Вы тут

Выхаванцы Спецыялізаванага ліцэя МУС імкнуцца да міліцэйскіх пагонаў


Вучыцца ў навучальнай установе Міністэрства ўнутраных спраў мараць многія школьнікі. Іх прывабліваюць форма, чырвоныя пагоны, а таксама блізкасць да міліцэйскай прафесіі, якой яны хочуць прысвяціць сваё жыццё. Некаторыя жадаюць працягнуць сямейную дынастыю, іншыя (а іх большасць) не маюць у сям’і такога прыкладу, але жаданне дапамагаць людзям у складаных жыццёвых сітуацыях ніколькі не меншае. У гэтым падчас наведвання кузні міліцэйскіх кадраў змаглі пераканацца і карэспандэнты «Звязды».


У прыярытэце — фізічная і дапрызыўная падрыхтоўка

Сваю гісторыю навучальная ўстанова вядзе са студзеня 2010 года. Першапачаткова гэта было Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча № 1. Прэзідэнцкім указам у жніўні 2015 года шэфства над вучылішчам узяло Міністэрства ўнутраных спраў, у выніку чаго атрымала цяперашнюю назву. У сучасны будынак Спецыялізаваны ліцэй МУС пераехаў 1 верасня 2020 года.

За гады існавання навучальная ўстанова падрыхтавала 352 выхаванцы. Многія з яго выпускнікоў ужо скончылі міліцэйскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі, іншыя ВНУ і нясуць службу ў розных рэгіёнах краіны.

— Нашы выпускнікі паступаюць не толькі ў міліцэйскія ВНУ, але і ва ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць кадры для патрэб Міністэрства ўнутраных спраў, — адзначае начальнік Спецыялізаванага ліцэя МУС палкоўнік міліцыі Яўген Абрамовіч. — Напрыклад, на ваенным факультэце БДУІРа рыхтуюць будучых спецыялістаў айці-профілю. Праходзяць навучанне ў інтарэсах МУС і ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Я ўжо не кажу пра вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавога блока, дзе таксама вучацца нашы выпускнікі. Працэнт паступлення ў ведамасныя, а таксама іншыя ВНУ, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для беларускай міліцыі, вельмі высокі.

Дарэчы, курсантамі Акадэміі МУС і Магілёўскага інстытута МУС становяцца не толькі тыя хлопцы, якія былі залічаны ў гэтыя ВНУ на льготных умовах (такое права выпускнікі Спецыялізаванага ліцэя МУС маюць, калі скончылі навучальную ўстанову з адзнакамі «сем» і вышэй). Да афіцэрскіх пагонаў імкнуцца і тыя, хто вучыўся крыху слабей. Нягледзячы ні на што, яны ўпэўнена крочаць да сваёй мэты і падчас уступнай кампаніі паказваюць нядрэнныя вынікі.

Паступаюць у Спецыялізаваны ліцэй МУС пасля шостага класа. Пры наяўнасці вольных месцаў далучыцца ў вялікую сям’ю выхаванцаў можна і ў старшых класах. Адны паступаюць па рэкамендацыі бацькоў, якія служаць у органах унутраных спраў. Іншых дзяцей таты і мамы адпраўляюць у ліцэй, каб тут іх наставілі на правільны шлях. Усё часцей гучыць яшчэ адна прычына паступлення ў Спецыялізаваны ліцэй МУС — «тут вучыцца мой сябар». Дзеці назіраюць за сваімі равеснікамі, знаёмымі, чуюць іх уражанні ад навучання з першых вуснаў — у выніку самі жадаюць папоўніць шэрагі выхаванцаў навучальнай установы.

Пры паступленні хлопцы здаюць іспыты па матэматыцы і мове (рускай або беларускай на выбар). Акрамя таго, каб стаць ліцэістам, трэба прайсці сур’ёзную медыцынскую камісію і псіхалагічнае тэсціраванне. Фізічную падрыхтоўку пры паступленні не правяраюць. Каб удасканаліць свае спартыўныя навыкі, выхаванцам хопіць часу. Фізкультура ў ліцэі выкладаецца не тры разы на тыдзень, як у звычайнай школе, а чатыры. Падчас заняткаў асвойваюць гульнявыя віды спорту, вывучаюць прыёмы самаабароны. Наладжана ўзаемадзеянне са спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву Партызанскага раёна сталіцы, на базе якой ліцэісты займаюцца боксам, настольным тэнісам, барацьбой і іншымі відамі спорту.

Ёсць і іншыя адрозненні ў навучальнай праграме будучых міліцыянераў. На павышаным узроўні ім выкладаюцца прадметы, якія хлопцы будуць здаваць на трэцяй ступені навучання. У прыватнасці, грамадазнаўства, якое вывучаецца не з 9 класа, як у звычайнай школе, а пачынаючы з 7-га. У абавязковым парадку яны наведваюць курсы «Асновы бяспечнай жыццядзейнасці» і «Этыкет». Займаюцца выхаванцы спевамі і танцамі. Спецыфічным дзеянням супрацоўнікаў МУС іх навучаюць у рамках дапрызыўнай падрыхтоўкі, якая выкладаецца пачынаючы з 8 класа.

Заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы праводзіць настаўнік вучэбнага аддзела Ігар Махін. За плячыма выкладчыка — ваеннае мінулае, у тым ліку баявое. Ігар Мікалаевіч праходзіў службу ва ўнутраных войсках, у свой час выкладаў на факультэце ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі. Ён падпалкоўнік унутранай службы запасу. Прызнаецца, што на заслужаны адпачынак не збіраецца. «Мне цікава з дзецьмі, — кажа афіцэр. — У хлопцаў — вялікае жаданне вучыцца. Асабліва ім падабаецца ў ціры. Тут яны вучацца карыстацца зброяй, асвойваюць пісталет Макарава і аўтамат Калашнікава, прычым з розных становішчаў. Развучваем усялякія сітуацыі. Мая галоўная задача — падрыхтаваць маладых людзей да службы: або да вайсковай, або да міліцэйскай, што для нас у прыярытэце».

Працягваючы і пачынаючы дынастыю

Конкурс у навучальную ўстанову традыцыйна высокі. Летась ён складаў звыш чатырох чалавек на месца. Два гады таму паступіць было не прасцей, але Максім Шчарбакоў паспяхова справіўся з уступнымі іспытамі. Прафесійны выбар для навучэнца 8 «Б» класа ў свой час быў навідавоку. Максім — мінчанін. У Спецыялізаваны ліцэй МУС яму прапанаваў паступіць бацька, падпалкоўнік міліцыі. Хлопец пагадзіўся: палічыў ганаровым працягнуць афіцэрскую дынастыю. У свой час у міліцыі служыў і дзядуля, які сыходзіў у запас з пасады начальніка Кастрычніцкага РУУС сталіцы. Старэйшы брат Максіма выконвае задачы ў патрульна-паставой службе міліцыі, завочна вучыцца ў Акадэміі МУС. Ёсць усе шанцы, што міліцэйскі шлях працягне яшчэ адзін брат, малодшы.

Максім Шчарбакоў прызнаецца, што вучыцца ў Спецылізаваным ліцэі МУС яму нескладана. «Цяжкавата было толькі па першым часе, калі прызвычайваўся да распарадку дня: рана ўставаць, рабіць зарадку, есці па раскладзе, — кажа ён. — Прайшло некалькі тыдняў, і пачало здавацца, што ты жыў так дагэтуль увесь час. Дома я бываю практычна кожныя выхадныя: добра вучышся і не парушаеш дысцыпліну — можаш разлічваць на звальняльныя хоць кожны тыдзень».

А вось як бы добра не вучыўся ліцэіст Данііл Рудык, бываць кожныя выхадныя дома для яго раскоша: дарога ў два бакі складае амаль 400 кіламетраў. У Маларыце хлопец бывае прыкладна раз на тры тыдні. Навучэнец 8 «А» класа дагэтуль згадвае, як вырашыў стаць міліцыянерам. У гэты дзень, які стаў у яго лёсе вырашальным, Данііл знаходзіўся на спаборніцтвах па гандболе ў Брэсце. Ужо адпачываў, як позна ўвечары патэлефанаваў бацька і сказаў, што сыну прыйшоў ліст з міліцыі. «Усмешка з твару адразу знікла, — прыгадвае тую сітуацыю ліцэіст. — Думаю: што я ўжо паспеў натварыць... Але бацька супакоіў мяне і прачытаў, што там было напісана. У лісце расказвалася пра існаванне Спецыялізаванага ліцэя МУС, мяне запрашалі туды паступаць».

Каб вызначыцца з будучай прафесіяй, у Данііла быў усяго месяц. У выніку юнак вырашыў паспрабаваць свае сілы. Бацькі поўнасцю падтрымалі сына. Аб сваім выбары ён ніколі не пашкадаваў. «Складаней за ўсё ўспрымалася тое, што знаходжуся далёка ад дома, — дзеліцца Данііл. — Дома многае за цябе рабілі бацькі, ва ўсім дапамагалі, а тут — самастойнае, прыктычна дарослае жыццё. За кароткі перыяд многае навучыўся рабіць сам. Хутка знайшлі агульную мову з хлопцамі, пасябравалі. Тут набыў другую сям’ю».

Адаптацыя ў выхаванцаў ліцэя праходзіць па-рознаму. «Хтосьці прывыкае літаральна за некалькі тыдняў, камусьці неабходна больш часу, — тлумачыць намеснік начальніка вучэбнага аддзела Спецыялізаванага ліцэя МУС Наталля Ніскаўскіх. — У цэлым, як паказаў аналіз, першая чвэрць навучальнага года — дастатковы перыяд для адаптацыі падлетка. Ёсць такое паняцце, як куратарства. У сярэднім за кожным дарослым (настаўнікам або афіцэрам-выхавацелем) замацаваны па тры ліцэісты. Куратара цікавяць не толькі пытанні вучобы або знешні выгляд хлопцаў, але і тое, як яны спяць, які ў іх настрой. Вельмі кранальна бачыць, як навабранцам дапамагаюць старэйшыя выхаванцы: не раз назірала карціну, калі разгладжвалі форму, папраўлялі фуражку».

Без «ружовых» акуляраў

За пяць гадоў, праведзеных у ліцэі, дзеці мяняюцца кардынальна. Яны становяцца самастойнымі, адказнымі, гатовымі прыйсці адзін аднаму на дапамогу. Выхаванцы з задавальненнем адгукаюцца на звароты па вучэбных пытаннях, актыўна ўдзельнічаюць у культурна-масавых мерапрыемствах, займаюцца творчасцю. У прыватнасці, ствараюць дыярамы, якія ўжо сталі брэндам навучальнай установы. Большасць работ прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць дыярамы, якія адлюстроўваюць афганскую тэматыку. На дадзены момант хлопцы рыхтуюць дыяраму на чарнобыльскую тэму.

«Ліцэісты вельмі цікавяцца гісторыяй і з задавальненнем прымаюць удзел у стварэнні дыярам, — расказвае настаўнік вучэбнага аддзела замежных моў, працоўнага навучання і чарчэння Дзмітрый Вараб’ёў. — Падчас творчага працэсу яны даведаліся аб подзвігу міліцэйскага батальёна капітана Уладзімірава, здзейсненым у 1941 годзе пад Магілёвам, аб Лаўскім баі, праведзеным партызанамі ў снежні 1942 года на Міншчыне, аб подзвігу танкіста Калабанава, які ў адным баі падпаліў 22 танкі... Гэта інфармацыя застанецца ў іх на ўсё жыццё».

За час навучання ў ліцэі ў хлопцаў ёсць выдатная магчымасць пабываць у многіх падраздзяленнях Міністэрства ўнутраных спраў. У сваю чаргу, кожную сераду іх наведваюць ветэраны органаў унутраных спраў, дзеючыя афіцэры, у якіх можна распытаць пра тонкасці службы. У выніку да заканчэння навучальнай установы маладыя людзі дакладна ведаюць, дзе хочуць служыць у будучыні.

Напрыклад, навучэнец 10 «Б» класа Глеб Русак плануе паступаць на факультэт крымінальнай міліцыі Акадэміі МУС. Малады чалавек марыць раскрываць злачынствы. Ён не баіцца цяжкасцяў і марыць стаць годным працягам міліцэйскай дынастыі. Бацька Глеба — палкоўнік міліцыі, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў. Дзед скончыў службу ў званні падпалкоўніка. Прадзед, палкоўнік унутранай службы, працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў СССР.

Нягледзячы на тое, што гэта дзеці, без строгасці ў навучальна-выхаваўчым працэсе не абыходзіцца. Інакш немагчыма было б сабраць у адным месцы 250 хлопцаў. «Пачынаючы з першага курса ліцэісты дакладна разумеюць, куды яны прыйшлі і якая ў іх мэта, — заўважае начальнік навучальнай установы. — Яны выдатна ўсведамляюць, што ў дарослым жыцці слова „хачу“ вельмі часта будзе замяняцца словам „трэба“. Служба, пагоны, форма — усё гэта хлопцы павінны зразумець адразу, бо калі доўга прахадзіць у „ружовых“ акулярах, будзе складана ў дарослым жыцці. А наша асноўная задача — навучыць іх жыць без нашай дапамогі. Ва ўстановах адукацыі, куды яны пасля пойдуць вучыцца, вельмі падобная сістэма, але адносіцца да нашых вупускнікоў ужо будуць як да дарослых».

Дарэчы, супрацоўнікі Акадэміі МУС адзначаюць, што выпускнікі Спецыялізаванага ліцэя МУС вылучаюцца сярод іншых курсантаў. Яны ведаюць правілы паводзін у такіх установах, ім не трэба прызвычайвацца да распарадку дня і строгай дысцыпліны. Зразумела, што выпускнікі ліцэя не адчуваюць такога стрэсу, які ўласцівы ўчарашнім школьнікам. Яны ўпэўнена крочаць да сваёй мары — стаць супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, а значыць, забяспечваць парадак у краіне і дапамагаць людзям.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Сёлета свае дзверы расчыніць Магілёўскі спецыялізаваны ліцэй МУС, набор у які будзе ажыццёўлены ў 7, 8, 9 і 10 класы. Усяго плануецца залічыць 154 чалавекі. Адначасова з гэтым прапрацоўваецца пытанне стварэння аналагічных устаноў адукацыі ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.