

Ордэн Славы «знайшоўся»... праз 55 гадоў

Калісьці спытала Алеся Ануфрыевіча: дзе больш складана было — у партызанах ці ў дзеючай арміі?«Пры ўсіх страхоццях ваеннага франтавога жыцця ўсё-такі там было лягчэй. Бо ты адчуваў, што за тваёй спінай — франтавы шпіталь, магутнасць арміі... Пасля злучэння з часцямі Савецкай Арміі мы, партызанская моладзь, папоўнілі 3-і механізаваны Сталінградскі танкавы корпус. Я трапіў у 9-ю гвардзейскую брыгаду дэсантнікаў. Дайшлі да Шаўляя, там увосень 1944-га была такая страшная калатнеча... Мяне параніла — трэці раз за вайну (да гэтага два разы ў партызанах). Пасля шпіталю ў Арэнбургу трапіў на фронт ужо пад зімовае наступленне: Варшава, Гдыня... Вайну скончыў у Берліне».

«Алесь Ануфрыевіч, Вы сапраўды пакінулі аўтограф на Рэйхстагу ці гэта метафара?»

«Ну, якая метафара?! Сапраўды — распісаўся. У мяне ёсць медаль «За ўзяцце Берліна».

«А партызанскія ўзнагароды?»

«У 1942 годзе атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Ужо пазней былі ордэны Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», Францыска Скарыны... Самае цікавае, што доўгі час не ведаў аб узнагародзе за баі пад Шаўляем. Прайшло 55 гадоў. Аднойчы раздаецца тэлефонны званок: «Гэта з ваенкамата. Мы знайшлі наградныя дакументы — у 1944 годзе вы былі ўзнагароджаны ордэнам Славы». Думаю: хто ж гэта з нашых хлопцаў-пісьменнікаў мяне разыгрывае? Каб падтрымаць жарт, пытаюся: «І многа нас?». У адказ: «Не, з ордэнам вы адзін. Яшчэ адзін з медалём».

«Вы на самай справе падумалі, што гэта розыгрыш?»

«Абсалютна! Аказалася, прыйшоў новы ваенкам, даслалі запыт у архіў — і там знайшлі дакументы аб узнагароджанні. Атрымаў ордэн Славы праз 55 гадоў, у 1999-м... Але ўсё аддаў бы, каб паўсталі адтуль, з нябыту, з магіл, усе мае хлопцы: Фёдар Кулеш, Генадзь Прылоўскі, Коля Паўлаў... Можа, свет быў бы іншым, калі б жылі тыя мільёны, якія ляглі ў зямлю. Яны, можа, напісалі б лепшыя песні і лепшыя кнігі; можа, яны б зрабілі адкрыцці, якія здзівілі б свет...»

«Мая куля дасталася сябру»

Перш чым стаць пісьменнікам, Алесь Савіцкі быў журналістам. Пачаў друкавацца ў 1943 годзе, у ветрынскай падпольнай газеце «Чырвоная звязда». Па зразумелых прычынах заметкі падпісваў: Саша С., кам. падрыўгрупы.

Алесь Ануфрыевіч пакінуў мне на памяць ксеракопію нумара 5 (791) газеты за 7 лістапада 1943 года, дзе апублікавана яго заметка «Клятва падрыўнікоў». Вось цытата: «Двое сутак група ляжала ля чыгункі, выглядаючы, дзе і калі праходзяць патрулі, дзе бываюць нямецкія засады (...) За кастрычнік намі ўзарвана 550 м тэлеграфнай сувязі, узарваны чыгуначны мост даўжынёю 9 м, спалена два шасейных масты, абстраляны тры эшалоны з жывой сілай, выведзена са строю два паравозы, падбіта маторная дразіна. За адзін месяц група мае на сваім рахунку 42 забітых немцы».

А самы першы твор Алеся Савіцкага быў змешчаны ў партызанскай насценгазеце: «Я напісаў верш на смерць майго сябра Колі Паўлава. Ён шкаляр, як і я. Масквіч, пайшоў у народнае апалчэнне разам з бацькам. Сын быў кантужаны, бацька — паранены. Абодва трапілі ў палон. Бацька сканаў ад ран. Коля яго пахаваў і ўцёк з палону. Далучыўся да нашага атрада. Ён быў у маёй падрыўной групе. Аднойчы групу на заданне пад Загацце павёў не я, а Паўлаў. Бо выпаў першы снег, а ў мяне валёнкі былі не падбітыя, прамакалі... Усё сваё жыццё я жыву з думкай пра тое, што калі б я пайшоў пад Загацце ў той лістападаўскі вечар... Гэтая мая куля дасталася Паўлаву, маю смерць ён узяў на сябе... Пахавалі яго ў Бабынічах. Быў сонечны дзень, уся вёска высыпала на вуліцу. Камісар атрада Іван Іванавіч Стрыкель загадаў пахаваць Колю Паўлава на кветкавай клумбе каля бальніцы. Пасля вайны яго перанеслі на пагорак, там прыгожы манумент... Тады ж мы напісалі Колевай маці — чарнавік пісьма захоўваецца ў Нацыянальным архіве. А колькі іх, такіх маладзенькіх, загінула. Якая цана заплачана за сённяшняе жыццё...»

Алесь Савіцкі пакінуў і копію насценгазеты «Боевой листок» № 5 ад 4 верасня 1943 года — гэта орган партыйна-камсамольскай групы 1-га ўзвода атрада «Бальшавік». Насценгазета ўтрымлівае чатыры заметкі. Тэкст, малюнкі — усё ад рукі...

І яшчэ цікавая дэталь. Калі наведвалі баявую сяброўку пісьменніка, былую партызанку, мінёра-падрыўніка Алену Нікадзімаўну Пігулеўскую ў Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах, Алесь Ануфрыевіч пазнаёміўся з жанчынай, якую доўгі час ведаў «завочна». Былая стэнаграфістка газеты «Звязда» Ніна Іванаўна Казармшчыкава працавала ў рэдакцыі з 1946 па 1980 гады. У канцы 40-х — пачатку 50-х не было ніякай тэхнікі, аператыўная інфармацыя з рэгіёнаў перадавалася па тэлефоне стэнаграфістцы. Адным з актыўных пазаштатных аўтараў «Звязды» быў полацкі журналіст Алесь Савіцкі. Яны кантактавалі па тэлефоне, а пазнаёміліся асабіста толькі праз 60 гадоў...

Алесь Ануфрыевіч заўсёды ахвотна сустракаўся са школьнікамі, студэнтамі, вайскоўцамі. Тлумачыў: «Пакуль мы, ветэраны, жывыя — мы павінны расказваць. Каб моладзь ведала: за яе жыццё заплачана кроўю мільёнаў. Новыя пакаленні, як бы яны ні жылі, усё роўна шчаслівыя людзі: у іх будуць дзеці, унукі, праўнукі, каханыя жанчыны — усё будзе. А ў тых, што ляглі ў 18-20 гадоў у зямлю, абараняючы яе, — у іх нічога не будзе. Ніколі... Пакуль я жывы, буду маліцца — я, стары атэіст закажанелы! — буду прасіць Неба, каб ніколі новыя пакаленні не зведалі гэтага страхоцця, гэтай вайны, гэтай бяды».

Таццяна ПАДАЛЯК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».