Вы тут

У Пінску працуе адзіны ў краіне майстар па вырабе балалаек і домраў


Крыху больш за два тыдні таму на сцэне Палаца Рэспублікі з рук Прэзідэнта краіны дыплом лаўрэата спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтвы ў ліку іншых атрымаў і адзіны ў краіне майстар па вырабе балалаек і домраў з Пінска Руслан Макарэвіч. Узнагароды ён удастоены за плённую работу па адраджэнні традыцый стварэння музычных інструментаў.


Руслан Макарэвіч

Па волі лёсу

Будучы ўмелец з унікальным талентам нарадзіўся ў сям’і медыкаў. Як людзі інтэлігентныя, бацькі вырашылі, што дзеці павінны атрымаць музычную адукацыю. Так у хаце з’явілася піяніна, якое стаў асвойваць старэйшы брат, а за ім і Руслан. Хоць асаблівай стараннасці апошні і не выяўляў, але музычную школу наведваў спраўна. Там жа хлапчука запісалі і ў аркестр рускіх народных інструментаў. «Будзеш іграць на балалайцы «Секунда», — пастанавіў кіраўнік. Адну з самых звонкіх відаў балалаек юны музыка асвоіў за месяц, а калі пачуў яе гучанне ў аркестры, душа літаральна затрымцела. Ён з задавальненнем імчаў на рэпетыцыю аркестра не толькі сярод тыдня, але і ў нядзелю раніцай.

— У нядзелю не прагульваў практычна ніхто — калектыўная творчасць падабалася, — успамінае майстар. — Калі кожны ўплятае ў агульны матыў сваю партыю, гэта слухаецца значна цікавей, чым сольнае выкананне. Тады я ўпершыню і адчуў цягу да музыкі, тое, што раблю, мне стала падабацца, хоць для гэтага і трэба было нямала папрацаваць. Словам, вынік натхняў, нават акрыляў.

Не прымусіла сябе чакаць і першае прызнанне. На музычны конкурс у агульнаадукацыйнай школе кожны клас павінен быў выставіць свой нумар. Класны кіраўнік папрасіў Руслана і дваіх яго сяброў, якія таксама вучыліся ў музыкалцы, што-небудзь выканаць. Па адзіночцы выступаць не хацелася, і хлопцу прыйшла думка сыграць утрох. Кіраўнік аркестра падабраў ім немудрагелістую, бадзёрую мелодыю «Ой, ляцелі гусі з броду». Рэпеціраваць настаўнікі адпускалі з урокаў без усякіх пытанняў. Тады і падумаў Руслан: «Як усё-такі добра штосьці ўмець!». Трыа дзевяцікласнікаў у заліхвацкіх кепачках з прышпіленымі кветкамі — дзве балалайкі і баян — зала і журы прынялі на ўра. Прычым балалайку шматлікія школьнікі тады ўбачылі ўпершыню — падыходзілі памацаць, паспрабаваць струны. У гэтым жа годзе Руслан атрымаў і сваю першую ўзнагароду на творчай ніве — грамату за прапаганду музычнага мастацтва.

На жаль, да таго моманту, калі паўстала пытанне выбару прафесіі, хлопец яшчэ не ўсвядоміў у сабе такой любові да музыкі, каб задацца мэтай прысвяціць ёй жыццё. Аднак лёс распарадзіўся як трэба — у Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, куды ён паступіў вучыцца на інжынера, таксама быў аркестр рускіх народных інструментаў. Зноў у руках апынулася балалайка «Секунда». Выступалі студэнты не толькі на ўсіх інстытуцкіх канцэртах, але і на гастролях у роднасных ВНУ Прыбалтыкі, Украіны, Расіі. Там жа, у аркестры, ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аксанай, якая іграла на балалайцы, вучылася ў кансерваторыі ды іншы раз замяняла кіраўніка аркестра.

Чаму б не я?

Іграла Аксана на інструменце, вырабленым вядомым майстрам Родзіным. Паднаўляць яго ездзілі ў Падмаскоўе ўдваіх. Спачатку — з Мінска, потым — з Пінска, куды атрымалі размеркаванне. Руслан — на экскаватарарамонтны завод, Аксана — у дзіцячую музычную школу.

— Я ўсё здзіўляўся, чаму ў нас у Беларусі няма майстроў па балалайках і домрах, бо патрэба ў іх была. Асабліва востра паўстала пытанне, калі распаўся Савецкі Саюз — у Падмаскоўе ездзіць стала вельмі нятанна. Аднойчы падумаў: а можа, гэта якраз маё? І вырашыў паспрабаваць, — распавядае Руслан Алегавіч.

З самага дзяцінства хлапчуку падабалася штосьці майстраваць: сваімі рукамі рабіў лук і стрэлы, рыбацкія снасці, ствараў з металалому ровар. Атрымлівалася нядрэнна. Балазе, на школьных уроках працы навучылі многаму. А ў інстытуце і зусім практыку праходзіў на заводскіх станках.

Увогуле, пачаў збіраць адпаведную інфармацыю па бібліятэках, размаўляў з музыкамі. З іх дапамогай склаў пералік майстроў з Масквы, Ленінграда. А яшчэ — у адной з бібліятэк наткнуўся на часопіс «Навука і жыццё» за 1986 год з публікацыяй «Слова пра балалайку» расійскага інжынера-авіяканструктара, майстра спорту СССР, неаднаразовага рэкардсмена свету ў класе мадэляў верталётаў Марка Купфера, гарачым захапленнем якога было аднаўленне спрадвечна рускіх шчыпковых музычных інструментаў.

Праз знаёмых педагогаў пінчук звязаўся з вядомым на ўвесь Савецкі Саюз балалаечнікам Паўлам Нічыпарэнкам, які напісаў уступнае слова да артыкула Купфера, папытаў яго кантактны тэлефон і патэлефанаваў. Марк Аляксандравіч запрасіў маладога настойлівага беларускага калегу да сябе ў Маскву, падзяліўся досведам, перадаў чарцяжы. Для Макарэвіча гэта і стала пунктам адліку ўласнай руплівасці.

У традыцыях Крамоны

Першая балалайка давалася цяжка, іншы раз даводзілася дзейнічаць метадам спроб і памылак. Сумяшчаючы працу над ёй на кухні вечарамі і ў выхадныя з асноўнай прафесіяй, ён рабіў інструмент прыкладна год. Настольнай стала кніга «Выраб і рамонт шчыпковых музычных інструментаў», што аднойчы выпадкова трапіла на вочы. Балалайку, што скончыў у 1993 годзе, Руслан адвёз паказаць майстру, які падзяліўся з ім адмысловым дрэвам для яе вырабу.

— Ён сказаў: для першага разу выдатна. І я зразумеў: «выдатна» і «для першага разу выдатна» — не адно і тое ж. Галоўнае — першы блін не выйшаў камяком. І я зноў накіраваўся па досвед да расійскіх майстроў. Некаторыя сакрэтамі дзяліліся скупа, іншыя ж ахвотна распавядалі, хтосьці нават падарыў адмысловы напільнік, хтосьці — кавалак дрэва, падзяліліся і ладавым дротам. Зрабіў некалькі прылад. А калі набраўся досведу, вярнуўся да чарцяжоў Купфера. У 1998 годзе вырабіў балалайку, з якой вучаніца маёй жонкі на конкурсе імя Жыновіча ў Беларусі заняла першае месца. Поспех юнай выканаўцы расцаніў як прызнанне, што інструмент атрымаўся сапраўды годны. Гэта мадэль з невялікімі ўдасканаленнямі і стала для мяне базавай.

Робіць яе Руслан Алегавіч з двухтысячнага года, спрабуючы розныя матэрыялы. Класічны матэрыял для балалайкі — хвалісты клён, які расце ў гарах, тэкстура якога ў разрэзе пад лакам іграе на святле. Знакамітыя крамонскія майстры рабілі свае скрыпкі менавіта з гэтага дрэва. Гэта ўніверсальны музычны матэрыял. З нашага дрэва балалайку ці домру таксама, вядома, можна вырабіць, кажа пінчук, але гэта будзе прылада сярэдняга класа для навучання дзетак у музычнай школе на пачатковым этапе. А каб дамагчыся якасці гуку, неабходна найлепшая драўніна: для накладак грыфа — чорнае дрэва, для верхніх дэк — чырвоны канадскі кедр.

У свой час у Маскве існавала некалькі фірмаў, якія гандлявалі дрэвам з усяго свету. Гэта было нятанна, але, прынамсі, майстры маглі купіць тое, што неабходна. З увядзеннем эканамічных санкцый замежныя прадпрыемствы з рынку сышлі, і матэрыял сталі шукаць праз інтэрнэт. А крыху больш за год таму па сямейных справах Макарэвічу давялося пабываць у Індыі, і ён наладзіў сувязі з мясцовымі пастаўшчыкамі чорнага, эбенавага дрэва, палісандру. Адпраўляў пасылкі сабе ў Пінск сам, цяпер па перадаплаце дасылаюць індыйскія партнёры. Праўда, узнікла праблема іншага роду: дрэва, перш чым пусціць у вытворчасць, трэба падсушваць — у павольнай сушцы яму трэба вылежвацца гады тры. Вось і напярэдадні Новага года пасылка прыйшла — гэта таксама матэрыял на перспектыву.

«За табой — школа»

Спачатку было дзве-тры замовы ў год на выраб балалаек і домраў і прыкладна дзясятак — на рамонт. У трохпакаёвай кватэры адзін з пакояў адвялі пад майстэрню. Нарыхтоўкі на станках майстар рабіў на бацькоўскай дачы ўлетку, а дома выконваў толькі ручную, чысцейшую працу.

У чэрвені 2019 года па даручэнні кіраўніка дзяржавы на базе Пінскага ліцэя будаўнікоў адкрылася аўтарская майстэрня Руслана Макарэвіча па вырабе і рамонце балалаек і домраў.

— Увесну 2018-га падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з творчай моладдзю ў Мінску была агучана праблема стварэння айчынных інструментаў і іх рамонту. Прэзідэнт паабяцаў разабрацца, адзначыўшы пры гэтым: што можна рабіць у сябе, будзем рабіць — каб музыкі маглі паўнавартасна развівацца, дасягаць высокага ўзроўню. Я глядзеў тую перадачу і ледзь у крэсле тады не падскочыў: гэта ж пра мяне!

Чыноўнікі ад культуры сталі метадычна абследаваць раён за раёнам у пошуках айчынных майстроў-самародкаў. У спісе апынулася і прозвішча Макарэвіча. Яго запрасілі на прэзентацыю. Тая сустрэча стала вырашальнай: «Тады і даў кіраўнік дзяржавы даручэнне знайсці мне памяшканне пад майстэрню без арэнднай платы, адзначыўшы пры гэтым: «За табой — школа, у цябе павінна быць больш памочнікаў».

Сёння ў майстэрні з Русланам працуе Мікалай Ярмальчук, дапамагае яму рабіць балалайкі і домры, а для душы займаецца электрагітарамі. Сам таксама пінчук. У савецкія часы ў Калінінградзе скончыў вышэйшае інжынернае марское вучылішча. 10 гадоў таму вярнуўся на радзіму. Так і сышліся майстры на агульнай творчай глебе.

Каб вочы гарэлі і спявала душа

За год па замовах дзіцячых школ мастацтваў, музычных каледжаў, устаноў культуры з усіх рэгіёнаў краіны яны вырабляюць каля 25 балалаек і домраў. Працуюць усяго з адным выхадным у тыдзень і практычна без адпачынкаў — рэальны попыт значна вышэйшы: у год 50-60 інструментаў. Ёсць у горадзе парачка майстроў, якія робяць гітары, старадаўнія музычныя прылады, але гэта для іх як хобі — людзі занятыя на асноўнай працы і прыцягнуць іх не ўяўляецца магчымым.

Паскорыць працэс можа сучаснае абсталяванне — адмысловы фрэзерны станок, здольны з нарыхтоўкі зрабіць гатовую на 90-95 % дэталь. Пакуль усё гэта робіцца ўручную. Цана пытання прымальная, але праблема ў тым, што наяўных плошчаў для іх устаноўкі бракуе. Рэальна патрэбны яшчэ адзін пакой, прычым з выцяжкай. Што ж датычыць зборкі — тут ужо ніякі станок не дапаможа — рукі майстра і душу, якая ўкладваецца ім у кожны інструмент, машына не заменіць.

Пытанне падрыхтоўкі вучняў больш складанае ў разы. Адзін майстар яго не здолее вырашыць — павінны падключыцца зацікаўленыя спецыялісты як сферы адукацыі, так і культуры. Тут чалавеку патрэбны і сталярныя навыкі, і музычны слых, а галоўнае — каб вочы гарэлі і спявала душа. Такіх самародкаў адшукаць — тая яшчэ задачка.

Майстар лічыць, што справе падрыхтоўкі такіх спецыялістаў маглі б паспрыяць і ўрокі працы ў школе, і заняткі навучальна-вытворчага камбіната, калі старшакласнікі адзін дзень цалкам прысвячаюць асваенню той ці іншай прафесіі. А каб зацікавіць дзяцей музыкай, для пачатку прапанаваць ім у якасці ручной працы, скажам, камплекты для зборкі электрагітар, наборы тыпу «Зрабі сам». Дарэчы, на Захадзе такія канструктары вельмі папулярныя, і людзі атрымліваюць задавальненне нават ад самога працэсу.

Развівацца трэба ў любым выпадку, інакш — тупік, упэўнены Руслан Макарэвіч. Вось і прэзідэнцкая прэмія тут вельмі дарэчы.

Мікалай Ярмальчук

Ірына АРЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».