Вы тут

Калі дзясяты аўкцыён аказваецца рэзультатыўным


Па пытаннях прыцягнення ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, Брэсцкая вобласць летась паказала лепшы ў рэспубліцы вынік: план удалося выканаць на 75,7 працэнта, фактычна захаваўшы ўзровень мінулага года. Варта адзначыць, што восем гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў справіліся з гадавым заданнем у поўным аб’ёме. Пра некаторыя вынікі года, прыярытэты і асаблівасці работы ў мінулым годзе сённяшняя размова з намеснікам старшыні камітэта дзяржаўнай маёмасці Брэсцкага аблвыканкама Надзеяй Стральцовай.


Надзея Стральцова, Валерыя Дубіна, Эма Бокач

Салон прыгажосці і фітнес-клуб

Цікава, што месцам для гутаркі Надзея Мікалаеўна прапанавала выбраць не кабінет, а адзін з аб’ектаў, які ў свой час быў прададзены прыватным прадпрыемствам, атрымаў новае жыццё і служыць людзям. Мы накіраваліся ў самы цэнтр Брэста. Па вуліцы Гогаля, 61 знаходзіцца трохпавярховы будынак, здадзены ў эксплуатацыю ў 1954 годзе. Доўгі час ён выкарыстоўваўся ў якасці жылога фонду, тут быў гарадскі інтэрнат. Зараз на першым паверсе знаходзіцца салон прыгажосці «Кантынент», другі і трэці паверхі займае фітнес-клуб «Мфіт».

Гаспадыня «Кантынента» Эма Бокач расказала, што іх салон тут працуе ўжо чвэрць стагоддзя. Дваццаць гадоў памяшканне арандавалі, потым выкупілі першую палову паверха, а ў 2021 годзе — другую палову. «Увесь час сюды ўкладваліся сродкі, — гаворыць Эма Аляксееўна. — Але ж любы арандатар па зразумелых прычынах стараецца аддаваць перавагу касметычнаму рамонту. А вось калі памяшканне становіцца сваім, тады не лічышся з капіталаўкладаннямі. Будынак стары, інвестыцый запатрабавалі сістэмы вода-, энерга-, цеплазабеспячэння. Ну і знешні выгляд падтрымліваем, стараемся адпавядаць». У «Кантыненце» зараз працуе 50 чалавек, гэта адзін з самых вялікіх у рэспубліцы салонаў прыгажосці, яго плошча складае 300 квадратных метраў.

Гідам па фітнес-клубе, якім валодае прыватнае прадпрыемства «МІА-Інвест», выступіла памочнік яго дырэктара Валерыя Дубіна. Яна расказала, што залы клуба займаюць другі, трэці і цокальны паверхі будынка. Тут размяшчаюцца не толькі трэнажорныя, фітнес-залы, але і працуюць самыя разнастайныя секцыі. Ёсць дзіцячая секцыя каратэ, дзіцячая акрабатыка, шэраг дарослых секцый, нават група, якая займаецца боксам. Заняткі і трэніроўкі для выхаванцаў праводзіць таксама мадэльнае агенцтва. Карыстальнікаў мабільнага дадатку клуба налічваецца 6200 чалавек, значыць, прыкладна столькі ж атрымліваюць паслугі ўстановы. Клуб працуе з сямі раніцы да 23 гадзін.

Фітнес-клуб «Мфіт»

— Гэта проста цудоўна, што ў гістарычнай частцы горада паявіўся аб’ект, які служыць справе здароўя і прыгажосці, — падсумавала сустрэчу Надзея Стральцова. — Яшчэ вялікая ўдача, што новыя гаспадары карэнным чынам палепшылі знешні выгляд будынка, а ўнутры рамонт зрабілі ў адзіным стылі, нават захаваўшы элементы аўтэнтычнай цаглянай кладкі. Адным словам, прыемна ўсведамляць вынікі сваёй работы, гледзячы на падобныя комплексы сацыяльна-бытавога прызначэння ды іншыя патрэбныя людзям установы.

Меры на павышэнне эфектыўнасці

— Каб працэс прыцягнення ў гаспадарчы абарот камунальнай уласнасці ішоў больш актыўна, у вобласці ўстаноўленыя сціслыя тэрміны падрыхтоўкі дакументаў для продажу аб’ектаў і выстаўлення іх на таргі, — гаворыць далей Надзея Мікалаеўна. — Такі падыход дазваляе да канца года правесці поўны цыкл аўкцыёнаў з усімі этапамі зніжэння цаны продажу, і за базавую велічыню, і не аднойчы. Створаны алгарытм узаемадзеяння гаррайвыканкамаў і службаў камітэта. У выніку, да 1 ліпеня мінулага года былі арганізаваны аўкцыёны па продажы ўсіх запланаваных аб’ектаў. Акрамя таго, не ўпускаліся з-пад кантролю аб’екты, вызваленыя на працягу года, якія згодна з заканадаўствам не падлягаюць уключэнню ў графік. Аператыўна, не больш чым за месяц, мы вызначалі спосаб прыцягнення ў далейшы абарот і тэрміны наступных работ з аб’ектам. Скажам, закрылі ў нейкай вёсцы ФАП альбо сельскі клуб, згодна з законам першы год ён не ўключаецца ў пералік аб’ектаў на продаж, але мы адразу бяром на заметку будынак і на наступны год без прамаруджання ўключаем яго ў работу.

Прыняты яшчэ шэраг мер, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці работы. Як вынік, па аб’ектах, работа з якімі залежыць ад дзеянняў мясцовых органаў улады, мерапрыемствы рэалізаваныя ў поўным аб’ёме. А дакладней: тры аб’екты бязвыплатна перададзеныя ў прыватную ўласнасць, на 11-ці адноўлена карыстанне ў асабістых мэтах камунальнымі юрыдычнымі асобамі, 77 — ліквідаваны. Акрамя таго, здадзена ў арэнду і перададзена ў бязвыплатнае карыстанне 10 аб’ектаў, прададзена — 74. Усяго адпрацавана 175 аб’ектаў. Дарэчы, летась ад продажу камунальнай маёмасці мясцовыя бюджэты папоўніліся на 3,8 мільёна рублёў.

— Але ж не ўсе аб’екты прадаюцца?

— На жаль, гэта так. Крыху больш за чвэрць не ўдалося рэалізаваць. Не знайшліся пакупнікі на 28 аб’ектаў камунальнай маёмасці. Хоць кожны з іх таргаваўся з паэтапным зніжэннем кошту (мінус 50% ад першапачатковай цаны, затым мінус 80% і за адну базавую велічыню). У асноўным гэта аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. У іх ліку — сем дзіцячых садкоў і школ, шэсць сельскіх дамоў культуры, чатыры фельчарска-акушэрскія пункты, тры лазні. Летась на кожны з іх у сярэднім прыйшлося па 4,5 аўкцыёна, і ўсё роўна прадаць не ўдалося.

Калі прадаць не атрымліваецца

— І які іх далейшы лёс?

— У вобласці дзейнічае рабочая група па праблемных пытаннях прыцягнення ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца альбо выкарыстоўваецца неэфектыўна. У снежні група правяла пасяджэнне і вырашыла далейшы лёс вышэйназваных аб’ектаў. Палову з іх рэкамендавана працягваць рэалізоўваць на таргах. А вось другая палова знаходзіцца ў мясцовасці, неперспектыўнай для прадпрымальніцтва, і цягам некалькіх гадоў ніхто не праявіў інтарэс, таму яны прапанаваны пад знос. Але апошняе — не прысуд.

У інфармацыйных крыніцах размяшчаюцца звесткі аб магчымасці іх адчужэння. На працягу года па іх праводзіцца не менш за два кантрольныя аўкцыёны. Напрыклад, за папярэднія тры гады з такога пераліку прададзены 21 аб’ект плошчай 10,8 тысячы квадратных метраў.

Быў выпадак, калі пасля дзевяці няўдалых спробаў прадаць безнадзейныя пабудовы за адну базавую, быў намечаны іх знос. На дзясяты, апошні, аўкцыён ніхто асабліва не спадзяваўся, а ён аказаўся рэзультатыўным. Так што шанц не адправіць будынак пад бульдозер застаецца да апошняга. Дарэчы, зараз у пераліку, размешчаным на сайце аблвыканкама, 37 такіх аб’ектаў.

— Калі закрануць тэму работы на перспектыву, цікава даведацца, як складваецца сёння сітуацыя з аб’ектамі камунальнай уласнасці, прыцягнутымі ў гаспадарчы абарот у папярэднія гады, скажам, у 2021–2022 гадах?

— За ўказаны перыяд было ўведзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі, капітальнага рамонту альбо перапрафілявання рэалізаваных на таргах і бязвыплатна 224 аб’екты камунальнай маёмасці. Амаль дзве трэці з іх выкарыстоўваюцца. У тым ліку 92 сталі пляцоўкамі для прадпрымальніцкай дзейнасці, 37 будынкаў выкарыстоўваюцца фізічнымі асобамі для жылля і вядзення падсобнай гаспадаркі, 12 служаць дзяржаўным установам, у адной размясцілася грамадская арганізацыя. У названыя аб’екты ўкладзена 3,5 мільёна рублёў інвестыцый. Там створана 200 рабочых месцаў.

Яшчэ 56 аб’ектаў знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі да выкарыстання, вядуцца будаўнічыя работы, два знесены, і падрыхтаваны пляцоўкі для новых пабудоў, два перавезены на новыя ўчасткі. Такім чынам, больш за 90 працэнтаў аб’ектаў атрымалі альбо атрымліваюць новае жыццё.

Аўкцыён, што працягваўся 16 гадзін

— У якіх раёнах летась найбольш паспяхова прадавалася маёмасць? Ці здараліся асабліва цікавыя, адметныя таргі?

— Летась лідарам па продажах стаў Ганцавіцкі раён. Там рэалізавана 15 аб’ектаў нерухомасці. Добра прадавалася маёмасць і ў абласным цэнтры. Тут было прапанавана сем аб’ектаў, і ўсе яны пайшлі з малатка. Праўда, найбольш рэзультатыўнымі сталі снежаньскія аўкцыёны. Патэнцыяльныя пакупнікі будынкаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці, як выглядае, чакалі да апошняга. І вось 26 снежня на таргах з пачатковым коштам у адну базавую будынкі былі прададзены. Але ў выніку якой барацьбы!

Аўкцыён па продажы будынка па вуліцы Брэсцкіх дывізій працягваўся 16 гадзін, у таргах удзельнічалі 15 прэтэндэнтаў. Цана з базавай узрасла больш чым у 9,5 тысячы разоў і склала 352,6 тысячы рублёў.

Па цане, павялічанай чатырма ўдзельнікамі таргоў амаль у 150 разоў, прададзена абарончая казарма «Ж-З» плошчай 353,8 квадратных метра. Будынак уваходзіць у склад комплекснай матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сістэма фортаў ў складзе фартыфікацыйных пабудоў Брэсцкай крэпасці». Казарму купілі за 5,5 тысячы рублёў.

— Прыкладаў сучасных, цікавых, крэатыўных спосабаў надання новага жыцця старым пабудовам у Брэсцкай вобласці шмат. Што на слыху з самых апошніх?

— Такіх сапраўды нямала. Кафейня «Таполі» ў Брэсце па вуліцы 17 верасня ў будынку 1928 года — гэта прыклад сапраўднай любові да сваёй справы: інтэр’ер, атмасфера, нават прыгожая беларуская назва абуджаюць цікавасць. Прыемна чытаць добрыя водгукі ў інтэрнэце пра базу адпачынку «Хаткі» і сядзібу «Добры бор» у Баранавіцкім раёне, якія ўзніклі ў выніку продажу маёмасці. Як і пра «Панскі хутар» на Ганцаўшчыне, што раней быў комплексам будынкаў райпалівазбыту 1960 года пабудовы. Новы гаспадар купіў аб’ект у жніўні 2022 года. У сціслыя тэрміны правёў рэканструкцыю. Цяпер там ёсць жылы дом для сям’і гаспадара, жылыя памяшканні для турыстаў, банкетная зала.

А ў Ніжнім Церабяжове Столінскага раёна прадалі старую лазню. Новы гаспадар таксама абсталяваў лазню, толькі з новым каларытам, новым начыннем і новай якасцю абслугоўвання. Лазня і выглядае стыльна, і карыстаецца попытам у кліентаў.

Лазня у вёсцы Ніжні Церабяжоў

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і абласнога камітэта дзяржмаёмасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».