Вы тут

Лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» — пра прадвызначанасць лёсу, нябесных ахоўнікаў манастыра і духоўнае выхаванне моладзі


Сёлета матушка Анфіса стала лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне». Так высока ацанілі яе дзейнасць па адраджэнні талачынскай жамчужыны праваслаўя — Свята-Пакроўскага манастыра, — дабрачыннасць і клопат пра сацыяльна ўразлівыя катэгорыі насельніцтва. Сёння матушка расказвае пра сваё падзвіжніцкае жыццё чытачам «Звязды».


Матушка Анфіса

Пад наглядам царыцы нябеснай

Мне пашчасціла прыехаць у Талачын у марозны сонечны дзень і ўбачыць талачынскую жамчужыну ва ўсёй красе. Ёй нельга не захапіцца. Беласнежныя вежы велічнай Свята-Пакроўскай царквы з бліскучымі залатымі купаламі на фоне блакітнага неба зачароўваюць. Магчыма, з тымі ж пачуццямі ёй любаваўся ў пачатку XVІІ стагоддзя канцлер ВКЛ Леў Сапега, па загаду якога яна і была пабудаваная ў модным тады стылі віленскага барока. Гэты храм лічыўся адным з найпрыгажэйшых у Вялікім Княстве Літоўскім. Цяпер ён адзін з найпрыгажэйшых у Беларусі.

Але яшчэ 13 гадоў таму ў гэта мала верылася. Калі матушка Анфіса прыйшла сюды ў 2011 годзе, храм меў такі непрыглядны выгляд, што першае пачуццё, якое яна перажыла, было жаданне хутчэй адсюль збегчы. І напэўна, калі б не благаславенне яе духоўнікаў і мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, які на той час быў Патрыяршым Экзархам Усяе Беларусі, так і зрабіла б. Успамінае, што на вежах храма раслі дрэўцы, а тэмпература ўнутры яго вышэй за 2 градусы зімой не падымалася. Двухпавярховы будынак XVІІІ стагоддзя па суседстве з храмам, дзе жылі сёстры, таксама быў не ў лепшым стане. Ён амаль не ацяпляўся, і зімой тэмпература ў келлях складала ў сярэднім 7-8 градусаў. Сёстры спалі ў верхнім адзенні, накрыўшыся паверх коўдры ўсім, што было.

Талачынская жамчужына

— Калі даведалася, што храм з гісторыяй, пачала шукаць інфармацыю пра яго ў Пецярбургскіх, Маскоўскіх, Мінскіх, Віцебскіх, Аршанскіх, Магілёўскіх архівах, — расказвае матушка. — І знайшла вельмі ўнікальныя матэрыялы. Неверагодна было і тое, што калі мы звярнуліся ў праектны інстытут, там ужо быў праект на аднаўленне нашага храма. Яго толькі трэба было крыху падкарэкціраваць. Усё гэта дапамагло ўвайсці ў 2013 годзе ў рэспубліканскую і абласную інвестыцыйныя праграмы па рэканструкцыі гістарычных будынкаў з рэстаўрацыяй. Да справы далучыліся ўсе — і дзяржава, і прыхаджане, і мецэнаты. Пакроўскі храм аднаўляўся пад кіраўніцтвам Міністэрства культуры. Паколькі ён гістарычная каштоўнасць, трэба было прытрымлівацца патрабаванняў, якія існуюць пры рэстаўрацыі. Калі ў ім не было першапачаткова роспісу, мы яго і не рабілі.

Падчас рэстаўрацыі ў алтары пад прастолам была знойдзена цудадзейная крыніца. Звярнулі ўвагу на тое, што ножкі прастола прагнілі, а калі паднялі яго, убачылі гэты цуд. Будаўнікі зрабілі так, каб гаючая вада паступала адначасова ў каплічку ў гонар Архангела Міхаіла і каплічку-купальню ў гонар Свяціцеля Мікалая. Наогул, на тэрыторыі манастыра знойдзены ўсе тры крыніцы, аб якіх ішла гаворка ў гістарычных дакументах.

Капліца-купальня ў гонар Свяціцеля Мікалая

Сёння ў храме цёпла і ўтульна не толькі ад мноства абразоў і багатага царкоўнага ўбранства. Вялікія плошчы абагравае кацельная на прыродным газе, якая працуе на тэрыторыі манастыра.

Манастырскі гарадок

Знаходзіцца на тэрыторыі манастыра, у тым ліку зімой, прыемна. Ва ўсім адчуваецца клапатлівая гаспадарчая рука. Актыўная матушка паклапацілася пашырыць манастырскія землі ўдвая. 

А пабудоў і рознага роду ўбранства стала ў разы болей.

— У праграме было закладзена толькі аднаўленне храма і сястрынскага корпуса, — расказвае яна. — Але мы пайшлі далей. З дапамогай Божай пабудавалі цэлы комплекс. Было два будынкі і чатыры ржавыя купалы, а стала 14 залатых купалаў і 14 будынкаў.

Дзякуй уладам, прыхаджанам, спонсарам — усім, хто нам дапамагаў і дапамагае. У мяне кіраўніцтва ўжо пытаецца: «Матушка, што будзем зараз будаваць?» 

Я ўсміхаюся — няма дзе. Калі ўспамінаеш, як тут было раней, разумееш, што аднымі чалавечымі сіламі такую работу выканаць немагчыма. Гэта благаславенне Маці Божай.

Гонар манастыра — шыкоўны шматфункцыянальны цэнтр, дзе, акрамя бібліятэкі, трапезнай, канферэнц-залы і іншых памяшканняў, знаходзіцца дамавы храм у гонар Усіх Святых — у ім кругласутачна чытаецца «Псалтыр». Трапезную аформілі студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў, а храм распісалі прафесійныя мастакі. Унутраныя інтэр’еры зроблены пад даўніну, каб не рэзаніравалі на фоне храма XVІІ стагоддзя. Разам з тым гэта цалкам сучасны будынак з новай мэбляй, відэа-, аўдыятэхнікай, інжынернымі камунікацыямі.

У класе нядзельнай школы

У духоўна-асветніцкім цэнтры размешчаны класы нядзельнай школы для дзяцей і інвалідаў. Будынак, дарэчы, калісьці таксама быў храмавым, але яго выключылі з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У ім знаходзілася структурнае падраздзяленне МУС. Па хадайніцтве матушкі перад ведамствам яго перадалі манастыру.

На тэрыторыі манастыра ёсць капліца ў гонар Архангела Міхаіла, часоўня-храм у афонскім стылі ў гонар вялікамучаніка Харлампія Магнезійскага, купальні, гаспадарчыя пабудовы, кніжная лаўка, пякарня, кавярня для паломнікаў, дзіцячая гульнявая пляцоўка, нават фантан. Летам можна назіраць, як вада струменіцца па паверхні ляжачага на ўзвышшы крыжа і спадае каскадам у чашу. Летам сёстры займаюцца агародамі, вырошчваннем руж і іншых кветак.

Фантан-крыж

Прытулак для пакутуючых

Адна з галоўных функцый манастыра — дабрачыннасць. У памяшканнях шматфункцыянальнага цэнтра кожны раз збіраюцца то дзеці, то дарослыя, то інваліды. Для таго каб стварыць для іх свята, тут ёсць усе ўмовы. Манастыр акармляе яшчэ людзей паважанага ўзросту. А атрымаць талерку бясплатнага супу тут можа любы, хто мае ў гэтым патрэбу.

— Сёлета нашаму храму спаўняецца 420 гадоў, — расказвае матушка. — За ўвесь час свайго існавання ён ні разу не мяняў сваёй назвы і закрываўся толькі на некалькі месяцаў перад вайной. Але немцы яго адразу ж адкрылі. Справа ў тым, што яны паважалі Напалеона, а ён у нашым храме прыпыняўся. У ноч з 22 на 23 лістапада 1812 года ў сястрынскім корпусе манастыра Напалеон Банапарт правёў пасяджэнне штаба. У Талачыне ён атрымаў паведамленне, што рускія захапілі ўмацаванні на Бярэзіне і перакрылі дарогу на Мінск. Тут ён загадаў спаліць ваенныя архівы і эмблемы карпусоў арміі, упершыню прызнаўшы сваё паражэнне. Напалеон спаліў горад, але зрабіў нам вялікую паслугу — захаваў храм. Немцы, дарэчы, зрабілі пры адступленні з Талачына тое ж самае — зруйнавалі горад, але не кранулі храм.

На манаскі пострыг у беларусі благаславіў старац

Матушка Анфіса прызнаецца, што ў храме яна з дзяцінства.

— Нават калі была піянеркай, умудралася быць у царкве, — усміхаецца яна. — На царкоўныя святы нам у школе выдавалі чырвоныя павязкі і патрабавалі запісваць прозвішчы вучняў, якія прыходзілі на службу. Я спецыяльна брала гэтую павязку, каб пабыць на службе. Нікога, само сабой зразумела, не запісвала. У храме здымала павязку і душой пераносілася на неба. Я была актывістка, але веруючая. У Бога верылі і маці, і айчым, а дзядуля з бабуляй у свой час неслі паслушэнства — пелі на клірасе.

Пасля заканчэння інстытута і адпрацоўкі маладая інжынер адправілася на поўнач за рамантыкай. Жыла ў Ханты-Мансійскай акрузе пасярод тайгі 18 гадоў. За гэты час асэнсавана прыйшла да Бога, стварыла абшчыну і пабудавала на поўначы ажно сем храмаў.

— Маім першым духоўнікам быў старац Мікалай Гур’янаў, ён благаславіў мяне на манаскі пострыг, але ў Беларусі, — расказвае яна. — Гэта быў святы чалавек. Аднойчы бачыла, як ён ішоў на службу. Здавалася, старац парыў над зямлёй. У ім было вельмі шмат любові і дабрыні. Гасподзь даў яму дар прадбачання, але ён ніколі не асуджаў нават самага дрэннага чалавека. Наадварот, суцяшаў яго сваёй любоўю і падказваў правільны шлях. У 90-я гады, калі цікавасць да праваслаўя пачынала расці, ён шмат для каго стаў духоўным арыенцірам. Калі бацюшка сказаў мне, што я павінна прыняць манастыр у Беларусі, маўляў, гэта воля Божая, я нават спужалася. Мне тады гэта здавалася неверагодным і нездзяйсняльным. Калі старац адышоў да Госпада, маім духоўнікам стаў схіархімандрыт Уласій, які таксама накіроўваў мяне ў Беларусь. 

І тады я па яго благаславенні звярнулася да Экзарха Філарэта. У гэты манастыр мяне накіравалі часова, бо сышла матушка. Але, калі адкрылася дзяржпраграма, трэба было заставацца. Потым і духоўнік благаславіў мяне на служэнне тут.

На медалях маіх — святыя

Матушка радуецца, што ў яе атрымалася паслужыць Богу, але крыху саромеецца павышанай да сябе ўвагі.

— Усе ўзнагароды, якімі мяне адзначылі, вядома, важныя, — прызнаецца яна. — Я доўга саромелася іх насіць. Пакуль не падзялілася сваімі перажываннямі з духоўнікам. Ён за гэта на мяне крыху насварыўся, сказаў, што іх трэба насіць, бо на іх абразы святых. У мяне быццам бы вочы адкрыліся. Сапраўды, на медалях маіх — святыя. Таму зараз, калі трэба і калі гэта да месца, магу і надзець. Але гэта ўсё зямное. Мы гэта ўсё тут пакінем. Нам бы заслужыць міласці Божай, каб ён нас там, на небе, узнагародзіў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з сайта monasterіum.by

г. Талачын, Віцебская вобласць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.