Вы тут

«1,10 квадрата» і «100 усмешак Гагарына» — чым будуць здзіўляць беларускія мастакі


Аматараў выяўленчага мастацтва ў бягучым годзе чакае насычаная праграма. У ёй знойдзецца месца адкрыццям, напамінам пра вядомых асоб і традыцыям, якія не губляюць актуальнасці. А пра канкрэтныя ідэі, праекты і планы беларускіх мастакоў і выставачных устаноў нашай краіны расказалі іх прадстаўнікі.


Фота: pixabay.com

«Тэраграфіка» і «1,10 квадрата»

— 2024-ы — Год якасці, і гэта дасць нагоду дэманстраваць работы з добрым, яркім, крэатыўным узроўнем творчасці. Таксама бягучы год прысвечаны і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І я думаю, што ўсе музейныя ўстановы, якія ёсць у краіне, далучацца да гэтых святкаванняў, — адзначыла першы намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі Наталля Шаранговіч. — Неяк мяне спыталі, што значыць Год якасці для Беларускага саюза мастакоў. Для нас гэта магчымасць менавіта сёлета паказаць вялікія выставачныя праекты. Але мы будзем мінімальна паказваць выстаўкі асобных мастакоў, а максімальна даваць магчымасць на нашых выставачных пляцоўках выказвацца вялікай колькасці як членаў Беларускага саюза мастакоў, так і студэнтам, прафесіяналам, якія пакуль яшчэ не ў нашай творчай суполцы. Вельмі хочацца сабраць усіх разам, пабачыць, што адбываецца зараз у выставачным і культурным полі.

Адкрые Беларускі саюз мастакоў 2024 год праектам «1,10 квадрата». Гэта прысвячэнне 110-годдзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча. Гаварыць пра супрэматызм, пра Віцебск, пра Казіміра Малевіча, пра новыя формы ў мастацтве заўсёды цікава. Прычым праект гэты будзе складацца з дзвюх частак. Асобна творы віцебскіх мастакоў, якія займаюцца тэматыкай супрэматычнай кампазіцыі, пакажуць на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А ўвесь астатні праект, які будзе складацца з работ мастакоў усіх абласцей, пабачым на пляцоўцы Палаца мастацтваў. Мэта гэтага праекта па задуме арганізатараў — паказаць самыя разнастайныя трансфармацыі «Чорнага квадрата» ў сучасным мастацтве.

Акрамя гэтага, прыхільнікаў выяўленчага мастацтва чакае на працягу года яшчэ шмат яркіх групавых праектаў. Так, зноў варта чакаць мінулагодні праект «Тэраграфіка», які сёлета будзе прысвечаны міфалагічнай і біблейскай тэматыцы. На адной выставачнай пляцоўцы ў ім плануюць паказаць як творы беларускіх мастакоў, так і работы з асабістай калекцыі знакамітых еўрапейскіх майстроў, у тым ліку Марка Шагала, Сальвадора Далі і іншых. Рыхтуюцца і да правядзення традыцыйных для Саюза мастакоў выстаў «Арт-Мінск» (пройдзе ў канцы красавіка — маі) і «Асенні салон» (у верасні). Важны праект будзе прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў — яго тэмай стане вобраз маці, жанчыны часоў Вялікай Айчыннай вайны. І яшчэ адзін праект будзе прысвечаны спорту. Летась Саюз мастакоў стварыў выстаўку «Vіvа Kоlа Аrt» сумесна з Мінскім веласіпедным клубам. І гэта атрымалася вельмі цікава, сёлета праект будзе працягнуты, выстаўка адбудзецца ў кастрычніку.

Яшчэ Беларускі саюз мастакоў традыцыйна зладзіць у гэтым годзе два трыенале: Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, дзе пакажуць класічныя работы мастакоў саюза і не толькі, бо гэта рэспубліканская выстаўка, а таксама трыенале «Канцэпт», якое паказвае новыя формы ў мастацтве, прычым любыя і самыя нечаканыя, уключаючы відэаарт, арт-аб’екты і г. д.

Прывітанне з космасу

Шэраг цікавых і захапляльных вандровак рыхтуецца прадставіць сваім наведвальнікам і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Канцэпцыя развіцця гэтай установы прадугледжвае як паказ сучасных праектаў беларускіх мастакоў, так і стварэнне сумесных з замежнымі партнёрамі. І такіх запланавана некалькі.

— Мы пачынаем гэты год з лютага і 29 чысла адкрыем вялікі праект «100 усмешак Гагарына. Усмешка для міру». Наш цэнтр нацэлены, як і раней, на развіццё міжнародных сувязяў, стварэнне на нашай пляцоўцы вялікай выставачнай прасторы, дзе будуць паказваць сваю творчасць не толькі беларускія мастакі, але і з Расіі і іншых краін. І праект, які я агучыў, ладзім сумесна з Міністэрствам культуры, з Міністэрствам замежных спраў, — расказвае дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Крыштаповіч. — Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь мы запрасілі да ўдзелу, таму што праект прадугледжвае вялікую міратворчую канцэпцыю. Ідэяй выстаўкі стала тое, што Юрый Гагарын сваім палётам у космас прадухіліў без усялякага перабольшвання жах, які наспяваў у 60-я гады (Карыбскі крызіс быў пераадолены адной яго ўсмешкай, харызмай, яго місіяй, якую ён дэманстраваў сваім выхадам у космас). З пасылам, што чалавецтва не павінна ваяваць, а павінна асвойваць космас як пляцоўку для стварэння. Да нас далучаецца ў гэтым праекце таксама наш даўні партнёр — Музей Гагарына, шэраг расійскіх музеяў. А ў Беларусі сярод удзельнікаў праекта будуць і мастацкія школы, мастацкі каледж, якія зробяць свае інсталяцыі для гэтага праекта.

У Цэнтры сучасных мастацтваў яшчэ плануюць не толькі рэалізоўваць персанальныя, маладзёжныя праекты, але і спрыяць развіццю творчасці беларускіх маладых мастакоў і куратараў. Працягнуць тут развіваць і кірунак па рабоце з камерцыйнымі праектамі.

— Мы традыцыйна, калі казаць пра міжнародныя праекты, былі заснавальнікам і галоўным арганізатарам ужо вядомага і ў пэўным сэнсе брэндавага мерапрыемства — Міжнароднага фестывалю тэкстыльнага мастацтва «Тэкстыльны букет». Летась ужо адзначылі яго пяцігоддзе. Ідзе работа над фарміраваннем экспазіцыі шостага фестывалю. Ён традыцыйна пройдзе ў чэрвені на базе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Ужо ёсць заяўкі, і таксама мы запрашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых гэтай тэмай, — кажа намеснік дырэктара па творчай рабоце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алеся Іназемцава. — Фестываль заўсёды быў адкрытым, і яго ўнікальнасць у тым, што на адной выставачнай прасторы экспазіцыя аб’ядноўвае як мастакоў-прафесіяналаў, так і аматараў, народных майстроў, і з нядаўняга часу там выстаўляюцца яшчэ і дзіцячыя работы (арт-студый, арт-школ, дзе захоўваюцца і перадаюцца рэгіянальныя нацыянальныя тэкстыльныя тэхнікі). І сёлета фестываль таксама будзе міжнародным, бо заяўкі ўжо паступілі з Расіі, Амерыкі, Індыі. Таксама ў 2024 наш цэнтр, як і іншыя ўстановы культуры, стварае і будзе рэалізоўваць праект да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя гэтага, па даручэнні Міністэрства культуры мы праводзім пленэр маладых мастакоў у маі. І па выніках яго на нашай пляцоўцы адбудзецца выстаўка. Наш цэнтр яшчэ арганізоўвае конкурс на стварэнне жывапісных работ у рамках сацыяльна-культурнай замовы Міністэрства культуры, таксама прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі... А наш праект, які распрацоўваецца, будзе змяшчаць у сабе сінтэз розных відаў мастацтва, таму што адна з асноўных місій нашага цэнтра — ствараць і рэалізоўваць не толькі чыста мастацкія праекты, але і такія, дзе глядач можа ўбачыць сінтэз, эксперыменты мастацтваў.

Адкрыем наноў калекцыі нацыянальнага мастацкага

— Сёлета наш музей святкуе 85-годдзе. І практычна ўсе праекты ў нас праходзяць пад эгідай святкавання юбілею. Першы з іх — выстаўка «Афіша архіўных фотаздымкаў». Яна дазволіць убачыць і згадаць тыя праекты, якія былі створаны за ўсе гэтыя гады. А 5 лістапада ў дзень адкрыцця музейнага будынка 1957 года музей будзе прадстаўляць праект «Калекцыі НММ Рэспублікі Беларусь: страты ў гады Вялікай Айчыннай вайны і вяртанне». Прэзентацыя будзе і віртуальная, і візуальная. Якраз у гэты час у нас пройдуць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею, мы чакаем гасцей і яркую падзею, — расказвае загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХІ стагоддзяў Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Кот.

Што датычыцца дзейнасці Нацыянальнага мастацкага, то ў бягучым годзе тут зробяць яркі акцэнт на сваю калекцыю. Адзін з такіх праектаў «Беларуская алтарная скульптура і разьба ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў» гэтымі днямі ўжо пачынае працаваць. А летам варта чакаць праект «Сімвалы і алегорыі ў мастацтве Беларусі ХVІІ—ХІХ стагоддзяў», дзе будуць прадстаўлены беларуская ікона, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, літургічнае адзенне і жывапісныя творы. Абедзве экспазіцыі цікавыя яшчэ і тым, што спецыяльна для іх рыхтуюцца прадметы, якія цяпер праходзяць рэстаўрацыю і кансервацыю. Таму большасць паказаных работ глядач нанова адкрые для сябе з пазіцыі іх прыгажосці і каштоўнасці.

Яшчэ тут прадставяць у 2024-м праект «Пэн і Кругер». Ён будзе прэзентаваць дзве мастацкія школы — Віцебскую мастацкую школу на чале з Юдалем Пэнам і Мінскую мастацкую школу на чале з Якавам Кругерам. І ў экспазіцыі прадставяць працы не толькі саміх аўтараў, але і іх вучняў. Таксама сёлета музей рыхтуе выстаўку жывапісу і графікі Льва Альпяровіча, на якой будзе ўпершыню прадстаўлены шэраг адрэстаўраваных работ. Не абмінуць увагай і святкаванне 180-годдзя Ільі Рэпіна. Творчасць самога мастака і работы яго сучаснікаў прадставяць не толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі, але і падчас фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Збіраюцца музейшчыкі таксама паказаць сваім наведвальнікам цікавы творчы тандэм бацькі і дачкі Уладзіміра і Раісы Кудрэвічаў у лірычным праекце. Адбудзецца летам і адна з пастаянных для музея выставак «Плынь часу», якая пазнаёміць шырокую публіку з беларускімі мастакамі-юбілярамі. 

Асобна пройдуць выстаўкі народных мастакоў Паўла Масленікава і Васіля Шаранговіча. А вось прыхільнікаў скульптуры будзе чакаць праект, дзе прадставяць работы Андрэя Заспіцкага да яго 100-годдзя. У гэты ж час зможам наведаць і выстаўку з гіпсавымі скульптурамі беларускіх мастакоў-юбіляраў. І на канец года НММ рыхтуе выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстра каляровага шкла Людмілы Мягковай.

— А што датычыцца міжнародных праектаў, то мы парадуемся выстаўцы, якая будзе арганізавана пасольствам Азербайджана. І яшчэ сёлета чакаем выстаўку ў адказ ад сучасных майстроў Мардовіі. Мы ім летась прадастаўлялі творы нашых мастакоў. Думаю, і нам будзе цікава паглядзець на творчасць мастакоў Расіі з іншага ракурсу, — расказала Святлана Кот.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Водгукі і адкрыцці творчасці

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.