Калі сыходзіць нехта з гэтых людзей, звычайна гавораць: сыходзіць эпоха. Сапраўды, яны — знакамітыя, моцныя, таленавітыя аграрыі былі лепшым увасабленнем той эпохі, бо ў многім апярэджвалі час. На Брэстчыне можна згадаць Уладзіміра Бядулю, Уладзіміра Ралько, Абрама Мацкоўскага, Яўгена Кудзінава, Леаніда Лявонава ды іншых... Генрых Траццяк, відаць, апошні з гэтай кагорты, чыя гаспадарка некалі грымела дасягненнямі ва ўсёй былой вялікай краіне.
Дзевяць дзён таму Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк сышоў у іншы свет. І пакінуў пра сябе не толькі добрую памяць, але і канкрэтнае яе ўвасабленне. Аўтару гэтых радкоў давялося пазнаёміцца з Генрыхам Міхайлавічам восем гадоў таму, калі ён ужо амаль два дзесяцігоддзі быў пенсіянерам, але з энергіяй, якой варта пазайздросціць маладым, адраджаў сваё любімае дзецішча — былую панскую сядзібу ў Флер’янове. Паступова яна стала месцам сустрэч творчых людзей, пляцоўкай для правядзення розных культурных мерапрыемстваў.
Мы з ім доўга гаварылі тады, ён ахвотна расказваў пра сябе. Думаю, варта згадаць некаторыя факты яго біяграфіі. Генрых Траццяк у Флер’янове быў не чужым. Ён нарадзіўся і вырас у тутэйшых мясцінах. А ў 1969 годзе вярнуўся сюды пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі дыпламаваным аграномам. ВНУ, дарэчы, скончыў з адзнакай, выпускніка запрашалі застацца ў аспірантуры. Але ён вырашыў, што тэорыя без практыкі нежывая, таму папрасіўся ў калгас. Кандыдацкую дысертацыю малады аграном абароніць потым, намнога пазней. А пакуль Генрых заняў пасаду агранома ў гаспадарцы, якая мела ўраджайнасць дзевяць цэнтнераў збожжа. Праз год там сабралі ўжо 18 цэнтнераў з кожнага гектара. А яго на агульным сходзе калгаснікаў абралі старшынёй. 28 гадоў Генрых Міхайлавіч кіраваў калгасам. І гаспадарка яго была адной з лепшых не толькі ў рэспубліцы, але ва ўсёй вялікай краіне. Згадзіцеся, у 1987 годзе яшчэ мала хто мог пахваліцца ўраджайнасцю ў 62 цэнтнеры.
А ў калгасе імя Ламаносава атрымлівалі роўна столькі. Таму ўзнагароджанне старшыні ордэнам Леніна і Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы стала лагічнай адзнакай поспехаў яго прадпрыемства. Варта заўважыць, што ў гарбачоўскую эпоху званні герояў давалі значна радзей, чым у папярэднюю. Таму прысваенне высокага звання Генрыху Траццяку ў 1988 годзе можна лічыць сведчаннем асабліва выбітных поспехаў калгаса імя Ламаносава. Адным словам, гаспадарка грымела амаль на ўвесь Саюз.
А праўленне калгаса знаходзілася ў былой панскай сядзібе, на гісторыю якой тады асаблівай увагі ніхто не звяртаў.
У 1990-я гады ўсё пачало хутка мяняцца. І як толькі споўнілася 60 гадоў, Генрых Траццяк пайшоў на пенсію. Новы кіраўнік палічыў былое памяшканне праўлення занадта старамодным і ўсталяваў офіс сваёй гаспадаркі ў суседнім двухпавярховым будынку. А былы фальварак Бохвіцаў як усялякае пакінутае жытло пачаў пакрысе прыходзіць у заняпад. На шчасце, дом самога Траццяка знаходзіцца зусім побач з названай сядзібай. І Генрых Міхайлавіч проста прыглядваў за будынкам, інакш яго разрабавалі б і разнеслі, як не аднойчы здаралася з нічыйнымі пабудовамі. А так дом паволі і зарастаў, і сам сабой ціха разбураўся.
Герой Сацыялістычнай Працы тым часам не сядзеў, склаўшы рукі, на пенсіі, актыўна займаўся грамадскай работай і ў сваёй вёсцы, і ў раёне. Але думка пра тое, як захаваць жыццё старой сядзібы Бохвіцаў, заўсёды прысутнічала, можа, нават на ўзроўні падсвядомасці. Генрых Міхайлавіч зацікавіўся гісторыяй «флер’яноўскага кута» і адкрыў для сябе столькі цікавага! Яшчэ напачатку ХХ стагоддзя фальварак набыў вядомасць дзякуючы творам і пісьмам Элізы Ажэшкі. Пісьменніца гасцявала і папраўляла сваё здароўе ў Флер’янове, і так пасябравала з яго гаспадарамі, што прысвяціла ім сваю самую лірычную кнігу «Збор лістоў» ды шмат іншых невялікіх твораў, у тым ліку эпісталярнага жанру. Ёсць версія і пра рамантычнае каханне славутай пісьменніцы да гаспадара сядзібы Тадэвуша Бохвіца. Адзін з даследчыкаў творчасці назваў флер’яноўскія канікулы Ажэшкі яе апошняй прыгодай. Праведзенае пісьменніцай лета ў гэтым фальварку стала апошнім у яе жыцці. Але застаўся дуб, пасаджаны рукой пісьменніцы ў 1909 годзе побач з домам, пра гэта нагадвае мемарыяльная таблічка, якая ўстаноўлена даволі даўно…
Потым чаго толькі не пабачыла старадаўняя сядзіба. У Першую сусветную немцы вывезлі кованую браму, якая служыла ўпрыгажэннем фальварка. У Другую сусветную, падчас акупацыі, паводле ўспамінаў старых людзей, тут дыслацыравалася нямецкая жаночая дыверсійная школа. Потым размяшчалася кантора МТС (машынна-трактарная станцыя. — Аўт.), апошнім гаспадаром, як ужо гаварылася, быў калгас.
Двухпавярховы драўляны дом быў узведзены Бохвіцамі недзе ў 1870–1875 гадах. Пазней да яго дабавілі парадную прыбудову з чырвонай цэглы, якая, на першы погляд, стварае рэзкі кантраст. Але вельмі хутка да яе прывыкаеш, яна нечым нагадвае паменшаную копію замкавых сцен з вежамі і выглядае даволі прыгожа. Асабліва здалёк. А зблізку — відно, што дзе-нідзе сцяна адрамантаваная.
Калі пачалі шмат гаварыць пра рэстаўрацыю гістарычных аб’ектаў ды і нямала рабіць на гэтым шляху, Генрых Траццяк зацікавіўся
перспектывай куплі гэтага аб’екта за адну базавую велічыню. І звярнуўся з адпаведнай заявай да сходу сельгаспрадпрыемства, таму што будынак быў на балансе СВК. Заяву напісаў, а жонцы Ларысе Паўлаўне пакуль рашыў не казаць. Не ведаў, як яна ўспрыме. Яны выгадавалі траіх сыноў. На той час старэйшыя ўнукі былі студэнтамі. Бацькі іх жылі на зарплату, свайго бізнесу не мелі. І як усе дзяды з бабулямі, Траццякі ім, бывала, дапамагалі. Узяцца ж за такі аб’ект азначала пастаянна выдаткоўваць грошы. Думаў, што называецца, і днём, і ноччу, а жонцы да часу пра планы не казаў. Калі ж сход прыняў рашэнне, гэта значыць яго былыя калгаснікі прагаласавалі, каб старую сядзібу аддаць, прыйшоў дадому і з парога аб’явіў. Па дарозе абдумваў розныя варыянты, чакаў яе слоў як прысуду... А яна паглядзела з разуменнем і вымавіла нешта накшталт:
— Ну, вядома. Правільна зрабіў. Цяпер будзем разам займацца.
І гэта была радасць у яго жыцці, не меншая, а можа, і больш значная, чым ранейшыя ўзнагароды. Потым разважыў: хіба магло ў іх з Ларысай быць інакш? Некалі яе, карэнную ленінградку, прывёз у вёску. Не адмовілася жыць тут, не настаяла на аспірантуры і перспектыве застацца хоць бы ў Горках. Шмат гадоў таму раздзяліла з ім усе цяжкасці старшынёўства. На пачатку іх жыцця ў вёсцы яна, маці малых дзяцей, хадзіла за сем кіламетраў на работу ў школу, бо бліжэй школы не было, і не патрабавала для сябе службовую машыну. Так што, усвядоміў яшчэ раз без малога 80-гадовы чалавек, Ларыса Паўлаўна — яго самая надзейная апора. І гэта таксама надало сілы ў новых клопатах.
А іх навалілася многа. Дакументы былі зроблены ў 2012 годзе, заплачана славутая адна базавая і яшчэ 500 долараў у эквіваленце за афармленне папер. З таго часу былая сядзіба Бохвіцаў стала прыватнай уласнасцю Генрыха Траццяка. Па дамоўленасці з жонкай ён траціў палову пенсіі кожны месяц на будаўнічыя матэрыялы і аплату працы наёмнага рабочага. Але гэтага, вядома, не хапала. Даводзілася нешта «пазычаць» з асабістых зберажэнняў, вышукваць іншыя магчымасці. З фізічнай часткай работы дапамагалі сябры, родныя, блізкія.
...Помню, як Генрых Міхайлавіч адчыніў веснічкі і запрасіў зайсці. І тут жа са смехам згадаў: «Калі ў 2012 годзе мне прадалі гэты дом, умоўна кажучы, за базавую велічыню, адзін карэспандэнт напісаў, што гады праз тры тут будзе двухметровая агароджа і аўчарка пры весніцах. Бачыце, няма ні плота ў рост чалавека, ні сабак злых, кожны можа зайсці сюды». І расказваў далей:
— За гэты час паступова ўдалося прыбраць кустоўе і бур’ян, уставіць вокны, дзе іх не было, паправіць дах, замазаць дзіркі ў столі, памяняць гнілыя дошкі ў падлозе, зрабіць шмат іншага. Пасля ачысткі запрацаваў камін, якому больш за сто гадоў. Прыведзена ў парадак яшчэ адна печка, якая добра абагравае памяшканне. Сцены ў пярэдніх залах ачышчаны і атынкаваны, выглядаюць зараз не запушчанымі, а цалкам прыстойнымі.
— Мы гэта зрабілі прымітыўным спосабам, — працягваў Генрых Міхайлавіч, — падраўнялі сцены самі, як змаглі. Калі рабіць сапраўдны рамонт, трэба наймаць спецыялістаў, пакуль на гэта сродкаў няма. Чыста, з даху не цячэ, можна людзям зайсці, вось з мяне і даволі.
А гэта яшчэ адзін фрагмент з той нашай гутаркі:
— Некаторыя мне гавораць: чаму табе не сядзіцца на пенсіі з вудай на беразе альбо з кніжкай на канапе? Каб адрадзіць гэтую сядзібу па-сапраўднаму, трэба многія сотні тысяч долараў. А што твая пенсія, памножаная на энтузіязм? А я ім адказваю, што не стаўлю задачу адрадзіць фальварак у першапачатковым выглядзе.
Я стаўлю задачу: не даць загінуць. Пакуль і гэтага хопіць. Я яе ратую, а яна мяне.
Яшчэ ён расказваў, як тры гады таму баяўся падняцца на некалькі жэрдак па драбінах, каб сарваць яблыкі з дрэва. Спіна балела, ногі трымцелі. А цяпер сам на страсе чарапіцу папраўляе: «Нібы другое дыханне паявілася. Не ведаю, як гэта назваць. Відавочна, што мы вельмі мала знаем як пра свой арганізм, так і пра пабудову сусвету ў цэлым», — заключыў 80-гадовы чалавек.
— Як вядома, лепшы адпачынак — гэта перамена дзейнасці. Яшчэ разумныя людзі кажуць: калі ты лёг на канапу, ты пачаў паміраць. Жывы чалавек — пакуль рухаецца, пакуль робіць нешта патрэбнае. Вось пасадзіла Эліза Ажэшка дуб, яе самой ужо сто гадоў няма, а дуб расце. Мы ўсе яе ўспамінаем, таблічку прымацавалі.
Летам 2015 года ў былой сядзібе Бохвіцаў прайшло раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных». Сабралася з дзясятак фальклорных калектываў, паказвалі сваё мастацтва. Былі і рамеснікі, народныя майстры. Свята, адным словам, удалося. А яшчэ летам у былы панскі дом сталі прыходзіць вясковыя дзеці. Ларыса Паўлаўна арганізоўвала нешта накшталт гуртка паэзіі і музыкі. Школьнікі, у тым ліку тыя, што гасцявалі ў бабуль на канікулах, бралі з сабой музычныя інструменты, іншыя спявалі альбо дэкламавалі вершы. Дзеці хутка палюбілі гэтыя вячоркі каля каміна. Меншыя атрымлівалі салодкія прызы, большыя — магчымасць выступіць на публіцы. І ў гэтым угадваецца пэўная пераемнасць традыцый. Эліза Ажэшка пакінула ўспаміны, як пасля абеду штодзень на верандзе ладзіліся чытанні і літаратурныя дыскусіі.
...Генрых Міхайлавіч, сапраўды, укладваў у гэтую справу ўсю душу, здолеў прыцягнуць грамадскасць, прадстаўнікоў працоўных калектываў, аб’яднаў вакол сябе сотні людзей. І цяпер сядзіба служыць людзям. З 2017 года тут праходзяць «Флер’яноўскія чытанні», на якіх збіраюцца літаратары, навукоўцы, дзеячы мастацтва, прыязджаюць знакамітыя выхадцы з Ляхаўшчыны.
У афіцыйным некралогу Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў, абласнога Савета ветэранаў гаворыцца, што жыццё Генрыха Траццяка з’яўляецца яркім прыкладам адданасці сваёй краіне, узорам сумленнасці, прыстойнасці і высокага прафесіяналізму. Лепей, відаць, і не скажаш. А лепшым помнікам патрыёту сваёй Айчыны будзе далейшае жыццё гістарычнай сядзібы, адраджэнню якой ён прысвяціў ладны кавалак жыцця.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з архіва аўтара
Пра што трэба падумаць і як рэальна ацаніць свае сілы перад усынаўленнем?
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.