Вы тут

Любіш катацца — любі і... сані цягнуць


Вочы бачылі, што куплялі…

Наш даўні знаёмец (назавём яго Васілём Пятровічам) розныя прыгоды на сваю галаву знаходзіць часта: недзе — з-за сваёй наіўнасці, недзе…

Аб тым, як ён машыну купіў, сам расказваў.

Сустрэў аднойчы Віктара, свайго аднакласніка. Гадоў мо з дваццаць не бачыліся — трэба ж было пагутарыць.

Зайшлі ў кавярню, пасядзелі, за чаркай-другой шмат каго ўспомнілі, адзін аднаму пра сябе расказалі. Пятровіч — апроч іншага — пахваліўся, што плануе машыну купіць, грошай падсабраў.

— Даўно пара! — тут жа падтрымаў яго Віктар ды стаў пра зоркі казаць, што так добра сышліся! — Ты, брат, хочаш машыну купіць, а я ж — падумваў прадаць! «Рэно». Класная «тачка»! І зусім недарагая…

Далей былі падрабязнасці, пасля якіх аднакласнікі, што называецца, ударылі па руках і дамовіліся аб сустрэчы, каб афіцыйна, чын па чыну, аформіць здзелку.

У прызначаны час Віктар і сапраўды падагнаў машыну, аднак купляць яе Васіль не спяшаўся. Яго бянтэжыла саматужная афарбоўка кузава... Колы нейкія розныя — з лысымі шынамі…

— Але ж гэта «Рэно»! — тым часам хваліў прадавец. — Любімая марка Жан-Поля Бельмандо! Не машына — звер!

— Ды стараваты ж, мякка кажучы, — уздыхаў пакупнік.

— О-о, ты правільна гэта заўважыў! — падхапіў аднакласнік. — Рэтрааўтамабіль! З гадамі кошт яго будзе толькі расці... Як тыя ж працэнты ў банку!

Язык у прадаўца быў добра падвешаны. Умеў ён задурыць галаву. Здзелка адбылася.

...Пасля яе — ці не ў першыя ж выхадныя — Пятровіч пакіраваў за горад, нават выехаў на трасу на сваім аўто. А далей…

«Рэно», як той санітарны фургон у знакамітай «Каўказскай палонніцы», стаў колам!

Васіль у гэта не адразу паверыў, потым падняў капот, паспрабаваў завесці, а ўрэшце загнуў мацюка і патэлефанаваў аднакласніку.

Віктар слухаў яго спакойна. І гэтак жа спакойна потым сказаў:

— Не псіхуй... Ты ж  сам вінаваты: бачыў, што купляў?

Размаўляць далей сэнсу не мела, і таму, загнаўшы аўто ў гараж, Васіль стаў займацца рамонтам: мяняць у машыне то адно, то другое, то трэцяе, падварваць кузаў, падфарбоўваць і плаціць, плаціць, плаціць... Недарагая машына ўлятала ў такую капеечку…

Стаміўся ўкладацца і здаўся: прадаў «Рэно» двум хлопцам, можна сказаць, за бесцань.

А ўсё роўна быў такі шчаслівы — быццам гару з плячэй сваіх скінуў!

...Дамоў з той здзелкі вяртаўся на аўтобусе. Па дарозе ён моцна вільнуў — аб’ехаў густое воблака пары, у якой Васіль паспеў разгледзець і знаёмае рэтра, і... сваіх пакупнікоў. «Значыць, «здох» такі радыятар?! — здагадаўся прадавец і, шчаслівы, паехаў далей: вочы ж бачылі, што куплялі?

Наталля СЯМЁНАВА

г. Гомель


Любіш катацца — любі і... 

сані цягнуць

(Згодная: назва ў маёй гісторыі не вельмі арыгінальная, але ж тут, здаецца, да месца?)

Фота: pexels.com

...Надвор’е апошнім часам здзіўляе: Новы год усё часцей і часцей з дажджамі. А некалі ж зімы былі марозныя ды снежныя, вёскі шматлюдныя, моладзь — зусім не тая. Сённяшняя ўсё ў смартфонах сядзіць... Мы ж некалі і вучыліся, і бацькам дапамагалі, і дачакацца не маглі, каб зноў убачыцца з сяброўкамі-сябрамі, каб збегаць на танцы.

Найбліжэйшы клуб быў у суседнім мястэчку, ад нашай вёскі гэта вёрст за пяць — далекавата, але ж, як той казаў, для шалёнага сабакі сем вёрст не крук. Дабіраліся туды, хто як мог: на роварах, на матацыклах, калі пашчасціць, — на легкавушках (іх тады на пальцах можна было злічыць) ды найчасцей, вядома ж, пехатой — з жартамі, з песнямі…

І танцавалі затым амаль да світання.

...Дамоў вяртацца было цяжэй, асабліва зімой, бо яно ж стаміўшыся, па снезе, па лесе, на высокіх абцасах... Добра яшчэ, што хлопцы праводзілі.

Неяк раз яны выйсце знайшлі: «пазычылі» каня ў калгаснай канюшні, запрэглі, шырокім жэстам нас запрасілі ў сані. Мы туды з радасцю! Праўда, па дарозе піску было, бо з абочыны кульнуліся ў гурбу... Але ж не столькі тога снегу за каўнярамі, колькі потым смеху!..

Напэўна, таму з наступных танцаў хлопцы нас зноў адвезлі на кані.

...Што пасля было, даведаліся потым: суседка расказала.

Раніцай, па цемры, яна спяшалася на ферму. Дарогу сабе асвятляла ліхтарыкам. Заўважыла свежую каляіну. Нехта, значыць, на санях праязджаў. Але ж вось што дзіва: пасярод каляіны — сляды ад абутку, конскіх капытоў няма. Яны чамусьці — радком на абочыне…

Рэбус, карацей! Суседка аж прыпынілася, каб яго разгадаць.

Толькі потым даведалася, што конь, адвозячы хлопцаў назад у мястэчка, парваў вупраж, і пасажырам нічога не заставалася, як вывесці яго з аглобляў, а самім у тыя аглоблі стаць.

Сані былі пустыя, але ж дарога і няблізкая, і нялёгкая — хлопцам, напэўна, пад завязку хапіла! Ва ўсякім разе дамоў нас праводзіць яны не перасталі, а вось падвозіць…

Той раз быў другім і апошнім.

Нэлі ТУМАШ

Смаргонскі раён


І воўк сыты, і козы цэлыя

«Быў час, быў век, была эпоха...» Трэба будзе перачытаць «Сказ пра Лысую гару». А пакуль — проста ўспомніць, што некалі проста не існавала праблем з адпачынкам. Любы настаўнік ці ляснік, муляр ці даярка маглі па прафсаюзнай пуцёўцы махнуць у Сочы ці так званыя Друскенікі, у Есентукі ці Прыкарпацце, не кажучы ўжо пра нашы, беларускія, санаторыі. Не было тады ні сённяшніх граніц ды мытняў, ні розных «гарачых кропак». А вось заробкі — былі, і таму, хто хацеў, яны шмат што дазвалялі... Адзінае — людзі ў сельскай мясцовасці на пад’ём цяжкаватыя: нехта адмаўляецца ад паездкі, бо гаспадарка не пускае альбо дзеці малыя, а некаму проста «няінцярэсна», як казалі два падвозчыкі кармоў (назавём іх Стась ды Іван).

Значыць, быў выпадак — захацелі яны па чарцы выпіць, а грошай не было. Таму яны сцібрылі мяшок камбікорму, за паўлітра самагону загналі яго адной жанчыне. Толькі выйшлі з двара — брыгадзір насустрач (ён за імі яшчэ з фермы сачыў)…

Давялося хлопцам здаваць назад — аднесці гаспадыні пітво, на ферму завезці камбікорм, звесіўшы насы, папхнуцца дадому ды чакаць наступстваў — прысуду старшыні.

...На наступны дзень ён, Адам Мікалаевіч, карпеў якраз над паперамі, калі ў кабінет зайшоў старшыня прафкама.

— Якія праблемы? — спытаў кіраўнік гаспадаркі.

— Ды вось прыйшлі чатыры «гарачыя» пуцёўкі ў санаторый. Двух чалавек угаварыў — згадзіліся паехаць. Мне б яшчэ двух, а то ж калі не адправім, могуць зусім пуцёвак не даць.

— Усіх апытаў? — удакладніў старшыня. — І што — не знайшоў ахвотных? Цяпер жа зіма, работы асаблівай нямашака.

— ...І ахвоты няма — вось што дзіва! Казаў, што пуцёўкі бясплатныя, нават білеты на дарогу... І ўсё роўна не ўгаварыць! — абураўся прафсаюзны дзеяч.

Пасядзеў старшыня, трохі падумаў і... заўсміхаўся:

— А пакліч, — сказаў, — Стася з Іванам.

...Праз паўгадзіны абодва падвозчыкі ўжо тапталіся каля дзвярэй кабінета. Адам Мікалаевіч хвілін колькі пазіраў на іх, потым са схаванай хітрынкай спытаў:

— Ну што ж мне з вамі рабіць? Крымінальную справу заводзіць, штрафаваць?

Стась з Іванам вінавата маўчалі.

А старшыня робіць нечаканую прапанову:

— Гэтага, значыць, не хочаце?.. Тады — едзьце ў санаторый..

— На халеру? Я не хворы, — запярэчыў Іван.

— І я не магу, — стаў прасіцца Стась. — Вось-вось карова расцеліцца — трэба ж прыглядаць. І кабанчыка закалоць жонка просіць…

— Не, хлопцы, — перапыніў іх старшыня. — Сённяшні дзень даю на зборы, заўтра абодва ў бальніцу — на афармленне папер, а паслязаўтра — каб я вас у калгасе не бачыў!

...З цяжкімі думкамі пакідалі сябры кантору, не хацелі ехаць ды сядзець там недзе без сям’і, без работы... Наракалі на старшыню калгаса.

А вось старшыня прафкама быў задаволены, вырашыў праблему. Ці нават дзве.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж і, як той казаў, за што купіла…

Двое хлопцаў-падшыванцаў у краму схадзілі. Адзін там нешта купіў, другі — украў, шчаслівыя ідуць па вуліцы, як раптам:

— Стой! Міліцыя... Рукі!

Хлопцы «торбы» вобзем, кулачкі наперад — чакаюць ні жывыя ні мёртвыя, што ім кайданкі надзенуць.

Але ж тыя міліцыянты — не спяшаюцца: стаяць, усміхаюцца, кажуць:

— Ды не так вы рукі трымаеце! Трэба — далонямі ўверх.

— ?! (З чаго б гэта, не разумеюць хлопцы.)

— А вы хіба не чулі, што на Каляды розныя цуды здараюцца? Дзед Мароз во цукерак вам перадаў, сказаў, каб мы ў прыгаршчы іх насыпалі.…

На гэтым хлопцы-міліцыянеры сышлі ці з’ехалі, хлопцы з цукеркамі засталіся стаяць.

...Нехта з вялікіх пісаў, што прыгаршчы добрых спраў каштуюць больш, чым бочка ведаў.

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?