Вы тут

Міністр абароны расказаў аб асноўных палажэннях новай Ваеннай дактрыны


Змест гэтага найважнейшага стратэгічнага дакумента Віктарам Хрэніным быў агучаны Прэзідэнту падчас пасяджэння Савета бяспекі, якое адбылося ў пачатку тыдня. У ходзе брыфінгу перад прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі кіраўнік абароннага ведамства засяродзіў увагу як на асноўных падыходах, закладзеных у абноўленай рэдакцыі Ваеннай дактрыны, якія дагэтуль з’яўляюцца актуальнымі, так і на новаўвядзеннях канцэптуальнага дакумента. Давядзенне інфармацыі да шырокай, у тым ліку міжнароднай грамадскасці, сведчыць аб адкрытасці рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі Беларусі. 


Умовы, якія папярэднічалі ўдакладненню дакумента 

Ваенная дактрына любой краіны — аснова яе ваеннай палітыкі. Яна адлюстроўвае стаўленне краіны да пытанняў вайны і міру, погляды дзяржавы на ролю сілавых сродкаў пры вырашэнні спрэчак на міжнароднай арэне, вызначае падыходы дзяржавы да выкарыстання арміі для абароны канстытуцыйнага ладу ад унутраных пагроз.

Міністр абароны патлумачыў, чаму сёння, калі ўвесь свет штарміць ад узнікаючых у розных яго кутках ваенных канфліктаў, вельмі важна інфармаваць беларускі народ, нашых суседзяў і ўсю сусветную грамадскасць аб асновах нашай ваеннай палітыкі, расказаць, чаму менавіта цяпер прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у Ваенную дактрыну. «Усё проста: удакладненне палажэнняў дактрыны ажыццяўляецца, як правіла, ва ўмовах істотнай змены геапалітычнай сітуацыі або пры змене ўнутрыпалітычных умоў развіцця дзяржавы, — удакладніў Віктар Хрэнін. — Для Рэспублікі Беларусь на сённяшні момант усе такія ўмовы склаліся. Супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам, якое адбываецца, перайшло ў „гарачую фазу“. Радыкальна змянілася ваенна-палітычная абстаноўка і палітыка-сілавая канфігурацыя ў Еўропе. Гаворачы аб унутрыпалітычных аспектах, галоўнай умовай перапрацоўкі дактрыны варта назваць рашэнне беларускага народа аб карэкціроўцы Канстытуцыі дзяржавы, прынятае на апошнім рэферэндуме. У адпаведнасці з ім змяніліся падыходы да нейтралітэту». 

Вызначаны вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя — Усебеларускі народны сход, упаўнаважаны фарміраваць ваенную палітыку Рэспублікі Беларусь. Таксама распрацавана новая рэдакцыя Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі — аднаго з асноўных дакументаў, які складае базіс Ваеннай дактрыны. Перапрацоўку дакумента таксама абумовіла развіццё нацыянальнай тэорыі ваеннага мастацтва. Усе пералічаныя ўмовы запатрабавалі па-новаму ўдакладніць палажэнні ваеннай палітыкі Беларусі.

«Нягледзячы на глыбокую перапрацоўку змястоўнай часткі, дакумент захаваў у сабе міралюбівыя памкненні беларускага народа, — падкрэсліў кіраўнік абароннага ведамства. — Важны пасыл новай Ваеннай дактрыны — Рэспубліка Беларусь ні да аднаго народа не ставіцца як да свайго ворага незалежна ад дзеянняў урадаў гэтых дзяржаў».

Дарэчы, распрацаваны дакумент — гэта не толькі погляд ваеннаслужачых. У рабоце над дактрынай удзельнічалі практычна ўсе дзяржаўныя органы. Больш за тое, на этапе ўзгаднення праекта дакумента да работы падключыліся і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Шырока абмяркоўваўся і дэталёва вывяраўся праект Ваеннай дактрыны парламентарыямі. З улікам усіх унесеных змяненняў і дапаўненняў распрацаваны праект Ваеннай дактрыны з’яўляецца новым дакументам.

Недапушчэнне ваенных канфліктаў і баланс нацыянальных інтарэсаў

Міністр абароны агучыў асноўныя новаўвядзенні Ваеннай дактрыны. 

Першае. «Абноўленая Ваенная дактрына можа служыць асновай для ўрэгулявання сітуацыі ў Еўропе і запуску мірнага дыялогу. Перш за ўсё, мы прадэманстравалі зацікаўленасць Рэспублікі Беларусь у аднаўленні ўплыву міжнародных арганізацый па бяспецы (такіх як ААН, АБСЕ і іншых), эфектыўным іх функцыянаванні па прадухіленні і вырашэнні ўзброеных сутыкненняў. У праекце дактрыны мы гаворым аб тым, што Рэспубліка Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва ў ваеннай сферы з любымі дзяржавамі, у тым ліку і з дзяржавамі НАТА. Мы гатовы аднавіць прагматычны дыялог пры ўмове спынення імі агрэсіўнай рыторыкі і дзеянняў у дачыненні да нас».

Другое. «У дактрыне важны акцэнт зроблены на недапушчэнне ваенных канфліктаў. У пералік ваенных небяспек уключана магчымасць прымянення апанентамі ваеннай сілы супраць Рэспублікі Беларусь ужо ў мірны час, ва ўмовах ваенна-палітычнага крызісу. Гэта тое, з чым мы сутыкаемся ў цяперашні час на нашых паўднёвых і заходніх рубяжах. Вядома, самі па сабе правакацыі, узброеныя акцыі і інцыдэнты з боку нашых суседзяў не з’яўляюцца ваенным канфліктам. Але рэагаваць на іх неабходна. І ў першую чаргу мерамі стратэгічнага стрымлівання, што мы цяпер і робім, паказваючы высокую баявую гатоўнасць усіх кампанентаў ваеннай арганізацыі дзяржавы».

Трэцяе. «Мы ўдакладнілі тыпалогію ваенных канфліктаў для ўмоў Рэспублікі Беларусь, адмовіліся ад іх градацыі па маштабах. Замест лакальных і рэгіянальных войнаў у новай дактрыне разглядаюцца міждзяржаўныя і кааліцыйныя войны. Бо для Рэспублікі Беларусь любая вайна, будзь яна лакальнай ці рэгіянальнай, будзе ахопліваць усю тэрыторыю дзяржавы і запатрабуе напругі ўсіх сіл. Пры гэтым, замацоўваючы паняцце „міждзяржаўная вайна“, мы робім важную палітычную заяву, што Рэспубліка Беларусь гатовая самастойна адстойваць свае жыццёва важныя нацыянальныя інтарэсы. У паняцце „кааліцыйная вайна“ мы закладваем сэнс, што дасягненне перамогі ў ёй будзе ажыццяўляцца прымяненнем беларускіх войскаў сумесна з войскамі саюзнікаў».

Чацвёртае. «У новай Ваеннай дактрыне дакладна пазначана, што абарону дзяржавы і забеспячэнне яе ваеннай бяспекі ажыццяўляюць усе: пачынаючы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заканчваючы кожным грамадзянінам краіны. Рэгламентавана вертыкаль дзяржаўнага кіравання ў рамках гарантавання ваеннай бяспекі і абароны дзяржавы. Нароўні з функцыямі ўзброенай абароны, якую ажыццяўляе сілавы кампанент ваеннай арганізацыі дзяржавы, абазначана месца і роля ўсіх іншых дзяржаўных органаў. Тут і дыпламатычныя намаганні нашых міністэрстваў, ведамстваў і грамадскіх арганізацый, меры ў эканамічнай і інфармацыйнай сферах. У прыватнасці, мы будзем тлумачыць сваім грамадзянам і сусветнай супольнасці правамернасць і справядлівасць нашых дзеянняў па абароне сваёй краіны».

Пятае. «Мы сабралі разам і прапісалі ўсе нашыя погляды па выкананні саюзных абавязальніцтваў. Гэта даўно ляжала на паверхні і патрабавала рэалізацыі. З’явілася цэлая асобная глава, якая фарміруе прававую аснову для нашых дзеянняў у выпадку ўзброенай агрэсіі супраць нашых саюзнікаў па АДКБ і Саюзнай дзяржаве. У гэтай жа главе мы прапісалі магчымасць удзелу Рэспублікі Беларусь у міратворчай дзейнасці пад эгідай міжнародных арганізацый па бяспецы».

Шостае. «Адэкватнасць прымаемых мер дзяржавай у адпаведнасці з узроўнем ваеннай небяспекі. У абноўленай дактрыне яны накіраваны на недапушчэнне эскалацыі ваенна-палітычнага становішча, разрадку сітуацыі. А самае галоўнае, праект Ваеннай дактрыны дае адназначны пасыл — мы не павінны дапусціць сітуацыі, калі рэагаваць ужо будзе позна. Менавіта таму ўпор зроблены на стрымліванне ад развязвання ваенных канфліктаў. Яно ажыццяўляецца выбудоўваннем сістэмы адносін, якія стрымліваюць працэсы ўзнікнення міждзяржаўных супярэчнасцяў, падтрыманнем балансу нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь з інтарэсамі іншых краін, якія забяспечваюць стабільнасць і мірнае суіснаванне. І ў гэтым плане размяшчэнне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь тактычнай ядзернай зброі разглядаецца як важны складнік прэвентыўнага стрымлівання патэнцыйных праціўнікаў ад развязвання ўзброенай агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Гэта наша вымушаная мера».

Сёмае. «Новае гучанне ў дактрыне атрымалі пытанні эканамічнага забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны. Адлюстравана наша супрацьдзеянне санкцыям, накіраванасць абароннага сектара эканомікі краіны на імпартазамяшчэнне з адначасовым развіццём ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з саюзнікамі. Пашыраны змест напрамкаў ваеннага будаўніцтва. Яны ўжо не абмежаваны пытаннямі фарміравання і аснашчэння сілавых кампанентаў ваеннай арганізацыі. Сюды ўвайшлі пытанні падрыхтоўкі дзяржаўных органаў да абароны, мабілізацыйнай падрыхтоўкі эканомікі і насельніцтва краіны, аператыўнага абсталявання яе тэрыторыі».

«Мы гатовы абараняць сваю краіну ўсімі сіламі і сродкамі»

Рэзюмуючы ўсё вышэй сказанае, Віктар Хрэнін падкрэсліў, што Ваенная дактрына атрымалася ўзважаным і вывераным дакументам, які адпавядае нашай Канстытуцыі і міжнародным абавязацельствам, якія ўзяла на сябе Беларусь. 

«Прыняцце абноўленай дактрыны дазволіць, па-першае, данесці да міжнароднай грамадскасці міралюбівую палітыку і адсутнасць варожасці да каго-небудзь, — адзначыў міністр абароны. — Адначасова акрэсліць дакладны пасыл — мы гатовы абараняць сваю краіну ўсімі сіламі і сродкамі, у тым ліку з нашымі ваеннымі саюзнікамі па Саюзнай дзяржаве і АДКБ. Па-другое, планамерна развіваць і будаваць ваенную арганізацыю краіны, рыхтаваць дзяржаўныя органы да абароны, вучыць грамадзян абараняць сваю Айчыну. Па-трэцяе, дзяржаўнай вертыкалі — прымаць рашэнні і кіраваць працэсамі забеспячэння ваеннай бяспекі: як у мірны час, так і абаронай падчас ваенных дзеянняў. Пры гэтым рэалізоўваць нароўні з узброенай абаронай шырокі спектр неваенных мер, накіраваных на перамогу ў вайне і завяршэнне яе на прымальных умовах для Рэспублікі Беларусь».

У адказ на заявы заходніх псеўдааналітыкаў, гаваруноў і проста экстрэмістаў, якія ўжо амаль тыдзень не змаўкаюць, выдаючы розныя прагнастычныя сцэнары і ацэнкі праекту новай Ваеннай дактрыны і адносінам Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, у тым ліку па пытаннях прымянення ядзернай зброі, Віктар Хрэнін давёў пазіцыю ваеннага ведамства. «Я яшчэ раз усім заяўляю: ворагаў у нас няма, — акцэнтаваў увагу ён. — У сваёй палітыцы мы ні на каго не азіраемся і падстройвацца не збіраемся. У нас ёсць інтарэсы нашых народаў, ёсць узаемныя саюзніцкія абавязацельствы. І толькі гэтыя фактары будуць стаяць на чале ўсіх нашых рашэнняў і дзеянняў: як самастойна, так і ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Праект Ваеннай дактрыны будзе вынесены на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.