Вы тут

Што хвалюе старшынь сельскіх Саветаў?


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на мінулым тыдні запрасіла ў верхнюю палату парламента старшынь абласных і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Спікер падкрэсліла, што пры падрыхтоўцы законаў надзвычай важна ведаць, як жывуць людзі на месцах. Адбылася шчырая размова аб надзённых пытаннях, з якімі штодзень сутыкаюцца прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання. Ад іх прагучалі як пытанні, так і прапановы, у тым ліку па ўдасканаленні дзейнага заканадаўства.


Даўгабуды і безгаспадарныя дамы

Старшыня Азярыцка-Слабадскога сельскага Савета дэпутатаў Смалявіцкага раёна Дзмітрый КУДЗІН расказаў аб сітуацыі на тэрыторыі сельсавета. Яго асаблівасць — геаграфічнае становішча. Гэта прысталічча са знакавым сімвалам мужнасці і гістарычнай памяці — Курганам Славы.

У сельсавеце 28 населеных пунктаў, дзе звыш 7 тысяч зарэгістраваных жыхароў, з якімі падтрымліваецца пастаянны кантакт праз сельскі актыў і старастаў. Дзякуючы ім, ёсць аператыўная зваротная сувязь і вырашаюцца пытанні, якія ўзнікаюць у грамадзян. Базавае прадпрыемства — «Азярыцкі-Агра». Адміністрацыйны цэнтр — аграгарадок Слабада з больш чым 3,5 тысячы насельніцтва. На тэрыторыі сельсавета жыве 110 шматдзетных сем’яў. Гэта аўкцыённая зона. За 2023 год рэалізавана 22 участкі. Будуецца жыллё, перыязджаюць людзі.

Пытанні ў насельніцтва перыядычна ўзнікаюць. На мясцовым узроўні іх імкнуцца здымаць. У вырашэнні складаных пытанняў дапамагае абласны Савет дэпутатаў.

— Абласныя, раённыя, гарадскія Саветы дэпутатаў павінны быць пастаянна з вамі ў кантакце. Мы нацэльваем іх на гэта. Але рашэнні трэба прымаць аператыўна. Ніхто ніколі не адмовіць у дапамозе і спрыянні, — пракаментавала Наталля Качанава.

Жанна Бізня, старшыня Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна, у склад якога ўваходзіць 14 населеных пунктаў з больш як 11 тысячамі жыхароў і 56 садаводчымі таварыствамі, закранула пытанне па рэалізацыі Указа № 87, які датычыцца даўгабудаў.

— Ва ўказе прапісана, што перад тым, як мы падаем іск у суд, мы павінны зрабіць ацэнку. Агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры робіць ацэнку толькі ў прысутнасці ўласніка і пры наяўнасці праектнай дакументацыі. На жаль, гэта не заўсёды магчыма. Некаторыя ўласнікі гэтых даўгабудаў жывуць за межамі Беларусі, і праектная дакументацыя ёсць не заўсёды. У выніку мы не можам рухацца далей па адабранні гэтых даўгабудаў. Нават калі мы атрымалі станоўчыя рашэнні суда, выходзім на продаж з публічных таргоў, пачатковая цана продажу лота павялічваецца на кошт гэтай ацэнкі. І цана становіцца не прывабнай для пакупнікоў. І мы сутыкнуліся з тым, што канфіскаваныя недабудаваныя аб’екты не запатрабаваны. У сувязі з гэтым нашы прапановы: можа быць, разгледзець пытанне рэалізацыі Указа № 87 па аналогіі з Указам № 116. Або прамы продаж зямлі праз аўкцыён з абцяжараннем на гэтым участку — аб’ектам незавершанага будаўніцтва.

Наталля Качанава паабяцала яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і вывучыць сітуацыю самым сур’ёзным чынам.

Старшыня Вердаміцкага сельскага Савета дэпутатаў Свіслацкага раёна Алена Салавей унесла прапанову па фактычна безгаспадарных дамах. Яна расказала, што правапераемнікі могуць апратэставаць іск у судзе аб прызнанні іх дома безгаспадарным або яшчэ да падачы дакументаў у суд звярнуцца ў мясцовы выканаўчы орган з апавяшчэннем аб далейшым намеры выкарыстоўваць жылы дом для пражывання. Але, як паказвае практыка, каля 80 працэнтаў гэтых людзей сваё абяцанне не стрымліваюць. Яна прапанавала замацаваць адказнасць правапераемнікаў гэтых дамоў нарматыўнымі прававымі дакументамі: калі яны на працягу адведзенага ім гадавога тэрміну не прывялі зямельны ўчастак у належны выгляд і не прынялі меры па прывядзенні жылога дома таксама ў належны выгляд, праз год камісія паўторна можа выехаць, паглядзець на гэты дом і прыняць меры па вызначэнні яго далейшага лёсу.

Наталля Качанава паабяцала разгледзець гэту прапанову.

Добраўпарадкаванне тэрыторый

Старшыня Крамяніцкага сельскага Савета дэпутатаў Зэльвенскага раёна Аляксандр Дзярэнчык звярнуў увагу на ўтрыманне і абслугоўванне ўчасткаў дарог і вуліц, якія не маюць уласнікаў.

— У раёне дадзеная работа па перадачы спецыялізаваным арганізацыям праводзіцца, але перыяд падрыхтоўкі дакументаў і перадача зацягваюцца. У сувязі з гэтым пытанне: ці магчыма на заканадаўчым узроўні сельвыканкамам перадаць астатнія безгаспадарныя ўчасткі дарог або вуліц спецыялізаваным арганізацыям без прадастаўлення праваўстанаўліваючых дакументаў? Або, як варыянт, прадугледзець закладванне ў бюджэце сельвыканкама сродкаў на абслугоўванне і ўтрыманне гэтых безгаспадарных участкаў дарог.

Наталля Качанава пагадзілася, што трэба паглядзець і абмеркаваць гэтыя пытанні.

Мікалай Лугаўской, старшыня Ленінскага сельскага Савета дэпутатаў Жабінкаўскага раёна, дзе ў 11 населеных пунктах пражывае 2,5 тысячы насельніцтва і на тэрыторыі якога знаходзяцца ААТ «Рагазнянскі» і санаторыі «Буг» і «Надзея», звярнуўся з пытаннем навядзення парадку на тэрыторыях.

— Фішкай першага рэгіёна з’яўлялася і з’яўляецца чысціня, акуратнасць і аператыўнае прывядзенне ў парадак тэрыторый, у тым ліку прылеглых да трасы М-1. Сёння ў нас з гэтым вялікія праблемы. Звязана гэта з правядзеннем тэндэраў на навядзенне парадку ў населеных пунктах і падведамных тэрыторыях. Каб правесці аператыўны пакос, пафарбаваць лаўкі, правесці суботнік, арганізаваць вываз адходаў, трэба правесці тэндар. Гэта займае ад тыдня да месяца, у сувязі з чым аператыўнасць падае. Вынік — незадаволенасць вышэйстаячых арганізацый, насельніцтва. Прапанова прадугледзець у законе аб закупках для мясцовых органаў улады, у тым ліку сельскіх выканкамаў, магчымасць правядзення адзінай закупкі на гэтыя мэты — навядзенне парадку, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Гэта дазволіць знізіць сацыяльную напружанасць, вярнуць аператыўнасць.

Яшчэ адна прапанова — павялічыць грашовае забеспячэнне стараст, якія з’яўляюцца першым памочнікам на сяле. На гэтых людзей заўсёды можна спадзявацца, да іх у вёсцы ў першую чаргу звяртаюцца людзі. Сёння большая частка стараст — пенсіянеры. Яны атрымліваюць узнагароду раз на тры месяцы, зыходзячы з колькасці населеных пунктаў, і сума не перавышае тры базавыя велічыні. Яе хапае толькі на тэлефонныя размовы.

Наталля Качанава паабяцала паспрабаваць дапамагчы ў гэтых пытаннях.

Пытанне старшыні Александрыйскага сельскага Савета дэпутатаў Шклоўскага раёна Алены Гвоздзевай таксама датычылася добраўпарадкавання тэрыторый.

— У адпаведнасці з артыкулам 41 Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў рамках сваёй кампетэнцыі сельскія Саветы арганізуюць працу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Але артыкулам 46 Бюджэтнага кодэкса бюджэтам першаснага базавага ўзроўню фінансаванне прадугледжана на добраўпарадкаванне адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. У сувязі з тым, што ў нас няма работнікаў па абслугоўванні гэтых тэрыторый, гэтыя работы ў нас праводзяцца па грамадзянска-прававых дагаворах. Ці магчыма сельскім Саветам рабіць закуп садовага інвентара і абсталявання, у прыватнасці трымераў, бензапіл, кос, якім можна здзяйсняць высечку драўняна-хмызняковай і пустазельнай расліннасці? Цяпер закупіць гэтае абсталяванне мы не маем права.

Старшыня Жыровіцкага сельскага Савета дэпутатаў Слонімскага раёна Дзмітрый Нагула дадаў, што Міністэрства эканомікі накіроўвала тлумачэнні аб тым, што сельсавет не мае права закупляць такое абсталяванне і весці гаспадарчую дзейнасць.

Наталля Качанава паабяцала разабрацца ў праблеме.

Старшыня Апольскага сельскага Савета дэпутатаў Іванаўскага раёна Галіна Варашылава закранула пытанні электрафікацыі.

— Сёння закрываюцца пытанні ўводу ў эксплуатацыю станцый абезжалезвання, праводзіцца газіфікацыя сельскіх населеных пунктаў, развіваецца сельская і асабістая падсобныя гаспадаркі. Разам з тым многія сельскія населеныя пункты, у прыватнасці Апольскага сельсавета, не патрапілі ў перспектыўны план газіфікацыі. І для нас цяпер актуальная электрыфікацыя жылых дамоў для патрэб ацяплення і водападагрэву. Мы разумеем, што ў больш старых вёсках лініі электраперадачы састарэлыя. Таму хацелася б, каб звярнулі ўвагу менавіта на тыя населеныя пункты, якія абышла газіфікацыя, — акрэсліў праблему старшыня сельсавета.

— Мы даручым міністру энергетыкі разабрацца і праінфармаваць, у якім годзе будуць прынятыя меры па рэканструкцыі ліній электразабеспячэння або правядзенні новых. Разбяромся, — пракаментавала Наталля Качанава.

Старшыня Каменскага сельскага Савета дэпутатаў Лепельскага раёна Віцебскай вобласці Мікалай Сініцын расказаў пра асаблівасці дзейнасці сельсавета:

— Мы знаходзімся ў глыбінцы — 170 км ад Мінска, 110 — ад Віцебска. За час дзеяння Указа Прэзідэнта па продажы зямельных участкаў прададзена 85 участкаў, знесена 162 старыя дамы. У мінулым годзе ўвялі ў эксплуатацыю 1260 квадратных метраў жылой плошчы — каля 13 дамоў. З 2001 года пры сельвыканкаме дзейнічае механізаваная брыгада, а з 2005 года — камунальнае ўнітарнае прадпрыемства. Працуе сем чалавек. Працуе прыбыткова, і я лічу, што адмаўляцца ад гэтага не трэба. Маем у наяўнасці ўсю тэхніку для апрацоўкі зямельных участкаў, якую ўзялі ў лізінг і выплацілі ўсе сродкі. Можам своечасова аказваць дапамогу грамадзяніну, які звярнуўся па прымальных расцэнках. У зімовы час КУП дапамагае расчышчаць вуліцы ад снегу. Каля 12 населеных пунктаў мы расчышчаем сіламі прадпрыемства. Акрамя таго, мы закупляем малако ў двух населеных пунктах.

Пытанне датычылася дазволу высякаць алешыну на сельскагаспадарчых палях і выкарыстоўваць яе для пячнога ацяплення. У Віцебскай вобласці дробнаконтурныя палі, якія час ад часу зарастаюць драўняна-хмызняковай расліннасцю: алешынай, лазой. Раней гэта расліннасць высякалася для падпалкі печаў, сёння насельніцтва часцей карыстаецца электрычнасцю, многія перайшлі на газавае ацяпленне. Алешыну высякаць забаронена.

— Да нас ужо звярталіся людзі па такім пытанні. Мы вырашалі яго сумесна з Міністэрствам прыроды і Міністэрствам лясной гаспадаркі. Абмяркуем яшчэ раз, — пагадзілася Наталля Качанава.

Што замест міні-палігонаў?

Старшыня Малюшыцкага сельскага Савета дэпутатаў Карэліцкага раёна Віктар ДЗІРВУК расказаў, што ў раёне дзейнічала 55 міні-палігонаў і пляцовак часовага складзіравання цвёрдых бытавых адходаў. У сельсавеце іх было 8 — 2 міні-палігоны і 6 пляцовак. За іх утрыманне несла адказнасць РУП «ЖКГ». Іх ліквідавалі, землі закультывавалі. Работнікамі сельвыканкама і РУП «ЖКГ» была ўзмоцнена работа па заключэнні дагавораў з жыхарамі на вываз цвёрдых бытавых адходаў. Была праведзена добрая работа. Разам з тым у дагаворах не ўсе віды адходаў былі ўлічаны. Напрыклад, будаўнічыя адходы, адходы расліннага свету не вывозіліся.

Сельвыканкам вядзе тлумачальную работу, што самі жыхары могуць адвезці гэтыя адходы сваім транспартам на адзіны палігон і там разгрузіцца за пэўную плату. РУП «ЖКГ» можа аказаць паслугу жыхарам па зборы і вывазе гэтых адходаў. Але для насельніцтва гэтая паслуга атрымліваецца «залатой». І, натуральна, людзі знаходзяць іншыя варыянты, уладкоўваюцца несанкцыянаваныя звалкі. Прагучала прапанова разгледзець магчымасць выдзеліць участак на тэрыторыі сельсавета для назапашвання і цэнтралізаванага вывазу такіх адходаў.

— Мы павінны разумець, што перш чым нешта ліквідаваць, трэба прапанаваць людзям альтэрнатыву. Лічу, што да гэтай тэмы трэба вяртацца. Мы прыбралі міні-палігоны, але мы не вырашылі праблему. Дадзім даручэнні міністру ЖКГ, міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, — адрэагавала Наталля Качанава.

Старшыня Славенскага сельскага Савета дэпутатаў Шклоўскага раёна Уладзімір Мішын звярнуўся з пытаннем незапатрабаваных зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў межах населеных пунктаў. Не заўсёды ўяўляецца магчымым іх перадаць сельскагаспадарчым арганізацыям з прычыны таго, што яны дробнаконтурныя, малой плошчы. Часта яны мяжуюць з землямі, якія перададзены сялянскім фермерскім гаспадаркам. Ці магчыма ўнесці змены ў артыкул 52 Кодэкса аб зямлі ў частцы дазволу раёнам і выканаўчым камітэтам выдзяляць гэтыя землі для вядзення фермерскай гаспадаркі, спытаў старшыня сельсавета.

Старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, які прысутнічаў на сустрэчы, парэкамендаваў прыняць рашэнне на сесіі аб пераводзе зямель агульнага карыстання ў землі сельгаспрызначэння і аддаваць фермерам. У Віцебскай вобласці так і было зроблена.

— Трэба яшчэ раз паглядзець, бо мясцовым органам улады такія паўнамоцтвы дадзены. Там, дзе пытанні датычацца зямель сельгаспрызначэння і лясоў першай катэгорыі, гэта засталося непарушаным. А ўсё астатняе аддалі на рашэнне мясцовых органаў улады. Але мы падкажам, як вырашыць пытанне, — адзначыла Наталля Качанава.

Напрыканцы сустрэчы яна паабяцала, што ўсе пытанні, якія прагучалі, будуць акумуляваны і абмеркаваны з зацікаўленымі. А сустрэчы з мясцовымі дэпутатамі будуць праводзіцца і надалей.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.