Вы тут

Жаночы алкагалізм як праблема дзіцяці


Маці — святло і сонца ў хаце... Але, на жаль, гэта не заўсёды так. Як ні прыкра, але часам здараецца так, што думкі жанчыны звязаны не з клопатам аб дзіцяці, а з пастаяннымі пошукам грошай на пакупку чарговай «дозы».


«Не жыве, а прапівае сваё жыццё»

«Жаночы алкагалізм — вялікая праблема, — кажа Вікторыя (імя жанчыны па этычных прычынах зменена). — Усё пачынаецца вельмі нявінна — з кактэйляў, але з часам мера нармальнай колькасці ўжывання алкаголю размываецца. Калісьці табе падавалася, што келіх віна — норма, а праз нейкі час бутэлька ў дзень ужо не праблема. Так здарылася і з маёй мамай. Яны з татам вельмі шмат працавалі і сваю стомленасць развейвалі пры дапамозе алкаголю. Калі раней тое падавалася свавольствам — то цяпер гэта алкагалізм, які высмоктвае жыццё з чалавека. Я была дзіцем, і, калі бацькі пілі, гэта станавілася нагодай папрасіць больш салодкага ці падштурхнуць да пакупкі новых рэчаў. Але калі гэта перарастае ў сваркі і лаянку, ты пакутуеш і гатовы схавацца так, каб цябе не змаглі знайсці. Мне пашанцавала: у мяне была сястра, разам лягчэй было адключацца ад таго, што адбывалася. Мяне выцягваў яшчэ спорт, бо з-за моцнай занятасці на трэніроўках усё ўспрымалася лягчэй... П’янства маці ў любым выпадку адбіваецца на дзіцяці. Адчуваю, што я вельмі эмацыянальная і з лёгкасцю магу расплакацца ў нязначнай сітуацыі. Але, гледзячы на сітуацыю з бацькамі, дакладна разумею, што гэта не мой шлях і не мая хвароба! 

Я чытала кнігі, шукала ў сабе сілы не пражываць іх жыццё. Але адназначна мне балюча і крыўдна за іх! Бо яны заўсёды рухаліся і кудысьці да чагосьці імкнуліся, а алкаголь перашкодзіў ім дабіцца тых мэт, якія для сябе ставілі. І самае страшнае, што яны не жывуць, а прапіваюць сваё жыццё. Я спрабавала дапамагчы. Прывозіла дадому ўрачоў, ледзь не сілай адвезла на лячэнне, але кадзіроўка дапамагла роўна на тры гады. Потым ізноў моцныя запоі. І гэта не проста запоі — цела за гэты час мяняецца. Цяпер мама выглядае не як жанчына 50 гадоў, якая большую частку свайго жыцця займалася спортам, а як старэнькая бабулька. Я зразумела, што адзінае, чым магу дапамагчы, — падтрымаць у той момант, калі яна прызнае сваю хваробу і скажа, што сама хоча змяніць сваё жыццё!»

Пра эмацыянальныя арэлі, пачуццё сораму і прапрацоўку траўмы

Мама, якая выпівае, — адно з самых вялікіх няшчасцяў для дзіцяці. Як правільна паводзіць сябе сыну ці дачцэ ў гэтай сітуацыі? Ці можна дапамагчы блізкаму чалавеку пачаць лячэнне ад алкагалізму альбо застаецца толькі змірыцца з паступовай дэградацыяй і кожны дзень чакаць бяды? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае дзіцячы і сямейны псіхолаг Таццяна Шаранда.

— У кожнай жанчыны-алкагалічкі свой шлях: хтосьці пачынае злоўжываць з юнацкіх гадоў, другіх «багна» зацягвае пазней. На жаль, у гэтай каварнай хваробы няма ні полу, ні ўзросту. Затое даўно навукоўцамі даказана, што жаночы алкагалізм вельмі цяжка паддаецца лячэнню... Справа ў тым, што алкагольная залежнасць у жанчын развіваецца ў 5-6 разоў хутчэй, чым у мужчын, і носіць больш яркі таксічны эфект. Калі мужчыну, каб спіцца, патрэбны гады, то жанчыне дастаткова і некалькіх месяцаў.

У хлопчыкаў і дзяўчынак, якія растуць з маці-алкагалічкай, шмат праблем, у тым ліку і з самаацэнкай, якая ў іх ніжэйшая за плінтус. Таму вельмі важна, каб з імі працаваў педагог-псіхалаг. 

Акрамя таго, жаночы алкагалізм больш асуджаецца грамадствам. І тут замкнёнае кола. Чым больш грамадства асуджае, тым больш жанчына хавае сваю залежнасць. Таму вельмі часта жаночы алкагалізм выяўляецца на позніх тэрмінах...

— Жаночы алкагалізм негатыўна ўплывае на дзіцячую псіхіку. Нездарма ж ёсць старая народная мудрасць: «Калі п’е муж, гарыць дах. Але калі п’е жонка, гарыць увесь дом». Што адчуваюць дзеці, з якімі праблемамі сустракаюцца і як іх пражываюць?

— Мама, якая п’е, — сапраўды, на парадак страшнейшая за тату-алкаголіка. Дастаткова распаўсюджаная сітуацыя, калі жанчына пачынае піць пасля нараджэння дзіцяці. Прычынай можа стаць любая стрэсавая сітуацыя, напрыклад, тое, што муж пачынае здраджваць ці сыходзіць з сям’і. Яна застаецца адна з дзіцем і, спрабуючы збегчы ад рэальнасці, пачынае гасіць стан трывогі і страху перад будучыняй алкаголем. Дзіця ж становіцца заложнікам сітуацыі і з самага нараджэння расце ў нестабільным псіхалагічным клімаце. Для мамы, якая пад уплывам стрэсу выпівае, характэрныя пастаянныя эмацыянальныя арэлі, перапады настрою. Сёння раніцай яна абдымае дзіця, а вечарам можа на яго накрычаць проста таму, што яе раздражняе дзіцячы плач. Тое, што раніцай было добра, вечарам становіцца дрэнна. Дзіця не разумее, што адбываецца, не ведае, як сябе правільна паводзіць. У выніку ў яго фарміруецца вельмі высокі ўзровень трывожнасці, страх не дагадзіць маме. (Калі ў сям’і яшчэ і такі ж тата ці сужыцель-алкаголік, то сітуацыя пагаршаецца...) Страх, трывога, напружанне, няўпэўненасць у сабе адбіваюцца на развіцці дзіцяці, яны будуць блакіраваць інтэлектуальныя здольнасці ў малечы.

Па меры сталення да страху і трывожнасці пачынае дадавацца пачуццё сораму за паводзіны маці... (Часта ад сваіх ужо дарослых кліентаў я чула: «Мама п’е, а мне так сорамна, што я гатова праваліцца скрозь зямлю».) Сораму перад суседзямі, аднакласнікамі, настаўнікамі, калегамі мамы па рабоце, якія тэлефануюць і шукаюць яе падчас чарговага запою. Дзеці пачынаюць хлусіць. Яны не хочуць, каб іх шкадавалі, таму прыкрываюць маці-алкагалічку. Звычка хлусіць, дарэчы, можа застацца на ўсё жыццё. У выніку падлеткі замыкаюцца ў сабе, становяцца скрытнымі і замкнёнымі. Для многіх з іх характэрная дэпрэсія, суіцыдальныя думкі.

Ужо потым, як ні парадаксальна, у такіх дзяцей можа развівацца пачуццё віны, уласнай непаўнавартаснасці: «Гэта я ва ўсім вінаваты, я прапускаў урокі, дрэнна вучыўся, таму настаўнікі сталі хадзіць да маёй мамы». У хлопчыкаў і дзяўчынак, якія растуць з маці-алкагалічкай, шмат праблем, у тым ліку і з самаацэнкай, якая ў іх ніжэйшая за плінтус. Таму вельмі важна, каб з імі працаваў педагог-псіхалаг. Апошні павінен растлумачыць дзецям, што яны не вінаваты ў паводзінах матулі і не павінны сябе карыць за тое, што яна п’е.

— Што рабіць дзіцяці, калі мама п’е кожны дзень?

— Перш за ўсё, трэба паспрабаваць знайсці дапамогу ў сваякоў, расказаць ім пра залежнасць маці. Ідэальна, калі дзяцей зможа забраць да сябе адэкватная бабуля. Калі ж нікога няма, то ўся надзея на сацыяльныя службы, выхавацельку, настаўнікаў, якія звернуць увагу на знешні выгляд дзіцяці, яго псіхаэмацыянальны стан. Бо, на жаль, дзеці не могуць самі сябе абараніць...

Падлеткам я параіла б у першую чаргу думаць пра сябе, свой псіхічны стан. Калі мама пасля чарговай п’янкі пачала крычаць, не паддавацца на правакацыю. Горшае, што можа зрабіць дзіця, — пачаць крычаць у адказ на яе крык. Падобныя паводзіны могуць вывесці жанчыну з сябе, і справа дойдзе да рукапрыкладства. Жыць з мамай-алкагалічкай звышскладана. Трэба неяк паспрабаваць выжыць у такой сітуацыі, не ператварыцца ў жанчынаненавісніка па жыцці. Раю засяродзіцца на сваіх захапленнях, падумаць аб будучай прафесіі, бо падлетак у сілах выправіць і наладзіць толькі сваё жыццё, а не лёс мамы.

Не так даўно я стала сведкай сумнай гісторыі. Да аўтобуснага прыпынку, на якім я стаяла, пад’ехаў аўтобус, людзі выйшлі, частка зайшла. Хлопчык гадоў 5-6 пачынае бегаць ад адных дзвярэй да другіх, правальваючыся ў снег, крычыць, плача, кліча бабулю. Пашанцавала, што кіроўца ўвайшоў у сітуацыю, не зачыніў дзверы, чакаў, калі з’явіцца бабуля. 

І тут па сходах спускаецца жанчына — сінюшная, худая, спецыфічна апранутая, з прапітым тварам і пракураным голасам. Груба звяртаецца да хлопчыка і зацягвае яго за руку ў аўтобус... Я не ведаю, чыё гэта дзіця — яе сына ці дачкі. Але ведаю адно: нармальная мама ніколі не даверыць сваё дзіця такой бабулі. Таму мяркую, што тая бабуля дала жыццё пэўнай колькасці бацькоў-алкаголікаў. Гэты хлопчык дагэтуль стаіць у мяне перад вачыма. Можна толькі ўявіць, у якім пекле ён жыве і праз што праходзіць...

Даследаванні псіхолагаў паказалі, што дарослыя дзеці бацькоў-алкаголікаў хоць і не п'юць, але маюць тыя ж праблемы, што і залежныя ад алкаголю, бо з дзяцінства пераймалі алкагольныя мадэлі паводзін. 

Маленькае дзіця і маці, якая п’е, — несумяшчальныя. Нічога добрага ў гэтай сітуацыі не варта чакаць. Работнікі прытулкаў гэта разумеюць, менавіта таму стараюцца як мага раней выявіць неспрыяльныя сем’і і часова ізаляваць малых, даць шанц бацькам адумацца і своечасова выкараскацца з «багны». Позняе выяўленне дрэннае тым, што дзеці (гэта закладзена прыродай) з нараджэння пераймаюць мадэль паводзінаў сваіх гора-маці, таму з часам, на жаль, становяцца іх копіяй. І тады дапамагчы ім выправіцца ўжо складана.

— Ці можа дзіця неяк дапамагчы сваёй маці?

— Як паказвае практыка, практычна нерэальна выцягнуць жанчыну з алкагалізму, ніякія ўгаворы, дэманстрацыя любові і ахвярнасць, якую часта дзеці, асабліва дзяўчынкі, праяўляюць у адносінах да сваёй мамы, не працуюць. Звычайна ў залежных людзей уключаецца абарончы механізм, і яны адмаўляюць праблему. Пачаць лячыцца залежная жанчына можа толькі тады, калі сама гэтага захоча. Алкагалізм — каварная хвароба, трэба вялізная сіла волі, каб з ёй справіцца.

— Што рабіць, каб дзіця не паўтарыла шлях гора-маці, а жыло іншым жыццём?

— Дзеці алкаголікаў вырастаюць і, як правіла, дзеляцца на дзве групы. Адны пераймаюць мадэль паводзін маці і сыходзяць у асацыяльны лад жыцця з усімі наступствамі. Іншыя ж выбіраюць дыяметральна супрацьлеглае: жорстка прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, дэманструюць сваю агіду да спіртнога. Сярод апошніх ёсць тыя, якія спрабуюць даказаць сваёй маме-алкагалічцы, якая іх прыніжала, абражала, што яны нешта значаць. Яны добра вучацца, паступаюць у ВНУ, займаюць высокія пасады. Тым не менш яны паступова «выпальваюць» самі сябе знутры, на жаль, для іх характэрныя псіхасаматычныя захворванні.

Даследаванні псіхолагаў паказалі, што дарослыя дзеці бацькоў-алкаголікаў хоць і не п’юць, але маюць тыя ж праблемы, што і залежныя ад алкаголю, бо з дзяцінства пераймалі алкагольныя мадэлі паводзін. У іх псіхіка залежнага чалавека. Дарослыя дзеці алкаголікаў жывуць з адчуваннем, што з імі штосьці не так — яны бясконца спрабуюць угадаць, што такое норма, як ім сябе паводзіць. Яны бязлітасна сябе крытыкуюць, што б ні зрабілі. Яны залежаць ад адабрэння наваколля і бясконца яго шукаюць. Жывучы ў праблемнай сям’і, яны не маглі з яе сысці і, з прычыны свайго дзіцячага мыслення, ускладалі адказнасць за тое, што адбываецца, на сябе. Тое ж мы бачым і ў дарослым жыцці. Яны, напрыклад, церпяць, калі ім месяцамі не плацяць зарплату. Або, баючыся, што іх пакінуць, гатовы падладжвацца пад любыя патрабаванні партнёра, адмаўляючыся ад сваіх жаданняў.

Калі маці злоўжывала алкаголем — гэта адна з самых цяжкіх і глыбокіх дзіцячых псіхатраўмаў. Яна быццам бы не кідаецца ў вочы, але ўсё жыццё будзе «сіфоніць». Да таго часу, пакуль чалавек не набярэцца смеласці і не пачне разбірацца, што з ім адбываецца. Бо, каб ад яе пазбавіцца, недастаткова катэгарычна для сябе не прымаць паводзіны мамы. Траўму абавязкова трэба прапрацаваць. Самае складанае — навучыцца не падманваць сябе. Гэта першы крок. Вельмі важна пазбавіцца ад пачуццяў нянавісці і крыўды ў адносінах да маці, якія разбураюць знутры. Прыняць той факт, што бацькоў не выбіраюць.

Пустата, якая ўзнікла з-за нездаровых адносін, найбольш эфектыўна лечыцца толькі правільнымі адносінамі. Такімі, у якіх ёсць месца павазе, падтрымцы, клопату і блізкасці. Каб сусрэць такога партнёра, неабходна, каб чалавеку з сіндромам «дарослае дзіця бацькоў-алкаголікаў» моцна пашанцавала. Другі шлях — гэта работа з псіхолагам, прычым лепш, калі гэта групавая тэрапія. Усе, напэўна, чулі пра групы ананімных алкаголікаў, але мала хто ведае, што ёсць яшчэ і групы для дарослых дзяцей бацькоў-алкаголікаў (таксама ананімныя і бясплатныя). Там вы знойдзеце тых, чые маці п’юць. Гэта вялізная тэрапеўтычная каштоўнасць — зносіны з людзьмі, якія перажываюць аднолькавыя сітуацыі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: Калі маме даражэй бутэлька...

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?