Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва


Вось пра каго сапраўды скажаш: на работу — як на свята. Мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы, сустрэчы замежных дэлегацый, суправаджэнне дзяржаўных свят і шматлікіх цырымоній... Іх сінхроннасць і бездакорнасць, музычнасць і зладжанасць заварожваюць з першага погляду і з першай ноты. Імі немагчыма не захапляцца і не ганарыцца. І калі 1-я і 2-я роты ганаровай варты — візітная картка Беларусі, то аркестр ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры — яе гучанне і меладычнасць.

Яны не толькі ў тандэме выконваюць пастаўленыя задачы. Яны разам і на пляцы, і ў казарме, і нават у зносінах з падрастаючым пакаленнем — спецыяльная прэмія Прэзідэнта воінскім падраздзяленням была ўручана менавіта за значныя дасягненні ў патрыятычным выхаванні моладзі, актыўны ўдзел у палітычных і культурных мерапрыемствах. Карэспандэнты «Звязды» завіталі ў Мінскую ваенную камендатуру і паназіралі за кулуарным жыццём тых, хто заўсёды навідавоку.


Самыя прыгожыя і стойкія

Нягледзячы на густы снег, ваеннаслужачыя элітнага падраздзялення Узброеных Сіл — роты ганаровай варты — адточваюць элементы з карабінамі для парада войскаў Мінскага гарнізона, які пройдзе ў рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падзея будзе не хутка, але патрабуе стараннай падрыхтоўкі. Пры гэтым ніхто не адмяняў і асноўную задачу — забеспячэнне дзяржаўных мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў, таму кожная хвіліна ў ваеннаслужачых на вагу золата.

Хлопцы — як на падбор: прыгожыя, высокія, стройныя. І гэта абумоўлена спектрам задач, ускладзеных на іх. Патрабаванні да знешнасці ваеннаслужачых роты ганаровай варты вельмі сур’ёзныя. Рост — не ніжэй за 185 сантыметраў, правільныя рысы твару, адсутнасць на целе шрамаў і татуіровак. Сярод крытэрыяў строгага адбору — і першая група здароўя, маральна-дзелавыя якасці, чысціня перад законам і, самае галоўнае, жаданне кандыдата праходзіць службу ў падраздзяленні.

Нягледзячы на тое, што ваеннаслужачыя роты ганаровай варты не ажыццяўляюць скачкоў з парашутам і не выконваюць спецыяльныя задачы, нагрузка на іх кладзецца не меншая, чым, напрыклад, на тых жа дэсантнікаў або разведчыкаў. Гадзінамі яны стаяць у нерухомым становішчы на цырымоніях і мерапрыемствах. Пры гэтым не баяцца ні дажджу, ні моцнага марозу, ні санцапёку. Без адзінай недакладнасці і затрымкі яны сінхронна ўскладаюць вянкі, якія могуць важыць па 30–40 кілаграмаў. За ўсёй гэтай знешняй прыгажосцю і дасканаласцю — каласальная праца, якая патрабуе як фізічных, так і маральных намаганняў. Іх па праве можна назваць самымі стойкімі і цярплівымі вайскоўцамі ва Узброеных Сілах.

Нягледзячы на выкананне задач, якія суправаджаюцца штодзённымі трэніроўкамі, ваеннаслужачыя паспяваюць дзяліцца сваім вопытам з падрастаючым пакаленнем. У прыватнасці, дапамагаюць асвойваць прыёмы страявой падрыхтоўкі школьнікам, якія нясуць вахту памяці каля Вечнага агню ў Мінску (пост № 1), рыхтуюць хлопцаў і дзяўчат для спаборніцтваў. У тым ліку гэтая дзейнасць ваеннаслужачых была адзначана спецпрэміяй Прэзідэнта.

— Вялікі гонар — атрымаць такую высокую ацэнку ад кіраўніка дзяржавы, — дзеліцца ўражаннямі камандзір 2-й роты ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры капітан Максім Дашкевіч. — Адна справа — забяспечваць мерапрыемствы ў непасрэднай блізкасці да Прэзідэнта, што было не адзін раз, іншая — атрымліваць такую высокую ўзнагароду з яго рук. Хвалявання не было, у большай ступені прысутнічала пачуццё адказнасці.

Навыкі, якія спатрэбяцца ў жыцці

У лютым роце ганаровай варты споўніцца 29 гадоў. Праз гэту школу стойкасці і мужнасці прайшлі сотні маладых людзей. Безумоўна, для кожнага з іх гады, праведзеныя ў элітным падраздзяленні Узброеных Сіл, не прайшлі дарэмна. Многія знайшлі тут справу па душы і заключылі з воінскім падраздзяленнем кантракт. Аднак у прыярытэце — ваеннаслужачыя тэрміновай ваеннай службы.

Яфрэйтар Кірыл Мароз служыць у роце ганаровай варты год і пяты месяц. Пасля арміі плануе вярнуцца да выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Малады чалавек — фельчар-акушэр, да службы працаваў на хуткай медыцынскай дапамозе ў Мінску. Кірыл упэўнены, што вопыт, атрыманы ў роце ганаровай варты, абавязкова спатрэбіцца. «Тут удалося атрымаць добрую фізічную падрыхтоўку, што мне вельмі неабходна ў маёй прафесійнай дзейнасці, — кажа ён. — Бываюць складаныя пацыенты, якіх трэба падымаць, насіць. Не заўсёды ў дамах працуюць ліфты, а неабходна хутка падняцца ў патрэбную кватэру, каб аказаць чалавеку медыцынскую дапамогу. У жыцці заўсёды спатрэбяцца набытыя падчас службы дысцыплінаванасць, імкненне да парадку ва ўсім».

Па словах Кірыла, ён хутка прызвычаіўся да нагрузак, якія даюцца ў падраздзяленні. «Калі ў цывільным жыцці ніякім відам спорту не займацца, то першапачаткова будзе няпроста, — заўважае ваеннаслужачы. — Я 11 гадоў займаўся футболам, таму мне было нескладана. Аднак камандзіры з разуменнем ставяцца да салдат, таму павялічваюць нагрузку паступова, падыходзяць індывідуальна да кожнага вайскоўца».

Кірыл лічыць, што самае складанае ў службе ваеннаслужачага роты ганаровай варты — трэніраваць вытрымку і цярпенне. «У цывільным жыцці няма такіх сітуацый, калі трэба стаяць не рухаючыся, — кажа ён. — Тут жа пры выкананні воінскіх рытуалаў мы часта стаім без руху. Як у нас гэта атрымліваецца? Самае галоўнае — трэба выкінуць з галавы ўсялякія думкі. Проста стаяць і не рухацца, прыгожа трымаць спіну. Калі я адразу настрою сябе, што мне будзе лёгка, то так і будзе: і на холадзе, і на спёцы».

Строгі адбор і музычная фундаментальнасць

У непагадзь аркестр ганаровай варты аддае перавагу трэніроўкам у памяшканні. Ваенныя музыкі ведаюць, як ападкі або спёка ўплываюць на гучанне, а таму берагуць свае інструменты. Калі даводзіцца выступаць на вуліцы ў дрэннае надвор’е, то ў ход ідуць правераныя метады, якія дазваляюць захаваць гучанне інструментаў максімальна арыгінальным.

Аркестр ганаровай варты з’яўляецца класічным духавым аркестрам. Сярод яго задач — забеспячэнне мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка дзяржавы, суправаджэнне замежных дэлегацый, кіраўнікоў дзяржаў, адкрыццё помнікаў, мемарыялаў. Без удзелу аркестра не абыходзяцца многія рэспубліканскія ўрачыстасці. Знаходзяць музыкі час і на канцэртную дзейнасць.

У калектыве — звыш 30 музыкаў. Практычна ўсе з іх, за выключэннем дзвюх салістак, — ваеннаслужачыя. Перш чым трапіць у аркестр, музыкі праходзяць сур’ёзны адбор. «Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то ў нас усё пачынаецца з праслухоўвання, — адзначае ваенны дырыжор — начальнік аркестра ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры капітан Ілья Купрэеў. — Збіраецца камісія з ліку музыкаў, і ў большай ступені менавіта яны вырашаюць, ці папоўніць канкрэтны чалавек калектыў. Калі маіх калег чалавек не задавальняе па прафесійных якасцях, але мне ён падыходзіць, мы яго не возьмем, бо менавіта маім падначаленым стаяць з патэнцыяльным кандыдатам у страі і выконваць пастаўленыя задачы».

Ілья Купрэеў узначальвае аркестр чацвёрты год. У калектыў ён трапіў па размеркаванні. За плячыма музыкі ў пагонах — навучанне ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы імя Рымскага-Корсакава, Ваенным інстытуце (ваенных дырыжораў) Ваеннага ўніверсітэта імя А. Неўскага Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Спачатку быў намеснікам начальніка аркестра, праз год стаў яго кіраўніком. Калі гэта дазваляюць абставіны, не ўпускае магчымасці паіграць на музычным інструменце. Па спецыяльнасці ён — саксафаніст. Лічыць, што ў асваенні гэта адзін з самых лёгкіх музычных інструментаў.

У калектыў, як правіла, трапляюць пасля заканчэння сярэдніх спецыяльных музычных каледжаў. Многія адразу заключаюць з воінскім падраздзяленнем кантракт і замест паўтарагадовага тэрміну служаць два гады. «Гэтага перыяду дастаткова, каб навучыцца самастойнасці, — лічыць Ілья Купрэеў. — Яны атрымліваюць добры заробак, жывуць не ў казарме. Ахвотныя маюць магчымасць атрымаць у завочнай форме вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, яны маюць усе ваенныя льготы. Два гады — выдатны час разабрацца ў сабе, зразумець, чаго ты хочаш ад жыцця».

На базе аркестра створаны біг-бэнд, квартэт саксафонаў і брас-квінтэт (музычны ансамбль, які складаецца з пяці музычных інструментаў). У сваёй творчасці музыкі нярэдка звяртаюцца да моладзі. «Сучасныя маладыя людзі не вельмі цікавяцца класічнай музыкай, — заўважае начальнік аркестра ганаровай варты. — І задача ваенных аркестраў — знайсці да іх падыход, сыграць на гэтых тонкіх струнах душы, каб чалавек, які дагэтуль слухаў „музычнае смецце“, павярнуўся тварам да больш важных, фундаментальных рэчаў».

Як адзіны механізм

Калектыў аркестра малады. Сярэдні ўзрост музыкаў у пагонах — 30+. Але ёсць і больш старэйшыя калегі, якія дзеляцца вопытам з моладдзю. Юрый Кузняцоў — старажыл ваеннага калектыву. У аркестр ён прыйшоў 24 гады таму пасля заканчэння Мазырскага музычнага вучылішча. Цяпер старшы прапаршчык — канцэртмайстар аркестра ганаровай варты, правая рука яго кіраўніка. Юрый Анатольевіч вырашае ўсе арганізацыйныя задачы, адказвае за тылавое забеспячэнне вайскоўцаў. А яшчэ па сумяшчальніцтве ён саксафаніст. «Жыццё не стаіць на месцы, таму, вядома, з пачатку існавання аркестра памянялася многае, — расказвае Юрый Кузняцоў. — Мы працуем у камфортных умовах, іграем на новых музычных інструментах, нават транспарт у нас ёсць свой».

Нягледзячы на тое, што асноўныя задачы ваеннаслужачых аркестра звязаны з музычнай дзейнасцю, прысутнічае ў іх жыцці і баявая падрыхтоўка. У гэтым іх галоўнае адрозненне ад цывільных музыкаў. «На заняткі па баявой падрыхтоўцы ў нас ідзе менш часу, чым у іншых падраздзяленнях, але гэта не перашкаджае нам быць фізічна вынослівымі і выдатна карыстацца зброяй, — удакладняе Ілья Купрэеў. — Калі запатрабуе час і абставіны, ваенныя музыкі памяняюць свае музычныя інструменты на аўтаматы і стануць на абарону Айчыны».

...Сумесную работу 1-й і 2-й рот, а таксама аркестра ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры ваенны дырыжор успрымае як адзіны механізм. Ім камфортна разам. Вядома, кожны выконвае свае задачы, але без узаемадзеяння, заснаванага перш за ўсё на даверы, складана было б дабіцца такога высокага прызнання — спецыяльнай прэміі Прэзідэнта.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?