Вы тут

Алена Руцкая. «Вечар успамінаў»


Алена Руцкая — педагог з амаль паўвекавым стажам, заслужаны настаўнік Беларусі. Нарадзілася на Шчучыншчыне. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працуючы дацэнтам кафедры беларускай літаратуры (цяпер — кафедра беларускай філалогіі) ГрДУ імя Янкі Купалы, не аднаму пакаленню студэнтаў дапамагла адшукаць сваю прафесійную сцяжыну. Мае ў актыве дзясяткі навуковых работ, навукова-метадычных дапаможнікаў. Акрамя гэтага, Алена Руцкая — аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі нарысаў-эсэ «Памятныя сустрэчы», іншых мастацкіх твораў. Жыве ў Гродне.

Апавяданне, якое пісьменніца прапануе на конкурс «Звязды», расказвае пра сустрэчу выпускнікоў. Натуральна, што ў такія вечары шмат чаго ўспамінаецца былым аднакласнікам. Але адзін эпізод з дзяцінства — асаблівы. Ён стаўся для школьнікаў самым важным жыццёвым урокам — урокам памяці...

Алена БРАВА


За акном дырэктарскага кабінета кружыў снежную каламуць разгульны лютаўскі вецер.

— Бачыце, Ганна Пятроўна, што на вуліцы робіцца, а вы хацелі ісці на аўтобусны прыпынак. Замяло б. А так Іван Антонавіч зачыніць майстэрню і адвязе нас да самых пад’ездаў, — кіўнуўшы ў бок акна, сказаў гаспадар кабінета.

Маладая жанчына таксама перавяла позірк на акно, але адказаць не паспела — у дзверы далікатна пастукалі.

— Нешта Іван Антонавіч культуру ўварвання павысіў, — пажартаваў дырэктар і гукнуў: — Заходзь! Зачакаліся ўжо.

Дзверы расчыніліся. Высокі, плячысты мужчына неяк нерашуча для яго памераў, як школьнік, застыў на парозе. Дырэктар сумеўся, што ўбачыў не таго, каго чакаў, пільна ўгледзеўся ў твар госця і выгукнуў:

— Бароўскі! Ты?

Наведвальнік, якому, нібы ў дзіцячай гульні, скамандавалі «адамры», радасна рушыў да стала, працягнуў дырэктару руку:

— Алег Васільевіч, пазналі мяне. Я рады...

— Ага. Забудзеш цябе, — дырэктар шчыра паціснуў працягнутую руку. — Сядай, расказвай, дзе ты зараз. Гэта ж колькі гадоў, як ты школу скончыў?

— Дванаццаць. Я пасля тэхнікума адразу ў армію пайшоў — пагранічнікам. Калі адслужыў, прапанавалі застацца. Адмовіўся. Развітаўся з сябрамі, з Борам. Гэта сабака мой. Яго нават жартам называлі — Бароўскі Бор. Калі адыходзіў, пачуў, як ён жаласна заскуголіў. Павярнуўся, а ён ляжыць, пысу ў лапы ўваткнуўшы, і з прыплюшчаных вачэй, падалося, выкаціліся буйныя слязіны... Так і вырашыў застацца. Толькі ў водпуск дамоў з’ездзіў. Вось, — мужчына выцягнуў з унутранай кішэні вокладку ад блакнота, а з яе — стары фотаздымак, на якім радасны юнак застыў з разведзенымі для абдымкаў рукамі, а перад ім — вялікая аўчарка ў скачку з раскінутымі гэтак жа лапамі, нібы хоча хлопца абняць.

— Так што працягваю служыць, — закончыў аповед Бароўскі.

Памаўчалі. Дырэктар сур’ёзна глянуў на былога вучня і пашкадаваў:

— Што ж ты, Косця, так позна зайшоў? Сустрэўся б з настаўнікамі, ды і хлопцам-старшакласнікам карысна было б цябе паслухаць.

— То я ж і прыйшоў папрасіць, вось каб нам вечар сустрэчы наладзіць...

— Ой, як шкада, — перабіла яго Ганна Пятроўна. — Мы тыдзень назад вечар правялі. Стараліся, каб і пад студэнцкія канікулы падладзіцца.

— Нічога, — рашуча падключыўся дырэктар. — Ты хоць заўтра прыходзь. Мы табе сустрэчу наладзім і з настаўнікамі, і з вучнямі.

Бароўскі апусціў галаву і няўпэўнена прамовіў:

— Можна, канешне, Алег Васільевіч, але я не пра гэта. Нас тут старых выпускнікоў дзясяткі са тры сабралася. Хто тут жыве, а хто, як я, прыехалі. Вось хацелі, можа, проста ў класе пасядзець, пагаварыць, паўспамінаць школьныя гады. Нашых настаўнікаў, казалі, яшчэ нямала працуе...

— Я цябе зразумеў, — перапыніў дырэктар. — На гэтую суботу падыходзіць?

— Канешне, канешне. Дзякуй!

Госць, задаволены, усхапіўся з крэсла, і ў гэты момант у кабінет паважна ўплыў Іван Антонавіч і прыжмурыўся, разглядаючы незнаёмца. Праз імгненне твар яго асвятліўся радасным здзіўленнем:

— Косцік?!

Настаўнік крыху саступаў былому вучню ў росце, але быў такі ж здаравяка. Ён ухапіў Бароўскага за плечы і захоплена прыгаворваў:

— Ну ты, Косцік, ну ты, хвойнік-ельнік, такі вымахаў, цяпер бы пад вярстак ад класнай не схаваўся! Не ладзіў ты з яе хіміяй, а вось мне першым памочнікам быў...

Кранальна было глядзець на гэтых рослых і дужых мужчын. У чуллівай Ганны Пятроўны павільгатнелі вочы.

А праз тры дні яна дзелавіта аглядала клас, дзе ўсё было падрыхтавана, як сказаў Косця Бароўскі, для «старых» выпускнікоў. Вучнёўскія сталы і крэслы каля іх былі расстаўлены паўкругам, каб усім было бачна ўсіх. На сталах прынесеныя настаўніцамі кубачкі, чайнічкі і талерачкі з цукеркамі і печывам. Перад дошкай, на падстаўцы для кніг, прымацавалі старыя фотаздымкі.

Маладзенькая настаўніца ўбегла ў клас і весела зашчабятала:

— Ой, папрыходзілі такія сталыя дзядзькі і цёткі, разбрыліся па ўсёй школе... Як мы іх і пазбіраем?

— Пазбіраем. Ёсць спосаб, — уваходзячы ў клас, азваўся дырэктар. У руцэ ён трымаў медны школьны званок. Прыпыніўся каля фотаздымкаў, пільна ўгледзеўся ў адзін, зжаўцелы ад часу. На ім яшчэ добра можна было разгледзець мужчын у строгіх, моды пяцідзясятых гадоў, шыракаватых касцюмах, з такімі ж строгімі тварамі, амаль падобнымі прычоскамі. Выбіваўся з гэтай групы адзін. Высокі, крыху прыгорблены, ён стаяў з краю, чуць бокам, і хаця яго вопратка была такая ж, як у іншых, але сядзела неяк больш ладна. Ды і выглядаў ён раскавана: крысо пінжака па-заліхвацку адхінута, рука ў кішэні, нібы толькі падышоў і яшчэ не ўсвядоміў, што іх ужо фатаграфуюць і вось-вось павінна вылецець славутая «пцічка».

— А гэта што за здымак? — пацікавіўся дырэктар.

Маладзенькая настаўніца з ахвотай патлумачыла, тыцнуўшы пальчыкам у сярэдзіну здымка:

— Гэта мой дзядуля, ён у нашай школе працаваў. Даўно. Вы, мабыць, тады ў малодшых класах былі... Ой, ды вы ж і не ў нашай школе вучыліся. У вас, пэўна, мог вось гэты выкладаць, — яна перавяла палец на таго, высокага. — Тут гісторыкі і географы. Мой дзядуля быў гісторык. І гэты...

— А гэты выкладаў геаграфію, ён быў маім настаўнікам, таму і я... — нейкім глухаватым голасам прамовіў Алег Васільевіч. Зняў з палічкі здымак, доўга ўглядаўся, павольна паставіў назад, хітнуў галавой, нібы адганяючы сумныя думкі, і сказаў: — Дык што? Давайце пачынаць?

Маладая памочніца жвава падхапіла са стала званок, і яго чысты, залівісты голас вясёлым рэхам пакаціўся па калідорах.

Ганна Пятроўна заўважыла перамену ў настроі дырэктара, памкнулася запытацца, але ў клас зайшлі вучні, прызначаныя прывітаць гасцей некалькімі музычнымі нумарамі. Алег Васільевіч аджартаваўся, што канцэртаў доўгіх не трэба, — хацелі сустрэцца, пасядзець, пагаварыць, то няхай і пасядзяць, і пагавораць. Ганна Пятроўна, якую дырэктар з лагоднай іроніяй называў «ворагам імправізацыі», усё ж падстрахавалася: разведала тое-сёе пра тых, хто меўся прыйсці, склала план, падрыхтавала пытанні. Цяпер яна расклала на стале паперы, але Алег Васільевіч адсунуў яе «прэзідыум» убок.

— Атрымалася дэмакратычная падкова, — ухваліў Іван Антонавіч, агледзеўшыся і падсабіўшы дырэктару ссунуць стол з сярэдзіны крыху да акна. Ён якраз першым увайшоў у клас з Бароўскім і яго былой класнай. За імі падцягнуліся астатнія, расселіся, залучыўшы за сталы сваіх настаўнікаў.

Ганна Пятроўна крыху разгубілася, але Алег Васільевіч сам хораша павітаў «старых» выпускнікоў, прадставіў яе, прысланую завучам нядаўна, і маладзенькую настаўніцу. Не паспеў ён вымавіць: «Вы яе перараслі і не ведаеце», як азвалася жанчына з-за першага стала:

— Я дык добра ведаю. Мая дачка ў яе ў першым класе. Толькі і чую, якая Юлечка Юльянаўна ў іх цудоўная...

— А я Юлю яшчэ дашкаляткай памятаю. Яе дзядуля ў нас, калі з’ехала гістарыца, цэлую чвэрць гісторыю выкладаў. І бывала, калі малую не было з кім пакінуць, прыводзіў у школу. Пару разоў на ўрок прашчымлівалася, то ён садзіў яе да мяне за апошнюю парту. Так што мы з Юляй Юльянаўнай за адной партай сядзелі, — весела паведаміў салідны мужчына і спытаў, ці памятае яна, як прасіла дзядулю паставіць яму двойку. І не чакаючы адказу, распавёў, як маляваў па яе просьбе кветачкі з матылькамі, стракозкамі і пчолкамі, а пасля па сваёй хлапечай ініцыятыве намаляваў каля гэтай мілоты вялікі гусенічны трактар, які бачыў у дзядулі ў калгасе. Ён так захапіўся сваім жывапісам, што не адразу зразумеў, чаму малая зашмыгала носам, а пасля голасна зарумзала, што трактар на ўсё наедзе і ўсіх перадушыць. Вырвала ў яго з-пад рук малюнак і панеслася да настаўніцкага стала. Яе дзядуля хутка зарыентаваўся і выправіў сітуацыю, адарваўшы кавалак ліста з трактарам. Малая ўзрадавана падхапіла свой уратаваны кавалак, а пасля гнеўна запатрабавала паставіць крыўдзіцелю двойку.

Пасмяяліся, згадалі старога гісторыка, аматара краязнаўства і паходаў, вясёлыя здарэнні. Успаміны прылучалі ўсіх да агульнай размовы, жартаў. І смех ускалыхваўся раз-пораз, як гэта бывае, калі перапаўняюць светлыя пачуцці і хочацца ўсміхацца, смяяцца проста таму, што так хораша і табе, і тым, хто поруч з табой.

Ганна Пятроўна перастала церабіць свае паперкі, але яе ўсё ж вярэдзіла адчуванне нейкай непрылучанасці да гэтых людзей, да іх успамінаў. Шкада было задумак, якія так і застануцца на гэтых лістках. Яна зірнула на дырэктара: той, адкінуўшыся на спінку крэсла, з усмешкай глядзеў на прысутных. У чарговы раз пазайздросціла яго ўменню «трымаць твар». Для яе дзейснай натуры такі зацішак не падыходзіў. Адсачыўшы невялічкую паўзу ў размове, яна папрасіла скіраваць увагу на прысмакі пад музычнае прывітанне ад вучняў. Атрымалася і дарэчна, і хораша. Але пасля здарылася вядомая ўсім з дзяцінства сітуацыя: калі толькі разгуляліся і так цудоўна ладзілася гульня, але паклікалі паесці, усе разбегліся, пасля вярнуліся... А гульня ўжо не клеіцца — страціўся яе настрой і натуральны рух.

Вось і тут раздзялілася агульная плынь, групкі за столікамі распачалі свае размовы. Юлія Юльянаўна неяк непрыкметна перамясцілася да стала, дзе сядзеў яе «жывапісец»; яны размаўлялі, і ён маляваў нешта на сурвэтцы пад вясёлыя каментары сваіх застольнікаў.

Ганна Пятроўна пацягнулася да сваіх паперак, спадзеючыся знайсці спосаб наладзіць хоць якую згуртаванасць, як раптам з агульнай прыцішанай гаворкі вылучыўся голас Косці Бароўскага:

— Шкада, што Ніны Паўлаўны няма, вось ружы яе любімыя, барвовыя... і лішні раз павінаваціўся б, што хоць і не наўмысна, але наш выпускны ранішнік у чацвёртым класе падпсаваў.

— Ды даўно яна на цябе не крыўдуе, — супакоіла класная.

— А што? Што адбылося? — зацікавіўся хтосьці, а дасведчаныя ўспомнілі і пасміхаліся, відаць, прыкладваючы ў сваім уяўленні гэтага плячыстага мужчыну да таго разгубленага нескладзёнка на ранішніку.

— Ды ніякага злога намеру ў мяне не было. Каго вучыла Ніна Паўлаўна, добра ведаюць, якая яна патрабавальная. Усё павінна было выконвацца бездакорна, ад кропачкі да кропачкі. Вось і выпускны ранішнік на заканчэнне чацвёртага класа яна хацела зрабіць самым-самым. На рэпетыцыях мы да моташнасці паўтаралі радкі вершаў, так што пазапаміналі не толькі свае кавалкі, а амаль усё. З-за гэтага я і разваліў выступленне. На ранішніку... хто быў, то памятаеце, што сталася.

— Ты дуэтам з кожным з вашай шарэнгі ўзяўся ўвесь літмантаж чытаць, таму і пазбіваліся. Такі гармідар утварылі, — весела ўзгадаў Іван Антонавіч.

— А мы ад яе сур’ёзны ўрок атрымалі, — азвалася жанчына з-за суседняга століка.

— Яна ж вас не вучыла, — запярэчыў Бароўскі.

— У тым та і справа. Мы тады парадкавалі мясціну каля помніка, за чыгункай, дзе фашысты расстрэльвалі палонных салдат, а пасля і вязняў гета. З намі пайшла Ніна Паўлаўна, бо ў класнай захварэла дзіця. Прыбіралі, сорам прызнацца, абы з рук. Хлопцы раздурэліся, ведама ж — не свой настаўнік. Ніна Паўлаўна папрасіла нас пастроіцца паўкругам перад помнікам. Цярпліва чакала, пакуль мы, штурхаючыся, утварылі нейкае падабенства дугі з пятнаццаці чалавек, бо класная абачліва паслала толькі палову класа.

— Мне, — перахапіў гаворку сусед апавядальніцы, — сказала палічыць нас і прачытаць надпіс на невялікім абеліску. Там была лічба амаль у сто разоў большая. Калі настаўніца папрасіла ўявіць гэтулькі людзей перад сабой, наш гурт сцішыўся. Здалёку даляцеў трывожны гудок паравоза, і падалося, як кулямётнай чаргой, прагрукаталі колы праз чыгуначны мост. Як скамянелыя, стаялі мы, усвядоміўшы, што тут адбывалася. Што доўгі, агароджаны нізкім плоцікам прамавугольнік за абеліскам не проста кавалак узлеску — гэта апошні прыстанак тых людзей. Столькі іх тут, у гэтай зямлі... Моўчкі ўзяліся за граблі і венікі. Прыбралі ўсё да апошняй смецінкі. А пасля дамовіліся сабрацца тут разам у нядзелю, насадзіць кветак. Так і зрабілі. Пасля сядзелі на ўзгорку, пад соснамі, смажылі над кастром кавалачкі сала і хлеба — Ніна Паўлаўна прынесла. І было такое шчымліва светлае пачуццё ад зробленага ў знак памяці, ад цеплыні кастра, ад невыказнай смакаты падсмаленага хлеба...

На хвіліну запанавала цішыня.

— А мы былі там з вамі, Іван Антонавіч, — парушыў маўчанне Бароўскі, і новая хваля ўспамінаў лагодным гулам зноў напоўніла клас.

Алена РУЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.