Вы тут

Якія сумесныя праекты рэалізуюцца беларускім бокам і Дзяржкарпарацыяй «Расатам»


Новыя прэпараты для ранняй дыягностыкі анказахворванняў, праграмны прадукт па розных кірунках лічбавага развіцця, выраб дэтэктараў іанізуючага выпраменьвання, будаўніцтва цэнтра тамаграфіі з цыклатронам, стварэнне цэнтра адзітыўных тэхналогій, праектаванне і выраб сістэм назапашвання энергіі, распрацоўка цягавых батарэй для электратранспарту — гэтыя і іншыя сумесныя праекты і распрацоўкі плануюцца і рэалізуюцца беларускім бокам і Дзяржкарпарацыяй «Расатам». Спецыялісты абедзвюх краін, якія расказалі пра «атамныя» здабыткі і планы, падкрэсліваюць прадукцыйнасць і карысць развіцця ўзаемаадносін Беларусі і Расіі ў галіне атамных неэнергетычных і неатамных праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы.


Энергія АЭС і даследчага рэактара

Беларусь, як і ўся сусветная супольнасць, сутыкаецца з глабальнымі выклікамі: змяненнем клімату, забруджваннем паветра; у медыцыне — дыягностыкай і лячэннем анкалагічных захворванняў; пытаннямі, звязанымі з нацыянальнай бяспекай, у тым ліку эканамічнай, энергетычнай і харчовай. Атамная энергетыка іграе ключавую ролю ў вырашэнні шэрагу праблем. Яна забяспечвае краіну электраэнергіяй і мінімізуе колькасць шкодных выкідаў, расказала Тамара Корбут, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны НАН Беларусі:

— Атамная энергія вырабляецца ў 32 краінах свету, і лідары ў гэтай справе ЗША, Расія, Кітай і Францыя, на долю якіх агулам прыходзіцца звыш 70% (2,5 тысячы ТВт·г) усёй выпрацаванай у свеце атамнай электраэнергіі. Летась на Зямлі будавалася 58 атамных рэактараў, і штогод гэтая лічба расце. На кліматычным саміце ААН у Дубаі ў 2023-м 22 краіны выказалі жаданне будаваць атамныя электрастанцыі і павялічваць энергавыпрацоўку ад АЭС утрая. Такіх паказчыкаў яны хочуць дасягнуць да 2050 года.

Наша краіна ўжо ўвяла ў эксплуатацыю два энергаблокі на БелАЭС (цяпер на атамную энергію прыходзіцца 28% ад аб’ёму агульнага спажывання энергіі ў Беларусі). Аднак сумесная работа айчынных і расійскіх спецыялістаў, звязаная з забеспячэннем бяспечнай эксплуатацыі станцыі, працягваецца (абслугоўванне энергаблокаў, транспарціроўка ядзернага паліва, абыходжанне з радыеактыўнымі адходамі).

Тым не менш, усё часцей атамныя тэхналогіі знаходзяць неэнергетычнае прымяненне. У 53 краінах свету эксплуатуецца 233 даследчыя рэактары, выкарыстанне якіх вельмі разнастайнае, дадала спецыяліст:

— Гэта найперш навучанне і падрыхтоўка кадраў, а таксама выраб ізатопаў, нейтронна-актывацыйны аналіз, нейтронная візуалізацыя. Акрамя таго, пытанні, звязаныя з матэрыялазнаўствам, у тым ліку напрамак па вывучэнні і апраменьванні ядзернага паліва і канструкцыйных матэрыялаў, легіраванне крэмнію, трансмутацыя, нейтронная тэрапія. Напрацаваныя ў даследчым рэактары ізатопы могуць, напрыклад, выкарыстоўвацца пры дыягностыцы і лячэнні анказахворванняў.

НАН Беларусі і Расатам абмяркоўваюць будаўніцтва даследчага рэактара на базе Інстытута Сосны. Адпаведны мемаранадум аб супрацоўніцтве быў падпісаны ў 2017-м. Распрацаваны асноўныя тэхнічныя патрабаванні да цэнтра на базе шматмэтавага даследчага рэактара. «Аднак шлях ад перспектыўнага праекта да практычнай рэалізацыі даволі складаны, патрабуе фінансавага і актыўнага ўдзелу спецыялістаў і экспертаў высокага класа з Беларусі і Расіі», заўважыла Тамара Корбут.

Для тэхналагічнага суверэнітэту

У Беларусі падпісана і зацверджана на ўзроўні ўрада Дарожная карта па развіцці перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва ў атамнай неэнергетычнай і неатамнай сферах. Дакумент утрымлівае шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на ўзаемадзеянне ў сферах адзітыўных тэхналогій, ядзернай медыцыны, утылізацыі адходаў, лічбавізацыі рэгіянальнага развіцця, укараненне імпартазамяшчальнага праграмнага забеспячэння і іншых, нагадалі спецыялісты.

Беларусь мае дастатковыя кампетэнцыі для рэалізацыі дамоўленасцей па ўзаемадзеянні ў дадзеных кірунках. Усе напрацоўкі рэгіструюцца ў дзяржаўным рэестры навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ (НДДКДТ). Мемарандум паміж урадамі Беларусі і Расіі аб паглыбленні стратэгічнага супрацоўніцтва ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах і змежных высокіх тэхналогій запланаваны да падпісання напачатку года і распрацаваны Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях сумесна з Дзяржкарпарацыяй «Расатам», расказала Таццяна Сталярова, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ):

— Дакумент прайшоў міжурадавае ўзгадненне і прадугледжвае пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне неэнергетычнага выкарыстання атамных тэхналогій, ядзернай медыцыны і вырабу медыцынскага абсталявання, лічбавізацыі (тэлекамунікацыйныя тэхналогіі), мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, утылізацыі адходаў вытворчасці і спажывання, вырабу дэтэктараў іанізуючага выпраменьвання і іншага. Мемарандумам таксама прадугледжана распрацоўка міжведамаснай комплекснай праграмы расійска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне атамных неэнергетычных і неатамных праектаў, якая мае на мэце стварэнне новых праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы.

Комплексная праграма была зроблена, каб стварыць арганізацыйны механізм рэалізацыі праектаў і выяўлення новых пазітыўных ініцыятыў. Яе асноўная мэта — забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы, падкрэсліў Станіслаў Лявіцкі, дырэктар краінавага офіса Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі:

— У бягучых умовах магчымасць выкарыстання высокіх тэхналогій стала каштоўным рэсурсам, які спрыяе руху эканомікі ў агульным рэйтынгу або можа выкарыстоўвацца як зброя супраць цябе. Рэалізацыя практычна ўсіх кірункаў адным з вынікаў будзе мець забеспячэнне замяшчэння крытычных тэхналогій або стварэнне тэхналогій у новых крытычных для развіцця эканомік саюзных дзяржаў сектарах.

Радыефармпрэпараты, апёкавы корпус, дэтэктары

Рэалізацыя саюзных праграм і праектаў — добры механізм узаемадзеяння, які сябе ўжо зарэкамендаваў і прыносіць добрыя вынікі. Плануецца, напрыклад, распрацоўка навукова-тэхнічнага праекта Саюзнай дзяржавы ў галіне ядзернай медыцыны па таргетных радыефармпрэпаратах. Вынікам такой работы, як чакаецца, будзе стварэнне і вывад на рынкі Саюзнай дзяржавы і трэціх краін новых прэпаратаў для ранняй дыягностыкі анказахворванняў, абазначыла прадстаўніца ДКНТ:

— Прадугледжана дэталёвая прапрацоўка яшчэ адной прапановы — сумеснай вытворчасці дэтэктараў іанізуючага выпраменьвання і кампанентаў да іх. Вялікая работа ў гэтым кірунку ва ўзаемадзеянні з Расатамам робіцца МНС Беларусі. У актыўнай стадыі прапрацоўка шэрага іншых перспектыўных праектаў, работ. Вывучаецца магчымасць пераабсталявання анкалагічных цэнтраў Беларусі абсталяваннем цяжкага класа, а таксама будаўніцтва ў нашай краіне цэнтра тамаграфіі з цыклатронам. Прапрацоўваецца і магчымасць выкарыстання кампанентнай базы беларускай вытворчасці ў гама-тэрапеўтычных комплексах (кампетэнцыі ў гэтым напрамку маюцца ў абодвух бакоў).

У галіне ядзернай медыцыны актыўна ідзе ўзаемадзеянне па будаўніцтве інфраструктурных праектаў. Падрыхтаваны праект медыка-тэхналагічнага задання будаўніцтва новага корпуса апёкавага цэнтра Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, удакладніў Станіслаў Лявіцкі:

— У студзені плануецца візіт дывізіёна ядзернай медыцыны для канкрэтных перагавораў па тэматыцы праекціравання з выхадам на рэалізацыю гэтага праекта ў канцы 2024 — пачатку 2025-га пасля ўсіх неабходных мерапрыемстваў і выпрабаванняў.

На рынку медыцынскіх вырабаў цяжкага класа (брахіатэрапеўтычнага абсталявання, лінейных паскаральнікаў) зараз асноўны тон задаюць заходнія, у тым ліку амерыканскія вытворцы, хаця маса тэхналогій нарадзілася яшчэ ў лабараторыях Савецкага Саюза, а ў 90-х гадах мінулага стагоддзя была выкуплена тымі самымі заходнімі партнёрамі, заўважыў дырэктар краінавага офіса:

— Тым не менш, напрыканцы снежня 2023-га было атрымана рэгістрацыйнае пасведчанне на медыцынскі выраб «Ціанокс», які забяспечвае выпрацоўку закісу азоту з атмасфернага паветра. Інавацыйная распрацоўка знайшла прымяненне ў галінах кардыялогіі, пульманалогіі, неанаталогіі. І гэта толькі пачатак шырокай лінейкі. У 2025-26 гадах мы будзем прэзентаваць больш за 15 новых вырабаў, накшталт лазерных скальпеляў і вырабаў для дыягностыкі.

Гігафабрыка, рабатызацыя, электрамабіль «Атам»

У галіне лічбавізацыі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі сумесна з Расатамам распрацоўвае сумесную прапанову па праграме рэгіянальнага лічбавага развіцця. У выніку павінен быць створаны агульны праграмны прадукт па ўсіх напрамках лічбавага развіцця: разумны рэгіён, разумны горад, лічбавізацыя працэсаў у сферы кіравання маёмасцю, тэрытарыяльнага планавання, кіравання гарадскім транспартам, абазначыла Таццяна Сталярова.

На базе ядра, якое распрацоўваецца ў Беларусі, з выкарыстаннем модуляў, якія ёсць у карпарацыі «Расатам», разам са стварэннем дадатковых модуляў мяркуецца не проста стварыць новы прадукт, але і надаць яму новае гучанне пад маркай «міжрэгіянальнае супрацоўніцтва», удакладніў Станіслаў Лявіцкі:

— Гэта будзе інструмент для выкарыстання і насельніцтвам, і чыноўнікамі, і вышэйшым кіраўніцтвам. Мы спадзяёмся на падпісанне сумеснай прапановы сёлета ў другім квартале і выхад на распрацоўку да канца года.

Міністэрствам прамысловасці Беларусі сфарміравана і зацверджана на ўзроўні намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі і кіраўніцтва Расатама Дарожная карта (павінна быць рэалізавана ў 2023-2024 гадах) па стварэнні цэнтра адзітыўных тэхналогій. Асобнай увагі заслугоўвае кірунак, які датычыцца тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемстваў — гэта рабатызацыя тэхналагічных працэсаў на прампрадпрыемствах і ўкараненне адзітыўных тэхналогій, дадала Таццяна Сталярова.

Ужо з пачатку гэтага года, як мяркуюць эксперты, у Беларусі можа пачацца рэалізацыя буйнога праекта па будаўніцтве гігафабрыкі па вырабе накапляльнікаў энергіі і цягавых батарэй у кантэксце актыўнага развіцця электратранспарту.

Чакаецца рэалізацыя і некалькіх сумесных пілотных праектаў у галіне трэнажорабудаўніцтва ў Мінску і Гродне, якія дапамогуць павысіць якасць падрыхтоўкі персаналу і знізіць рызыку аварый. Гэта ў пэўнай меры стане і правобразам стварэння лічбавых двайнікоў.

Прапрацоўваюцца таксама неатамныя энергетычныя рашэнні для сумеснай кааперацыі. Напрыклад, праектаванне і выраб сістэм назапашвання энергіі, распрацоўка цягавых батарэй для электратранспарту, удзел беларускіх прадпрыемстваў у расійскім праекце па стварэнні электрамабіля «Атам».

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ядзерная медыцына, лічбавізацыя, адзітыўныя тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.