Вы тут

Ці дазваляе заканадаўства абараніць пакінутых жывёл


Як ні крыўдна, але бадзяжных сабак і катоў не становіцца менш. Час ад часу ў грамадстве ўсплываюць факты жорсткага абыходжання з безгаспадарнымі жывёламі. Некаторыя грамадзяне за такія ўчынкі нясуць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць. Над адпаведным законапраектам працуюць парламентарыі. Наколькі ён палепшыць сітуацыю, пакажа час. Пакуль жа асноўную нагрузку па выратаванні кінутых на волю лёсу сабак і катоў узялі на сябе валанцёрскія арганізацыі і нераўнадушныя людзі.


З дабром у сэрцы

З Марынай Гунціце мы пазнаёміліся падчас наведвання ветэрынарнай клінікі. Жанчына трымала ў руках маленькага шчанюка, якога не так даўно падабрала на вуліцы.

— Я ўбачыла пост у сацыяльнай сетцы і фота спалоханай сабачкі, якая стаіць пад сцяной нейкага будынка. Яе доўга ніхто не забіраў, і я папрасіла сваю сяброўку зъездзіць за ёй. Аказалася, што ў сабачкі вірус, жывёлу проста выкінулі, — расказала яна.

Цяпер Марына займаецца лячэннем знайдыша. Працэс не хуткі, жанчына наведвае з сабакам клініку два разы на тыдзень. Пасля лячэння і вакцынацыі ўладальніца будзе шукаць падапечнай «добрыя рукі». Аддасць на ўмовах адпаведнага дагавора, у якім прадугледжаны абавязковая кастрацыя, правільнае кармленне і догляд жывёлы.

— Калі ўмовы дагавора не захоўваюцца, мы жывёлу вяртаем. Так адбылося, калі я патэлефанавала чалавеку, каб пацікавіцца аб сабаку, ён не выходзіў на сувязь, тады мы паехалі глядзець, што здарылася. Гаспадар аказаўся не цвярозы, на падлозе ляжалі косці, кавалкі хлеба — так нельга карміць маленькае шчаня. Мы адразу сабаку забралі і знайшлі яму вельмі добрых гаспадароў. Мне высылаюць фота, я бачу, што сабачка дагледжаны, расце, — працягвула свой расказ субяседніца.

Больш за чатыры гады Марына Гунціце дапамагае бадзяжным жывёлам. Усё пачалося з Чэры — маленькага шчанюка-дзяўчынкі, якую жанчына ўзяла ў прытулку сем гадоў таму. У той час яна з дачкой жыла ў аграгарадку каля Гродна. Калі атрымалі арэндную кватэру ў Скідзелі, з’явілася магчымасць браць на ператрымку больш жывёл. І яны, кажа жанчына, з’яўляліся адно за адным. Са сваімі драматычнымі гісторыямі. Напрыклад, сабака Мікі выжыў толькі дзякуючы клопатам Марыны.

— Жанчына па тэлефоне паведаміла, што да яе плота прыпоўз шчанюк, ён ў дрэнным стане. Я адразу паехала... Урачы ўстанавілі прабадную язву, некроз, шанцаў выжыць было мала. Але, дзякуючы спецыялістам ветклінікі «Мокры нос», дзе сабаку экстранна прааперыравалі, яго ўдалося выратаваць. Мікі хутка набраў вагу, стаў вельмі рухомы, караткалапы, невялікі, ласкавы. Хочацца, каб ён знайшоў клапатлівага гаспадара, — падзялілася Марына.

Дзвюх чацвяраногіх сястрычак нехта прывязаў вяроўкай каля крамы і пакінуў на марозе. Сабачкі прайшлі курс лячэння ад паразітаў і зараз поўнасцю здаровыя. Для іх жанчына таксама шукае гаспадароў.

Некалькі жывёл пасля лячэння так і засталіся жыць у сям’і Марыны. Бівер-ёрка Бэлу яна падабрала на вуліцы Скідзеля з хворай сківіцай, брудную, аблезлую, з вагой каля чатырох кілаграм. Пасля таго, як сабачку выхадзілі, кастрыравалі, дачка ўгаварыла пакінуць Бэлу ў сябе.

Пастаянную прапіску атрымала ўзроставая сабака, якую гаспадары прывезлі ў ветклініку, каб усыпіць. Для таго, каб жывёла прыйшла ў норму, спатрэбіліся заспакаяльныя каплі. Разам з сабакамі жывуць і два каты — таксама з гісторыяй бадзяжніцтва, іх гаспадыня забрала з прытулку.

Цягам некалькі гадоў зааваланцёр знайшла новыя сем’і больш чым 40 сваім падапечным. На чарзе — яшчэ чацвёра. Усе яны прайшлі лячэнне і вакцынацыю, дарослыя, стэрылізаваныя. А між тым у самой Марыны другая група інваліднасці. Яна ўстала на ногі, дзякуючы мэтанакіраванасці і падтрымцы бацькоў. Гераіня вырасла самастойнай, а, галоўнае, здольнай паклапаціцца аб іншых.

Клопат аб жывёлах прывёў Марыну да асваення грумінгу. Навыкі стрыжкі сабак яна вучыла па відэаўроках. Потым з’явіліся заказы. Талент скідзельчанкі ў чарговым конкурсе «Я магу!» для людзей з асаблівасцямі здароўя адзначаны Ганаровай граматай Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў.

— Я ніколі не лічыла сябе няшчаснай, быццам ўсе вакол мне штосьці павінны. Хоць і бывае складана, але людзі з моцным характарам справяцца з цяжкасцямі. Галоўнае — у любой сітуацыі заставацца чалавекам і бачыць такімі ў іншых, — лічыць субяседніца. — А добрых людзей нямала. У мяне, напрыклад, трывалыя сувязі з валанцёрамі са спецаўтагаспадаркі, аб’яднаннем «Адданае сэрца» і многімі нераўнадушнымі людзьмі, якія дапамагаюць ратаваць «братоў нашых меншых».

Між тым магчымасці ў жанчыны не бязмежныя. Зараз у яе, што называецца, поўны камплект для ператрымкі. Таму вельмі важна знайсці для яе знайдышаў новых гаспадароў. Марына не тоіць, што прывязваецца да іх. Гэта і зразумела — у кожнага з іх укладзена шмат душэўных і фізічных сіл. Але, калі знаходзіш жывёле добрага гаспадара, адчуваеш задавальненне, да таго ж на месца тых, хто атрымаў новую сям’ю, яна можа ўзяць яшчэ кагосьці. На жаль, тых, каго трэба неадкладна ратаваць, занадта шмат.

 Мікі (у цэнтры) шукае гаспадароў

Неабходны этычны падыход

Штодзень у Гродзенскую гарадскую ветэрынарную станцую паступае да 30 бадзяжных жывёл. Гэта значна больш, чым хатніх. Сітуацыя з цягам часу не паляпшаецца, наадварот, такіх «кліентаў» становіцца толькі больш. Звычайна прывозяць іх валанцёры, прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый, якія знаходзяць кінутых сабак і катоў праз сацыяльныя сеткі.

— Той, хто не можа спакойна спаць, калі ведае, што недзе жывёла ў бядзе, едзе і забірае яе. Адразу вязуць да нас у клініку. Як правіла, усе падабраныя — хворыя. Нашы зоаабаронныя арганізацыі бяруць на сябе аплату іх лячэння і стэрылізацыі. Як правіла, бадзяжных жывёл падбіраюць адны і тыя ж людзі, многіх я ведаю. Ёсць нямала валанцёраў, якія шмат гадоў займаюцца справай выратавання жывёл, — расказала ветэрынарны ўрач Гродзенскай гарадской ветэрынарнай станцыі Марыя Жаўняровіч.

Спадзявацца толькі на добраахвотнікаў у такой справе недастаткова. Важна прыцягнуць да абароны жывёл усю грамадскасць, лічыць ветэрынар. Яе пазіцыя грунтуецца на досведзе, з якім сутыкаецца штодзённа. Няспынны паток бадзяжных жывёл становіцца сапраўдным болевым пунктам грамадскасці. Раз-пораз усплываюць факты жудасных адносін чалавека да сабак і катоў.

Марыя расказала, што не так даўно ёй давялося расследаваць жорсткае забойства нованароджаных шчанят, якія літаральна змерзлі на марозе. Іх ноччу ў кардоннай каробцы прынесла жанчына і пакінула пад дзвярыма прытулку. Знайшлі іх толькі ранкам, ужо не жывых. Дзякуючы відэаназіранню, жанчыну знайшлі. За жорсткае абыходжанне з жывёламі яна была пакарана штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Але гэта толькі верхавіна айсберга, упэўнена суразмоўца. Безліч малых шчанят і катоў гінуць у розных сметніках, іх вывозяць у лес і там пакідаюць бездапаможных. І ніхто не нясе за гэта адказнасць.

— У людзей павінна мяняцца свядомасць, яны павінны разумець, што гэта жывая істота і заслугоўвае добрых адносін. Такі падыход трэба прывіваць са школы. Дзеці павінны бачыць, што грамадства гуманна ставіцца да жывёл, не апраўдвае іх знішчэнне адловам і адстрэлам.

Падобныя прыклады робяць людзей абыякавымі і жорсткімі. Дзеці павінны расці ў асяроддзі дабрыні, спагадлівасці, клопату аб тых, хто мае патрэбу. Трэба выхоўваць у малых спачуванне да кінутага кацяняці, жаданне абараніць, дапамагчы, — зазначае Марыя Жаўняровіч.

З колькасцю бадзяжных жывёл трэба змагацца не шляхам знішчэння, а праз стэрылізацыю, упэўнена спецыяліст. Нямала пытанняў узнікае ў адносінах да часовых і пастаянных прытулкаў. Умовы ўтрымання ў іх, як правіла, нездавальняючыя. Гэта можна выправіць, калі задзейнічаць пустыя будынкі, якіх яшчэ даволі шмат у рэгіёне.

Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб усе яе грамадзяне, а не толькі валанцёры, ставіліся да жывёл адказна, спагадліва і клапатліва.

Няма душы — навучыць закон

Яны шукаюць гаспадароў

Зараз пытанні абароны жывёл рэгулююцца Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях і Крымінальным кодэксам Беларусі. У абодвух прадугледжана адказнасць за жорсткія адносіны да жывёл. Як паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскай вобласці, па адпаведных артыкулах у мінулым годзе ў рэгіёне восем чалавек атрымалі штрафы, трое — папярэджванні, заведзена шэсць крымінальных спраў.

Больш дасканалым рэгулятарам сферы адносін паміж чалавекам і жывёламі павінен стаць новы закон «Аб адказных адносінах да жывёл», праект якога прыняты ў першым чытанні ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі восенню мінулага года.

— Чаму такі законапраект з’явіўся? Калі ўзяць пад увагу статыстыку, на якую абапіраліся распрацоўшчыкі будучага закона, яна несуцяшальная. Напрыклад, у 2020 годзе было зарэгістравана 17 крымінальных злачынстваў у адносінах да жывёл, у 2021 годзе іх стала ўжо 31-о. За 2020-21 гады зарэгістравана 138 адміністрацыйных правапарушэнняў у часці жорсткіх адносін да жывёл. Відавочна, што патрэба ў адпаведным законе наспела і грамадства яго чакае, — канстатуе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Патапава.

Закон рыхтуецца усебакова. У праекце прадугледжаны і нормы для заводчыкаў жывёл, і патрабаванні да ўладальнікаў сабак асабліва небяспечных парод. Дарэчы, апошнім прыйдзецца прайсці спецыяльныя курсы перш, чым набыць такога сабаку. Будзе прапісана і пытанне рэгулявання жывёл праз іх чыпіраванне.

— Гэта адзін з важных момантаў, — зазначае Алена Патапава. — Праз чып жывёлу лягчэй знайсці, калі яна згубіцца. Разам з тым, павысіцца і адказнасць уладальніка, які хоча пазбавіцца ад не пажаданага на той момант выхаванца і проста яго выкідвае. Калі жывёлу з чыпам знойдуць на дварэ і будзе даказана, што гаспадар наўмысна пазбавіўся ад яе, ён будзе пакараны.

Прадугледжаны важны аспект утрымання бадзяжных жывёл. Для іх будуць стварацца пункты з пэўнымі патрабаваннямі, яны будуць тыпавыя і тэхнічна абсталяваныя. Гэту работу павінны весці мясцовыя распараджальныя і выканаўчыя органы.

Па словах дэпутата, у прыняцці закона ёсць складанасці. Бо і грамадства, і мясцовыя ўлады пакуль не гатовыя да паўнавартаснай, а не фармальнай яго рэалізацыі. Сёлета работа над праектам будзе працягнутая.

...Перш, чым паставіць канчатковую кропку, яшчэ раз захацелася прагледзець падборку фотаздымкаў падапечных Марыны. Вось даверліва глядзіць у вочы жвавы шчанюк Мікі, якому шанцаў на жыццё не давалі нават ветэрынары, вось маленькая Бэла — цяпер дагледжаны бівер-ёрк з некалі хворай сківіцай, а тут прытулілася да будынка бездапаможная маленькая Фрыда, на наступным яна ляжыць ужо з капельніцай. Сястрычкі Эсмі і Кіяра расцягнуліся на ўтульнай канапе, а яшчэ нядаўна стаялі прывязаныя на марозе да агароджы, дзве вялікія сабакі радасна сустракаюць сваю выратавальніцу, якая іх забрала ад нядбайных гаспадароў... А колькі іх, былых бадзяжных сабакаў і коцікаў, знайшлі любячых гаспадароў і прынеслі ў іх дом любоў і радасць!

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і гераіні

Загаловак у газеце: Права на апеку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».