Вы тут

«Нашы сані едуць самі»


Гэтым разам фестывалю «Берасцейскія сані» хапіла і зімы, і снегу. Сняжок церушыў у суботу з самага ранку. І Дзед Мароз са Снягуркай, а таксама госці свята змаглі праехаць па галоўнай вуліцы ў самых сапраўдных санях. Пінчукі радавалі сваёй гасціннасцю, мноствам песень, забаў, вясёлымі каляднымі падворкамі.


Зранку ў сталіцу Палесся сталі прыбываць госці, да святочных лакацый падцягваліся пінчукі. Пакуль у сілу ўбіраўся гандлёвы кірмаш, разгортвалі экспазіцыі выставы, на набярэжнай ракі Піны стартаваў «Вадохрышчанскі забег». Лёгкаатлетычны крос атрымаў статус рэспубліканскага, бо ўдзел у ім узялі каля 700 бегуноў з розных рэгіёнаў краіны. Іх сардэчна прывітаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, пажадаў мужнасці, сілы волі ў забегу і здароўя на цэлы год.

Побач сабраліся аматары зімовага плавання і паказалі клас: па чарзе спускаліся ў загадзя падрыхтаваную на рацэ купель. Смельчакоў знайшлося нямала. Пад наглядам спецыялістаў таварыства выратавання на водах, супрацоўнікаў МНС адважныя маржы акуналіся ў рацэ, а затым праходзілі для пераапранання ў цёплыя палаткі.

І вось на такой бадзёрай спартыўнай ноце ўдзельнікі свята накіраваліся да галоўнай сцэны, на якой адбылося адкрыццё фестывалю. Вядучыя нагадалі, што мерапрыемства праходзіць у трэці раз, што радзімай яго з’яўляецца горад Брэст, другі фестываль праходзіў летась у Баранавічах, трэці прыняў Пінск у знамянальны год — 85-ю гадавіну заснавання Брэсцкай вобласці. Пра ўрачыстае адкрыццё фестывалю-кірмашу «Берасцейскія сані — 2024» са сцэны аб’явіў кіраўнік першага рэгіёна Юрый Шулейка. Ён прывітаў пінчукоў і ўсіх палешукоў, сказаў, што на Піншчыне ў свой час утвараліся самыя паспяховыя гаспадаркі рэгіёна: «Бо жывуць тут працавітыя людзі, добрыя гаспадары. Прыемна, што на сённяшняе свята прыйшло шмат людзей, — працягваў далей губернатар. — Арганізатары падышлі да справы з душой, глядзіце, якія ў нас сёння артысты, якія касцюмы, якія праслаўленыя калектывы ствараюць нам з вамі настрой! Жадаю нам усім добрага кірмашу і вясёлага свята».

Прывітальны адрас гасцям і ўдзельнікам свята накіравала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава. У прывітанні, якое зачыталі са сцэны, адзначаецца, што фестываль становіцца традыцыйным, уяўляе сабой цудоўную ініцыятыву, якая абуджае інтарэс да самабытнай творчасці і ўкладу жыцця берасцейцаў: «У дні яго правядзення Брэсцкая вобласць дэманструе тысячам беларусаў і гасцям нашай краіны багацце духоўнай і культурнай спадчыны, дасягненні ў сельскагаспадарчай і прамысловай сферах, аграмадны інтэлектуальны і крэатыўны патэнцыял жыхароў, — гаворыцца ў прывітанні. — Сёлета эстафету свята прымае Пінск. Безумоўна, слаўная гісторыя гэтага старажытнага горада, закладзеная ў канцэпцыю фестывалю, нагадае нам пра сілу адзінства, згуртавання, грамадскай згоды на падставе любові да роднай зямлі, павагі да мінулага і гонару за сучаснае».

На гэты раз было шмат інтрыг, якія павінны былі вырашыць «Сані». Да фестывалю, напрыклад, ніхто не ведаў, ёлка якога раёна прызнаная лепшай. Праводзіўся конкурс, працавала журы, ішло народнае галасаванне ў тэлеграм-канале. І вось абвяшчаецца, што перамогу атрымала ёлка Жабінкаўскага раёна, а старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч прыняў заслужаную ўзнагароду. Ну і галоўная інтрыга — месца правядзення наступнага фестывалю. Юрый Шулейка аб’явіў, што ім стане Кобрын.

Самай відовішчнай часткай мерапрыемства, несумненна, стаў маляўнічы парад-карнавал прадпрыемстваў рэгіёна. На грузавіках розных формаў праехалі цэлыя інсталяцыі, дзе часам разгортваліся самыя неверагодныя сюжэты. Якія толькі казачныя героі не сустракаліся, якія тэатралізаваныя мініяцюры не адбываліся на рухомых сцэнах!

Сваю інсталяцыю «Брэстжылбуд» назваў «Дом мары», але ж машына, якая везла гэты дом, уяўляла сабой галаву дракона, што дыхае дымам. А вакол яго віліся-ехалі квадрацыклы ў выглядзе саней, іх суправаджалі вясёлыя навагоднія героі. Пры гэтым вядучы аб’явіў, што ўсе персанажы прадстаўлення — работнікі прадпрыемства. Вось, аказваецца, колькі талентаў працуе на прадпрыемствах і ўстановах рэгіёна! «Нашы сані едуць самі», — сцвярджала імправізаваная павозка газавікоў Пінскага філіяла «Брэстаблгазу». А Пінскія электрасеткі наогул аздобілі машыну тройкай белых коней. Парадавалі крэатывам РУП «Граніт», «Савушкін прадукт», птушка-фабрыка «Дружба», ды і іншыя таксама. Кожную інсталяцыю можна было разглядваць, фатаграфаваць, што і рабілі ўдзельнікі свята.

Тут усё выглядала цікавым: шэсце аграмаднага атрада Дзядоў Марозаў са Снягуркамі, маладзёжны флэш-моб «Пад сцягам Айчыны».

Варта сказаць і пра калядныя гулянні. Яны ўяўлялі сабой не толькі рады падворкаў з забаўлянкамі, прысмакамі. Кожны прапанаваў сваю разыначку. Пінскія кавалі падрыхтавалі адмысловую манету фестывалю. Адчаканіць яе ўдарам молата гонар выпаў Юрыю Шулейку. Манету-сувенір адразу перадалі на захаванне ў Музей беларускага Палесся. Губернатар таксама спрычыніўся да пачатку напісання Кнігі рэкордаў фестывалю. У названую кнігу занеслі самую вялікую кашу мерапрыемства.

Кашу варылі ў каструлі аб’ёмам 165 літраў. А Юрый Шулейка дадаў у кашу масла, яго спатрэбілася сем кілаграмаў. Пасля чаго кашай маглі частавацца ўсе ахвотныя. Факт яе прыгатавання занеслі ў прыгожы фаліянт, які вырабілі майстры пінскай друкарні. Сюды цяпер будуць заносіць і іншыя рэкорды гэтага і будучых фестываляў. Дарэчы, да кашы прапанавалі травяны чай, яго зварылі ў 400-літровым самавары.

Шумеў-гуляў кірмаш у гістарычнай частцы горада. Пчаляр Мікалай Янушкевіч з вёскі Яглевічы Івацэвіцкага раёна не першы раз на падобных мерапрыемствах. У яго вельмі многа відаў мёду, ёсць лячэбны мёд з праполісам, арэшкі ў мёдзе, сувенірная прадукцыя.

А вось пінчанка Алена — прадпрымальнік-пачатковец, яна прадавала прадметы дэкору, мілыя дробязі, якія могуць упрыгожыць любы інтэр’ер. Побач стаялі рамеснікі з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Да іх падыходзілі, іх вырабы разглядалі, куплялі.

Сувенір набыла Ірына Саўчук з Брэста. Цікаўлюся ўражаннямі. Ірына прыехала з сям’ёй у госці да матулі: «На свята прыйшлі з мужам, сынам, нявесткай, вельмі цікава. Маме маёй 83 гады, яна не змагла пайсці з намі, але яна глядзіць прамую трансляцыю тэлеканала «Пінск», за што асобная падзяка тэлевізіёншчыкам. 

А мы зараз накіроўваемся глядзець канцэрт».

Канцэрт працягваўся некалькі гадзін, а вечарам адбыліся дыскатэка і лазернае шоу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала Брэсцкага аблвыканкама

Загаловак у газеце: «Нашы сані едуць самі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.