Вы тут

Заплыў «маржоў» стаў лідарам па колькасці гледачоў на «Брэсцкіх забавах»


Другі зімовы фестываль «Брэсцкія забавы» разгарнуў свае пляцоўкі на набярэжнай ракі Мухавец у раёне Гарадскога саду. Яшчэ з ранку пачалі работу шматлікія гандлёвыя павільёны. Прадаюць прысмакі і разнастайную сувенірную прадукцыю. Свае выставы разгарнулі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей і Музей гісторыі горада. Апошні прапанаваў падборку здымкаў і паштовак, на якіх занатаваны гарадскія ёлкі розных гадоў. Атрымалася цікава і настальгічна. Каля стэндаў краязнаўчага спыняліся многія ўдзельнікі фэсту, каб паглядзець на партрэты знакамітых людзей, згадаць пра значныя падзеі нашага краю.​


У поўдзень да працэсу шырокіх народных гулянняў падключыліся інтэрактыўныя пляцоўкі Брэсцкага гарадскога аддзялення па НС, таварыства ратавання на водах, дэпартамента «Ахова». Ля пляцоўкі апошняга хадзіў добразычлівы чацвяраногі «супрацоўнік» і прыцягваў увагу дзяцей. Яны цягнулі за рукі быцькоў, разам падыходзілі да дзяўчыны ў форме, якая расказвала аб правілах бяспекі ў жыллі, на вуліцы, у грамадскіх месцах. Кожная з пляцовак старалася крэатывіць, некаторыя заклікалі наведвальнікаў прыняць удзел у віктарынах з абяцаннем прызоў. Іншыя цешылі песнямі і музыкай. Тым часам дыміла вялікая салдацкая кухня, прыцягваў цяплом аграмадны самавар.

Несумненным цвіком праграмы першага дня стала выступленне аматараў зімовага плавання. Месца для заплыву абсталявалі загадзя. Вялікая палонка была раздзелена на дарожкі з усімі абмежавальнымі знакамі. Да 15 гадзін, часу пачатку заплыву, гледачоў уздоўж берага было — не падступіцца. Энергічны вядучы правёў з аўдыторыяй «інфармацыйную пяцімінутку», расказаў пра карысць і рызыкі гэтага экстрымальнага віду спорту. А потым заклікаў ахвотных з ліку публікі выйсці і акунуцца ў ледзяной вадзе. І смяльчак знайшоўся. Даніілу прапанавалі спачатку зайсці ў цёплую палатку-лазню, якую абсталявала падраздзяленне МНС, пераапрануцца і выйсці да вады. Ён справіўся за лічаныя мінуты і пад апладысменты гледачоў спусціўся і акунуўся з галавой.

Тым часам пад песню «Мы верим твёрдо в героев спорта» на пляцоўку ў халатах, накінутых на купальныя касцюмы, спусціліся героі дня — больш за 20 мужчын і жанчын з Брэста, Баранавіч, Мінска — гатовых да заплыву. Інструктаж супрацоўніка таварыства ратавання на водах з папярэджаннем, што галоўнае ўсё ж бяспека, — і пачынаецца заплыў. «Маржы» выходзяць па парах, спускаюцца па лесвіцы кожны на сваю дарожку, праплываюць адлегласць 12,5 метра і вяртаюцца. Першымі плаўчыхамі сталі Вольга Саўко і Ірына Петрачук. Жанчыны хутка праплываюць дыстанцыю, бадзёра выходзяць з вады і трапляюць у шчыльнае кола журналістаў.

— Уражанні самыя лепшыя, адчуванне лёгкасці, палёту, холад не цісне, усё цудоўна — дапаўняюць адна адну Ірына і Вольга.

За імі добра спраўляюцца з заплывамі мухчыны. У чарзе на заплыў «Маржы» размінаюццаў такт музыцы, жартуюць. Гледачы не шкадуюць апладысментаў. «Памаліцца трэба перад тым, як апускаешся ў ваду,» — кажа адна са сталых глядачак аматару зімовага плавання. У адказ ён прыветна махае рукой. Адным словам, на гэтым атракцыёне эмоцый хапіла і ўдзельнікам, і гледачам.

Але ж холад браў сваё, і многія накіроўваліся да паходнай кухні, якую падрыхтавалі вайскоўцы. Тут частавалі салдацкай кашай, на марозе яна апетытна дымілася. Аўтар гэтых радкоў пацікавілася ў сям’і, што апетытна спажывала кашу на свяце, якія ўражанні. Адказала маці сямейства Ірына Васільева: «Мы прыехалі з Мінска ў госці да сваякоў. Прыйшлі сюды ўжо дзве гадзіны таму, пакуль не збіраемся дадому. Усё цудоўна. Хочам паглядзець канцэрт».

А на сцэне тым часам выступалі прадстаўнікі самадзейнасці. У вячэрняй праграме чакаецца выступленне артыстаў прафесіянальных ды лазернае вогненна-піратэхнічнае шоу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і тэлеграм-канала Брэсцкага гарвыканкама  

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.