Вы тут

Як выбраць насенне для будучага ўраджаю


Падрыхтоўка да пасадкі — справа няхуткае, таму пачынаць яе трэба загадзя. Як і ў любой справе, для атрымання лепшага выніку тут патрабуецца дакладны план і прадуманыя дзеянні.


Фота: pixabay.com

Ацаніце старыя запасы

Перш чым адпраўляцца ў краму за насеннем, правядзіце рэвізію запасаў мінулага. Магчыма, вы і самі рабілі ў мінулым годзе нарыхтоўкі насення са сваіх раслін. Дарэчы, спецыялісты раяць перыядычна абнаўляць уласны насенны фонд, каб не дапусціць зводу ўпадабаных сартоў. Насенне гібрыдных раслін няма сэнсу збіраць самастойна, бо яно не захоўвае бацькоўскіх якасцяў. Гібрыды заўсёды высаджваюцца з насення ў «завадскім» пакаванні.

Варта памятаць, што капусту, салату і іншую ліставую гародніну, а таксама караняплоды пажадана сеяць свежым насеннем, у адваротным выпадку гародніна ідзе ў стрэлку. А пладовая гародніна — гэта значыць тая, што ўтварае плады (таматы, агуркі, патысоны, кавуны, гарбузы і іншыя), — наадварот, лепш сеяць 2–4-х гадовым насеннем. З павелічэннем тэрміну захоўвання насення гэтай гародніны, пры яго вырошчванні павялічваецца колькасць жаночых кветак, а значыць, і пладоў.

Праверце ўсходжасць

Калі тэрмін прыдатнасці, паказаны на пакеце, скончыўся, не спяшайцеся выкідваць насенне. Часта яно яшчэ прыдатнае для выкарыстання. Калі насення шмат, паспрабуйце праверыць яго ўсходжасць загадзя. Вазьміце 10 штук, раскладзіце яго паміж некалькімі пластамі марлі ці фільтравальнай паперы, акуратна змясціце ў дробны посуд і ўвільгатніце.

Аптымальная тэмпература паветра для прарастання насення — 18–22 °C. Не забывайце ўвільгатняць марлю па меры неабходнасці. Праз пэўны прамежак часу (для кожнай культуры ён свой, але, як правіла, гэта 7–14 дзён) падлічваюць колькасць прарослага насення. Насенне, якое дае ўсходжасць ніжэй за 30%, сеяць не варта.

Падрыхтоўка да сяўбы

Існуюць розныя спосабы перадпасяўной падрыхтоўкі насення. Акрамя сартавання і каліброўкі, насенне можна падрыхтаваць да пасеву з дапамогай прагравання і гартавання, замочвання да наклёўвання. Добры вынік дае таксама апрацоўка стымулятарамі росту. Усё гэта дазволяць павялічыць колькасць усходаў і паскорыць тэрміны прарастання насення.

Стратыфікацыя ў хатніх умовах

Большасці шматгадовых раслін, а таксама дрэў і кустоў, радзімай якіх з’яўляецца сярэдняя паласа з ярка выяўленай зімой, патрабуецца дадатковая спецыяльная падрыхтоўка насення перад пасадкай — так званая стратыфікацыя. Насенне гэтых раслін утрымліваюць у сваім складзе ахоўныя рэчывы, якія дазваляюць ім перачакаць халодную зіму. Стратыфікацыя насення ў хатніх умовах заключаецца ў штучным стварэнні неабходных для яго ўмоў прарастання, падобных да тых, што бываюць у самой прыродзе ў асенне-зімовы перыяд, і вываду насення з перыяду спакою.

Пры такім спосабе падрыхтоўкі насення да пасеву, як стратыфікацыя, уздзеянне вільгаці, паветра і нізкіх тэмператур прыводзіць да размякчэння абалонак насення, іх набракання, а таксама да пераходу складаных арганічных рэчываў усярэдзіне насення ў стан даступнасці для засваення зародкам.

Стратыфікацыя праводзіцца наступным чынам. Насенне змешваюць з буйназярністым пяском або торфам, змяшчаюць у ёмістасці з бакавымі адтулінамі для выдалення лішкаў вільгаці і вольнага доступу паветра і ўвільгатняюць. Пасля набракання насення ёмістасць змяшчаюць у склеп або ў ніжні адсек халадзільніка, дзе тэмпература трымаецца на адзнацы 2–4 °C. Не забывайце перыядычна ўвільгатняць субстрат і сачыць за станам насення. Для розных відаў раслін стратыфікацыя насення патрабуе рознай працягласці. Для некаторых раслін дастаткова 2-3 тыдняў, а ў іншых выпадках перадпасяўная падрыхтоўка насення даходзіць да 3 месяцаў і больш. 

У апошнія гады вытворцы насення самі праводзяць перадпасяўную падрыхтоўку. У продажы можна сустрэць дражаванае і інкруставанае насенне. На такое насенне ў вытворчых умовах наносяць пласт з розных угнаенняў і стымулятараў росту, што, сапраўды, значна павялічвае ўсходжасць насення і яго далейшы рост. 

Пры пасеве такога насення варта ўлічваць адно правіла: глеба заўсёды павінна заставацца вільготнай, інакш ахоўны пласт не растворыцца і насенне не ўзыдзе. А вось насенне ў гелевай абалонцы, наадварот, будзе цікавае тым, хто не можа забяспечыць пасевам рэгулярны паліў, бо гель выдатна ўтрымлівае вільгаць.

Тэрміны пасеву

Пасяўная — гэта працяглы перыяд. Пачынаецца ён у канцы студзеня, калі сеюць на расаду такія расліны, як гваздзік Шабо і бальзамін Уолера, і заканчваецца ў сярэдзіне чэрвеня пасевам некаторых двулетнікаў. Завядзіце свой асабісты пасяўны каляндар, у якім пазначце ўсе расліны, якія вы хацелі б бачыць на сваім участку. Размяркуйце іх па тэрмінах пасеву і загадзя падрыхтуйце патрэбнае насенне. Гэты каляндар паслужыць вам не адзін год.

Калі ў вас ёсць уласны досвед па тэрмінах пасеву, арыентуйцеся на яго. Калі ж не, прытрымлівайцеся інструкцый на пакеціках з насеннем. Справа ў тым, што расада ў кватэры на падаконніку без дастатковай колькасці святла і вызначанай вільготнасці часта выцягваецца і хварэе. Чым карацей светлавы дзень, тым складаней выгадаваць выдатную расаду — трэба прыкладаць да гэтага больш намаганняў, ужываць розныя віды падсветкі, фіталямпы і ўвільгатняльнікі паветра. Насенне, пасаджанае на расаду крыху пазней паказанага тэрміну, хутка даганяе сваіх больш ранніх сабратаў па падаконніку. Але пры гэтым расліны адчуваюць сябе значна лепей!

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.