Вы тут

Аляксандр Вальфовіч: «Перш за ўсё людзей хвалююць мір, стабільнасць і бяспека»


У размове з журналістамі Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што на пасяджэнні Савета бяспекі ён далажыў аб тым, як была арганізавана работа па абмеркаванні праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Па яго словах, Прэзідэнта ў першую чаргу хвалявала тое, наколькі нефармальна Савет бяспекі падышоў да выканання гэтага даручэння, ці разабраліся грамадзяне нашай краіны ў сутнасці гэтага дакумента, ці зразумелі яго неабходнасць.


Фота: БелТА

«Мы правялі больш як 70 дыялогавых пляцовак, закранулі ўсе рэгіёны нашай краіны (найбольш буйныя гарады раённага значэння), правялі работу з усімі слаямі грамадства, дзяржорганамі, арганізацыямі, вучонымі, студэнтамі, працоўнымі калектывамі, прыцягнулі кіраўнікоў нашых асноўных рэлігійных канфесій, кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў — ахапілі практычна ўсе слаі нашай краіны, — паведаміў дзяржсакратар. — Сапраўды гэта выклікала непадробную цікавасць».

На Нацыянальным прававым Інтэрнет-партале Рэспублікі Беларусь зафіксавана звыш 15 тысяч зваротаў грамадзян да дакумента. «Самае галоўнае, што мы атрымалі зваротную сувязь, — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. — У ходзе работы ў працоўных калектывах людзі задавалі пытанні. Іх хвалявала не толькі тое, што новае ў гэтай Канцэпцыі, але і абстаноўка вакол нашай краіны. Гэтыя дыялогавыя пляцоўкі мы выкарыстоўвалі для інфармавання насельніцтва нашай краіны аб працэсах, якія адбываюцца».

Дзяржаўны сакратар заўважыў, што праўдзіва і ёміста гэтую інфармацыю да грамадзян нашай краіны даносяць сродкі масавай інфармацыі. «Але калі ідзе жывы дыялог, у тым ліку з вышэйшымі службовымі асобамі, гэта выклікае непадробную цікавасць у грамадзян нашай краіны, што мы адчувалі ў ходзе зносін на гэтых дыялогавых пляцоўках», — удакладніў ён. 

Па словах Аляксандра Вальфовіча, перш за ўсё людзей сёння хвалююць мір, стабільнасць і бяспека. І на тое ёсць прычына. Дзяржаўны сакратар указаў на факты развязвання ў свеце ваенных канфліктаў, заявы некаторых палітыкаў аб прымяненні ядзернай зброі. У прыватнасці, Польшчы, якая просіць размясціць на яе тэрыторыі амерыканскую ядзерную зброю. «Сёння 150 ядзерных боегаловак амерыканскіх размяшчаецца на тэрыторыі Еўропы, гэта не лічачы ядзернай зброі Францыі і Вялікабрытаніі, — дадаў ён. — Але некаторыя краіны яшчэ просяць размясціць на сваёй тэрыторыі. Зразумела для чаго, улічваючы іх мілітарыстычны характар, агрэсіўныя заявы ў адносінах у тым ліку да нашай краіны».

У сувязі з гэтымі падзеямі Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі ўзмоцнена рызыкамі ўзнікнення ваенных канфліктаў з выкарыстаннем ядзернай зброі. І гэта, як падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, прапанавалі звычайныя людзі.

Акрамя таго, праз прадстаўнікоў рэлігійных канфесій, Беларускага саюза жанчын і БРСМ грамадзяне выказалі занепакоенасць тым, што многія маладыя людзі не разумеюць каштоўнасці традыцыйнай беларускай сям’і, значнасць гэтага інстытута. У сувязі з гэтым Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі ўзмоцнена такім палажэннем, як усямерная абарона і зберажэнне інстытута традыцыйнай беларускай сям’і як саюза паміж жанчынай і мужчынам па нараджэнні. У ходзе зносін з прафсаюзнымі арганізацыямі насельніцтвам была выказана прапанова аб узмацненні сацыяльнай адказнасці бізнесу. Гэта таксама знайшло адлюстраванне ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Акрамя таго, дапоўнены пункт Канцэпцыі, які не дапускае вялікага разрыву ў развіцці паміж малымі населенымі пунктамі і вялікімі гарадамі. Некаторыя палажэнні дакумента былі падкарэкціраваны ў сувязі з прыняццем законаў «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» і «Аб народным апалчэнні». Акрамя таго, удакладнены парадак зацвярджэння сістэмы ацэнкі індыкатараў нацыянальнай бяспекі.

«Прэзідэнт паставіў задачу працягнуць работу па інфармаванні насельніцтва аб ваенна-палітычнай абстаноўцы і сітуацыі, якая складваецца, — рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч. — Прынята рашэнне вынесці дакумент на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу. Будзем спадзявацца, што асноўны пасля Канстытуцыі стратэгічны дакумент будзе ўзяты за аснову і на ўзбраенне для абароны нашых нацыянальных інтарэсаў». 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?