Вы тут

Хто ж ствараў слуцкія паясы?


У часы Рэчы Паспалітай слуцкія паясы былі неад’емным атрыбутам эліты. Яны сведчылі пра статус, заможнасць гаспадара, падкрэслівалі яго густы. Праз пару стагоддзяў паясы ўжо сталі ўсенародным сімвалам. Пра іх у сваім вершы «Слуцкія ткачыхі» пісаў Максім Багдановіч. Узоры і матывы паясоў выкарыстоўваліся пры афармленні кніг, афіш, плакатаў, а ў пасляваенныя гады — нават ліхтарных слупоў у Мінску, Віцебску і Гомелі.


Больш даведацца пра тое, як узнік такі феномен можна дзякуючы манаграфіі «Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі». Гэта вынік амаль пяцігадовай працы, праведзенай Фондам развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНІВ» сумесна з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі.

— Паясам і іх вытворчасці было прысвечана нямала работ у беларускай, польскай, украінскай, літоўскай, расійскай гістарыяграфіях, — адзначае кандыдат гістарычных навук, архівіст, гісторык, адзін з аўтараў даследавання Дзяніс Лісейчыкаў. — Мы ж вырашылі падысці па-іншаму. Падысці з боку «чалавечага фактару». Знайсці звесткі пра людзей, якія стваралі паясы.

Дзіўна, але на імя стваральніка паясоў майстра-ткача Яна Маджарскага папярэднія даследчыкі ўпершыню звярнулі ўвагу толькі ў 1870-я гады. Многія звесткі, звязаныя з лёсам гэтага чалавека, да апошняга часу наогул заставаліся нявысветленымі. Існавалі версіі пра яго турэцкае, украінскае, венгерскае і армянскае паходжанне. Неабходна было высветліць, калі Маджарскія прыехалі на нашы землі, бо ў розных работах разбежка атрымлівалася ў 15-20 гадоў. Невядомая была і дата смерці Яна Маджарскага.

Была блытаніна і наконт таго, колькі існавала персіярняў, — адны даследчыкі лічылі, што ў Нясвіжы і Слуцку былі розныя фабрыкі, якія канкурыравалі паміж сабой.

Міхаіл Казімір Радзівіл (Рыбанька) запрасіў Яна Маджарскага працаваць на фабрыку ў Нясвіжы. У радзівілаўскіх архівах захаваўся дакумент, які сведчыў пра налічэнне заробку майстрам. Адпаведна ўжо ў студзені 1757 года персіярня ў Нясвіжы пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага працавала. А вось у Слуцку, які належаў брату Міхаіла Казіміра Гераніму Фларыяну Радзівілу, фабрыкі на той час не было.

Сакрэты поспеху

Мода на персідскія паясы і кунтушовыя строі прыйшла з Асманскай імперыі, з якой з XVІ стагоддзя Рэч Паспалітая вяла войны. Такі трэнд улавілі армянскія рамеснікі і пачалі ткаць для хрысціянскіх рынкаў. Некаторыя з іх працавалі ў Асманскай імперыі, частка майстроў асела ў Рэчы Паспалітай. У Станіслаў (сучасны Івана-Франкоўск) якраз і прыехаў працаваць Ян Маджарскі. Перспектыўнага маладога майстра Рыбанька перавабіў у Нясвіж.

— Безумоўна, Радзівіл меў вялікія амбіцыі і хацеў знайсці найлепшага майстра. Для гэтага звяртаўся да аднаго з самых уплывовых членаў армянскай абшчыны, купца Сімона Нікаровіча, які ў той час быў буйнейшым пастаўшчыком у Рэчы Паспалітай персідскіх паясоў. Важна, што Радзівіл добра ставіўся да Яна Маджарскага і даваў яму развівацца. Напачатку ў іх былі партнёрскія адносіны, пасля Маджарскія атрымалі фабрыку ў арэнду. Фактычна Маджарскім быў дадзены карт-бланш, — раскрывае перадумовы для стварэння сапраўднага феномена, якім за кароткі час стануць паясы, зробленыя пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага, генеральны дырэктар Фонду развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНІВ» Армэн Хечаян, аўтар ідэі даследавання і кіраўнік дадзенага праекта

Самотны майстар

У 1758 годзе Ян Маджарскі і Міхаіл Казімір заключылі кантракт, прычым майстар быў задзейнічаны ў вырабе шпалер, макат, а ўжо паясы сталі, так бы мовіць, таварам-люкс. Пэўны час не было вядома, дзе ў Нясвіжы знаходзілася персіярня. Аўтары манаграфіі давялі, што яна месцілася ў палацава-паркавым комплексе Кансаляцыя. Сведчанне таму можна знайсці ў дзённіках Міхаіла Казіміра Радзівіла, дзе ён піша, як ездзіў глядзець вырабы.

Спрэчкі ўзнікалі і наконт месца фабрыкі ў Слуцку. Пэўны час у інтэрнэце нават хадзіў здымак пачатку ХХ стагоддня двухпавярховага мураванага будынку, падпісаны як былая персіярня. Насамрэч гэта была фатаграфія ранейшай бібліятэкі слуцкага калегіума езуітаў, у якім хутчэй за ўсё вучыўся сын Яна Маджарскага Леан.

Пад персіярню былі задзейнічаны будынкі казарм гранд-мушкецёраў. Сюды ў 1760 годзе пасля смерці брата Гераніма Фларыяна, які не меў нашчадкаў, Радзівіл Рыбанька вырашыў перавесці вытворчасць паясоў. У той час гэта быў сапраўдны горад-крэпасць, тэрыторыі якога прадпрымальны Радзівіл адразу знайшоў прымяненне. Магчыма, заморскага майстра ў Слуцк ён пераправіў, каб таму цяжэй было збегчы. Справа ў тым, што сям’я Яна Маджарскага (жонка, сын і тры дачкі) заставалася ў Стамбуле. Ён цяжка перажываў доўгае расстанне з імі. Па дакументах удалося высветліць, што ўвесну 1761 года майстар нават зрабіў спробу ўцячы. Захапіў з сабой паясы быццам для продажу і з’ехаў у невядомым кірунку. Пра гэта Радзівілу паведамляў нясвіжскі камендант. Агенты князя перахапілі ўцекача ў Бродах (Цэнтральная Украіна). Майстра даставілі ў Нясвіж, дзе той прызнаўся Радзівілу, што збег выключна па сямейных абставінах. Рыбанька, які вельмі цаніў мэтра, паабяцаў Маджарскаму прывезці яго сям’ю са Стамбула. Гэта справа была няпростай, яна расцягнулася на чатыры гады. Агенты князя не толькі адшукалі жонку Маджарскага, але і выплацілі яе вялікія пазыкі. Сям’я ўз’ядналася ў другой палове 1766 года.

Аўтары вырашылі прасачыць лёс знакамітага роду. Будынкі і мясціны, якія належалі Маджарскім у XVІІІ—XІX стагоддзях, знаходзіліся на тэрыторыі Асіповіцкага, Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Навагрудскага, Слуцкага і Нясвіжскага раёнаў. Якім склаўся лёс дачок Яна Маджарскага, яшчэ трэба высветліць. А вось пра сына, які пасля бацькі кіраваў фабрыкай, захавалася больш інфармацыі. Унучка Леана, Эльжбета, выйшла замуж за Чэслава Манюшку, і ў гэтай пары нарадзіўся сын Станіслаў, які стаў знакамітым кампазітарам.

Па мужчынскай лініі род згас у 1860-х гадах. Апошняй з Маджарскіх Вікторыі (па мужу Крушынскай), не стала ў 1886 годзе, яе надмагілле можна пабачыць у Мінску на Кальварыйскіх могілках.

Сярод цікавостак, якія ўдалося адшукаць, — сувязі Яна Маджарскага са знакамітай лекаркай, пісьменніцай Саламеяй Русецкай. У адзін час яны жылі ў Стамбуле, пасля — служылі пры двары Радзівіла. Ужо ў паважным узросце Ян Маджарскі паехаў у Стамбул па даведку аб сваім паходжанні, каб пацвердзіць дваранскія карані. Ён звярнуўся да мясцовай армянскай абшчыны, атрыманы там дакумент заверыў Станіслаў Піхельштэйн — сын Саламеі Русецкай.

Атрымаць шляхецкія правы Ян Маджарскі не паспеў, затое гэта зрабіў яго сын Леан. Род Маджарскіх займеў уласны герб Дар, які аўтары даследавання змясцілі на вокладцы кнігі.

І тчэ забыўшыся рука…

У выданні можна пабачыць старыя планы горада, на якіх размешчаны будынкі персіярні. У 1797 годзе губернскі архітэктар Фёдар Крамер працуе над планам перабудовы аднаго з будынкаў фабрыкі пад казармы для Нізоўскага палка. Вядома, што пасля смерці Караля Станіслава Радзівіла ў 1790 годзе, канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння земляў да Расійскай імперыі, персіярня пачала прыходзіць ў заняпад. Задума Крамера так і не была рэалізавана, а створаная ім схема — на сёння адзіная вядомая падрабязна пададзеная выява фабрыкі.

У лепшыя ж часы, калі вырабы персіярні былі надзвычай папулярнымі, тут працавала каля 60 сем’яў. Адзін з двух будынкаў фабрыкі быў вытворчым, а другі служыў жытлом для работнікаў. Ткалі пераважна мужчыны, але і іх жонкі маглі быць задзейнічаны на вытворчасці. Па дакументах можна нават прасачыць імёны майстроў. Дарэчы, прыгонныя на фабрыцы ніколі не працавалі. Сюды ўладкоўваліся прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя, пераважна мясцовыя жыхары з Нясвіжскага і Слуцкага рэгіёнаў.

Адна знаходка сапраўды ўражвае. Гэта ліст каменданта Слуцка ад 1760 года, калі фабрыка яшчэ толькі пераязджала ў гэты горад. Мужчына дакладаў Радзівілу, што ўстанаўліваюцца станкі, што рабоце будуць навучацца murzуnkі (негрыцянкі). Дарэчы, раней гэты дакумент ужо трапляўся ў рукі даследчыкаў, праўда, слова «мурзынкі» падавалася сугучным слову мужычкі. Але ж сапраўды магло так стацца, што аднымі з першых на фабрыцы працавалі цемнаскурыя нявольніцы. Справа ў тым, што ў абодвух братоў Радзівілаў былі тэатральныя трупы, у якія ўваходзілі і цемнаскурыя акцёры. Пасля смерці Гераніма Фларыяна ягоная трупа аказалася незапатрабаванай і яе ўдзельніцам спрабавалі знайсці новае прымяненне…

Дзяніс Лісейчыкаў падзяліўся, што нарэшце ўдалося расшыфраваць гаспадарчыя запісы, якія вялі Ян і Леан Маджарскія. Было зразумела, што майстры карысталіся армянскімі літарамі, вось толькі складнага тэксту ўбачыць у дакументах не атрымлівалася. Але калі была зроблена транскрыпцыя з армянскага алфавіта, стала зразумела, што тэкст напісаны пераважна польскімі словамі. У гэтых запісах майстры пазначалі, колькі матэрыялу ішло на паясы, якой яны былі расфарбоўкі, кошту. Дарэчы, па колерах паясоў, зробленых Маджарскімі, можна таксама ўдакладняць час іх стварэння. Напрыклад, Рыбанька загадваў майстру не выкарыстоўваць чырвоны колер. Так і было да 1762 года, калі князя не стала.

З дакументаў можна атрымаць звесткі, хто станавіўся ўладальнікам паясоў. Былі ў фабрыкі і асаблівыя заказчыкі. Так, па замове епіскапскага двара быў вытканы амафор для Віктара Садкоўскага, які адначасова быў Слуцкім архімандрытам. Гэта ўнікальны выраб: адзіны твор з выявай жывой істоты — Агнца Божага. Гэта адсылка да царкоўнай сімволікі, але ў той жа час Агнец быў і на гербе армянскіх абшчын. Амафор захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: slutskiepoyasa.by

Загаловак у газеце: Унёсак майстра

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.