Вы тут

Чым адметны габелены лаўрэата спецыяльнай прэміі Алены Шунейкі


У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе майстрыха, чые вырабы можна назваць унікальнымі. Яна валодае дзвюма рэдкімі тэхнікамі ткацкага мастацтва — аднабаковым пераборам і падвойным ткацтвам. Яе творчасць занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.


Трэба сказаць, што стваральніцу ўнікальных габеленаў не аднойчы адзначалі прэміямі і ўзнагародамі. Больш за 20 гадоў таму Алена Шунейка стала лаўрэатам абласной прэміі імя Героя Беларусі Аляксандра Дубко ў намінацыі «народны майстар». Яна мае ганаровае званне «Чалавек года Гродзеншчыны». Напачатку мінулага года Алена Феліксаўна ў ліку дзесяці дзеячаў культуры Беларусі атрымала грант Прэзідэнта на рэалізацыю праекта «Ад прадзіва да ткацтва». Праект накіраваны на адраджэнне народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва і падтрымку турыстычнай дзейнасці па папулярызацыі элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

І вось — новы знак яе заслугі ў развіцці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. За плённую работу па захаванні традыцый па вырабу габеленаў Алена Шунейка стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта.

— Гэта не толькі мая ўзнагарода, — сціпла прызнаецца майстрыха. — Гэта калектыўная праца, бо многія работы выконваюцца з удзелам маіх калег. Не так даўно мы завяршылі маштабны габелен пад назвай «Гісторыі жывая ніць», які прысвяцілі 75-цігоддзю Вялікай Перамогі. Гэта адно з самых вялікіх палотнаў, якія мне давялося ткаць, яго памер складае 1,5 на 2 метры. Работа заняла пяць месяцаў, а на яе выкананне спатрэбіўся цэлы кіламетр баваўняных і ваўняных нітак. Дапамагала мне мая вучаніца Юля Барадзіна, а эскіз зрабіў мой брат Яўген Шунейка. Габелен — гэта сваеасабовы гімн народу-пераможцу, які здабыў мірнае жыццё.

Варта зазначыць, што галоўнае месца ў творчасці ткачыхі займае патрыятычная тэматыка. Серыя яе габеленаў прысвечана роднаму гораду Гродна. Напрыклад, на самым вялікім з іх — выявы знакамітых архітэктурных помнікаў, у тым ліку і тых, якія сышлі ў нябыт. Тут можна ўбачыць ратушу ХVІІІ стагоддзя, Фару Вітаўта, касцёл Францыска Ксаверыя, Каложскую царкву.

У яе калекцыі нямала сувенірнай прадукцыі. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца габелены з гербам Гродна. Хаця памеры іх невялікія, тым не менш работа над адным займае цэлы месяц. А каб выткаць вялікі сюжэтны габелен, можа спатрэбіцца і год работы. Алена Шунейка прыводзіць прыклад тэкстыльнай кампазіцыі «Вясёлка творчасці», якая складаецца з пяці габеленаў і адлюстроўвае розныя напрамкі народнай творчасці Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра. Дарэчы, тут майстрыха працуе роўна сорак гадоў. Свой першы габелен «Купальскі вянок» яна выткала ў 1983 годзе.

Алена Феліксаўна працягвае справу свайго бацькі Фелікса Антонавіча Шунейкі, які ў 50-я гады таксама працаваў у гродзенскім Доме народнай творчасці. Ён арганізаваў сваю майстэрню і шукаў магчымасць удасканаліць працу. Так з’явіўся вертыкальны станок, які не мае аналагаў у Беларусі. Гэта дазволіла ствараць маштабныя работы і бачыць адразу ўсё палатно. Таксама на ім можна працаваць адразу над некалькімі габеленамі, што немагчыма было рабіць на звычайных кроснах.

Як кожны таленавіты майстар Алена Шунейка ўвабрала былыя традыцыі і скіравала іх на новыя вобразы. Яна працуе ў складанай тэхніцы аднабаковага пераборнага ткацтва, дзе ніткі закладваюцца не чаўнаком, а рукамі. Гэта дае магчымасці выткаць розныя адценні і дробныя дэталі.

Ткачыха валодае таксама тэхнікай так званага падвойнага ткацтва, якая пэўны час была пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Беларусі. Носьбітамі яе былі, можна сказаць, лічаныя майстрыхі. У самай знакамітай гродзенскай ткачыхі Ядвігі Райскай з Адэльска і вучылася Алена Шунейка. Гэтае ткацтва дазваляе ствараць сюжэты, якія аднолькава выглядаюць з абодвух бакоў. Дзякуючы ўнікальнаму майстэрству, майстрыха з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

— На маіх габеленах заўсёды вельмі многа розных дэталяў. Часам здаецца, што гэта малюнкі, толькі замест фарбаў — ніткі, няма такіх участкаў, дзе быў бы толькі адзін колер, — як правіла, на іх шмат адценняў, — расказвае суразмоўніца. — Нават калі габелен робіцца па адным і тым жа макеце, ён мае свае асаблівасці, бо ручная праца — гэта творчасць, у якую аўтар укладвае сваю душу і свой погляд.

У творчым багажы Алены Шунейкі звыш 70 габеленаў. Некаторыя захоўваюцца ў Францыі, Польшчы, Эстоніі, Расіі і іншых краінах. У ліку шэдэўраў народнай творчасці выстаўляліся работы і ў Кітаі.

Летась яна стварыла эскіз пано-карты «Культурная спадчына Беларусі», над рэалізацыяй якога працавалі больш за 10 вышывальшчыц Гродзенскай вобласці. Карта адлюстроўвае самыя адметныя народныя рамёствы і архітэктурныя асаблівасці кожнага рэгіёна краіны.

Цяпер жанчына працуе над вялікім палатном «Квітнеючая Гродзеншчына», яго памер складае 1,4 на 2 метры.

— Гэта дэкаратыўны твор з самымі знакамітымі архітэктурнымі помнікамі рэгіёна — Мірскім, Лідскім, Навагрудскім замкамі, Сынкавіцкай царквой, Каложай і многімі іншымі. Усе яны паўстаюць нібы з вышыні птушынага палёту. Тут выкарыстаны яркія вясёлкавыя фарбы, што сведчыць аб радасці мірнага жыцця. На габелене можна ўбачыць стужкі дарог, якія выходзяць з ніжняй кропкі і пашыраюцца ў вышыні. Кампазіцыя нібы стварае вялікую кветку, якая расквітнее гістарычнымі аб’ектамі, элементамі сучаснай прыроды і стваральнай працы. І гэты сюжэт асвечаны промнямі сонца, якое ззяе на самым версе палатна, — расказвае майстрыха.

Як зазначыла Алена Шунейка, габелен яна плануе завяршыць у маі. Вытканы твор стане падарункам гораду да 80-цігоддзя вызвалення Беларусі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці

Загаловак у газеце: Ад «Купальскага вянка» да «Квітнеючай Гродзеншчыны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі МУС.

Грамадства

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Каб «ціхае паляванне» не стала пошукавай аперацыяй.