Вы тут

На прадпрыемстве «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» моладзь стварае інавацыйны прадукт


Івану Пісчыку няма яшчэ і 31, а ён ужо галоўны інжынер прадпрыемства — другая асоба пасля дырэктара. І ён не адзіны з моладзі, хто займае тут адказныя пасады. Наогул, прадпрыемстваў, дзе б усімі вытворчымі працэсамі кіравала моладзь, няшмат. А тут увесь касцяк — учарашнія выпускнікі беларускіх ВНУ, якія прыйшлі не на нешта гатовенькае, каб ціхенька адпрацаваць і з’ехаць. Наадварот, менавіта яны будавалі і развівалі сучасную вытворчасць, запускалі лінію і вялі перагаворы па ўсіх кірунках. Таму пасля адпрацоўкі яны не спяшаюцца змяніць месца работы.


Камандны залік

Сярэдні ўзрост працаўнікоў на прадпрыемстве з ліку інжынерна-тэхнічнага персаналу — 30–35 гадоў. Так атрымалася, што пачатак іх працоўнай дзейнасці прыпаў на той складаны перыяд, калі з-за санкцый уводзіліся абмежаванні і трэба было ўсе свае веды, навыкі, амбіцыі накіраваць у адно рэчышча. Яны сталі першапраходцамі, і ў іх усё атрымалася. Той жа Іван Пісчык трапіў сюды пасля Магілёўскага Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ) у якасці інжынера. Ужо праз два гады, калі пачаліся будаўнічыя работы запуску лініі па вытворчасці мармеладу, стаў галоўным інжынерам. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялася рэалізацыя вытворчасці інавацыйных кандытарскіх вырабаў.

— Супрацоўнічаў з праектнай арганізацыяй «Белгіпрааграхарчпрам», быў у камандзе кіраўнікоў пры заключэнні кантракта з нямецкім бокам, — успамінае Іван той перыяд. — Каардынаваў будаўніцтва, запускаў лінію — адным словам, вёў аб’ект ад заключэння кантракта і да яго ўводу ў эксплуатацыю. Пусканаладачныя работы праводзіліся пад кіраўніцтвам нямецкіх спецыялістаў, але адпрацоўка новых відаў кандытарскіх вырабаў ажыццяўлялася ўжо нашай камандай. На этапе праектавання займаўся арганізацыяй вытворчасці мёду. Але самы сур’ёзны этап — менавіта арганізацыя інавацыйнай вытворчасці. Сёння мы маем 40 відаў мармеладнай прадукцыі.

Інавацыйнасць праекта ў тым, што «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» стварае цалкам новы мармеладны прадукт — з вітамінамі, дыябетычны, нізкавугляводны на аснове айчыннай біялагічна каштоўнай расліннай сыравіны, для харчавання пры інтэнсіўнных фізічных нагрузках. Існуе аналаг імпартнай «Шалёнай пчолкі» — тут гэта «Залатая пчолка» з рознымі начыннямі, а таксама «чарвячкі», «мішкі», «пінгвіны», як у вядомага замежнага брэнда. Прадпрыемства выкарыстоўвае ў рабоце сучасныя формы, сюды прыязджаюць арганізаваныя групы паглядзець, як ствараецца смачны прадукт. Аб’ект цікавы з пункту гледжання прамысловага турызму. Бо дзе, як не тут, заахвочваць моладзь на выбар вельмі патрэбных для рэгіёна прафесій. І вельмі важна пачуць карысную інфармацыю з вуснаў таксама маладых.

— Каб быць у першых радах, заўсёды трэба развівацца, — лічыць Іван. — Летась ездзілі ў Кітай, былі на прадпрыемстве па вытворчасці падобнай прадукцыі. Адчування, што мы ў чымсьці адстаём, не ўзнікала. У нас таксама ўсё накіравана на аўтаматызацыю працэсаў. Гэта прымушае ўдасканальвацца і шмат працаваць. Цяпер здаю сесію ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, атрымліваю карысныя для сябе веды.

Маладыя, цікаўныя, перспектыўныя

У Слаўгарад Іван пераехаў разам з жонкай Веранікай. Яна інжынер па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і метралогіі, паралельна старшыня прафсаюзнай пярвічкі і член Маладзёжнага парламента. Дзяўчына родам з Оршы, з Іванам, які, дарэчы, ураджэнец Бабруйска, пазнаёміліся падчас вучобы ў БРУ. І ў Слаўгарад паехалі па размеркаванні.

— Прадпрыемства маладое, цікавае, перспектыўнае, — расказвае яна. — Прыйшлі з мужам, калі яно толькі ўтварылася і ўсё было ў зачаткавым стане. Мы ездзілі ў Бабруйск на галаўное прадпрыемства пераймаць вопыт. А калі пачаліся праекты, вярнуліся ў Слаўгарад.

Як прафсаюзны лідар Вераніка стараецца напоўніць жыццё калектыву прыемнымі падзеямі. Летась, напрыклад, ездзілі ў Сулу — інтэрактыўны гістарычны аб’ект пад Мінскам. А ў снежні дапамагла калегу аформіць пуцёўку ў санаторый «Прыдняпроўскі». Новы год адзначалі разам. Усе супрацоўнікі атрымалі падарункі. Дзяўчына адсочвае і канцэртную афішу. Калі нехта з артыстаў прыязджае, браніруе для ахвотных білеты.

«Мядовы» выбар

Сёння на прадпрыемстве працуе 116 чалавек. А пачыналася ўсё з 30. Штат, між тым, папаўняецца маладымі спецыялістамі. Напрыклад, сёлета прыйшлі два новыя тэхнолагі. Цяпер яны працуюць пад кіраўніцтвам галоўнага тэхнолага Алены Данілковіч. Сама яна выпускніца Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, на «Чырвоны харчавік» прыйшла пасля размеркавання ў 2020 годзе.

— З прадпрыемствам пазнаёмілася, калі праходзіла пераддыпломную практыку ў Бабруйску, — адзначае яна. — Там жа пачынала працаваць, але пасля запуску лініі мёду ў Слаўгарадзе пераехала ў райцэнтр. Займаемся распрацоўкай новых рэцэптур і ўкараненнем іх на вытворчасці. На сёння ў рабоце 63 рэцэптуры, у далейшым лінейка мармеладу будзе пашырана зыходзячы як з магчымасцяў прадпрыемства, так і попыту на рынку.

Алена родам з Міншчыны, Любанскага раёна, але часта бываць дома не даводзіцца. Работа напружаная, акрамя распрацоўкі рэцэптур яна яшчэ кантралюе тэхналагічныя параметры вытворчасці мармеладу і работу зменных тэхнолагаў.

Працоўны дзень з 8 раніцы да паловы пятай, але не заўсёды атрымліваецца ўкласціся ў гэтыя рамкі. Бывае, што з работы ідзеш, калі стрэлкі на гадзінніку паказваюць восем вечара, прызнаецца галоўны механік Віктар Дзічко. Ён таксама выпускнік Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, на прадпрыемстве з лютага 2018 года. Каля трох гадоў працаваў у Бабруйску, а потым удзельнічаў у запуску «мядовай» лініі ў Слаўгарадзе, пасля чаго тут і застаўся. Хаця, прызнаецца, у зарплаце адчувальна страціў. Для райцэнтра, маўляў, яна высокая, а вось для абласнога цэнтра ўжо не.

— У цэлым нядрэнна, — кажа ён. — Работа цікавая, летась быў на міжнароднай аграпрамысловай выставе ў Маскве, глядзеў тэхналагічнае абсталяванне. Шукалі партнёраў па камплектуючых часцях, нашы дзяўчыны — кампаньёнаў па сыравіне. Добрыя кантакты наладжаны з пастаўшчыкамі тэхналагічнага абсталявання з Омска. Яны да нас прыязджалі, мы ездзілі да іх. Усё гэта дапамагае трымаць форму, не адрывацца ад часу.

Начальнік вытворчай лабараторыі Алеся Шашкова на прадпрыемстве з 2021 года, прыйшла па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. Пачынала з інжынера па стандартызацыі і сертыфікацыі. На новай пасадзе ўжо год. Летась ездзіла ад прадпрыемства ў Санкт-Пецярбург на курсы павышэння кваліфікацыі. Гэта адзін з плюсаў работы на прадпрыемстве, які дае магчымасць расці і развівацца, лічыць яна.

— У нас працуе цудоўная каманда, — адзначае дырэктар прадпрыемства «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» Віктар Пташыц. — Кожны чалавек на сваім месцы, гэта людзі, якім можна давяраць. Работа ў нас напружаная, але цікавая. У хуткім часе плануем выйсці на поўную магутнасць — выраб трох тысяч тон смачнай прадукцыі.

— Плюс у тым, што тут працуе шмат моладзі, — дадае намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Наталля Халімава. — Значыць, вытворчасць будзе развівацца. Сярэднямесячная зарплата тут адна з высокіх у раёне — складае 1350 рублёў. За лістапад — студзень прадпрыемства экспартавала прадукцыі на суму амаль 800 тысяч долараў у Расію, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Арменію і Малдову. Прапрацоўваецца магчымасць паставак у Грузію і Кітай. Слаўгарадскі мармелад запатрабаваны.

Не хапае камфорту ці ініцыятыўнасці?

Прадпрыемства забяспечыла ўсіх маладых спецыялістаў арэндным жыллём. Усе мае суразмоўнікі жывуць у адным доме ў новым мікрараёне Маладзёжны. Пад іх вокнамі — дзіцячы садок. І гэта таксама добры стымул для таго, каб затрымацца ў горадзе. Работа цікавая, прадпрыемства перадавое, калектыў сяброўскі, дырэктар малады і да кожнага ставіцца з разуменнем — гэта тыя плюсы, якія цэніць моладзь. Адзінае, чаго ёй не хапае, — умоў для больш разнастайнага адпачынку. У райцэнтры ёсць кінатэатр, але яго рэпертуар маіх суразмоўцаў не задавальняе. Ёсць кавярня ад райспажыўкааперацыі, але яе фармат не маладзёжны. На ўвесь горад з буйных рытэйлераў — адзін «Еўраопт». Ім хочацца больш. Мясцовы Цэнтр культуры не ў стане канкурыраваць з гарадскімі забаўляльнымі пляцоўкамі. Таму маладыя бацькі ў выхадныя дні возяць сваіх дзяцей у магілёўскія гульнявыя паркі. І пасля сыходу са Слаўгарада перавозчыка, маршруткі якога курсіравалі паміж райцэнтрам і Магілёвам ледзь ні кожную гадзіну, засумавалі…

Старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская лічыць, што палепшыць якасць жыцця ў горадзе можна з дапамогай грамадзянскіх ініцыятыў. Раённыя дэпутаты разам з мясцовай моладдзю падрыхтавалі сумесна дзве ініцыятывы, якія, калі іх падтрымаюць на абласным узроўні, дапамогуць развіць набярэжную ў раёне зоны адпачынку на месцы зліцця Сажа і Проні і зрабіць больш прывабным слаўгарадскі старажытны парк.

Дарэчы, моладзь прадпрыемства паступова ўключаецца і ў актыўнае грамадскае жыццё раёна. Некалькі чалавек ад прадпрыемства ўваходзіць у Маладзёжны парламент. Магчыма, калі голас маладых будзе гучаць больш гучна і настойліва, і ў культурным жыцці невялікага раённага цэнтра адбудуцца змены да лепшага.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва прадпрыемства

г. Слаўгарад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.