Вы тут

...За адзін дзень ён тройчы быў на валасок ад смерці


Дажыць да 100 гадоў. Гэта пажаданне часта гучыць на юбілеях у адрас імяніннікаў. Але далёка не кожнаму суджана дасягнуць такога паважнага ўзросту. Чэславу Варславану з аграгарадка Ілья Вілейскага раёна, як ён сам кажа, у гэтым пашанцавала — ён адзначыў свой векавы юбілей шэсць месяцаў таму. Я завітала ў госці да Чэслава Антонавіча перад яго сотым Новым годам. Падчас дзвюх гадзін, што мы размаўлялі, ён падзяліўся запаветнай марай і раскрыў сакрэт свайго доўгажыхарства.


Пра цудоўнае выратаванне ды душэўную патрэбу

Жыве старэйшы жыхар агарагарадка Ілья, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, інвалід вайны 2 групы ў звычайнай двухпакаёвай кватэры двухпавярховага дома. «Я чалавек-цуд, гераічная асоба — мне 100 год і 6 месяцаў», — такімі словамі сустрэў нас з кіраўніком музея «Вілейшчына літаратурная» Аксанай Шушкевіч гаспадар. У свае 100 гадоў дзядуля жыве самастойна, сам адчыніў нам дзверы. Як высветлілася пасля, ён амаль нічога не бачыць, але пры гэтым выдатна арыентуецца ва ўласнай кватэры.

«Аксаначка Аляксееўна, — камандуе з парога Чэслаў Антонавіч. — Дапамажы мне, калі ласка, гузікі на кашулі зашпіліць, толькі ўсе да апошняга, да самага каўняра. Я павінен на фотаздымках выглядаць, як з іголачкі». Ён здымае з ручкі шафы светлую кашулю і цёмны пінжак, увешаны ўзнагародамі, і нясе да сябе ў пакой. «А вы, журналіст, — звяртаецца да мяне камандным голасам, — чакайце вось тут, у зале». Пакуль ветэран перапранаецца, я паспяваю разгледзець чорна-белыя фотаздымкі на сценах. На іх — Чэслаў Антонавіч, зусім малады, сядзіць на траве побач з жонкай на беразе вадаёма, іх дзеці і дамашнія жывёлы — кацяня і сабака. У вочы таксама кінулася кардонная каробка з цыбуляй пад сталом, ды лічба 100 з празрыстага пластыку на паліцы серванта. Аб свечках, якія, відаць, задзьмуваў юбіляр, загадваючы жаданне, нагадвае толькі расплаўлены воск блакітнага, жоўтага і ружовага колераў.

— Журналіст, праўнучка, мая дарагая, дзякую, што ты прыехала! — не хавае радасці Чэслаў Антонавіч. — Такая натура мая. Вось хочацца з людзьмі сустрэцца, пагаварыць. Каб запісалі мае думкі, успаміны. Прыемна, што ты па-беларуску размаўляеш. Я таксама мову люблю. Да вайны скончыў 10 класаў, вывучаў беларускую літаратуру: Якуба Коласа, Янку Купалу, Кандрата Крапіву і яго «свінтус-грандыёзус»... Бачыш, яшчэ памятаю (смяецца)... Я раней вельмі любіў чытаць, асабліва ваенную літаратуру, шэсць тамоў «Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны» вывучыў ад вокладкі да вокладкі. На працягу ўсяго жыцця збіраў архіў: выразкі з часопісаў, газет пра вайну, усе падзеі храналагічна ад 41-га да 45-га. Гэты каштоўны матэрыял цяпер у майго ўнука, падпалкоўніка, ён працуе ў адной з воінскіх частак Магілёва. Ды і ў памяці маёй засталіся многія падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Ваяваў я ў складзе стралковай дывізіі, удзельнічаў у баях на Нарэўскім плацдарме, дайшоў ад Польшчы да Германіі. Быў цяжка паранены, кантужаны.

20 кастрычніка 1944 года — драматычны для мяне дзень. Тройчы быў на валаску ад смерці. Першы раз атрымаў лёгкае ранененне, другі раз падчас абстрэлу нямецкімі самаходна-артылерыйскімі ўстаноўкамі «Фердзінанд» мяне засыпала зямлёй у адзіночным акопе. У гэты ж дзень я дзяжурыў каля берага ракі, назіраючы за праціўнікам. У нейкі момант разарваўся артылерыйскі снарад, быў ашаламляльны ўдар, ад якога ў мяне і дагэтуль асколкі ў чэлюсці. І ўсё ж такі я выжыў. Шчасце, удача... Відаць, лёс мой такі.

...Зараз не магу ні чытаць, ні пісаць. Не бачу. Для мяне цяпер асноўная радасць у жыцці, маё выратаванне — гэта радыё. Уключаю радыёпрыёмнік і слухаю навіны.

— Нягледзячы на гады і стан здароўя, вы знаходзіце сілы сустракацца з мясцовымі школьнікамі і навучэнцамі Ільянскага аграрнага каледжа. Чаму для вас гэта так важна?

— Калі сыду з жыцця, а гэта непазбежна, усе мае веды, успаміны сыдуць у небыццё. Таму вырашыў сустракацца з моладдзю, размаўляць з ёй, распавядаць пра падзеі, якія захаваліся ў памяці. Я запланаваў сабе гэту работу. За апошнія гады ў мяне было багата розных выступленняў, я вельмі рады, што засталіся відэазапісы, што пакінуў памяць для дзетак, для школы. Такая мая душэўная патрэба. Я ж педагог, больш за 20 гадоў прапрацаваў выкладчыкам у Ільянскім аграрным каледжы. І заўсёды асаблівую ўвагу надзяляў патрыятычнаму выхаванню моладзі. Расказваў навучэнцам аб ваенных буднях, дзяліўся франтавымі ўспамінамі. Хацеў, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі нашай краіны. І зараз, лічу, праца з моладдзю павінна быць на першым месцы.

З Ільянскай сярэдняй школай у мяне склаліся вельмі цёплыя адносіны. Колькі год таму мне неабходна было зрабіць невялікі рамонт у кватэры. Папрасіў дапамагчы дырэктара школы. Ігар Аляксандравіч адгукнуўся і на наступны дзень прыслаў спецыяліста.

Пра веласіпед ды сінонім адзіноты

— Чэслаў Антонавіч, падзяліцеся сакрэтам свайго доўгажыхарства — як пражыць 100 год і захаваць пры гэтым ясны розум?

— Яшчэ Арыстоцель казаў: «Рух — гэта жыццё, а жыццё — рух». Лічу, што менавіта няспынны рух дапамог мне жыць так доўга. Амаль усё жыццё я быў неразлучны з веласіпедам, любіў выязджаць да Вілейскага вадасховішча — я ж заўзяты рыбалоў у мінулым, ездзіў у лес у ягады ды грыбы. Столькі кіламетраў накруціў за сваё жыццё! Фізічная актыўнасць не толькі ўмацоўвае цела, але і дае энергію, матывацыю і сэнс жыцця. 

Я і цяпер не здаюся, змагаюся за сваё жыццё ўсімі магчымымі спосабамі. Рэгулярна займаюся гімнастыкай. Чаго-чаго, а сілы духу мне не займаць! Алкаголем ніколі не злоўжываў. Пакуль штосьці бачыў, працаваў у агародзе. Люблю простую ежу. Шторанак пачынаю з цыбулі і часнаку, тым самым умацоўваю імунітэт. Ем мёд, вітаміны. Выпісваю з Мінска бурыя водарасці — здароўе з марскіх глыбіняў. Люблю рыбу. Дарэчы, сустрэчы з моладдзю таксама дапамагаюць падтрымліваць сябе ў форме.

— Раскажыце аб плюсах і мінусах доўгага жыцця?

— Доўгажыхарства — сінонім адзіноты. Усе, каго ты любіў, з кім сябраваў, паміраюць. І гэта непазбежна. Сына пахаваў, Станіслава, токарам на Мінскім трактарным заводзе працаваў, талковы спецыяліст быў. Жонка мая Таццяна Ільінічна, ветурач, мы разам выкладалі ў каледжы, таксама адносна рана сышла з жыцця. Адносіны ў нас былі вельмі добрыя. Самае важнае ў сям’і — давер адно да аднаго, узаемапавага.

Узрост дае пра сябе ведаць. Ужо па стане здароўя не магу выконваць работу па дому так, як раней, не магу сам сябе цалкам абслугоўваць. У побыце мне дапамагае сацыяльны работнік. Люда Альшэўская — дарагі мой таварыш, маё жыццё. Калі б не яна, працягваць жыць адзін у сваёй кватэры я б не здолеў. А для мяне гэта важна, бо, як кажуць, у сваёй хаце і сцены дапамагаюць. Людачка ў мяне галоўны фінансіст. Грошы яна сама лічыць, купляе ўсё, што трэба, медыкаменты неабходныя, прадукты.

Калі казаць аб плюсах, асноўны — гэта жыццё. Я люблю жыццё. Яно для мяне найлепшы падарунак. Я застаў смерць Сталіна, развал Савецкага Саюза, пачатак і канец Другой сусветнай вайны, 90-я... Бачыў, як змянялі адзін аднаго Брэжнеў, Гарбачоў, Ельцын. Заспеў вынаходства камп’ютара, інтэрнэта, мабільнага тэлефона. На маіх вачах праходзіла адно з самых цяжкіх і цікавых стагоддзяў у гісторыі чалавецтва. Ганаруся, што быў сведкам усяго гэтага.

...Часам, калі не магу заснуць, розныя думкі лезуць у галаву. Аналізую, чаму рабіў так, а не інакш. Я шмат памылак у жыцці дапусціў. З гадамі разумееш, што рэчы, якія ты цаніў, далёка не самае галоўнае, напрыклад, грошы…

— А што самае галоўнае?

— Здароўе. Яно зараз больш жаданае, чым любое золата свету.

Пра самае важнае свята ды лётчыка-героя

— Калі не сакрэт, якое жаданне вы загадалі, калі задзьмувалі свечкі на свой 100-гадовы юбілей?

— Я загадаў мірнае неба над нашай Беларуссю. Каб не было вайны. Мне радасна, што адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя майму 100-годдзю. Мяне віншавалі ў актавай зале Ільянскага аграрнага каледжа, была дэлегацыя на чале са старшынёй Вілейскага райвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, тэлебачанне прыязджалі.

Мару дажыць да 9 мая і выступіць на 80-гадовы юбілей Вялікай Перамогі. Хацелася б святкаваць гэты дзень разам з усімі беларусамі. Дзень Перамогі — для мяне самае важнае свята. Заўсёды чакаю, рыхтуюся да выступлення. Нас, ветэранаў, засталося мала, адзінкі ў раёне. Калі шчыра, я ніколі не думаў, што дажыву да гэтага часу.

— Аб чым думаеце, калі кладзецеся спаць, што вас хвалюе?

— Падчас аперацыі па ліквідацыі бабруйскага «катла» было падбіта некалькі нашых самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў. Адзін з іх з чорнымі клубамі дыму падаў на наш дом. Я глядзеў на яго з канавы побач з домам. Раптам адбыўся цуд: самалёт рэзка стаў набіраць вышыню. Відаць, лётчык быў цяжка ранены і страціў прытомнасць — калі ж самалёт пачаў падаць, ён часова прышоў у прытомнасць і рэзка пацягнуў рукаятку на сябе, тым самым вывеў самалёт з піке. У выніку ён перакінуўся і выбухнуў у іншым месцы. А я дагэтуль думаю, хто ж гэты лётчык-герой, які выратаваў мне жыццё?.. Дзіўлюся, чаму так здарылася, што я адзін у Ільянскім сельсавеце застаўся ветэран.

Яшчэ, калі кладуся спаць, думаю: «А трэба ж заўтра неяк памыцца». Мабілізую на гэту справу апошнія сілы. І калі памыюся, вельмі радасна мне, адчую сябе героем. Думаю аб дзетках сваіх, аб унуках. Перажываю за іх здароўе. Сёння ўвечары буду ўзгадваць нашу з вамі размову. Мне было вельмі радасна, што да мяне прыедзе карэспандэнт газеты «Звязда», але і адначасова перажываў, было вельмі трывожна, ці змагу я вытрымаць гэту сустрэчу... Я яе вытрымаў (смяецца). Жыццё, сапраўды, цудоўная рэч!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара і з архіва Ільянскай школы

Вілейскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.