Вы тут

Як мода становіцца мастацтвам?


24 лютага на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца моднае культурна-відовішчнае мерапрыемства Modern Culture View у межах Fashion Art Week. Дзеля чаго на Купалаўскую сцэну паднімуцца дызайнеры і мадэлі, навошта гледачу купляць квіткі на гэтае мерапрыемства і чаму ўвогуле пра гэтую падзею «Звязда» вырашыла напісаць? 


На прэс-канферэнцыі напярэдадні падзеі арганізатары расказалі аб яе мэтах

Пачнем з адказу на апошняе пытанне. Ну, па-першае, пасля навагодняга «ўсплёску», з яркімі і відовішчнымі мерапрыемствамі ўзімку ў нашых шыротах традыцыйнае зацішша. І калі хочацца акунуцца ў святло сафітаў, музыку і свята, модны паказ напрыканцы апошняга, самага цёмнага і (па адчуваннях, а не па календары) доўгага зімовага месяца — як раз тое што трэба. Тым больш, што арганізатары абяцаюць разнапланавае шоу, дзе будзе цікава і высокакультурным эстэтам, і аматарам моды, і тым, хто «проста прыйшоў паглядзець». А другое (і галоўнае): праект гэты, як расказаў адзін з яго аўтараў, член Беларускага саюза дызайнераў Іван Караткевіч, сваёй задачай бачыць упісаць беларускую моду ў кантэкст сучаснага мастацтва і культуру нашай краіны, як паўнапраўную прадстаўніцу.

Музы ў саюзе 

Мода, кароткачасовае панаванне пэўных густаў і пераваг (галоўным чынам у адзенні), у трэцім тысячагоддзі пазіцыянуе сябе не як нешта мімалётнае і несур’ёзнае. У нашы дні гэта складаная шматгранная з’ява, якая прэтэндуе на месца ў сучасным мастацтве, падкрэсліваючы сваю важкую ролю ў розных сферах дзейнасці — ад дызайну знешнасці людзей і асяроддзя іх існавання да сур’ёзнага ўплыву на архітэктуру, бізнес, прамысловасць, навуку, эканоміку, і ў цэлым на эстэтыку нашага жыцця. Шмат у чым менавіта мода вызначае для кожнага пакалення, што лічыць прыгожым і вытанчаным, а што — безгустоўным.

І, як від мастацтва, мабыць, мода сапраўды бліжэй за ўсё да тэатра. Бо яна не існуе без гледача. Дэманстратыўнасць, спаборнічанне, пераўвасабленне, акцёрская ігра (прымяраючы на сябе розныя модныя вобразы, можна «прыкінуцца» кім захочаш) — усё гэта элементы тэатра. Хоць ад тэатра моду адрознівае «ўбудаванасць» у сучаснасць, прамая сувязь са зменлівымі настроямі людзей, яе суперактуальнасць – «тут і зараз». 

Пры гэтым, нягледзячы на сваю ўтылітарнасць і прыкладны характар, мода, як і выяўленчае мастацтва або скульптура, харэаграфія або музыка, здольная выказваць абстрактныя думкі і ідэі. Дызайнеры жывуць тым жа жыццём, што і «адрасаты» іх творчасці, ходзяць па тых жа вуліцах, чытаюць тыя ж кнігі і глядзяць тыя ж фільмы і навіны, бываюць на тых жа выставах і канцэртах, п’юць каву ў тых жа кафэ. А іх калекцыі — гэта іх уражанні і асабістыя разважанні, іх бачанне таго, што адбываецца вакол. Глядачу застаецца толькі расшыфраваць «мэсэдж». 

— 24 лютага Fashion Art Week будзе праходзіць ужо ў дзявяты раз, — распавядае аўтар і кіраўнік модных культурна-відовішчных праектаў Іван Караткевіч. — А пачынаўся праект з таго, што, прааналізаваўшы рынак, мы зразумелі: хочацца нашу беларускую моду падняць на іншы ўзровень у плане ўсведамлення грамадствам яе каштоўнасці. У першым праекце бралі ўдзел зусім маладыя перспектыўныя дызайнеры Беларусі. Мodern Culture View быў задуманы як сучасны погляд на культурна-відовішчнае шоу, якое аб’ядноўвае выканаўцаў з розных абласцей мастацтва. Упершыню гэта былі мода, харэаграфія, музыка, вакал і тэатр. Цяпер — ужо трэці сезон запар — прыцягваем таксама выяўленчае мастацтва і скульптуру. А Купалаўскі тэатр у якасці галоўнай пляцоўкі праекта мы выбралі адразу. І хачу сказаць вялікі дзякуй кіраўніцтву і калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы за тое, што яны паверылі і працягваюць верыць у наш праект.

Магчымасць разгледзець дэталі 

Калі ўжо мода — від мастацтва, то і модныя паказы даўно перасталі праходзіць толькі на подыўмах. Сёння гэта — тэатралізаванае дзейства, перфоманс, частка паўсядзённага жыцця — у залежнасці ад задач і калекцый. Неверагодныя дэкарацыі і рэжысёрскія рашэнні, нечаканыя і нават нібыта непрыдатныя для модных паказаў лакацыі працуюць на тое, каб гледачу лягчэй было расшыфраваць закладзеныя дызайнерамі ў калекцыі філасофскія ідэі. Зрэшты, часта задачы больш празаічныя — проста «каб запомнілі». Проста здзівіць і ўразіць, парадаваць, пацешыць, а часам і эпатаваць гледача. Але хіба ж гэта дрэнна? 

Адным з піянераў новай канцэпцыі арганізацыі модных паказаў стаў легендарны Іў Сэн-Ларан. 12 ліпеня 1998 года тры сотні мадэляў у калекцыях Yves Saint Laurent дэфіліравалі па стадыёне «Стад дэ Франс» падчас фіналу Чэмпіянату свету па футболе пад «Балеро» кампазітара Морыса Равеля. 

Далей — больш. Паказы модныя дамы праводзілі ў авіяцыйных ангарах і ў вялізных завадскіх цэхах, на гандолах і караблях, проста на вуліцах вялікіх гарадоў (і тады для моднага шоу ўладам даводзілася перакрываць вулічны рух). Так што тэатральная сцэна — далёка не самы эксцэнтрычны выбар для моднага паказу. 

— Само мерапрыемства мы не называем «паказ», не абмяжоўваем яго гэтым словам, — падкрэслівае Іван Караткевіч. — У нас усё перавернута ў тэатралізацыю. На мінулых паказах, напрыклад, выкарыстоўвалі магчымасці і эфекты тэатральнай сцэны, якімі звычайны подыум не валодае. 

— Тэатральная пляцоўка дазваляе гледачу пры паказе калекцый разглядзець нават дэталі, — дадае пастаноўшчык фэшн-шоу Алена Кавальчук. — Гэта вельмі важна, таму што для поўнага ўспрымання працы дызайнераў гледачам неабходны не толькі агульны выгляд, але і дэталізацыя. Адна з дарожак, па якой пойдуць мадэлі, ідзе ў залу, а частка гледачоў будзе сядзець проста на сцэне. 

Шоу дасць магчымасць убачыць адначасова не менш як 30 калекцый беларускіх дызайнераў, маладых і тых, хто ўжо зарабіў імя (хоць, магчыма, іх будзе больш — на першым паказе, напрыклад, калекцый было 50). Да беларускіх калег сёлета далучацца расійскія дызайнеры. Акрамя таго, свае новыя калекцыі прывязуць у Мінск два італьянскія брэнды, расказала член савета Беларускага саюза дызайнераў, куратар праектаў у сферы моды і мастацтва Вольга Зямскова. Італьянскія дызайнеры прыязджаюць у Беларусь пры падтрымцы Гандлёва-прамысловай палаты, дадала яна. 

Праект зойме цэлы дзень. Паказы будуць праходзіць у рэжыме нон-стоп, на сцэну выйдуць як мадэлі зусім юныя (дзіцячыя і падлеткавыя калекцыі будуць дэманстравацца ў дзённым блоку), так і дарослыя, а таксама мадэлі 50+ (дарослыя калекцыі — вячэрні блок). 
У кожнага Fashion Art Week па традыцыі ёсць тэма, якая шмат у чым вызначае канцэпцыю паказаў. У мінулым сезоне гэта былі «Пачуцці і Эмоцыі». У цяперашнім — шматграннае і складанае паняцце «Імёны».

І для гледача, і для мастака 

Такім чынам, па задумцы арганізатараў, глядач павінен акунуцца ў атмасферу, якая ствараецца перапляценнем розных відаў мастацтва, кожны з якіх адлюстроўвае тую ці іншую грань сучаснай беларускай культуры. Калекцыі дызайнераў як бы ўплеценыя ў гэта агульнае палатно. Сёлета акцэнт — на выяўленчым мастацтве і скульптуры. 

— Прапанову аб удзеле ў гэтым мерапрыемстве я прыняў з радасцю, — кажа скульптар і дызайнер, член Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў Максім Пятруль. — Я прафесійна займаюся скульптурай, мае творы знаходзяцца ў розных гарадах і краінах свету, і мерапрыемства з дапамогай відэашэрагу і мадэляў маіх работ дае гледачу магчымасць азнаёміцца з маёй творчасцю. 

Заўважым, што Максім Пятруль ствараў скульптурныя кампазіцыі для станцый мінскага метро і сталічных вуліц, нямала яго работ знаходзіцца за мяжой, у прыватнасці, яны ўпрыгожваюць вуліцы гарадоў Кітайскай народнай рэспублікі. Манументальныя скульптурныя творы — не той маштаб, каб лёгка было сабраць «творчую спадчыну» на адной выставе. Максім Пятруль стварыў каля 25 такіх твораў, і мерапрыемства, якое дазваляе ўбачыць «усё і адразу», каштоўнае і для гледача, і для мастака. 

— Акрамя таго, трэба падтрымліваць маладзёжныя ініцыятывы, — перакананы майстар. — Калі я пачынаў працаваць, мяне падтрымлівалі выдатныя людзі. Напрыклад, Віктар Уладзіміравіч Крамарэнка, адзін з аўтараў Нацыянальнай бібліятэкі, ці легенда беларускай архітэктуры, адзін з аўтараў мемарыяла «Хатынь» Леанід Мендзелевіч Левін. Хто, акрамя нас саміх, будзе падтрымліваць нашу культуру, нашу моладзь? Як бы патэтычна гэта не гучала, важна ствараць сучасную беларускую культуру — кожнаму і кожны дзень. Так, у нашай культуры ёсць карані, вытокі, але яна — не толькі тое, што было калісьці. Прама зараз яна таксама ствараецца, таксама адбываецца. І ад нас залежыць, якой ёй быць. 

— Калі я ўдзельнічала ў праекце Modern Culture View Fashion Art Week упершыню, для мяне гэта быў найчысцейшы эксперымент, — кажа мастак, член Беларускага саюза мастакоў Марыя Барысенка. — Не ўяўляла, што з усяго гэтага атрымаецца. Атрымаліся — новыя гарызонты для ўспрымання: сінтэз мастацтваў, якія, здавалася б, наўпрост не пераклікаюцца. 

На гэты раз, расказалі арганізатары, яны хацелі б пашырыць колькасць удзельнікаў, якія прадстаўляюць розныя віды выяўленчых мастацтваў. У ідэале, кожны ўдзельнік прадставіць усяго па адной сваёй працы. Але гэта яшчэ будзе абмяркоўвацца. 

— Такі фармат дае магчымасць прадставіць свае працы больш шырокай аўдыторыі, — адзначае Марыя Барысенка. 

Пагадзіцеся, галерэі і музеі рэгулярна наведвае толькі пэўная катэгорыя людзей, а зусім новага гледача акадэмічныя віды мастацтва могуць знайсці менавіта на такіх калабарацыях. 

— Мне хацелася б звярнуць увагу і на адукацыйную функцыю мерапрыемстваў падобнага фармату, — дадае Максім Пятруль. — Гэта далучэнне людзей да мастацкага працэсу. Сапраўды, па галерэях і музеях ходзяць нямногія. Гэта не значыць, што нехта добры ці дрэнны, проста людзі занятыя кожны сваім жыццём. А ў гэтага фэшн-мерапрыемства склалася дастаткова шырокая і разнапланавая аўдыторыя... Ведаеце, многія людзі ўпэўненыя, што скульптура — гэта толькі помнік. Так, тэма мемарыялізацыі найважнейшых гістарычных падзей вельмі важная, але ёсць таксама іншыя напрамкі скульптуры, і яны развіваюцца паралельна. Падобныя мерапрыемствы пераводзяць людзей са стану «Джентльменов удачи» («мужык у пінжаку і дрэва») у нармальных грамадзян Беларусі. 

Рэгістрацыя ўдзельнікаў Fashion Art Week працягваецца. Хутка ў тэатральных касах пачнецца продаж білетаў на моднае шоу. Застаецца дадаць, што, паводле традыцыі, якая ўжо склалася, кожны раз Fashion Art Week заяўляе для сваіх гледачоў дрэс-код (пра тое, якім ён будзе на гэты раз, каманда арганізатараў аб’явіць крыху пазней). Вядома, і ў самых звычайных джынсах і худзі вас з залы ніхто не выганіць. І ўсё ж, кажа Іван Караткевіч, вельмі хацелася б, каб як мага больш гасцей падтрымалі дрэс-код. Тым больш, што атмасфера Купалаўскага тэатра спрыяе смеласці пераўвасабляцца і творча выказваць сваё «Я».

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.