Вы тут

Прэзідэнт прызначыў новага міністра аховы здароўя


У Палацы Незалежнасці — кадравы дзень. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра аховы здароўя. Ведамства ўзначаліць Аляксандр Хаджаеў. Да прызначэння ён узначальваў РНПЦ псіхічнага здароўя, а раней працаваў у галоўным упраўленні арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя.


«Павінны быць выключна прафесіяналы адданыя сваёй справе і дзяржаве людзі»

Кіраўнік дзяржавы адразу падкрэсліў, каб людзі бачылі і разумелі, што гаворка не ідзе пра вызваленне былога міністра Дзмітрыя Піневіча ад пасады:. «Проста я яго бачу на іншай пасадзе. Ён будзе працаваць на іншай пасадзе. Чалавек малады, энергічны. Таму ніхто не збіраецца яго адпускаць «на спакой», — растлумачыў ён. Прэзідэнт адзначыў, што калі Дзмітрый Піневіч захоча застацца працаваць у сістэме аховы здароўя, — пярэчанняў не будзе. Калі не захоча — дастаткова вакансій, дзе ён зможа працаваць і прыносіць карысць дзяржаве. 

Таксама Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зараз у краіне ідзе актыўная ратацыя кадраў ва ўсіх міністэрствах і ведамствах. «Гэтая практыка вядомая: напярэдадні парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўрада, і мясцовых органаў улады — аблвыканкамы, гарвыканкам Мінскі. Абнаўлялі, каб людзі бачылі, прымаючы рашэнні на тых ці іншых выбарах, з кім далей мы будзем працаваць, ці варта давяраць гэтай камандзе. Даўно была такая практыка мною ажыццёўлена, не выключэнне і цяпер», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што да кіраўніцтва міністэрствамі і ведамствамі, прадпрыемствамі, прыйшлі новыя людзі. «І яшчэ раз падкрэслю: такія дзеянні з майго боку (кадры — гэта прэрагатыва Прэзідэнта) будуць прадоўжаны і ў бліжэйшы час, аж да прэзідэнцкіх выбараў. Каб тут не было рознага кшталту хістанняў і нейкай эквілібрыстыкі ў СМІ», — дадаў Прэзідэнт. 

Адна з першых задач новаму міністру ад Прэзідэнта — паглядзець на склад міністэрства. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пры недахопах і праблемах вінавацяць кіраўніка. Па яго словах, кіраўнік, вінаваты ў першую чаргу, але адказнасць нясуць і намеснікі, і начальнікі ўпраўленняў, і гэтак далей. «Таму звярвінце на гэта ўвагу. Павінны быць выключна прафесіяналы адданыя сваёй справе і дзяржаве людзі. Гэта найважнейшы элемент, і я вельмі разлічваю на гэта. Ведаю, што вы чалавек някланавы, хаця ў Міністэрстве аховы здароўя ў нас і сямейныя дынастыі, і кланы і іншае, чаго толькі не хапае. Гэтага не павінна быць. Я вельмі разлічваю, што вы пакладзеце канец гэтаму», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, на такім адказным месцы павінен быць «адданы справе чалавек, прафесіянал, дзяржаўнік, каб ён не сядзеў на пасадзе і не глядзеў на суседнюю краіну, як бы збегчы, ці грошай больш, ці яшчэ чагосьці. З гэтым мы таксама разбірацца пачалі. А то ў нас некаторыя беглыя на захадзе сядзяць. А тут сваякі і іншыя робяць тое, што рабілі ранней, толькі цішком. Мы гэта бачым і прымаем меры супрацьдзеяння».

«Вёску, малыя гарады мы страціць не можам»

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што сітуацыя няпростая і страціць краіну нельга. «Беларусь павінна быць суверэннай незалежнай дзяржавай, не ствараць праблем суседзям, і гэтаа краіна, дзе павінны жыць і нашы дзеці і ўнукі і гэтак далей. Таму падыходзіць трэба з гэтай ідэяй да прызначэння кадраў, фарміравання складу міністэрства, далейшых дзеянняў», — паставіў яшчэ адну задачу Прэзідэнт. Ён папярэдзіў новага міністра, што таму прыйдзецца няпроста. Ужо нямала зроблена і цяперашнім складам міністэрства, у тым ліку і пры ўдзеле камісіі, створанай па даручэнні кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, гэтая камісія дэталёва вывучыла першасны ўзровень сістэмы аховы здароўя. Сярод задач новаму міністру — не забываць аб якасці медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці: «Вы выдатна разумееце, што вёску, малыя гарады мы страціць не можам. Гэта аснова нашай дзяржавы, ды і там жывуць людзі, якія ў першую чаргу маюць патрэбу ў дапамозе. Не гавару, што мы ў гарадах працаваць не будзем. Але ў горадзе мы больш-менш парадак навялі і тут дапамога аказваецца на больш высокім узроўні, чым у сельскай мясцовасці». У гэтай плоскасці вызначыны задачы і ёсць план работы. На думку кіраўніка дзяржавы, у гэтым годзе праблема з ФАПамі, раённымі бальніцамі, бальніцамі сястрынскага догляду будзе вырашана.

«Далей трэба дзейнічаць больш рашуча, трэба лічыць грошы. Трэба глядзець на тое, што адбываецца. Каб не было так, як у нас было раней у часы пандэміі і пасля: вакцынацыю праводзілі — не праводзілі, недзе ў сметнік гэтыя вакцыны выкінулі, а недзе знішчылі на месцы. Але гэта вялікія грошы. Такія факты былі. Безгаспадарлівасці быць не павінна. Трэба наводзіць дысцыпліну і працаваць», — акрэсліў яшчэ кола задач беларускі лідар. Асобна ён звярнуў увагу на дысцыпліну. Прэзідэнт падкрэсліў, што шэраг задач, звязаных з забеспячэннем медыкаў фінансамі, неабходным абсталяваннем вырашаны. «Прынамсі тое, што я абяцаў пасля пандэміі работнікам аховы здароўя, мы зрабілі. Пачынаючы ад зарплат і аснашчэння нашых урачоў», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Аляксанжр Хаджаеў ў ахове здароўя не старонні чалавек, узначальваў сур’ёзны цэнтр. «Вы ведаеце, што адбываецца ў ахове здароўя, і ў міністэрстве ў тым ліку. Вам прыйдзецца далей развіваць айчынную ахову здароўя, глядзець на экспарт паслуг. Мы пайшлі шырока і вельмі запатрабаваныя ў краінах, якія развіваюцца, асабліва афрыканскіх. Яны вельмі просяць нас дапамагчы не проста ўдасканаліць, а стварыць сістэму аховы здароўя. З падрыхтоўкай дактароў давядзецца працаваць там, як бы ні было складана і цяжка. Вось такія прыкладна задачы, якія будуць стаяць перад міністэрствам аховы здароўя», — сказаў Прэзідэнт. 

У тэму 

«Сістэма аховы здароўя павінна быць тварам і сэрцам да народа»

Калектыву міністэрства аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў будзе прадстаўлены ў пятніцу. Але ў чацвер ён ужо даў сваё першае інтэрв’ю як міністр. Ён расказаў, што задачы, пастаўлены Прэзідэнтам тычацца, найперш, прадаўжэння работы па ліквідацыі тых недахопаў, якія былі выяўлены маніторынгавай групай, Генеральнай пракуратурай, іншымі зацікаўленымі ведамствамі. Таксама сярод асноўных задач — зрабіць так, каб якасная медыцынская дапамога дайшла да ўсіх жыхароў Беларусі, у тым ліку і ў вёсцы. «Сёння вялікай праблемай застаецца інфарматызацыя нашай галіны, якая патрабуе розных падыходаў для ўстаранення бюракратычных момантаў, звязаных з дакументаабаротам. У гэтых адносінах ІТ-платформа, якая сёння распрацоўваецца, будзе ў прыярытэце. Інфарматызацыя дазволіць нам больш эфектыўна выкарыстоўваць тыя кадравыя рэсурсы, якія на сёння ёсць у дастатковай колькасці ў краіне», — сказаў Аляксандр Хаджаеў.

«Балючае пытанне» сістэмы аховы здароўя, якое актыўна абмяркоўвалася падчас вялікай нарады ў Прэзідэнта ў маі 2023-га года, — замацаванасць кадраў у рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасці. У новага міністра на яго ёсць сваё меркаванне: «Доктар — гэта прызванне ў першую чаргу. Калі чалавек пасля заканчэння ўніверсітэта павінен працаваць на вёсцы, у раёне, значыць, ён там павінен працаваць. На сёння патрэба рэгіёнаў ва ўрачах з’яўляецца прыярытэтам. І калі ўрач набярэцца досведу, атрымае неабходныя навыкі, навучыцца размаўляць з пацыентамі, тады ён мае магчымасць працаваць, напрыклад у РНПЦ, калі захоча. Чаму? Таму што ў нашай чатырохузроўневай сістэме найвышэйшы ўзровень — РНПЦ — гэта найлепшыя прафесіяналы. На сёння мне хацелася б адзначыць, што сістэма аховы здароўя павінна быць тварам і сэрцам да народа. Пад фразай „тварам да народа“ я маю на ўвазе прафесійныя кадры і матэрыяльна-тэхнічную базу, іншыя рэсурсы. Пад „сэрцам да народа“ — суперажыванне, тое, што заўсёды было ўласціва беларускаму народу, спачуванне, гэта значыць тыя рэчы, якія ўласцівыя нашым маральным прынцыпам». Аляксандр Хаджаеў падкрэсліў, што гэтыя прынцыпы неабходна прывіць маладым спецыялістам і паказаць ім, што гэта вельмі запатрабавана ў насельніцтва. 

Замацаванасць кадраў цесна звязана і з тэрмінам адпрацоўкі пасля ўніверсітэта. Па словах міністра, адпрацоўка павінна быць большай за два гады. «Мы бачым, што за два гады мы не атрымліваем той прадукт у частцы кампетэнцый доктара і яго навыкаў, які быў бы для нас абсалютна прымальны. Мусіць, тут пытанне не толькі ў адпрацоўцы. Я поўнасцю падтрымліваю ініцыятыву аб адпрацоўцы ў пяць гадоў для таго, каб спецыяліст за гэты час змог сябе праявіць, змог прайсці курсы павышэння кваліфікацыі, неабходныя для атрымання наступнай катэгорыі», — сказаў Аляксандр Хаджаеў. 

Міністр таксама падкрэсліў, што ацэнкай работы медыцынскага персаналу можна лічыць як падзякі ад пацыентаў, так і скаргі. «І гэта залежыць ад самога кіраўніка, як ацэньваць тыя ці іншыя падзякі. Яны маюць функцыянал аддзячыць і заахвочваць ўрача. Мне б хацелася, каб гэтая ініцыятыва была на месцах. Я б хацеў адзначыць, што ў нас магчымасцяў на месцах больш, чым рэалізуецца. З гэтай сітуацыяй трэба папрацаваць і прааналізаваць яе», — падкрэсліў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?