Вы тут

Прэзідэнт правёў пасяджэнне Савета бяспекі


Падчас мерапрыемства былі разгледжаны два найважнейшыя дакументы стратэгічнага планавання — праекты Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь. Згодна з абноўленай Канстытуцыяй нашай краіны, гэтыя дакументы зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам.


З улікам нацыянальных інтарэсаў і каштоўнасцяў 

Праект новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі быў адобраны 20 лютага 2023 года на пасяджэнні Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь. Перш чым выносіць яго на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік дзяржавы даручыў правесці грамадскае абмеркаванне дакумента.

На працягу года было арганізавана каля 70 дыскусійных пляцовак па абмеркаванні асноўных навэл Канцэпцыі ва ўсіх рэгіёнах краіны, у дзяржаўных органах і арганізацыях, працоўных калектывах, навучальных установах, прафсаюзных і грамадскіх аб’яднаннях. Да абмеркавання прыцягваліся прадстаўнікі навуковай і экспертнай супольнасці, асноўных рэлігійных канфесій, суб’ектаў грамадзянскай супольнасці. Для максімальнага ахопу аўдыторыі тэкст новай Канцэпцыі таксама быў размешчаны на Нацыянальным прававым Інтэрнет-партале Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікамі абмеркавання адзначана высокая якасць падрыхтоўкі дакумента, яго адпаведнасць сучасным рэаліям развіцця абстаноўкі ў свеце і Беларусі, а таксама запатрабаванасць менавіта такой формы прамога ўзаемадзеяння органаў улады з грамадзянамі, асабліва з моладдзю. Работа, якая праводзіцца ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта, шырока асвятлялася ў інфармацыйнай прасторы.

Падчас чарговага пасяджэння Савета бяспекі кіраўніку дзяржавы і членам Савета бяспекі былі агучаны канкрэтныя прапановы, якія ў выніку грамадскага абмеркавання прапануецца ўключыць у абноўленую Канцэпцыю. Перш за ўсё яны датычацца дадатковай абароны інстытута традыцыйнай сям’і, павышэння ўзроўню сацыяльнай адказнасці бізнесу, пераадолення дыспрапорцый рэгіянальнага развіцця, канкрэтызацыі пераліку сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі, паняційнага апарата, парадку зацвярджэння сістэмы індыкатыўнай ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі і іншых. Пасля ўнясення ў праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі дапаўненняў, якія паступілі ў ходзе грамадскага абмеркавання, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дакумент будзе вынесены на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу.

Пасля адабрэння новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі было прынята рашэнне аб распрацоўцы праекта новай Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь. Дакумент не прадугледжвае кардынальнай рэвізіі палажэнняў ваеннай палітыкі дзяржавы, актуальныя палажэнні засталіся нязменнымі, захаваны яе абарончы характар.

Ваенная дактрына носіць публічны, адкрыты характар і з’яўляецца сістэмным, метадалагічным і канкрэтным дакументам, які адпавядае сучасным рэаліям і мае істотны задзел на перспектыву, у якім проста і зразумела называюцца сваімі імёнамі працэсы, якія адбываюцца вакол нашай краіны. У новай дактрыне раскрыты змест ваеннай палітыкі Беларусі, у прыватнасці, падкрэсліваецца, што мы міралюбівая краіна, нікому не пагражаем, а спробы ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы, а тым больш пагроза прымянення ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаннем усяго патэнцыялу дзяржавы.

У ходзе чарговага пасяджэння Савета бяспекі кіраўніком дзяржавы і членамі Савета бяспекі дэталёва разгледжаны палажэнні новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны. Адзначаны выразна выражаны нацыянальны характар дакумента, у якім акцэнты зроблены на нашы нацыянальныя каштоўнасці: мір, стабільнасць і бяспеку. Пасля адабрэння Саветам бяспекі праект новай Ваеннай дактрыны, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, будзе вынесены на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу. 

Па сутнасці, зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі стануць адным з першых рашэнняў гэтага канстытуцыйнага органа пасля замацавання яго прававога статуса. 

«Ваенная сіла стала галоўным аргументам пры выбудоўванні міждзяржаўных адносін»

«Вы ведаеце абстаноўку вакол Беларусі не горш за мяне, — звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння Аляксандр Лукашэнка. — Ключавыя напрамкі трансфармацыі сучасных рызык, выклікаў і пагроз у сферы нацыянальнай бяспекі даволі падрабязна выкладзены ў Канцэпцыі і Ваеннай дактрыне. І многія закладзеныя там адзнакі і прагнозы ўжо спраўджваюцца». 

Прэзідэнт прывёў у прыклад падзеі, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе. «Гэта найстрашэнная гуманітарная катастрофа, — адзначыў ён. — Звярніце ўвагу, што пагрозы прымянення ядзернай зброі загучалі практычна адразу пасля эскалацыі канфлікту. І, як гэта звычайна бывае, з боку “цывілізаванага” Захаду ніякіх санкцый не было. Дзяжурныя заявы — як быццам нічога не адбылося».

Кіраўнік дзяржавы з жалем канстатаваў, што мы вярнуліся ў часы, калі ваенная сіла стала галоўным аргументам пры выбудоўванні міждзяржаўных адносін. «Па меркаванні спецыялістаў, у новай Ваеннай дактрыне кардынальныя змены, якія адбываюцца ў ваенна-палітычнай абстаноўцы, новыя ваенныя небяспекі ўлічаны ў поўным аб’ёме, — паведаміў Прэзідэнт. — Абноўлены і падыходы да вызначэння характару сучасных ваенных канфліктаў у інтарэсах выпрацоўкі адэкватных мер рэагавання для ўзброенай абароны краіны». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе па выніках пасяджэння Савета бяспекі ім былі дадзены адпаведныя даручэнні. «Сфарміравана і пастаўлена задача — нефармальна падысці да падрыхтоўкі новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, вынесці яе на шырокае грамадскае абмеркаванне з прыцягненнем прадстаўнікоў навуковай і экспертнай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі, грунтоўна абмеркаваць гэты дакумент, спытаць меркаванне людзей, — канкрэтызаваў ён. — Бо забеспячэнне нацыянальнай бяспекі — гэта наша агульная задача. Кожнага грамадзяніна Беларусі». 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, які канкрэтны вынік атрыманы ад грамадскага абмеркавання Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Беларускі лідар удакладніў, ці згодны члены Савета бяспекі са змяненнямі і дапаўненнямі, якія прапануецца ўнесці, або ёсць іншыя прапановы. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?