Вы тут

Мінулы год быў вельмі цёплым і досыць вільготным


Як адзначыла начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу фонду даных Белгідрамета Вольга Бакланава, тэмпературны фон на працягу ўсяго 2023 года на тэрыторыі нашай краіны адзначаўся вышэйшы за норму і сярэднегадавая тэмпература паветра склала 8,7 градуса. Гэты год заняў 3 месца ў ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага да халоднага года за ўсю гісторыю метэаназіранняў і 11 месца ад самага вільготнага да самага сухога, нягледзячы на дэфіцыт ападкаў у асобныя месяцы.


Самая вільготная і нармальна цёплая зіма

Сярэдняя тэмпература паветра зімовага сезона 2022/2023 гадоў склала мінус 1,6 градуса, што на 1,8 градуса вышэй за кліматычную норму. Мінулы зімовы сезон заняў 9 месца па цеплыні, пачынаючы з 1881 года.

Максімальнага значэння (плюс 16,4 градусаў) тэмпература паветра мінулай зімой дасягнула днём 1 студзеня 2023 года на станцыі Высокае. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Езярышча 23 лютага і склала мінус 27,7 градуса.

За зіму ў сярэднім па краіне выпала 187 міліметраў ападкаў, што складае 152% кліматычнай нормы за сезон. Зімовы сезон мінулага года заняў першае месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага вільготнага да самага сухога сезона, пачынаючы з 1945 года.

Халодны і засушлівы май

Сярэдняя тэмпература паветра вясновага сезона мінулага года склала плюс 8,2 градуса, што на 0,9 градуса вышэй за кліматычную норму. Тэмпературны рэжым вясновага сезона быў неаднародным: сярэдняя тэмпература сакавіка і красавіка была вышэйшай за норму (на плюс 1,9 і плюс 1 градус адпаведна). Май быў халодным з адмоўнай анамаліяй, роўнай мінус 0,4 градуса.

Устойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз нуль у бок павышэння (заканчэнне зімы — пачатак вясны ў кліматалогіі) адбыўся па захадзе і паўднёвым захадзе краіны 9–14 студзеня, на паўтара месяца раней за звычайныя тэрміны, а на крайнім паўднёвым захадзе яшчэ ў канцы снежня 2022 года. Па поўдні і крайнім паўднёвым усходзе краіны — у другой-трэцяй дэкадах лютага на тыдзень-два ранней за норму. Па астатняй тэрыторыі краіны — 11–14 сакавіка — у тэрміны, блізкія да звычайных.

За вясну ў сярэднім па краіне выпаў 121 міліметр ападкаў, што складае 86% кліматычнай нормы за сезон.

На працягу ўсёй вясны на тэрыторыі Беларусі ападкі выпадалі нераўнамерна. Залішняе ўвільгатненне адзначалася ў сакавіку (выпала 184% ад нормы). Гэты мясяц 2023 года заняў 3 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага вільготнага да самага сухога, пачынаючы з 1945 года. На станцыях Езярышча, Віцебск, Лепель, Сянно, Касцюковічы і Мазыр быў перавышаны гістарычны максімум сумы ападкаў за месяц.

Самы істотны недабор ападкаў назіраўся ў маі, калі выпала 12 міліметраў, ці 19% нормы. Май мінулага года стаў самым засушлівым. Папярэдні рэкорд быў адзначаны ў 1971 годзе (26 міліметраў). Акрамя таго, у гэтым месяцы, на большай частцы тэрыторыі краіны былі перавышаныя гістарычныя мінімумы сум ападкаў.

Максімальнага значэння (плюс 28,9 градуса) тэмпература паветра дасягнула 26 мая на станцыі Лельчыцы, а самая нізкая тэмпература паветра за сезон адзначана на станцыі Езярышча 10 сакавіка і склала мінус 23,7 градуса.

Два тыдні невыноснай спякоты ў жніўні

Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон года склала плюс 19 градусаў, што на 1 градус вышэй за кліматычную норму. Мінулае лета заняло 8-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезона, пачынаючы з 1881 года.

За лета-2023 адзначана ад 26 да 48 гарачых дзён (з тэмпературай плюс 25 градусаў і вышэй) пры норме 29–59 дзён і ад 2 да 20 вельмі гарачых дзён (з тэмпературай плюс 30 градусаў і вышэй) пры норме 1–13 дзён.

З 15 па 25 чэрвеня была адзначана інтэнсіўная хваля цяпла на большай частцы тэрыторыі краіны, за выключэннем паўднёва-заходніх раёнаў. У чэрвені таксама назіралася ад аднаго да пяці дзён з максімальнай тэмпературай паветра плюс 30 градусаў і больш пры норме для дадзенага месяца 1–3 дня.

Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за жнівень склала плюс 20,7 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 2,7 градуса. Жнівень 2023 года заняў 2 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года.

У жніўні назіралася некалькі хваляў цяпла, самая інтэнсіўная была адзначана з 13 па 21 чысла. У жніўні таксама было зарэгістравана ад 2 да 13 дзён з максімальнай тэмпературай паветра плюс 30 градусаў і вышэй. Таксама ў асобныя суткі на многіх станцыях назіраліся трапічныя ночы (мінімальная тэмпература паветра за ноч складала плюс 20 градусаў і больш).

Максімальная тэмпература паветра летняга сезона (плюс 34,5 градуса) адзначана 6 жніўня на станцыі Лельчыцы, а мінімальная — была зарэгістраваная на станцыі Палеская 4 чэрвеня ўначы і склала мінус 1,1 градус.

З 1 па 27 чэрвеня месцамі па краіне, а ў перыяд з 1 па 9 чэрвеня ў многіх раёнах Гомельскай вобласці, на большай частцы тэрыторыі Мінскай вобласці з 4 па 19 чэрвеня і з 6 па 9 чэрвеня ў большасці раёнаў Магілёўскай вобласці назіралася надзвычайная пажарная небяспека (5 клас узгаральнасці).

Дажджы ў летні перыяд у асноўным насілі кароткачасовы, у асобныя дні ліўневы характар. У некаторых раёнах моцныя дажджы дасягалі крытэрыяў небяспечнай з’явы. Вельмі моцны дождж адзначаўся днём 25 ліпеня на метэастанцыі Полацк, тады колькасць ападкаў склала 52 міліметры, ноччу 26 ліпеня на метэастанцыі Бабруйск — 55 міліметраў, а днём 27 ліпеня ў раёне аўтаматычнай метэаралагічнай станцыі Вялікі Межнік было зафіксавана 80 міліметраў. Найбольшая сума ападкаў зарэгістравана днём 27 ліпеня на метэастанцыі Орша — 117 міліметраў, што складае 143% ад месячнай нормы ападкаў.

Верасень стаў чацвёртым месяцам лета

Тэмпература паветра за восеньскі сезон мінулага года была на 1,7 градуса вышэйшай за кліматычную норму і склала плюс 8,7 градуса. Восень бягучага года заняла пятае месца па цяпле, пачынаючы з 1881 года.

Больш за ўсіх адзначыўся, гэтым разам, першы месяц восені. Тэмпература паветра за верасень 2023 года склала плюс 16,2 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 3,5 градуса. Мінулы верасень заняў першае месца як самы цёплы месяц, пачынаючы з 1945 года.

Характэрна, што тэмпература паветра днём на працягу месяца ў асноўным складала ад 20 да 27 градусаў. Максімальнага значэння (плюс 29,2 градуса) тэмпература паветра дасягнула днём 13 верасня на станцыях Брэст і Пружаны.

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за кастрычнік склала 8 градусаў цяпла, што вышэй за кліматычную норму на 1,2 градуса. Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за лістапад склала плюс 1,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 0,3 градуса. З 17–20 лістапада тэмпература перайшла праз нуль у бок паніжэння, што адзначыла пачатак кліматычнай зімы.

За восеньскі сезон у нашай краіне выпала 189 міліметраў ападкаў, што складае 123% кліматычнай нормы. Восень мінулага года ўвайшла ў 20 самых вільготных сезонаў, пачынаючы з 1945 года, заняўшы 18 месца.

Верасень быў сухі. За першы восеньскі месяц выпала ўсяго толькі 20 міліметраў ападкаў, што склала 38% кліматычнай нормы. Верасень заняў 3 месца як самы сухі месяц, пачынаючы з 1945 года. На станцыях Езярышча, Орша і Бабруйск быў абноўлены гістарычны месячны мінімум сумы ападкаў у гэтым месяцы.

А вось за кастрычнік выпала 83 міліметры ападкаў, што склала 153% кліматычнай нормы. Але самым вільготным месяцам стаў лістапад, калі выпала 86 міліметраў ападкаў, што склала двайную кліматычную норму.

Снежныя Езярышча і Жыткавічы, ветраная Орша

З другой паловы трэцяй дэкады лістапада ўсталявалася снежнае покрыва, вышынёй на апошні дзень месяца ад аднаго сантыметра ў Пружанах да 39 сантыметраў у Езярышчы, толькі на станцыі Гродна снежнае покрыва адсутнічала. Звычайна ўстойлівае снежнае покрыва ў Беларусі фарміруецца, у асноўным, у другой дэкадзе снежня.

Таксама 3 снежня ў раёне метэастанцыі Жыткавічы назіраўся вельмі моцны снег. Колькасць ападкаў склала 23 міліметры за дзень.

На працягу года па тэрыторыі краіны адзначалася ўзмацненне ветру парывамі да 15 м/с і больш, а месцамі хуткасць ветру дасягала крытэрыю небяспечнай з’явы. Максімальная хуткасць ветру зарэгістраваная 7 жніўня на станцыі Орша і склала 36 м/с.

Сочым за паветрам практычна пастаянна

Маніторынг паветра праводзіцца ў 19 прамысловых гарадах краіны, уключаючы абласныя цэнтры, а таксама гарады Полацк, Наваполацк, Орша, Бабруйск, Мазыр, Рэчыца, Светлагорск, Пінск, Жлобін, Ліда, Салігорск, Баранавічы і Барысаў, адзначыла начальнік службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Алена Мельнік.

Для ацэнкі стану атмасфернага паветра назіранні параўноўваюцца з гігіенічнымі нарматывамі, а таксама разлічваюцца індэксы якасці атмасфернага паветра.

Вынікі назіранняў маніторынгу атмасфернага паветра ў мінулым годзе дазваляюць зрабіць выснову, што агульная карціна стану атмасфернага паветра большасці прамысловых цэнтраў краіны дастаткова паспяховая. Аднак некаторыя праблемы з якасцю паветра ўсё ж існуюць.

Згодна з папярэдне разлічанымі значэннямі індэкса якасці атмасфернага паветра, узровень забруджвання паветра ў населеных пунктах, у якіх назіранні праводзяцца ў бесперапынным рэжыме, ацэньваецца, у асноўным, як вельмі добры, добры і ўмераны.

Доля перыядаў са здавальняючым, дрэнным і небяспечным ўзроўнямі забруджвання атмасфернага паветра была нязначная. Павелічэнне ўзроўню забруджвання атмасфернага паветра ў такія перыяды, у асноўным, абумоўлена неспрыяльнымі метэаралагічнымі ўмовамі, якія садзейнічалі назапашванню забруджвальных рэчываў у прыземным пласце паветра.

Так, напрыклад, найбольшая колькасць перавышэнняў нарматыву гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі (ГДК) па цвёрдых часціцах назіралася ў гарадах Гомель, Магілёў, Брэст і Жлобін. У Гомелі таксама сярэднегадавая канцэнтрацыя цвёрдых часціц, фракцыі памерам да 10 мкм, перавысіла гігіенічны нарматыў у 1,1 разы. У такіх гарадах, як Віцебск, Мінск, Наваполацк і Полацк, таксама адзначаліся перавышэнні сярэднясутачнай ГДК, аднак іх колькасць была нязначная. Варта адзначыць, што ў мэтах зніжэння ўтрымання ў паветры цвёрдых часціц у перыяды з дэфіцытам ападкаў, у гарадах праводзіцца работа з прыцягненнем камунальных службаў па дадатковым увільгатненні дарожнага палатна.

На паветры ў Жлобіне варта спыніцца асобна. Там існуе праблема высокага ўзроўню забруджвання паветра цвёрдымі часціцамі, фракцыі памерам да 2,5 мкм. Там зарэгістравана 43 дні з сярэднясутачнымі канцэнтрацыямі вышэй устаноўленага нарматыву. Пытанне стану атмасфернага паветра ў Жлобіне разглядалася на Адзіным дні інфармавання, дзе была акцэнтавана ўвага прамысловых прадпрыемстваў на неабходнасць зніжэння антрапагеннай нагрузкі на атмасфернае паветра.

Алена Мельнік адзначыла, што менавіта ў Жлобіне назіраецца станоўчая дынаміка зніжэння ўзроўню забруджвання цвёрдымі часціцамі. З мэтай паляпшэння якасці атмасфернага паветра на ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынгу «БМК» запланавана рэканструкцыя пылагазаачышчальнай ўстаноўкі на сталеплавільнай печы, якая забяспечыць зніжэнне выкідаў забруджвальных рэчываў.

Назіраўся таксама высокі ўзровень забруджвання паветра фармальдэгідам у некаторых гарадах у летні перыяд (найбольш высокае сярэдняе ўтрыманне фармальдэгіду адзначана ў паветры такіх гарадоў, як Брэст, Пінск, Полацк і Бабруйск). У агульнай складанасці ў 2023 годзе перавышэнні нарматыву ГДК па фармальдэгідзе зафіксаваныя ў паветры 12 гарадоў краіны.

Перавышэнні па іншых забруджвальных рэчывах насілі эпізадычны характар і фіксаваліся, у асноўным, пры неспрыяльных метэаралагічных умовах, якія садзейнічаюць назапашванню забруджвальных рэчываў у прыземным пласце паветра.

Узровень забруджвання паветра бензапірэнам, лятучымі арганічнымі злучэннямі, свінцом і кадміем у большасці гарадоў на працягу многіх гадоў захоўваецца стабільна нізкім.

У такіх гарадах, як Салігорск, Баранавічы, Барысаў, Ліда, Рэчыца і Светлагорск, перавышэнні гігіенічных нарматываў у 2023 годзе ўвогуле не фіксаваліся, адзначыла спецыяліст.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Хутка ў нас — як у тропіках?

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.