Вы тут

Фотавыстаўка «Нябачныя героі»: паглядзець на людзей з асаблівасцямі ў іншым свеце


Якія думкі прыходзяць вам на розум, калі чуеце словазлучэнне «нябачныя героі»? Як быццам гэта нешта чароўнае, амаль эфемернае, штосьці на мяжы розных светаў. У нашым выпадку так называецца фотавыстава, прысвечаная выхаванцам «Беларускага дзіцячага хоспіса», дзе яны прадстаўлены ў вобразах беларускіх міфічных персанажаў і герояў беларускіх казак. Толькі яна пра наш рэальны свет і пра тое, што кожны ў ім заслугоўвае ўвагі.


Экспазіцыя размясцілася ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Усяго ў ёй прадстаўлена дзевяць герояў, якія на час здымак атрымалі ўнікальную магчымасць пераўвасобіцца ў персанажаў беларускага фальклору. У іх гэта атрымалася настолькі таленавіта і гарманічна, што каля кожнай фатаграфіі хочацца затрымацца. Вось цудоўная Кацярына Ляшко ў вобразе Азярніцы адначасова пяшчотная і магутная ў асяроддзі воднай стыхіі. Ёўніка — сімвал працавітасці і парадку — увасобіў Раман Кукрэш. А побач і маленькі Зюзя, якім на час здымкі стаў Максім Бойчанка. Увесь яго вобраз пра свята, дабрыню і шчырасць. Крыху далей персанаж з зусім іншым настроем — таямнічы капялюшнік — у выкананні Максіма Бекуса. А каб ніхто нічога не пераблытаў, каля кожнай серыі ёсць невялікае апісанне міфалагічнага персанажа.

Па словах дырэктара грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс» Ганны Гарчаковай, ідэя гэтай выставы — паказаць асобу кожнага дзіцяці:

— Часам мы такіх дзяцей не разумеем і кажам, што яны некантактныя, але насамрэч у іх проста іншая мова і сваё ўспрыманне свету. Выставы, накшталт нашай заклікаюць да таго, каб людзі навучыліся бачыць у тых, хто побач і хварэе, такіх жа асоб, як яны самі, і замест жалю праявілі эмпатыю, — адзначае яна.

А што наконт назвы выставачнага праекта? Чаму менавіта «Нябачныя героі»?

— Вельмі часта інваліды ідуць па жыцці паралельна са здаровымі людзьмі. Мне гэта не надта прыемна, бо ўсе імкнуцца заплюшчваць на іх вочы. Менавіта таму наша выстава называецца «Нябачныя героі», — тлумачыць кіраўнік аддзела фандрайзінгу грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс» Юлія Камагорцава. — Як і міфічныя персанажы, людзі з інваліднасцю знаходзяцца побач са звычайнымі людзьмі, але камунікуюць з імі, толькі калі ў тым ёсць патрэба або жаданне ў нейкага боку. Мы вырашылі, што ў гэтым ёсць пэўная паралель.

Наогул, кожная з 45 фатаграфій на выставе цудоўная і ўнікальная. Партрэты падапечных таленавіта раскрыты праз прызму чараўніцтва, міфалогіі, гульні са святлом. Аўтар здымкаў — студэнтка Мінскага дзяржаўнага каледжа сэрвісу і тэхналогій Ксенія Ляговіч. Менавіта дзякуючы ёй і супрацоўніцы хоспіса Ульяне Казакевіч з’явіўся такі праект. Атрымалася неверагоднае спалучэнне любові да беларускай міфалогіі і падапечных хоспіса. Здымкі для мадэляў ператварыліся ў сапраўдную прыгоду, бо яны адбываліся на самых розных лакацыях: у музеях, школах мастацтваў і нават у студыі падводнай здымкі.
Па словах фатографа, працавалі ў вельмі камфортнай, добразычлівай атмасферы. Падапечным хоспіса і іх бацькам гэтая творчая актыўнасць была ў радасць. Але дзяўчына прызнаецца, што без каманднай работы і без дапамогі Ульяны Казакевіч, якая ўжо даўно ўзаемадзейнічае з такімі дзецьмі, прыйшлося б складана.

— Насамрэч, дзякуючы здымкам, я сама паглядзела на людзей з асаблівасцямі зусім іншымі вачыма. Для мяне гэта вялізны вопыт.

Я рада, што мы з імі знайшлі кантакт і ўсё прайшло цудоўна, — распавядае Ксенія Ляговіч.

Больш за ўсё фатографу запомнілася здымка з Макарам Рудніцкім, які паўстаў перад гледачамі ў вобразе дракона — героя народных казак і сімвала 2024 года. Хутчэй маленькага мілага дракончыка. Вобраз для хлопчыка падабрала Ульяна Казакевіч, а далей агульнымі сіламі збіралі чароўны гарнітур смарагдавага колеру.

— Гэта была вельмі цёплая здымка, — успамінае Ксенія Ляговіч. — Хлопчык проста выдатны. Але складанасць была ў тым, што, калі фатаграфуеш маленькае дзіця, яно, вядома ж, хоча бегаць і гуляць. Вельмі выратавалі яго маці і Ульяна. Яны ўвесь час адцягвалі ўвагу малога, а я хутка рабіла кадры. Памятаю, яму вельмі спадабалася лямпа асвятлення, бо яна была падобная на Месяц.

Адным словам, фотапраект, які спалучае ў сабе важную ідэю, эмпатыю, народную культуру і мастацтва, атрымаўся на славу. Да таго ж ён зрабіў тое, што, здавалася б, падуладна толькі чараўнікам: ператварыў нябачных герояў у бачных і паказаў усім, што цуды здараюцца.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?