Вы тут

Што прапануе пакупнікам Першы нацыянальны гандлёвы дом


Будынак, дзе размясціўся «Першы нацыянальны гандлёвы дом», яшчэ нядаўна быў вядомым сталічным даўгабудам. Згодна з першапачатковай задумкай, гэта павінен быў быць «Магніт Мінска», будаваць які пачалі яшчэ ў 2009-м. Але праект так і адышоў у нябыт, і ў рэшце рэшт даўгабуд атрымаў «другое нараджэнне». Ён завершаны за кошт бюджэту, і цяпер гэта «Першы нацыянальны гандлёвы дом», які сабраў пад сваім дахам самыя яркія і значныя айчынныя брэнды. На верхніх паверхах будынка будуць кватэры, унізе — паркінг. Ну, а Першы нацыянальны гандлёвы дом, вітрына найлепшай прадукцыі кожнага з рэгіёнаў нашай краіны, адкрыўся 29 снежня, на тры дні раней за заяўлены тэрмін. У адкрыцці прымаў удзел Прэзідэнт Беларусі.


Для тых, хто шануе якасць

Мультыбрэндавая падача айчынных тавараў пакупніку — адна з ключавых тэндэнцый апошніх гадоў. Аб гэтым не раз і летась, і пазалетась казала, у прыватнасці, кіраўніцтва галіны лёгкай прамысловасці.

— Адзін з новых кірункаў развіцця менавіта падачы нашых тавараў пакупніку — мультыбрэндавыя прасторы. Гэта, напрыклад, сетка «Да дому», дзе прадстаўлена прадукцыя мноства прадпрыемстваў краіны, аб’яднаная агульнай канцэпцыяй дамашняй утульнасці. Мультыбрэндавыя крамы пад сваёй маркай адкрываюць «Conte», «Світанак» — там яны рэалізуюць прадукцыю і іншых беларускіх прадпрыемстваў, — адзначала ў інтэрв’ю «Звяздзе» намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мурашка.

Тэндэнцыя актуальная і для іншых сфер — ад прадуктаў харчавання да мэблі. І «Першы нацыянальны гандлёвы дом» (133 гандлёвыя пляцоўкі: фірменныя крамы, кафэ, бытавыя аб’екты) — якраз маштабная рэалізацыя гэтай канцэпцыі. Гэтыя 133 гандлёвыя аб’екты размешчаны на трох паверхах, а каб у пакупніка «не разбегліся вочы», крамы згрупаваны па рэгіёнах: другі паверх (куды трапляеш з галоўнага ўвахода) — Віцебская і Магілёўская вобласці (і частка брэндаў Міншчыны), трэці — Брэст, Гродна, Гомель, першы (цокальны) паверх — ізноў жа, сталічная вобласць. 91 крама нехарчовых тавараў, 27 — тавараў харчовых, 5 кафэ і рэстаранаў і 10 аб’ектаў аказання паслуг. Каля ўвахода можна азнаёміцца як з падрабязным планам гандлёвага дома, так і з планам размяшчэння крам па кожным з рэгіёнаў.

Знаходзіцца «Першы» праз дарогу ад «Dana Mall», але канкурэнцыі не баіцца.

— «Дана Мол» нам не канкурэнт, — усміхаецца прадавец Юлія. — Ён прывабны ў першую чаргу для моладзі. Людзі больш дарослыя, умудроныя вопытам, упэўнена, прыйдуць да нас. Бо з вышыні пражытых гадоў вучышся шанаваць якасць. А беларуская прадукцыя і якасць — сінонімы.

Зрэшты, моладзі сярод наведвальнікаў новага ГЦ таксама дастаткова, прычым нават у 10 гадзін раніцы ў суботу (вырашыла прыехаць да адкрыцця ў надзеі, што большасць будзе спаць даўжэй — але памылілася).

— Сёння раніцай пакупнікоў няшмат, — адзначае суразмоўніца. — Вось у першыя дні пасля адкрыцця вельмі шмат людзей было. Прыходзілі сем’ямі, прыязджалі з рэгіёнаў, шмат расіян было, іншыя замежнікі. А цяпер працуем у звычайным рэжыме.

Не бульбай адзінай

Калі вам здалося, што на фоне амаль сотні нехарчовых крам тры дзясяткі крам харчовых — гэта няшмат, то вы памыляецеся. Рознага роду ежа тут — на кожным кроку. Не можаце вырашыць для сябе дылему, якая згушчонка вам бліжэй, рагачоўская ці глыбоцкая? Ідзіце ў «Першы нацыянальны гандлёвы дом»: варыянтаў згушчонкі ад абодвух знакамітых вытворцаў тут мноства, прычым з рознымі смакамі — некаторыя віды ў Мінску амаль не сустрэнеш. І калі вам цікавы параўнальны асабісты аналіз глазураваных сыркоў з розных не тое што абласцей, але нават раёнаў краіны — таксама заходзьце сюды. Ёсць магчымасць азнаёміцца, купіць пад адным дахам дзясятак (або некалькі дзясяткаў) сыркоў з усёй краіны, пакаштаваць і вырашыць для сябе гэтае пытанне.

А ў цэлым харчовы асартымент сапраўды шырокі і разнапланавы — арыентаваны на рознага пакупніка. Уражвае выбар паўфабрыкатаў — замарожаных варэнікаў, пельменяў, блінцоў і г. д. У тым ліку варыянты, раней асабіста мной у мінскіх крамах не бачаныя. Ёсць выбар для тых, хто лічыць сябе адэптам правільнага харчавання — напрыклад, да іх паслуг асартымент крамы «Віцебскі экапрадукт», а таксама прадукты з малака А2 (першым гэта цяпер моднае малако ў 2021 годзе пачаў выпускаць Лунінецкі малочны завод. А1 і А2 — генетычныя варыянты бялку бэта-казеіну, і ў чым тут «фішка», «Звязда» неяк пісала)…

Чакана шмат у новым ГЦ кандытаркі — і ў павільёнах ад «Камунаркі», «Спартака», «Чырвонага харчавіка», і ў фірменных крамах вытворцаў маштабам паменш. У шырокім асартыменце — і алкагольныя напоі, у першую чаргу традыцыйныя для беларускай кухні. Шмат сыроў, ад мацарэлы да відаў з цвіллю або спецыямі. І, вядома, да паслуг пакупнікоў вялікі выбар мяса і мясных прадуктаў. Індычку з розных рэгіёнаў, напрыклад, можна і трэба параўноўваць, як і стэйкі з мармуровай ялавічыны — варыянты ёсць. Не кажучы ўжо пра курыцу, свініну і вырабы з іх — ад сардэлек да «пальцам пханых» каўбас. Ёсць у новым гандлёвым цэнтры вялікі фудкорт, але пакуль што «кафэшак» там няшмат. А на першым (цокальным) паверсе размяшчаецца кафэ беларускай кухні «Пан Жыта».

Што здзівіла: у невялікай краме «Лясная хатка» Бялыніцкага лясгаса можна купіць тушонку з ласяціны, аленіны і нават мяса зубра. Каштуе ўсё задавальненне ў межах дзясяткі за стандартны слоік тушонкі. Можна, вядома, абурацца: маўляў, гэта ж сімвал краіны, да таго ж зубр — у Чырвонай кнізе. Але супрацоўнікі крамы запэўнілі, што ўсё ў межах закона. І раз ужо шкоду віду далікатэс не нанёс, чаму б не пакаштаваць?

Дарэчы, у гэтай жа краме прадаюцца вельмі мілыя шкляныя падарункавыя слоічкі з самым розным мёдам. У сярэднім 4 рублі за 130 грам.

«Хюгге» па-беларуску

Крамы мэблі і тавары для дома — яшчэ адзін найбуйнейшы кірунак, на які арыентаваны гандлёвы цэнтр. Наўрад ці так задумвалася першапачаткова, проста мэблю і інтэр’ерныя рэчы ў Беларусі вырабляе шмат буйных і невялікіх кампаній, вось «ухіл» і атрымаўся сам сабой. І па дызайнерскіх кірунках, і па фармаце мэблевыя крамы тут вельмі розныя. Ёсць, напрыклад, прасторы сеткавых крам «Амі-Мэбля», Black Red Whіte, ёсць пляцоўкі буйных вытворцаў, ёсць шоўрумы інтэрнэт-крам — напрыклад, dіvan. by ці furman. by. А таксама корнеры невялікіх прыватных вытворчасцяў.

Тое ж датычыцца аздаблення і дызайну кватэры (дома), а таксама прадметаў інтэр’ера: фарматы розныя. Нараўне з «Керамінам», «Беларускімі шпалерамі», «Віцебскімі дыванамі» і г. д. тут працуе таксама мультыбрэндавая прастора «Да дому». Гэта, дарэчы, ужо трэцяя мінская крама «Да дому» (ёсць яна таксама ў «Дана Мол» і «Сталіцы»).

Шмат у новым ГЦ крышталю і фарфору, ёсць шэраг студый кухні, а таксама крамы садовай мэблі. Можна знайсці і ўвогуле дызайнерскія рэчы — тыя, што «ў адзіным экзэмпляры».

— Мы працуем не толькі для людзей, у якіх ёсць загарадны дом, — распавялі ў «Краме кавання» (вытворчасць размешчана ў Магілёве). — Чаму ў кватэры, каля ўваходу, скажам, трэба ставіць палічку з фанеры? Можна ж паставіць прыгожую і надзейную этажэрку — спалучэнне кавання і дрэва. Гэта ўкладанне на доўгія гады. Памятаеце, у савецкія гады быў такі анекдот: маўляў, мэблю ў нас робяць з фанеры, а платы — з якаснага дрэва. Дык вось, сёння гэта не так: мы, напрыклад, ствараем надзейныя, даўгавечныя, прыгожыя і якасныя інтэр’ерныя рэчы.

Дарэчы, вытанчаны каваны падсвечнік, навобмацак цяжкі, а па выглядзе — бязважкія карункі, тут можна набыць усяго за 42 рублі, хоць, вядома, на большасць пазіцый цана вышэйшая.

Што здзівіла: Аказваецца, у нашай краіне ёсць вытворчасці, якія робяць не толькі якасную і прыгожую класічную мэблю (мяккую і карпусную), але і дызайнерскую, у самых розных стылях. Знаходкай асабіста для мяне стаў брэнд Savlukov-Mebel. Па-першае і галоўнае, у сувязі са сваёй прадукцыяй: сапраўды стыльнай мяккай мэбляй, а па-другое, у сувязі з афармленнем шоўрума. «Раптам захацелася купіць канапу» — пагадзіцеся, гэта гучыць... мабыць, дзіўна: гэта ж не сукенка або сумачка, такую куплю звычайна людзі абдумваюць. Але мэбля тут выглядае так, што купіць яе менавіта «хочацца», узнікае такі імгненны імпульс. На шматлікіх канапах і крэслах красуецца таблічка «Прабачце, мяне ўжо купілі».

— Наша фабрыка — сучасная вытворчасць, якая знаходзіцца ў Віцебску, — распавядае прадавец. — У Мінску, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, нас пакуль не надта ведаюць, але, спадзяюся, хутка пазнаёмімся.

Знаёмства, здаецца, адбылося паспяхова. Дарэчы, дыяпазон цэн тут, у прынцыпе, не непад’ёмны. Ёсць зусім вартыя варыянты ад 2000 рублёў, хоць у асартыменце прыгажуні канапы і за 7-8 тысяч.

Свой стыль

Па вопратцы і абутку, мабыць, варта было б зрабіць асобны агляд — іх тут таксама шмат, і калі вам цікавая мода, сумаваць у «Першым нацыянальным гандлёвым доме» не давядзецца. Як вядома, у Беларусі ёсць буйныя прадпрыемствы, якія забяспечваюць, скажам так, больш спакойны запыт (гэтае адзенне ў абсалютнай большасці, напрыклад, у ЦУМе і ГУМе) і лакальныя вытворчасці — дызайн-студыі, якія працуюць на стварэнне акцэнтных модных рэчаў. І тыя, і другія ў ГЦ прадстаўлены. Калі вас цікавіць другі варыянт, ідзіце ў тое крыло, дзе Брэсцкая і Гродзенская вобласць, там ёсць цікавыя корнеры — пакуль іх менш, чым хацелася б, але ж і цэнтр толькі адкрыўся. На сёння і тут пакуль пераважае той самы «спакойны запыт». Зрэшты, паказаць у новым ГЦ брэнды імкнуцца самае лепшае, так што і ў буйных вытворчасцяў тут можна знайсці нясумныя рэчы, якія захочацца купіць.

Што здзівіла: дызайнерскае адзенне для дзяцей і падлеткаў. Аказваецца, яно ў нас шыецца — і шыецца нядрэнна. Напрыклад, у корнеры брэсцкага брэнда Colіbrі пакупнік апране сваю юную модніцу і для фэшн-фотасесіі, і «на выхад», і на кожны дзень. Плюс аксесуары і ўпрыгожванні. Цэны тут, вядома, не сказаць каб бюджэтныя, але ж і рэчы дызайнерскія.

— Наша вытворчасць яшчэ маладая, ды і гандлёвы цэнтр новы, — распавядае прадавец. — Так што пакуль людзі прыходзяць больш «проста паглядзець», хоць ёсць ужо і продажы. Дарэчы, купляюць у нас не толькі для дзяцей, набываюць і дарослыя.

«Растоўка» ў брэнда да 170 см, так што вобразы могуць абраць сабе і дзяўчыны, і нават сталыя жанчыны (калі камплекцыя дазваляе).

І яшчэ аб плюсах. У шматлікіх корнерах дызайнерскага адзення ёсць разнапланавыя фотазоны (як і проста ў холах гандлёвага цэнтра), у шматлікіх крамах з прадуктамі — міні-кафэ. А ў цэлым мазаіка з розных айчынных вытворчасцяў сапраўды склалася ў прывабную і годную карціну, якую цікава разглядаць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?