Вы тут

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прынялі ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы


На пачатку мерапрыемства, якое прайшло ў Канстанцінаўскім палацы Санкт-Пецярбурга, кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў аб сур’ёзнай сумеснай рабоце, праведзенай з расійскім калегам за апошнія дні. «Мы сапраўды вельмі сур’ёзна папрацавалі гэтыя два дні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Можна шчыра сказаць: ад паўднёвага полюса да Паўночнага. Абмеркавалі праблемы і Антарктыды — ствараюцца там больш камфортныя ўмовы для працы расіян, зімовачны комплекс створаны. Але самае важнае, што там ніхто нічога не дзеліць. Беларусы працуюць разам з расіянамі. Наша станцыя побач. І ўсялякая дапамога — і навуковая, і ў побыце — аказваецца беларускім спецыялістам, якія там размешчаны».


«Цэлы комплекс пытанняў — з поўдня на поўнач» 

Прэзідэнт Беларусі працягнуў: «Далей мы з Уладзімірам Уладзіміравічам з поўдня ішлі на поўнач. Падвергнулі аналізу тыя падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Вазьміце наша імкненне — Расіі і Беларусі, Кітайскай Народнай Рэспублікі... У авангардзе гэтага ідзе Расія, таму што яна больш за ўсё нагрузку нясе. І пакутуе больш, чым хто-небудзь».

Беларускі лідар падкрэсліў, што наступленне шматпалярнага свету і нежаданне цяперашняга манапаліста здаваць пазіцыі прыводзіць да канфліктаў у розных пунктах на карце свету. «І хусіты, і Блізкі Усход, і Паўднёва-Кітайскае мора, праблемы з Тайванем — гэта ўсё ад таго, што будзе шматпалярны свет, — патлумачыў ён. — Як казаў міністр замежных спраў Расіі, гэтага не хочацца манапалісту. Вось рознымі метадамі і спрабуюць утрымаць аднапалярны свет. Дайшлі да ўзброеных канфліктаў». 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на перамовах з Уладзімірам Пуціным абмяркоўваліся і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку з краінамі Азіі і Афрыкі: «Абмяркоўвалі мы і працу на азіяцкім кантыненце, асабліва ў Афрыцы, куды нас клічуць. Яны сапраўды нас там чакаюць. Найперш Расійскую Федэрацыю з вялізнымі магчымасцямі».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў работу па развіцці грузаперавозак па Паўночным марскім шляху. «Мы вельмі хацелі б, каб гэта праграма была хутчэй рэалізавана. Нам лягчэй было б працаваць», — падкрэсліў ён.

«Як бачыце, цэлы комплекс пытанняў — з поўдня на поўнач», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

«Дасягненне высокіх паказчыкаў — вынік выканання мерапрыемстваў 28 саюзных праграм»

Аляксандр Лукашэнка абазначыў галоўныя задачы і напрамкі ў развіцці супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве як у бягучым перыядзе, так і на перспектыву.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што па выніках 2023 года бакі абновяць гістарычны максімум гандлю таварамі і паслугамі. «Уладзімір Уладзіміравіч за 10 месяцаў называў лічбу — больш за $40 млрд, але калі ўзяць у цэлым год (тавары і паслугі) — $54 млрд прыкладна будзе, — адзначыў Прэзідэнт. — Гэта сапраўды гістарычны максімум. Дасягненне высокіх паказчыкаў — шмат у чым вынік выканання мерапрыемстваў 28 саюзных праграм, у рамках якіх прыняты прынцыповыя рашэнні. Але нам трэба яшчэ выпрацаваць агульныя крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці іх рэалізацыі». 

Ключавымі на гэтым пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета з’яўляюцца даклады ўрадаў аб выкананні асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады. У парадку дня і зацвярджэнне новага праграмнага дакумента на чарговы трохгадовы цыкл — на 2024-2026 гады. Ён прадугледжвае працяг работы па ўмацаванні адзінай эканамічнай прасторы і зняцці астатніх перашкод у гандлі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, важна ўзмацніць міжнароднае пазіцыянаванне саюза, як гэта робіцца ў ЕАЭС.

У якасці галоўнай задачы ў прамысловай сферы Прэзідэнт абазначыў актывізацыю супрацоўніцтва ў сферы імпартазамяшчэння. Пры гэтым ужо зроблена нямала. «Тут вельмі шмат зроблена, — падкрэсліў ён — Мы шмат зразумелі, што не разумелі яшчэ два гады таму. Нас не ўдалося паставіць на калені. Наадварот, мы мабілізаваліся і зрабілі нямала. Падпісаны базавыя міжурадавыя пагадненні аб прызнанні тэхналагічных аперацый, аб развіцці мікраэлектронных тэхналогій, праектаванні і вытворчасці электроннай кампанентнай базы, электроннага машынабудавання, аб адзінай прамысловай палітыцы. Учора мы з Уладзімірам Уладзіміравічам у сярэдзіне дня вельмі ўважліва прааналізавалі гэтыя пытанні на прыкладзе мікраэлектронікі».

Кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што падрыхтаваны да падпісання дэкрэт на справе забяспечыць узаемнае прызнанне тэхналагічных аперацый. «Лічу, што ўрадам трэба ў найкарацейшыя тэрміны прыняць меры па яго безагаворачнай рэалізацыі, без якіх-небудзь адступленняў і выключэнняў», — дадаў ён.

Ад адзіных рынкаў газу і нафты да стварэння медыяхолдынгу 

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці ў што б там ні стала ўстараніць усё, што стрымлівае ўзаемныя пастаўкі тавараў, выраўняць умовы дзейнасці для прадпрыемстваў, ліквідаваць бар’еры ў сферы дзяржаўных закупак, зняць абмежаванні для транзіту тавараў. «Гэтыя тэмы не новыя, але пакуль яшчэ ў нас шурпатасцяў у гэтым плане хапае, — канстатаваў Прэзідэнт. — Асабліва адзначу, што мы пакуль цалкам не вызначыліся па самых галоўных пытаннях. Гэта датычыцца стварэння адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Якраз той час, калі мы можам спакойна прымаць гэтыя рашэнні. Яны будуць выгадныя і для Расіі, і для Беларусі».

Паводле яго слоў, гэтыя прынцыпова важныя тэмы рэгулярна абмяркоўваюцца на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі. «Дамоўленасці дасягнуты. Думаю, што ўрадам трэба больш актыўна рэалізоўваць гэтыя дамоўленасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Згадаў Прэзідэнт і аб лагістыцы перавозак беларускіх экспартных грузаў праз расійскія парты. У гэтым плане ёсць прапановы па павелічэнні прапускной здольнасці чыгункі ў напрамку партоў Санкт-Пецярбурга. «Мільёны тон беларускіх грузаў пераарыентаваны з партоў балтыйскіх дзяржаў на Санкт-Пецярбург, Мурманск, чарнаморскія парты, — падзяліўся дэталямі беларускі лідар. — Але напружанне існуе. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам месяцы тры таму абмяркоўвалі гэтую праблему. Прынялі рашэнне, што Кастрычніцкая чыгунка ў напрамку Піцера павінна больш інтэнсіўна працаваць. Там на першым этапе патрэбны і невялікія грошы, і невялікая праца, каб раз’езды аднавіць».

На пасяджэнні ВДС таксама абмяркоўваліся такія важныя тэмы, як урэгуляванне пытанняў агульнай уласнасці, зацвярджэнне стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года, стварэнне саюзнага медыяхолдынгу. «Упэўнены, усе разумеюць, наколькі важна праводзіць узгодненую інфармацыйную палітыку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ідзе магутнае інфармацыйнае супрацьстаянне. Многія называюць гэта вайной. Але, дзякуй Богу, пакуль яшчэ нават у СМІ мы да вайны не падышлі. Але супрацьстаянне сур’ёзнае. Думаю, калі мы створым нармальны медыяхолдынг з улікам (існуючых. — „Зв.“) спроб і памылак, будзе добры холдынг».

Новых свежых ідэй, а галоўнае, прарыўных эканамічных праектаў і канкрэтных прапаноў па развіцці супрацоўніцтва чакаюць ад XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў чэрвені пройдзе ў Віцебскай вобласці.

У бягучым годзе ў Саюзнай дзяржаве адзначаць шэраг знамянальных дат. Найперш 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 25-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «Гэта магутныя ідэалагічныя нагоды, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — Мы не маем права імі не скарыстацца для прасоўвання нашых каштоўнасцяў і абароны праўды аб агульнай гісторыі». 

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета праходзіць напярэдадні важных унутрыпалітычных падзей. Упершыню ў гісторыі Беларусі 25 лютага бягучага года адбудзецца адзіны дзень галасавання. «Па прыкладзе Расіі мы таксама ўстанавілі канстытуцыйна адзіны дзень галасавання, — удакладніў ён. — У гэты дзень будуць выбраны дэпутаты парламента, мясцовых саветаў (у нас абласныя, раённыя і сельскія захаваны саветы, як гэта было ў савецкія часы.). І 17 сакавіка пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Расіі. Перыяд такі няпросты, але, як вы бачыце, ён праходзіць спакойна. І я ўпэўнены, мы спакойна падыдзем да гэтых дат і таксама спакойна правядзем гэтыя мерапрыемствы».

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі шэраг выніковых дакументаў.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы зацверджаны Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады. Дакумент накіраваны на далейшае фарміраванне нарматыўнай прававой базы для развіцця сумеснага эканамічнага патэнцыялу і галіновага ўзаемадзеяння ў розных сферах; развіццё канкрэтных праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, транспарту, адукацыі, статыстыкі, спорту і турызму, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, у інфармацыйнай прасторы.

Таксама прынята рашэнне аб стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы. Плануецца, што ў структуру медыякампаніі ўвойдуць тэлеканал, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і рэсурсны медыяцэнтр па стварэнні, адаптацыі і распаўсюджванні кантэнту ў лічбавым асяроддзі. Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы пры гэтым будзе ліквідавана.

На пасяджэнні ВДС зацверджана Стратэгія навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года. Зацверджаны план мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама прысуджаны прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».