Вы тут

Тэлеканал «Беларусь 3» прапануе паглядзець казку «Марозка»


У суботу, 13 студзеня, тэлеканал «Беларусь 3» прапануе паглядзець казку «Марозка», знятую Аляксандрам Роу ў 1964 годзе. Трынаццаты поўнаметражны фільм рэжысёра пасля свайго выхаду стаў сапраўднай класікай, прычым не толькі на радзіме, але і за мяжой. Цудоўна касцюміраваная кінастужка, якая была створана па матывах рускай народнай казкі, да сёння застаецца цікавым варыянтам для прагляду ўсёй сям’ёй. І перад сеансам мы сабралі некаторыя цікавыя факты пра тое, як стваралі гэту кінакарціну шэсцьдзясят гадоў таму.


Сюжэт «Марозка» ўсе добра ведаюць, хто з кнігі, хто з фільма. А вось цяпер давайце крыху зазірнём у гісторыю таго, як напісанае набыло сваё ўвасабленне на экране. Што датычыцца акцёрскага складу, то тут задзейнічаны Аляксандр Хвыля, Наталля Сядых, Эдуард Ізотаў, Іна Чурыкава, Павел Паўленка, Вера Алтайская, Галіна Барысава, Анатоль Кубацкі і іншыя артысты. Напрыклад, адну з самых яркіх роляў — Бабы Ягі — у фільме іграе Георгій Міляр. Ён сам прыдумваў нават рэплікі свайму персанажу. Таксама акцёр у гэтай кінагісторыі выканаў ролю аднаго з разбойнікаў і агучваў пеўня, якога Насценька просіць не крычаць у пачатку фільма. Яшчэ Георгій Міляр уратаваў фільм ад знішчэння, калі ў памяшканні, дзе захоўваўся адзняты матэрыял, прарвала трубы. Тады артыст узначаліў аперацыю па выратаванні кінаплёнкі... А вось для выканаўцы ролі Насценькі (15-гадовай Наталлі Сядых) гэтая кінастужка стала дэбютнай. Дзяўчына на той час вучылася ў балетным вучылішчы і ўпотай ад педагогаў выступіла ў адным лядовым спектаклі. Яго паказалі па тэлебачанні, дзе юную артыстку і прыкмеціў рэжысёр «Марозка». Менавіта Аляксандр Роу настаяў на тым, каб роля Насценькі дасталася Сядых, хоць увасабляць яе прэтэндавала і Надзея Румянцава. А вось ролю Марфушанькі спачатку хацелі аддаць Тамары Носавай. Але на пробы трапіла Іна Чурыкава, якая настолькі хацела іграць гэтага персанажа, што нават трэніравалася калоць гарэхі зубамі, як тое патрабавалася ў сцэнарыі. Праўда, пасля на экране актрыса, убачыўшы сябе ў ролі, палічыла, што яна непрыгожая, і расчаравалася. Аднак не пакінула кіно і потым знялася яшчэ ў іншых кінастужках. У пэўным сэнсе прынесла славу свайму выканаўцу і роля Марозка, бо пасля выхаду карціны акцёр Аляксандр Хвыля стаў літаральна галоўным Дзедам Марозам краіны. Яго запрашалі працаваць на навагодніх «ёлках» у Крамлі і працяглы час ён радаваў дзіцячую публіку сваім з’яўленнем на сцэне.

Здымкі праходзілі ў розных лакацыях: зімнія кадры — у Мурманскай вобласці, а летнія — у падмаскоўнай вёсцы. Прычым здымачная група вазіла з сабой сабак, кошак, птушак, тройку коней, мядзведзіцу Маню з медзведзянятамі. Для Бабы Ягі збудавалі дзве хаткі, адна з якіх была механічнай і магла круціцца і танцаваць. Яе змайстравалі з паралону, які ў той час для спецэфектаў быў незаменным матэрыялам. Яго выкарыстоўвалі і для экшн-сцэны са спарахнелымі пнямі. Той момант, дзе яны вылятаюць з хаты, знялі з дапамогай зваротнай перамоткі плёнкі. Такі ж прыём быў выкарыстаны і ў некаторых іншых сцэнах, як, напрыклад, дзе кот і сабака адступаюць назад, дрэва, якое пакрываецца інеем.

Увогуле, сакрэтны складнік паспяховай працы над «Марозка» — гэта тое, што кіраваў усім таленавіты рэжысёр. Аляксандра Роу ўспаміналі як мудрага арганізатара творчага працэсу, які ўдзяляў увагу як галоўным героям, так і масоўцы. Напрыклад, ён мог нават сам весяліць акцёраў, каб зняць натуральны смех. Увогуле, фільм стаў пасля свайго з’яўлення вельмі паспяховым. На кінафестывалі ў Венецыі ў 1965 годзе карціне прысудзілі галоўны прыз сярод дзіцячых і юнацкіх фільмаў. І на Усесаюзным кінафестывалі «Марозка» назвалі найлепшым дзіцячым фільмам. Глядзіце і рабіце свае высновы, ацэньвайце, якое месца аддасце яму ў сваім уласным рэйтынгу казачнай класікі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.