Вы тут

Як 92-гадовая Валянціна Ігнацюк дабілася ўвекавечання памяці дзеда і вайскоўца, якога ратаваў дзед


Хіба дасі гэтай жанчыне 92 гады? Валянціна Андрэеўна Ігнацюк да гэтай пары сама водзіць машыну. «Хадзіць мне ўжо цяжка, — гаворыць, — а за рулём я сябе пачуваю як рыба ў вадзе. Тэхагляды сама праходжу, вось толькі сама ўжо не рамантую». Яна памятае вайну і цяжкі пасляваенны час. Усё жыццё гэта жанчына шмат працавала. 

А яшчэ ўсё жыццё імкнулася аднавіць гістарычную праўду адной асобна ўзятай сям’і. Сваёй сям’і. Але аб усім па парадку.


Валянціна Ігнацюк

Першы дзень

— Я вайну добра помню, — расказвае Валянціна Андрэеўна. — Дзевяць гадоў мне было летам 1941-га. 12 чэрвеня мой малодшы брацік нарадзіўся, а 22-га, у нядзелю, бацькі, сваякі, суседзі адзначалі хрэсьбіны, сядзелі за сталом. Бацька выйшаў па нешта на вуліцу. А потым забег у хату ўсхваляваны, разгублены і кажа: «Чамусьці самалёты не так лятаюць, як заўсёды, — многа іх». Яго спрабавалі супакоіць, гаварылі, што, пэўна, вучэнні. А потым мы пачулі выбухі, спачатку далёка, потым бліжэй, і дарослыя зразумелі, што не вучэнні, а нешта страшнае насоўваецца.

— ...У памяці яшчэ засталося, як ішлі вайскоўцы з боку Брэста на ўсход. Мы жылі ў Батчы каля самай чыгункі, — працягвае жанчына. — Яны павольна рухаліся ўздоўж рэек, у асноўным параненыя, многія ў адной бялізне з крывавымі плямамі, перавязаныя, каго вялі, каго неслі. Некаторыя былі зусім слабыя. Адзін маладзенькі, увесь паранены, відаць, упаў. Было зразумела, што ён нікуды не дойдзе. Мой дзед Улас пашкадаваў яго, паклаў на падводу і павёз дадому. Дзед жыў на хутары, за лесам. Там яны з бабуляй вылечылі, выхадзілі гэтага хлопца. Звалі яго Ігнат Марозаў, ён быў недзе з Расіі. Так і жыў Ігнат у дзеда да сярэдзіны 1942 года, дапамагаў па гаспадарцы.

У акупацыі

Валянціна Андрэеўна гаворыць, што вайна ў яе дзіцячай свядомасці адбілася як абсалютны страх, нават жах. Па першым часе было спакайней. Побач стаяў пост — немцы і мадзьяры. Апошнія былі лепшыя, маці іх падкормлівала смятанай, яйкамі. Яны добра ставіліся да мясцовых, а вось немцы былі жорсткімі, рабілі аблавы, моладзь гналі ў Германію. 

А пачаўся той страх з часу знішчэння суседніх Чаравачыц. Партызаны ўзарвалі эшалон на чыгунцы. Якраз выпаў снег, і сляды вялі ў бок Чаравачыц. Наляцелі карнікі і спалілі-зруйнавалі вёску, людзей пабілі. Далей расказвае:

— Ад нас тыя Чаравачыцы праз чыгунку кіламетры два ўсяго. 

І вось гэты енк людзей, малых дзяцей разам з віскам свіней, ровам кароў, іржаннем коней, якія шалелі ад пажару, у мяне, здаецца, і цяпер у вушах стаіць. Гэта нешта за межамі чалавечага разумення... Бацькі тады не раз жахаліся: а каб тыя сляды нават выпадковага чалавека вялі ў нашу вёску, ад нас таксама нікога не засталося б.

Ну і пасля гэтага нашы мужчыны па чарзе трымалі варту па начах. А мы спалі апранутыя ў любую пару. Як толькі на станцыі быў заўважаны нейкі рух, кожная сям’я скакала на падводу, і гаспадар з усіх сіл паганяў каня, імчаў у лес. Вось так аднойчы мы спалі з сястрой апранутыя, а я, відаць, так моцна заснула, што «па трывозе» выскачыла ў паліто і босая. Маці за меншымі глядзела, ніхто не звярнуў увагі на мяне. А снег тады пасля адлігі быў цвёрды, як лёд. Пакуль бегла да падводы, і там да схрону, ногі парэзала ўшчэнт, усе былі ў крыві. Дык потым нанач мне чаравікі за шнуркі да рукі прывязвалі, вось так і спала. Помню, як у капцы з бульбай сядзелі з сястрой, куды нас бацька адправіў.

Яшчэ адзін выпадак, калі мы з мамай ад страху ледзь прытомнасць не трацілі. Мы ўсе ў сям’і рослыя, высокія. А старэйшая сястра ў 13-14 гадоў выглядала на дарослую. І бацькі вельмі баяліся, што яе могуць забраць і пагнаць у Германію. Аднойчы мадзьяры, што падхарчоўваліся ў нас, шапнулі маці, што за імі ідуць немцы. Схаваць сястру на двары не паспелі. Маці загадала ёй скокнуць у сенцах на гарышча, закідала вязанкамі з фасоляй. Яны зайшлі, спыталі, ці ёсць хто яшчэ, а потым адзін з немцаў сунуў штыком у тую фасолю. Не ведаю, як у маці не разарвалася сэрца, яна толькі мне маленькага брата ў рукі працягнула. Але ж, на шчасце, штык прайшоў міма, Ліда потым злезла з гарышча цэлая, толькі перапалоханая.

Дзед Улас

Адным словам, вайну мы ўсе перажылі. Нават брат, старэйшы Мікалай, 1926 года нараджэння, які пайшоў у партызаны, каб пазбегнуць адпраўкі ў Германію. Ён быў сувязным там, і аднойчы нам паведамілі, што з задання група не вярнулася. Партызаны прынеслі яго рэчы. Мы аплакалі яго. А праз паўгода ён раптам прыходзіць! Аказалася, што заданне было важным, сакрэтным, брат не мог з намі звязацца. Потым ён працаваў у Брэсце. І выканаў значную ролю ў маім жыцці, дакладней, дапамог перабрацца ў горад.

Дзед улас і вайсковец Ігнат

А што ж дзед, пра захаванне памяці якога ўсё жыццё рупілася ўнучка? Валянціна Андрэеўна вядзе мяне ў пакой, паказвае партрэт дзеда Уласа. На здымку ён малады, прыгожы, у вайсковай форме. Аказалася, што ў пачатку Першай сусветнай сям’я Уласа накіравалася з кобрынскай вёскі ў бежанцы, як і многія тады. Некалькі гадоў жылі ў Маскве. Там яго нават паспелі прызваць у армію. Колькі і дзе служыў Улас, Валянціна не ведае, як дарэчы, дакладнага яго імя па бацьку. Дзесяць гадоў ёй было, як дзеда забілі. Цяпер наракае на сябе, што не распытала ў сваякоў. Ведае, што быў добрым гаспадаром, жыў на хутары заможна. Вялікую ўвагу ўдзяляў адукацыі дзяцей. Напрыклад, маці Валянціны Андрэеўны, калі жылі ў Маскве, вучылася ў гімназіі, ведала французскую мову. Дарэчы, яшчэ да вайны яна арганізавала ў сваім доме грамадскую бібліятэку.

Ну а дзед, як ужо гаварылася, выратаваў чужога чалавека. Вылечыў, адагрэў, накарміў, апрануў у сялянскую адзежу. Так бы, відаць, і перажыў вайну нечы сын, але ж знайшоўся злыдзень, данёс. Аднойчы, было гэта ў 1942 годзе, прыехалі паліцаі і забралі Ігната. Дзед усяляк улагоджваў іх, гаварыў, што гэта яго пляменнік з горада. Не паслухалі. А калі той не вярнуўся і на наступны дзень, і на трэці, дзед запрог каня ды паехаў ва ўправу, думаў выручыць, хацеў сказаць, што пляменнік, што выйшла памылка. Ніхто не ведае, што там адбылося, можа, катавалі хлопца, можа дабіліся прызнання, што ён вайсковец. Але і праз дзень, і праз два Улас не вярнуўся. Потым людзі наказалі яго дачцэ, што конь з падводай тры дні стаіць прывязаны без яды і вады. Яна падалася ў горад і знайшла каня, прывязанага каля памяшкання, якое выкарыстоўвалася ў якасці турмы. Пачала асцярожна распытваць людзей. Знайшла жанчыну, крыху знаёмую, якая працавала прыбіральшчыцай ва ўправе. Тая расказала, як некалькі дзён таму загналі на два грузавікі ўсіх людзей, якія знаходзіліся пад замком, вывезлі ў раён цяперашняй другой школы і расстралялі. Жанчына казала, што большасць няшчасных былі яўрэйскія сем’і з малымі дзецьмі, старымі, але былі і іншыя людзі. І ўсе аказаліся ў адной яме. «Вось так мы і даведаліся пра лёс дзеда і таго маладога хлопца», — уздыхае Валянціна Андрэеўна.

Памяць сэрца і памяць граніту

— Пасля вайны нехта паставіў крыж на месцы расстрэлу, пазней з’явіўся сціплы абеліск. Мама, колькі жыла, хадзіла туды, клала кветкі, і мы з ёй, вядома, хадзілі. Калі мамы не стала, мы працягвалі хадзіць, на 9 Мая абавязкова. 

Помнік у Чаравачыцах

З часам помнікі перараблялі, старыя мянялі на новыя. І вось аднойчы я заходжу, а там новая пліта, на ёй пералік прозвішчаў, у асноўным яўрэйскіх, а ўнізе дапісана «і двое невядомых». Я адразу зразумела, што гэта мой дзед з Ігнатам.

Пайшла ў ваенкамат, расказала пра ўсё. Мне прапанавалі напісаць заяву. Сказалі, што пачалі праверку. Прайшло некалькі гадоў, мы зноў звярталіся ў ваенкамат. Да праверкі падключыліся супрацоўнікі райвыканкама. І нарэшце мне паведамілі, што памяць пра майго дзеда будзе ўвекавечана. Па маёй просьбе таксама пачалі праверку наконт вайскоўца з Расіі Ігната Марозава. І праўда, праз некаторы час мне паведамілі, што атрымалі звесткі пра лётчыка па прозвішчы Марозаў, які лічыўся прапаўшым без вестак у 1941 годзе. Такім чынам, знайшліся сляды яшчэ аднаго ўдзельніка вайны.

Адна справа — звесткі, дакументы, другая — рэальнае ўвекавечанне. Валянціна Андрэеўна па-сапраўднаму адчула сябе шчаслівай, калі на мемарыяльнай пліце помніка ў вёсцы Чаравачыцы, дзе ўпісаны ахвяры вайны, з’явілася прозвішча і імя яе дзеда.

Як расказала старшыня Батчынскага сельскага Савета Святлана Гангала, 7 лістапада адзначалі 80-годдзе трагедыі вёскі Чаравачыцы: «Да гэтай даты праводзілі мадэрнізацыю помніка, абнавілі пліты. І, вядома, упісалі нашага земляка, якога катавалі ў кобрынскай турме, а затым расстралялі. На той час мы ўжо атрымалі ўсе неабходныя дакументы. Сёмага лістапада мінулага года правялі жалобны мітынг, на якім былі і Валянціна Андрэеўна з сястрой і іншымі сваякамі».

— У нас у Чаравачыцах пахаваны бацькі, — расказвае далей Валянціна Ігнацюк. — Мы некалькі разоў на год наведваем іх магілы, а цяпер будзем і да гэтага помніка прыходзіць, каб пакласці кветкі, каб згадаць не толькі дзеда, але і іншых нашых землякоў.

Бліжэй да канца года завяршыўся яшчэ адзін факт гістарычнай справядлівасці — на адной з пліт помніка ў скверы каля другой школы Кобрына з’явіліся яшчэ два прозвішчы. На гэты раз першым значыцца Ігнат Марозаў. Яго імя нанеслі чырвонай фарбай, побач — зорачка, такім чынам абазначылі вайскоўца, астатнія ахвяры — мірныя жыхары, у іх ліку і Улас Біч. Каля гэтага помніка мітынг будзе вясной, прымеркаваны да Дня Перамогі, і Валянціна Андрэеўна абавязкова туды пойдзе.

І сямейны альбом

Пакуль яна не ведае, ці ўдалося знайсці сваякоў Ігната Марозава. Мясцовыя краязнаўцы перасылалі ёй фота на апазнанне. Але яна не магла адказаць упэўнена, бо бачыла хлопца ў сялянскай адзежы больш за 80 гадоў таму, а на здымку ён быў у вайсковай форме. Баялася памыліцца. Але ж галоўнае, што пошукавая работа працягваецца, і яшчэ адзін салдат вайны не застаецца невядомым.

Помнік у Кобрыне

...Валянціна Андрэеўна дастае альбом са здымкамі. Згадвае, як пасля вайны давялося папрацаваць у калгасе, і касіла, і арала. Бацьку забралі на рамонт мастоў, ён быў спецыялістам-цесляром. Гэты час ёй запомніўся як самы галодны. На працадні амаль нічога не плацілі, у сям’і дзяцей многа. Ляпёшкі рабілі з ільнянога насення — горкія, ліпкія. Ёй яшчэ пашанцавала, што брат Мікалай забраў да сябе. Валянціна скончыла чыгуначную школу. Працавала пэўны час у Брэсце на чыгунцы. Потым выйшла замуж, пераехала ў Кобрын. Пазней скончыла гандлёвы тэхнікум, працавала ў гандлёвых арганізацыях больш за 30 гадоў. Сёння шаноўны ветэран працы жыве адна ў сваім доме. Найбольшая яе ўцеха — маленькая праўнучка, чый партрэт красуецца на сцяне. Яна абводзіць позіркам фотаздымкі на сценах і гаворыць, што самае каштоўнае на свеце — гэта мір. Ведае, што гаворыць.

Пра Валянціну Андрэеўну аўтару гэтых радкоў упершыню расказала нястомная руплівіца гісторыі роднага краю настаўніца на пенсіі Марыя Асійчук, за што ёй асобная падзяка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

г. Кобрын

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.