Вы тут

Кіруючыся меркаваннямі бяспекі і рэаліямі


Лейтматывам нарады ў Прэзідэнта, на якой абмяркоўвалася маючая адбыцца амністыя, было слова «справядлівасць». Таксама гучала патрабаванне кіраўніка дзяржавы падыходзіць да кожнай справы індывідуальна. Але пры гэтым, як падкрэсліла па выніках нарады прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, грамадская бяспека была ў найпершым і бясспрэчным прыярытэце.


Фота: prokuratura.gov.by

Менавіта кіручыся інтарэсамі бяспекі грамадства і дзяржавы, МУС прапануе не прымяняць амністыю да тэрарыстаў і экстрэмістаў, якія прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. І гэта прапанова падтрымана. «Усе разумеюць, што здзейснілі гэтыя людзі, і на сёння праблема захоўваецца. На жаль, тыя збеглыя, якія сёння знаходзяцца за мяжой, спрабуюць уплываць рознымі спосабамі на нашых грамадзян, асабліва на моладзь. Сітуацыю мы кантралюем, вядзём інтэрнэт-разведку. Таму лічым, што да гэтых асоб прымяняць амністыю нельга. У кожнага, хто асуджаны за экстрэмізм ці тэрарызм, была магчымасць звярнуцца да кіраўніка дзяржавы па памілаванне. На сёння раскаяння мы не заўважылі, таму наша адназначная пазіцыя — не прымяняць амністыю да гэтай катэгорыі асуджаных», — адзначыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Нарада выявіла таксама неабходнасць адаптацыі да сучасных рэалій крымінальнага заканадаўства.

У размове з журналістамі старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала нагадаў, што ў мінулым годзе была прынята канцэпцыя прававой палітыкі Беларусі, у якой ужо адзначаўся некаторы дысбаланс норм крымінальнага заканадаўства. Для ўстаранення такога дысбалансу Вярхоўны суд прааналізаваў некаторыя санкцыі злачынстваў за менш цяжкія і негвалтоўныя злачынствы. «Мы прыходзім да высновы, што гэтыя санкцыі маюць патрэбу ў карэкціроўцы. У першую чаргу з тым, каб у іх увесці альтэрнатыўныя пазбаўленню волі віды пакарання», — сказаў ён.

Пазбаўленне волі сярод 10 відаў крымінальнага пакарання займае 7-е месца па ступені цяжкасці. «Калі ў санкцыях артыкула за менш цяжкія і негвалтоўныя злачынствы няма нічога, акрамя пазбаўлення волі, вядома, судам вельмі складана выконваць такія неабходныя прынцыпы назначэння пакарання, як суразмернасць, індывідуальнасць і справядлівасць. Каб аблегчыць работу судоў, Вярхоўны суд прапанаваў адкарэкціраваць гэтыя санкцыі, прадугледзець у іх абавязковыя альтэрнатыўныя пазбаўленню волі віды пакарання. Гэта сур’ёзна аблегчыць задачу судоў па вызначэнні сапраўды справядлівага пакарання», — растлумачыў Валянцін Сукала. Па яго словах, такі падыход узгаднілі ўсе ўдзельнікі нарады. У найбліжэйшы час будзе створана спецыяльная рабочая група, якая зоймецца гэтым пытаннем.

Пры гэтым Валянцін Сукала падкрэсліў, што неабходнасць паправак абумоўлена і тым, што дзейны Крымінальны кодэкс сур’ёзна не мяняўся на працягу апошніх 24 гадоў. У гэты перыяд заканадаўцы ўзмацнялі адказнасць за нейкі від злачынстваў. І з часам узнік дысбаланс паміж нормамі Крымінальнага кодэкса. Вярхоўны суд бачыць гэты дысбаланс і таму паставіў пытанне аб змяненні гэтых санкцый. Валянцін Сукала расказаў, што праведзены аналіз паказаў: у Крымінальным кодэксе ёсць 35 артыкулаў за менш цяжкія, негвалтоўныя злачынствы, у санкцыях якіх адсутнічаюць альтэрнатыўныя віды пакарання, толькі пазбаўленне волі. На іх будзе звернута першачарговая ўвага пры падрыхтоўцы паправак. «Я не лічу, што ў кожнай з іх трэба ўводзіць альтэрнатыўныя санкцыі, там ёсць і складаныя, грамадска небяспечныя злачынствы», — сказаў ён. На думку старшыні Вярхоўнага суда, альтэрнатыўныя санкцыі могуць быць па 24 саставах злачынстваў з 35. Гэта можа закрануць, напрыклад, артыкул № 171 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за арганізацыю занятку прастытуцыяй або ўцягванне ў занятак прастытуцыяй. Але толькі ў першай частцы артыкула, калі адсутнічаюць абцяжарвальныя акалічнасці. Як растлумачыў кіраўнік Вярхоўнага суда, за гэтыя злачынствы былі асуджаны 49 чалавек, але да 31 з іх суды былі вымушаны прымяніць адтэрміноўку выканання пакарання. Пры гэтым кіраўнік Вярхоўнага суда падкрэсліў, што будучыя змяненні крымінальнага заканадаўства ў частцы ўвядзення альтэрнатывы пазбаўленню волі не будуць датычыцца цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.