Вы тут

Падрабязнасці асабістага прыёму грамадзян, які днямі правяла Качанава


На працягу больш як дзесяці гадзін Старшыня Савета Рэспублікі размаўляла з людзьмі. Каб трапіць на прыём да спікера верхняй палаты парламента, многія з іх пераадолелі адлегласць у сотні кіламетраў. Жыхары рэгіёнаў ехалі ў Савет Рэспублікі з апошняй надзеяй: дагэтуль многія з іх беспаспяхова прайшлі шэраг інстанцый. Наталля Качанава ўважліва выслухала кожнага — у выніку прыняты канкрэтныя рашэнні, дадзены даручэнні рэспубліканскім і мясцовым органам дзяржаўнага кіравання, некаторыя пытанні спікер узяла на асабісты кантроль.


Якаснае водазабеспячэнне будзе!

Брастаўчанак Анастасію, Юлію і Ірыну прывяло ў сталіцу жыллёвае пытанне. Жанчыны паведамілі, што жывуць у эксперыментальным доме, пабудаваным у 2019 годзе для шматдзетных і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Яны падзяліліся, што ў свой час былі вельмі шчаслівыя атрымаць ключы ад уласнага жылля. Аднак неўзабаве іх настрой пачаў мяняцца... Справа ў тым, што, са слоў заяўніц, у доме вельмі дрэнная якасць вады. Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі камунальных службаў рэгулярна праводзяць пэўныя работы, такая вада не дазваляе гаспадыням нават гатаваць на ёй ежу. Для піцця яна ўвогуле непрыдатная. Больш за тое, на фоне няякаснай вады псуюцца катлы, якія даводзіцца рэгулярна мяняць, выходзяць са строю пральныя машыны. Апошнім часам жыхары шматкватэрнага дома сутыкнуліся яшчэ і з праблемай ацяплення.

Наталля Качанава пацікавілася ў намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкама, які прысутнічаў на прыёме, навошта ўвогуле ў абласным цэнтры, дзе ёсць цэнтральнае ацяпленне, будуюць дамы з катламі. Па словах Андрэя Ільяшука, будаваць дамы менавіта з такой сістэмай водазабеспячэня эканамічна мэтазгодна — гэтая практыка сябе добра зарэкамендавала. «Са свайго боку мы прапаноўваем забраць гэты дом на дзяржаўнае забеспячэнне», — дадаў ён.

Як заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі, варта шукаць прычыну праблемы. Пры гэтым, па яе словах, не мае значэння, будзе гэты дом на балансе ЖКГ або на балансе таварыства ўласнікаў. Спікер паставіла задачу — забяспечыць якаснае ацяпленне і водазабеспячэнне жылога дома. Адпаведныя даручэнні дадзены губернатару Брэсцкай вобласці і міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Трэба разабрацца і прыняць усе меры, каб такіх праблем у людзей не было», — рэзюмавала Наталля Качанава. Пры гэтым спікер акцэнтавала ўвагу на тым, што няўжо па такіх пытаннях людзі павінны ехаць у Мінск. Праблемы такога роду, па яе меркаванні, варта вырашаць на мясцовым узроўні.

Паводзіны суседа — на кантролі

Наталля Пятроўна прыехала на прыём грамадзян з Ельска. Пераадолець немалую адлегласць жанчыну прымусіў канфлікт з суседзямі. Пенсіянерка паведаміла, што на працягу доўгага часу яна жыла з імі душа ў душы. Але калі некалькі гадоў таму іх сваяк вызваліўся з месцаў зняволення, адносіны паміж суседзямі пагоршыліся. Увогуле, заяўніца разам са сваімі блізкімі баяцца жыць з імі побач: мужчына з турэмным мінулым пастаянна пагражае пенсіянерам, больш за тое, неаднаразова прымяняў да сваіх суседзяў фізічную сілу. Акрамя таго, жанчына паскардзілася на незаконныя прэтэнзіі з боку суседзяў да іх зямлі, наўмыснае забруджванне домаўладання нафтапрадуктамі.

«З зямельнымі пытаннямі разбяромся, — адзначыла Наталля Іванаўна. — Па пытаннях, якія датычацца камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дадзім даручэнне міністру. Зробім усё, што ад нас залежыць».

Што да незаконных паводзін суседа, як запэўніў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Купчэня, прадстаўнікі цэнтральнага апарату ведамства выедуць на месца і ўважліва разгледзяць зварот. «Па ўсіх фактах праводзіліся праверкі, мужчына за гэта прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, — паведаміў палкоўнік міліцыі. — Ён стаіць на ўліку ў міліцыі. Паводзіны гэтага чалавека будуць узяты на кантроль. Разбяромся па кожным факце».

Працаваць і атрымліваць дапамогу на дзіця: ёсць выключэнні

Наталля Вітольдаўна прыехала ў Савет Рэспублікі з Гродна. Жанчына расказала, што адна выхоўвае траіх дзяцей. Знаходзячыся з малодшым у дэкрэтным адпачынку, яна на паўстаўкі дыстанцыйна працавала ў расійскай кампаніі. Пры гэтым не выязджала за межы Рэспублікі Беларусь. Нашым заканадаўствам не забаронена працаваць, будучы ў дэкрэтным адпачынку: у такім выпадку той, хто знаходзіцца ў дэкрэце, можа разлічваць на 50% ад дапамогі па доглядзе дзіцяці. Заяўніцы ў дапамозе на дзіця было адмоўлена, паколькі яна працавала ў інтарэсах іншай дзяржавы. Па прызначэнне выплаты ёй было рэкамендавана звярнуцца ў Расійскую Федэрацыю. Аднак, як высветлілася, і там, згодна з расійскім заканадаўствам, жанчына не мае права на дапамогу па доглядзе дзіцяці.

Як патлумачыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, грамадзяне Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, якія працуюць на тэрыторыі дзвюх краін, трапляюць пад дзеянне дагавора аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. «Дапамога не прызначалася, пакуль вы знаходзіліся ў працоўных адносінах з Расійскай Федэрацыяй, — звярнуўся прадстаўнік ведамства да заяўніцы. — Артыкул 5 дадзенага дагавора сведчыць аб тым, што грамадзяне, якія працуюць па працоўных дагаворах, трапляюць пад заканадаўства той дзяржавы, дзе яны працуюць. Наталля Вітольдаўна, заключыўшы працоўны дагавор з Расійскай Федэрацыяй, на падставе заканадаўства гэтай краіны трапляе поўнасцю пад юрысдыкцыю Расійскай Федэрацыі. Таму прызначыць ёй дапамогу ў Рэспубліцы Беларусь мы не маглі. Пасля таго, як дагавор быў скасаваны, дапамога была прызначана».

Сапраўды, з верасня мінулага года Наталля Вітольдаўна атрымлівае патрэбныя грошы, якія выплачваюцца ёй нашай дзяржавай. Аднак для гэтага яна вымушана была звольніцца з работы. Жанчына ставіць пытанне аб аднаўленні ёй нявыплачанай за 11 месяцаў дапамогі.

Наталля Качанава адзначыла, што сітуацыя патрабуе дасканалага вывучэння. «Будзем разбірацца, у выніку чаго вас праінфармуем», — паабяцала яна.

Хоча служыць, але не можа

Са сваёй бядой да Старшыні Савета Рэспублікі звярнулася жыхарка Касцюковічаў. Наталля Мікалаеўна расказала, што яе сын вучыўся ў Ваеннай акадэміі. Па пэўных прычынах ён быў адлічаны. Маладога чалавека прызвалі ў армію, пасля службы ён уладкаваўся ў Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «Зубр» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У кастрычніку мінулага года малады чалавек трапіў у рэанімацыю, пасля чаго быў устаноўлены дыягназ — цукровы дыябет 1 тыпу. У сувязі з праблемамі са здароўем працягваць службу ў сілавых структурах сын жанчыны не можа, але вельмі гэтага жадае. Больш за тое, з-за навучанне ў Ваеннай акадэміі, якую ён не скончыў, грамадзянін павінен выплаціць дзяржаве немалую суму.

Як патлумачылі прадстаўнікі Міністэрства абароны, якія прысутнічалі на прыёме грамадзян, згодна з дзеючым Палажэннем аб парадку праходжання ваеннай службы, грамадзяне, якія былі адлічаны з ваенных навучальных устаноў па асобных прычынах, павінны кампенсаваць шкоду дзяржаве. Ад кампенсацыі вызваляюцца грамадзяне, якія паўторна паступаюць на службу ў сілавыя структуры, у тым ліку Следчы камітэт, органы ўнутраных спраў і МНС. Такім чынам, дадзены малады чалавек, аб якім ідзе размова, не выплачваў грошы за навучанне, бо служыў у інтарэсах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Але, паколькі з-за стану здароўя ён вымушаны быў спыніць службу, зноў стала пытанне аб кампенсацыі шкоды дзяржаве.

Міністэрства абароны аператыўна зрэагавала на сітуацыю і, каб падобных выпадкаў больш не ўзнікала, працуе над папраўкамі ў Палажэнне аб парадку праходжання ваеннай службы. Як расказаў у размове з журналістамі начальнік упраўлення прававога забеспячэння Міністэрства абароны Сяргей Саута, на дадзены момант ад кампенсацыі расходаў за навучанне ў ваенных ВНУ вызваляюцца грамадзяне, якія паўторна паступілі ў сілівыя структуры і на працягу пяці гадоў выконваюць свае службовыя абавязкі. Пры гэтым не ўлічваецца такая акалічнасць, як пагаршэнне стану здароўя, у сувязі з чым грамадзянін не можа працягваць службу. Плануецца ўнесці ў заканадаўства норму аб тым, што грамадзянін вызваляецца ад кампенсацыі расходаў і ў выпадку, калі падчас паўторнага праходжання службы ён захварэў або быў звольнены па хваробе.

Па словах Сяргея Сауты, унясенне гэтага змянення шчыльна пераплятаецца з законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». «Як толькі закон будзе прыняты, мы будзем прыводзіць у адпаведнасць з ім і адпаведны ўказ, — удакладніў ён. — Але да гэтага часу, я думаю, мы паспеем узгадніць яго з усімі дзяржорганамі і фактычна адразу ж запусцім у работу. Думаю, гэта будзе даволі хутка».

Улічваючы дыягназ сына, маці звярнулася да Старшыні Савета Рэспублікі з просьбай дапамагчы яму з працаўладкаваннем. Спікер верхняй палаты парламента паставіла задачу — падабраць маладому чалавеку работу ў сілавых структурах: тую, якую можна выконваць з улікам дыягназу. Хутчэй за ўсё, гэта будзе цывільная пасада. «Нам патрэбны такія хлопцы, тым больш яму падабаюцца сілавыя структуры», — звярнула ўвагу Наталля Качанава.

Як падзялілася пасля прыёму заяўніца, яна задаволена вынікам сваёй паездкі ў Мінск. «Вывучыўшы заканадаўства, зразумела, што існуе невялікі прабел, — кажучы аб прычыне свайго звароту, патлумачыла Наталля Мікалаеўна. — Мяне запэўнілі, што карэкціроўка адпаведнага дакумента ўжо вядзецца. Магчыма, гэта спатрэбіцца не толькі нам, але і яшчэ камусьці». Жанчына падзякавала Наталлі Іванаўне за тое, што спікер паабяцала дапамагчы яе сыну з працаўладкаваннем.

Пытанні, з якімі грамадзяне падчас асабістага прыёму звярталіся да Старшыні Савета Рэспублікі, знаходзяцца ў зоне адказнасці розных службаў і ведамстваў. Людзей традыцыйна хвалюе якасць і тэрміны будаўніцтва, паляпшэнне жыллёвых умоў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, працаўладкаванне, медыцынскае абслугоўванне і многае іншае. Практычна ўсе пытанні, агучаныя падчас прыёму грамадзян, з’яўляюцца прэрагатывай мясцовых органаў улады. Калі б у рэгіёнах своечасова і кампетэнтна рэагавалі на запыты людзей, не было б вялікай колькасці зваротаў у Савет Рэспублікі. Толькі ў 2023 годзе членамі верхняй палаты парламента было разгледжана каля 7,5 тысячы зваротаў. Праведзены 716 асабістых прыёмаў грамадзян, 361 прамая тэлефонная лінія, 2114 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. І гэтая работа працягваецца, бо ўзаемадзеянне з насельніцтвам — адна з прыярытэтных задач членаў Савета Рэспублікі, якую яны выконваюць якасна і эфектыўна.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.